Вы тут

Дзень адкрытых дзвярэй прайшоў на «Беларусьфільме»


Дзень адкрытых дзвярэй прайшоў на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» 22 лістапада падчас XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». 


У ўдзельнікаў экскурсіі была магчымасць наведаць шэраг майстар-класаў і экскурсій. Адным з першых пунктаў стаў гукацэх з сучасным абсталяваннем. Ён аказвае ўсе віды паслуг, звязаныя з запісам і прайграваннем гуку. У этапах кінавытворчасці дадзеная студыя задзейнічана ў здымачным і мантажным перыядах. Падчас здымачнага перыяду тут пішацца чарнавы або чыставы гук. Калі апошні, то ў студыі запісу прамовы акцёр стаіць перад мікрафонам і сінхронна, з той жа інтанацыяй, якая была падчас здымачнага працэсу, паўтарае вымаўленыя ім фразы. «Гэта досыць складаны працэс», — распавялі на «Беларусьфільме».

Акрамя таго, госці пабачылі студыю гуказапісу двайнога прызначэння. Яна прыдатная для запісу не толькі прамовы акцёраў, але і сінхронных шумоў. У студыі пад гэта выдзелена спецыяльнае месца — «куток» — там размяшчаецца розная фактура падлогі, посуд, вада, пясок, камяні.

Асабліва ўразіў наведвальнікаў экскурсіі майстар-клас ад маладога кінарэжысёра і сцэнарыста Кірыла Халецкага. Ён адбыўся ў студыі мантажу.

— Я на кінастудыі «Беларусьфільм» зняў свой першы мантажны фільм «Кіношнікі», у якім выступіў у якасці рэжысёра, сцэнарыста і мантажора, — расказаў Кірыл Халецкі. — Падчас майстар-класа распавяду вам крыху пра кіношную «кухню», а таксама паспрабуем “сабраць” з вамі адну са сцэн фільма.

Рэжысёр таксама расказаў аб імправізацыях акцёраў падчас здымачнага працэсу, а таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Юрыем Стаянавым, вядомым расійскім акцёрам тэатра і кіно: 

— Працаваць з Юрыем Мікалаевічам было вельмі лёгка і прыемна. Ён нам вельмі дапамог. У акцёра загружанасць неверагодная і графік распісаны на тры гады наперад, але ён зрабіў выключэнне і знайшоў адзін летні дзень для ўдзелу ў здымках камедыі “Кіношнікі”. Гэта, дарэчы, заняло ўсяго 30 хвілін, вельмі хутка. А тэкст, які агучыў, ён прыдумаў сам. Я толькі расказаў аб канцэпцыі. Нам вельмі пашчасціла, што ўсё так склалася. 

Цікавасць, вядома, у гасцей выклікала і наведванне зброевага складу. Там не толькі расказалі пра тое, як падбіраецца рэквізіт да ваенных фільмаў, але і падзяліліся ўражаннямі ад таго, наколькі адказнай бывае праца з сапраўднай ваеннай тэхнікай ці яе макетамі.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.