Вы тут

Уручана Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва


З 2017 года ў беларускіх мастакоў, скульптараў, дызайнераў з’явіўся ўласны «Оскар» — Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Гэты прэстыжны конкурс ладзіцца раз на тры гады. Якраз сёлета падведзеныя вынікі чарговага творчага спаборніцтва. З творамі прэтэндэнтаў і лаўрэатаў можна было азнаёміцца з 27 кастрычніка на выставе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Атрымаўся своеасаблівы зрэз мастакоўскага жыцця краіны — працы ў розных жанрах, творы жывапісу, графікі, скульптуры, дызайну, манументальнага, манументальна-дэкаратыўнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, да таго ж самай рознай тэматыкі. Але заўважна, што ў цэнтры ўвагі аўтараў — нацыянальная культурная спадчына і гістарычная памяць. Цэлы месяц наведнікі, сузіраючы гэткія разнапланавыя працы, адабраныя журы, гадалі, хто ж у выніку пераможа. 


Андрэй Вараб’ёў, «Нараджэнне, жыццё, смерць і жыццё пасля смерці Андрэя Вараб’ёва»

І вось інтрыга раскрытая: 22 лістапада ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва ў 2023 годзе».

У намінацыі «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва» лепшым прызнаны Аляксандр Шапо — яго кампазіцыю «Дрэва дарог» кожны можа пабачыць на станцыі метро «Вакзальная». Аўтар распавёў, што працаваў над кампазіцыяй пяць гадоў, з любоўю і ад чыстага сэрца. Філасофская канцэптуальная скульптура Андрэя Вараб’ёва «Нараджэнне, жыццё, смерць і жыццё пасля смерці Андрэя Вараб’ёва» — гіганцкая галава з заплюшчанымі вачыма, на якой сядзіць маленькая птушачка — прынесла аўтару перамогу ў намінацыі «Скульптура».

Аляксандр Шапо, «Дрэва дарог»

У намінацыі «Жывапіс» з серыяй прац «Іерусалім. Спякота і холад Вечнага горада» перамог Васілій Васільеў, у намінацыі «Творчы Дэбют» — Марта Шчэрбіч. Яркая праца маладой мастачкі «Калейдаскоп» увасобіла дзіцячыя ўспаміны пра наведванне Камароўскага рынку ў Мінску. Вядомая габеленшчыца Наталля Лісоўская скарыла намінацыю «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» — яе творы адсылаюць да архетыпаў, да нацыянальных традыцый.

Наталля Лісоўская, «Сенажаць»

Усевалад Швайба за серыю работ «Хатынь» стаў лаўрэатам у намінацыі «Графіка». Масцітыя аўтары Глеб Отчык і Сяргей Варкін — у намінацыі «Дызайн». На конкурс быў прадстаўлены іх дызайн-праект экспазіцыі Слуцкага краязнаўчага музея. Глеб Отчык, які з’яўляецца старшынёй Беларускага саюза мастакоў, падчас цырымоніі прызнаўся: ён рады, што журы конкурса адзначыла гэтую працу, таму што яна важная як для жыхароў Слуцка, так і для наведнікаў музея. Валерый Калтыгін, вядомы кераміст, арганізатар міжнародных пленэраў, атрымаў узнагароду ў намінацыі «За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва».

Усевалад Швайба, з серыі работ «Хатынь»

Выстава, на якой можна пабачыць творы пераможцаў, будзе працаваць яшчэ некалькі дзён, да 26-га лістапада. 

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.