Вы тут

Ці патрэбна нам цэнзура?


«Не, не і яшчэ раз не! — палка ўсклікне чытач, а за ім не меней палка будзе паўтараць хор сучасных аўтараў. — Цэнзура нам не патрэбна!» 


Бо вядома ж, што цэнзура — зло, якое з’явілася да нас наўпрост з дзевятнаццатага стагоддзя. А цэнзар — няйначай як літаратурны жандар, які катуе аўтараў за імкненне казаць праўду. Ад цэнзуры пакутаваў Пушкін, якому даводзілася перапісваць або папросту «губляць» часткі сваіх твораў. Бітвы з цэнзурай штогод вытрымлівалі Някрасаў і Салтыкоў-Шчадрын, Ляскоў, Гогаль... А «Запіскі паляўнічага» Тургенева толькі нейкім цудам пратачыліся праз усёмагутную цэнзуру (але сістэма потым апамяталася, і цэнзара звольнілі).

Калі ж казаць пра савецкую цэнзуру — тут па ідэалагічных меркаваннях цалкам забаранялася творчасць некаторых аўтараў. І творы Цвятаевай, Булгакава, Буніна трапілі да чытача з велізарным спазненнем.

Такім чынам, цэнзура можа абмяжоўваць літаратуру. Аднак існаванне ў прасторы без аніякіх абмежаванняў можа быць для літаратуры таксама згубным. Яркі доказ — літаратура сеткавая, у якой няма не толькі цэнзурных абмежаванняў, але і мінімальнай карэктуры. Дэградацыя жанраў уражвае — як і багацце фэйкавай інфармацыі. 

Успомнім таксама і адчайныя крыкі пра савецкую кінематаграфічную цэнзуру, якія і цяпер яшчэ даносяцца ў тым ліку ад былых савецкіх акцёраў ды рэжысёраў. Сэнс абурэння ў тым, што так цяжка было праходзіць праз абмежаванні, столькі выдатных фільмаў «зарэзалі» пры праглядзе — а калі б не было цэнзуры, то мы б ужо ух!

У бесцэнзурныя і свабодныя «святыя 90-я» «ух» у творцаў чамусьці не атрымаўся. І да гэтага часу збольшага атрымліваецца «плюх». Нельга не заўважыць, што і з літаратурай усё адбываецца прыкладна гэтак жа.

Дык што ж, атрымліваецца: цэнзура — нешта неабходнае? Пачнём з таго, што цэнзура бывае не толькі ідэалагічнай або палітычнай. Вядома, гэты від абмежаванняў сустракаецца часцей за ўсё, але менавіта яго мы не будзем закранаць падрабязна. Перш за ўсё таму, што для любой дзяржавы нармальна змагацца за сваю ідэалогію як за сваю аснову. І, адпаведна, процідзейнічаць думкам, якія гэтую ідэалогію спрабуюць разбурыць. Так было заўсёды і ва ўсіх краінах (і калі так званыя дэмакратычныя краіны здаюцца чытачу выключэннем — варта пачытаць пра цэнзуру камуністычных выданняў у заходніх краінах у ХХ ст.).

Аднак некаторыя віды ідэалагічнай цэнзуры прысутнічаюць нават у літаратурных конкурсах. Гаворка тут ідзе пра папярэджанне аб недапушчальнасці распальвання ў тэксце нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, заклікаў да гвалту і г. д. — тое, што прапісваецца цяпер у любым палажэнні любога конкурсу. Цэнзура? Так. Ідэалагічная? Напэўна. Ці патрэбная? Ды вядома, патрэбная. Бо кнігі, у якіх, напрыклад, праслізгвае фашысцкая або нацысцкая ідэалогія, недапушчальныя ў здаровай дзяржаве. І атрымліваецца, што цэнзура ідэалагічная патрабуецца хаця б для гэтага.

Але паразважаем пра іншыя віды цэнзуры. Ваенная і гістарычная, эканамічная, маральная і духоўная, рэлігійная — разнавіднасцей мноства. У шырокім сэнсе да цэнзуры можна аднесці любыя абмежаванні, што накладаюцца на літаратурны твор па якіх-небудзь прычынах. Іронія ж сітуацыі ў тым, што нам, магчыма, варта было б дадаць да гэтага спіса яшчэ некалькі відаў.

Напрыклад, што б вы сказалі пра навуковую цэнзуру твораў? А, між тым, неабходнасць навуковай цэнзуры наспявае ўжо не першы дзясятак гадоў — з той пары, як з’яўляецца шмат псеўдагістарычных раманаў, адзіная мэта якіх — завуаліраваная прапаганда. Больш за тое, неабходнасць гэтага віду цэнзуры наспела куды раней. Калі б на варце літаратуры хоць крыху ды стаялі гісторыкі-кансультанты, ці пабачыў бы свет «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына — тэкст, які літаральна нашпігаваны гістарычнымі недарэчнасцямі (пра гэта ўжо пры выхадзе аповесці пісалі менавіта тыя, хто пабываў у лагерах)? А «Зулейха расплюшчвае вочы», якая не тое што з гісторыяй — з ардынарнай логікай сябруе вельмі ўмоўна?

Так, гісторыя дапускае некалькі канцэпцый. Так, версіі могуць быць няпоўнымі, дыскусійнымі, і нават афіцыйная версія падзей можа змяняцца — калі адкрыліся нейкія новыя факты. Але калі тэкст, які быццам бы адлюстроўвае гістарычную рэальнасць, — насамрэч відавочна і абуральна антыгістарычны і антынавуковы... Хіба гэта не падстава засцерагчы чытача ад тэксту?

Калі нават не ўпускаць навуковую цэнзуру ў мастацкую літаратуру — яна спатрэбіцца ў літаратуры навукова-папулярнай! Бо выдавецтвы, гонячыся за прыбыткам, мільёнамі выкідваюць на прылаўкі кніжкі, у якіх Пётр адкапаў Санкт-Пецярбург, а не пабудаваў яго; злыя хрысціяне знішчылі спрадвечны рускі алфавіт з 47 літар (надта ж сакральны!); а лячыцца ад раку прапануецца лопухам, урынай і перакісам вадароду. Гэтыя тэксты не проста антынавуковыя — яны жахліва шкодныя. Гэта з-за іх людзі пачынаюць верыць у плоскую зямлю, татальную шкоду прышчэпак і ядзерную вайну ў ХІХ стагоддзі. Фарміруецца недавер да навукі афіцыйнай і новая містычная свядомасць, дзе скажаюцца гісторыя, рэлігія, лінгвістыка і медыцына. Падобныя тэксты павінны прыраўноўвацца да сектанцкай літаратуры. І ні ў якім разе не дапускацца ў выдавецтвы і на кніжныя прылаўкі.

Мне, напэўна, скажуць, што ў час інтэрнэту барацьба з выданнямі такога тыпу страціла актуальнасць — падобныя тэорыі даўно можна сустрэць у сацыяльных сетках, на Youtube, на мностве сайтаў... Але ж у пэўнай колькасці людзей ёсць яшчэ давер менавіта да друкаванага слова. Мне могуць запярэчыць, што з-за забарон такія тэксты толькі здабудуць флёр прывабнасці, забароненасці і засакрэчанасці — і стануць куды больш папулярнымі, чым былі раней. Але хіба тэксты гэтыя не здабылі такую папулярнасць менавіта дзякуючы сваёй шырокай даступнасці? Дзякуючы таму, што іх агучвалі на публіку па ТБ вядомыя людзі. Хіба не адсутнасць навуковай цэнзуры — прычына таго, што такія кнігі пайшлі ў народ, а потым яшчэ і сталі папулярнымі?

Дакранёмся зараз да цэнзуры духоўнай і маральнай. Дарэчы, нядаўна ў суседняй дзяржаве быў прыняты закон, які рэзка абмяжоўвае літаратуру пэўнага кірунку — тую, што прапагандуе аднаполыя адносіны. Закон, зразумела, выйшаў досыць палавіністым, паколькі дзейнічае, фактычна, толькі на некаторыя папяровыя выдавецтвы — а ў астатнім кнігі з адпаведным зместам свабодна прадаюцца на маркетплейсах, у тым ліку і ў нашай краіне. Стваральнікам гэтага закона, магчыма, варта было б спачатку зазірнуць у інтэрнэт-крыніцы, асабліва на сайты фанфікаў. Каб пераканацца, як там квітнеюць такія жанры, як слэш (апісанне аднаполых адносін паміж мужчынамі), фемслэш (тое ж самае, але з жанчынамі), «мужчынская цяжарнасць» (спадзяюся, тлумачыць не трэба), амегаверс (падзел мужчынскіх персанажаў па прынцыпе ваўчынай зграі на «альфу», «бэту», «амегу») і іншыя непрыемныя сюрпрызы. Па сутнасці, кнігавыданне — другасная праблема. Выдаўцы толькі пачакалі, пакуль інтэрнэт-попыту на фанфікі сфарміруецца попыт на кніжныя творы з такімі ж адносінамі — і «злавілі хвалю». Ці трэба згадваць, што спажыўцы большай часткі падобнага кантэнту — непаўналетнія? Ці трэба апісваць, які сацыяльна-палітычны парадак і, больш за тое, маральная парадыгма фарміруецца ў іх галаве? Бо калі аднаполыя адносіны ў кнігах і фанфіках малююцца больш яркімі і цікавымі за двуполыя — то ў жыцці... магчыма, гэтак жа?

Да трывожных тэндэнцый варта аднесці і імклівае ўзрастанне жанру «гуро» (надзвычайная ступень натуралізаванага гвалту), і велізарную колькасць нецэнзуршчыны ў тэкстах, і нават навязванне вельмі спрэчных мадэляў жыцця (я зараз кажу пра засілле антыгерояў і так званай шэрай маралі і, вядома, не лічу гэты бок твораў падцэнзурным... але тэму спадзяюся калі-небудзь развіць).

«Стоп-стоп-стоп! — хорам залямантуюць чытачы (і маюць рацыю). — За каго ты нас прымаеш? Мы ж можам адрозніць свет уяўны ад свету рэальнага, толькі вось дайце нам выбар, і мы выберам патрэбнае, з розумам і свядома!»

Магчыма, што і так. Некаторыя здолеюць выбраць з розумам і свядома, паставяцца да інфармацыі крытычна і не дазволяць захапіць сябе знешняй абалонкай твора. Таму што яны, напрыклад, дарослыя людзі з адукацыяй і адпаведным тэмпераментам, якія навучыліся не змешваць прачытанае з рэальным. А вось усе астатнія гэтага не змогуць. Таму што сярод іх — школьнікі, студэнты-максімалісты, пенсіянеры (якія вераць усяму, што напісана), а ў іншых проста крытычная свядомасць не выпрацавалася — бывае. І вось гэтыя чытачы выберуць не тое, чаму аддасце перавагу вы, — а нешта больш яркае, зманлівае, дзе вокладка больш прывабная, а аўтар пяшчотна шэпча ў вушка з анатацыі: «Хочаш маленькі сакрэт?»

І, на жаль, вось гэтым чытачам якраз патрэбна цэнзура. Таму што культура чытання пачынае знікаць. Таму што чалавек занадта часта ідзе за сваімі жарсцямі. Таму што многім не хочацца думаць — і бяруць тое, што даюць. Гэта ж так добра відаць на прыкладзе фільмаў — як галівудскіх, так і айчынных. Калі відавочна, што фільм дрэнны, мае велізарныя праблемы са сцэнарыем, персанажамі, жудасны пасыл — і гэта ўжо быццам бы даказана... Але з’яўляецца ўсё больш і больш тых, хто... «Ды нармальна ж», «Ты колькі фільмаў зняў, што крытыкуеш?», «Пад піўко зайшло, гы-гы!». З кнігамі, на жаль, адбываецца тое ж самае.

І вось тут мне могуць запярэчыць як калегі-пісьменнікі, так і айчынныя выдаўцы: маўляў, хвіліначку, але ж у нашай краіне такая цэнзура нібыта ёсць? У нас недапушчальныя залішне жорсткія сцэны, больш ці менш рэгулюецца выпуск гістарычных твораў... Дык што ж тады патрэбна?

Магчыма, давядзецца перайсці да найбольш спрэчнага віду цэнзуры, але... Нам хутка востра спатрэбіцца цэнзура мастацкая. Я маю на ўвазе нядопуск у друк адкрыта бяздарных тэкстаў, напісаных непісьменна і відавочна дрэннай мовай. Сотні і тысячы кніг цяпер друкуюцца альбо па знаёмстве, альбо таму, што падыходзяць для якой-небудзь серыі. Кнігі гэтыя не маюць у сабе нічога ўнікальнага і не прыносяць у літаратуру нічога наогул. Іх не купляюць, іх не чытаюць (калі чытаюць — забываюць адразу ці нават пішуць негатыўныя водгукі). А прыстойнаму крытыку ў такія тэксты нават пляваць неяк крыўдна.

І гэта — прамы вынік дрэннай працы з пісьменнікамі, імкнення эканоміць на працы рэдактараў, карэктараў. А таксама вынік кампетэнцыі тых, хто кнігі адбірае.

Мабыць, менавіта пытанне аб кампетэнцыі тут можна палічыць цэнтральным. Хто раней быў цэнзарам? Напрыклад, Цютчаў, які з усіх сіл стараўся прасоўваць добрыя тэксты. У савецкі час цэнзура часта магла быць на сумленні рэдактара друкаванага выдання. Такога, як Твардоўскі, да прыкладу.

У канчатковым выніку тэхнічныя моманты — не галоўная праблема. Не раз даказвалася, што нават з інтэрнэту твор прыбраць досыць лёгка — ва ўсялякім выпадку, з асноўных пляцовак. Але ці хопіць кампетэнтных кадраў, каб такія віды цэнзуры ажыццяўляць? Ці змогуць стаць цэнзурныя органы тым, што не абмяжоўвае добрую літаратуру, а адсякае менавіта катэгарычна недапушчальныя з’явы? Магчыма, гэтыя пытанні настолькі ж складаныя, наколькі і пытанне аб неабходнасці цэнзуры.

Аднак нельга не пагадзіцца з тым, што кантроль над літаратурным словам усё ж неабходны.

Алена КІСЕЛЬ, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.