Вы тут

Генеральная пракуратура і Міністэрства адукацыі прэзентавалі дапаможнік, прысвечаны генацыду беларускага народа


«Дзеці вайны... Як склалася наша дзяцінства? Ва ўсіх па-рознаму, але ў большасці яно было цяжкім. Асабліва ў яўрэйскіх дзяцей. Калі пачалася вайна, мне было амаль пяць гадоў. Мы жылі у беларускім мястэчку. Я не памятаю твараў бабулі і дзядулі (іх немцы расстралялі). А маці, старэйшая сястра і я збеглі за дзень да расстрэлу... Хоць было вельмі цёпла, на нас адзелі футра. Я ўзяла любімую ляльку, і мы пайшлі ў лес... Часта адпачывалі, бо я хварэла на коклюш. Зусім абяссілеўшы, пакінула ляльку на пяньку, каб пасля вайны яе забраць... Начавалі на могілках. Але свет не без добрых людзей. Нас прытуліла стогадовая бабуля. У 42-м годзе з’явіліся партызаны, сталі часта прыязджаць карнікі. Атрымаўшы папрэджванне ад разведкі аб іх з’яўленні, мы збягалі ў лес. Па лесе стралялі, свісцелі пулі, а мы хаваліся... Але дзеці ёсць дзеці. Прызвычаіліся да ўсяго: і да свісту пуль, і да трупаў...» — успамінала Зінаіда Гуліш.


 

Фота Лізаветы Голад

У народным музеі «Дзеці вайны» мінскай сярэдняй школы № 137 імя П. М. Машэрава захоўваецца шмат успамінаў людзей, якія прайшлі ваеннае ліхалецце. Музей быў створаны ў 1990 годзе, а праз сем гадоў яму было прысвоена званне «народны». Сёння тут захоўваецца больш як 700 экспанатаў. Асноўны фонд складаецца з асабістых рэчаў былых вязняў канцлагераў, фатаграфій, успамінаў. Ёсць тут зямля і попел з канцлагераў Бухенвальд, Асвенцым, Майданек і Трасцянец, перададзеныя музею былымі вязнямі. І зусім невыпадкова менавіта 137-я сталічная школа стала месцам правядзення рэспубліканскага семінара-прэзентацыі вучэбных дапаможнікаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», удзел у якім вочна і дыстанцыйна ўзялі больш як 400 педагогаў. Дапаможнікі былі распрацаваныя сумесна Міністэрствам адукацыі і Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры.

У звязцы з псіхолагамі

«Выданне выйшла ў трох кнігах — для першай, другой і трэцяй ступеней агульнай сярэдняй адукацыі, — расказаў дырэктар выдавецтва „Адукацыя і выхаванне“ Валянцін Навагродскі. — У кожнай кнігі ёсць свае адметнасці. У прыватнасці, для дзяцей малодшай школы мы выкарыстоўвалі пэўныя шрыфт і ілюстрацыі, для старэйшых дзяцей існуюць іншыя нарматывы. Гэтае выданне мы рыхтавалі ў шчыльным супрацоўніцтве з Нацыянальным інстытутам адукацыі і Генеральнай пракуратурай. У кнігах знайшлі адлюстраванне тыя падзеі, якія адбыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашай краіны. Адлюстравана інфармацыя аб карных экспедыцыях нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аб лагерах смерці — іх на тэрыторыі нашай краіны існавала каля 580. Утрымліваецца інфармацыя аб прымусовым угоне насельніцтва Беларусі на працу ў Германію. У кнігах прыведзены апошнія статыстычныя дадзеныя па стане на 21 чэрвеня 2023 года, якія апублікавала Генеральная пракуратура ў рамках крымінальнай справы па расследаванні генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час».

Валянцін Навагродскі: «У кожнай кнігі ёсць свая адметнасць»

Валянцін Навагродскі адзначыў, што ў дапаможніках змешчаны фатаграфіі і ілюстрацыі, якімі карысталіся раней толькі спецыялісты пэўных фондаў. «Мы вельмі педантычна падыходзілі да адбору фатаграфій, бо псіхіка дзіцяці мае пэўныя ўзроставыя асаблівасці. 

У адборы фатаграфій удзельнічалі псіхолагі, бо гэта вельмі цяжкая для кожнага беларуса тэма, тым больш для дзяцей. Ёсць здымкі, якія раней былі здабыткам толькі спецыялістаў вузкіх колаў, але было вырашана ўключыць іх у падрыхтаваныя выданні. Мы шчыльна працавалі па рэалізацыі гэтага праекта з Генеральнай пракуратурай, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, архіўнымі кіна- і фотадакументамі не толькі нашай краіны, але і Расіі», — праінфармаваў дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».

Выхаванне гуманістычных каштоўнасцей

— Сёння мы бачым, наколькі жудасныя злачынствы былі здзейснены ў гады вайны. І наколькі, па тых ці іншых прычынах, былі скажоныя лічбы ахвяр, напрыклад, таго ж лагера смерці «Трасцянец». Ад 206 тысяч загінулых і закатаваных там мы прыйшлі ўжо да практычна 600 тысяч знішчаных. І вельмі важна, што нашы дзеці эмацыйна пражываюць, што яны адчуваюць і разумеюць, — падкрэсліў у сваім выступленні намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Мы падставілі плячо педагогам з пункту гледжання методыкі, метадалогіі для таго, каб яны маглі гэтыя складаныя старонкі гісторыі правільна асвятліць, а дзеці маглі дакрануцца да гісторыі праз факты.

Цяпер важна зрабіць так, каб прэзентаваны дапаможнік максімальна працаваў ва ўстановах адукацыі. Вядома, найперш адказнасць кладзецца на выкладчыкаў гісторыі, але я рэкамендую выкарыстоўваць гэты дапаможнік у рабоце ўсяму педагагічнаму калектыву. Да пытанняў захавання гістарычнай памяці трэба падыходзіць сістэмна... Трэба ўключаць матэрыялы навучальных дапаможнікаў у змест адукацыйнага працэсу, выхаваўчых мерапрыемстваў, каб фарміраваць у моладзі імунітэт супраць фашысцкай ідэалогіі. Дзеці павінны ведаць гісторыю краіны і валодаць дакладнай інфармацыяй.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў прэзентацыі, начальнік упраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Валерый Талкачоў адзначыў: «Асноўная задача, якую мы ставілі перад сабой пры падрыхтоўцы навучальных дапаможнікаў, — захаваць гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і незаменных стратах Беларусі. Пры гэтым было важным паказаць сістэмнасць нацысцкіх злачынстваў, сапраўдныя планы фашысцкай Германіі па знішчэнні і зняволенні беларускага народа».

Начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Вікторыя ФІНЕВІЧ у сваім выступленні падкрэсліла важнасць грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, засваення імі агульначалавечых гуманістычных каштоўнасцей, культурных, духоўных і маральных традыцый беларускага народа.

«Для нас вельмі важна, каб праўда пра тыя падзеі была пачута нашымі дзецьмі, паколькі менавіта маладое пакаленне будзе фарміраваць моцны падмурак нашай дзяржаўнасці і закладаць аснову нацыянальнай бяспекі. Юныя чытачы, убачыўшы вачыма сведкаў, якія сустрэлі вайну будучы такімі ж дзецьмі, злачынствы нацыстаў, адчуюць нязломнасць духу свайго народа, яго маральную сілу, будуць спыняць любыя парасткі карычневай чумы на нашай зямлі ў імя захавання міру», — канстатавала Вікторыя Фіневіч.

Архіўна-даследчая работа

Удзельнікі семінара-прэзентацыі шмат казалі пра патэнцыял музейнай і пошукавай дзейнасці ва ўстановах адукацыі для фарміравання гістарычнай памяці. 

У холе была арганізавана выстаўка «З вопыту работы пошукавых атрадаў».

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч паведаміла, што ва ўстановах адукацыі краіны сёння дзейнічае каля 1500 музеяў, дзейнасць якіх інтэграваная ў адзіны адукацыйны працэс, з іх больш за 200 — ваенна-гістарычнага профілю. Створана больш за 2800 экспазіцый, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны і ахвярам генацыду беларускага народа. Пры ўстановах адукацыі арганізавана работа больш як 500 пошукавых аб’яднанняў.

У рамках пошукава-краязнаўчай работы навучэнцы сустракаюцца з відавочцамі ваенных падзей і іх сем’ямі, запісваюць іх успаміны, вывучаюць матэрыялы дзяржаўных і асабістых архіваў, іншыя крыніцы, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Для ўдзельнікаў семінара-прэзентацыі была арганізавана выстаўка «З вопыту работы пошукавых атрадаў»

— Так, у Пастаўскай гімназіі Віцебскай вобласці дзейнічае аб’яднанне «Пошукавікі-даследчыкі». У бягучым годзе яго ўдзельнікі былі задзейнічаны ў рабоце, арганізаванай пракуратурай Пастаўскага раёна, па вызначэнні месца расстрэлу мясцовых жыхароў у лістападзе 1942-га ў вёсцы Лучай Навасёлкаўскага сельскага Савета Пастаўскага раёна. А пошукавы атрад сярэдняй школы № 40 Віцебска далучыўся да работ па пад’ёме астанкаў 127 байцоў, якія загінулі на подступах да Віцебска і ў далейшым былі ўрачыста перапахаваны, — расказала Алена Ануфровіч. — Комплексная работа па шэрагу напрамкаў праводзіцца пошукавым клубам «Пунсовыя пагоны» Гомельскага кадэцкага вучылішча, які вясной 2023 года сумесна з 52-м пошукавым батальёнам і следчай групай працягнуў работы ў Чэнкаўскім лесе. Летам была праведзена пяцідзённая экспедыцыя па пошуку новых пахаванняў, пад’ёме астанкаў і рэкультывацыі пахавальных ям.

Навучэнцы працуюць з архівамі ўстаноў нашай краіны і замежжа, са звесткамі, прадстаўленымі на сайтах Абагульненага банка дадзеных «Мемарыял», «Подзвіг народа», «Памяць народа» і ў іншых пошукавых электронных базах, праводзяць разведвальныя экспедыцыі і паходы. Выяўленыя няўлічаныя пахаванні, устаноўленыя імёны загінуўшых і іншая інфармацыя перадаецца ў раённыя ваенныя камісарыяты і ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл, у тым ліку для ўнясення ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга памяці» Рэспублікі Беларусь.

Так, у маі 2023-га навучэнцы сярэдняй школы № 1 Баранавіч імя С. Грыцаўца ўстанавілі прозвішчы сямі невядомых воінаў, пахаваных у пасёлку Першамайскі Баранавіцкага раёна. Таксама ўстаноўлены прозвішчы 36 салдат і афіцэраў, якія загінулі пры вызваленні горада і памерлі ў шпіталях з ліпеня 1944 па май 1945 года. Звесткі пра іх адсутнічалі ў спісах воінскіх пахаванняў і базах Міністэрства абароны, дакументы перададзены для разгляду ў адпаведныя органы.

Пошукавыя аб’яднанні вядуць архіўна-даследчую работу па выяўленні невядомых месцаў пахавання загінулых воінаў і мірных жыхароў, устанаўленні іх імёнаў, наладжванні кантактаў са сваякамі, а таксама па навядзенні парадку на тэрыторыі аб’ектаў воінскай славы.

Плануецца, што ў 2024 годзе вынікам даследчай дзейнасці навучэнцаў стане стварэнне ў кожным раёне каталогаў аб’ектаў воінскай славы з іх апісаннем.

Алена Ануфровіч паведаміла, што ў сакавіку гэтага года прайшоў адкрыты конкурс «Вогненныя сёстры Хатыні», прысвечаны Хатынскай трагедыі. Па выніках быў выдадзены зборнік творчых работ школьнікаў. Трэці год рэалізуюцца мерапрыемствы Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі «Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства». Асаблівая ўвага надаецца распрацоўцы маршрутаў ваенна-гістарычнай накіраванасці і іх наведванню моладдзю.

Сёння рэалізуецца праект па стварэнні рэспубліканскай інтэрактыўнай карты, на якой будзе прадстаўлена комплексная інфармацыя аб усіх музеях устаноў адукацыі. Многія з іх ужо ўключаны ў пералік рэгіянальных турыстычных маршрутаў, у іх арганізаваны экскурсіі як у афлайн, так і ў анлайн-рэжыме. Пастаўлена задача забяспечыць папаўненне фондаў музеяў ваенна-гістарычнага профілю, музейных экспазіцый, стварыць новыя экспазіцыі па тэме Вялікай Айчыннай вайны на аснове мясцовага краязнаўчага матэрыялу.

Вучань 10 «А» класа мінскай СШ № 137 Цімафей Івашкевіч праводзіць экскурсію па народнаму музею «Дзеці вайны»

— У маі ў Мінску прайшоў рэспубліканскі форум музеяў устаноў адукацыі. Створаны прэзентацыйныя ролікі аб дзейнасці школьных музеяў, якія размешчаны для выкарыстання на платформе «Патриот.bу», — расказала Алена Ануфровіч. — Знакавай падзеяй у гэтым годзе стала правядзенне Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства і Нацыянальным гістарычным музеем сумеснага музейнага праекта, у рамках якога штомесяц найлепшыя профільныя музеі краіны прадстаўляюць свае экспазіцыі ў «Гасцёўні Уладзіслава Галубка» — філіяле Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Так, напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа была адкрыта і дзейнічала выстава ўнікальных экспазіцый музеяў устаноў адукацыі ваенна-гістарычнага профілю з усіх абласцей і Мінска.

Зачапіць душэўныя струны

Народны музей «Дзеці вайны» сталічнай сярэдняй школы № 137 імя П. М. Машэрава — яскравы ўзор таго, як можна працаваць па захаванні гістарычнай памяці. Хоць яго кіраўнік, настаўнік гісторыі Людміла Шчэннікава, канстатуе: да сённяшняй моладзі дастукацца вельмі складана, але можна. Гісторыя ажывае для іх праз гісторыі жывых людзей, плюс-мінус равеснікаў яе вучняў. Напрыклад, праз гісторыю хлопчыка, якога ў лагеры прымушалі іграць творы Брамса на скрыпцы. Ад усіх вязняў, якія праходзілі міма, фашыст патрабаваў назваць імя нямецкага кампазітара, а калі адказ быў няправільны, ён страляў у чалавека. Так побач з юным музыкантам аказалася шмат цел забітых. Пасля гэтага ён ужо ніколі не змог узяць музычны інструмент у рукі. Такія гісторыі не пакідаюць дзяцей абыякавымі.

Самі вучні падказалі настаўніцы новую форму работы: яны малююць тое, што адчуваюць і што складана перадаць на словах. Дзякуючы кантактам з былымі вязнямі, дзеці, якія запісваюць іх успаміны, растуць чулымі да чалавечай трагедыі. Адзін з раздзелаў музея называецца «Не старэюць душой»: у ім распавядаюць пра пасляваеннае жыццё былых вязняў канцлагераў. Кожны год у школе пішуцца даследчыя работы, прысвечаныя трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны, людзям, якія прайшлі праз гэтае пекла, навучэнцы звяртаюцца ў музеі і архівы…

У 2004 годзе на базе 137-й школы быў створаны хор «Лёсы», у якім удзельнічалі валанцёры навучальнай установы і малалетнія вязні. За значныя дасягненні ў захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну і патрыятычнае выхаванне моладзі Указам Прэзідэнта яму была прысуджана прэмія «За духоўнае адраджэнне».

Свае кнігі «Палессе. Трагедыя і памяць» і «Трагедыя Палесся. Малавядомыя старонкі вайны 1941–1945 гадоў», напісаныя ў суаўтарстве, прэзентаваў у музеі «Дзеці вайны» Аркадзь Шкуран, былы малалетні вязень канцлагера «Азарычы».

Бліжайшым часам фонды музея папоўняцца ўнікальнымі дакументальнымі матэрыяламі якія збіраў Уладзімір Васільевіч Карпухін, заснавальнік Магілёўскага абласнога фонда пацярпелых ад нацызму. Сабраны ім архіў налічвае 5 тысяч лістоў успамінаў вязняў канцэнтрацыйных лагераў і тых, хто ўдзельнічаў у прымусовых работах у Германіі. Гэтай інфармацыяй ён падзяліўся з членамі Савета музея «Дзеці вайны», а музей атрымаў новыя экспанаты…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.