Вы тут

Загадчыца аддзялення інфекцыйнай бальніцы: Расслабляцца не варта


Да прыходу якіх інфекцый медыкі рыхтуюцца гэтай зімой? Якая сітуацыя з Covid-19? Чаму спецыялісты рэкамендуюць зрабіць прышчэпку супраць грыпу? Як, апроч вакцынацыі, кожны можа паклапаціцца пра ўласнае здароўе? Пагаварылі пра гэта з загадчыцай дыягнастычнага аддзялення Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Вікторыяй Шалухай.


— Вікторыя Уладзіміраўна, што можна сказаць пра захворванне на Covid-19 на бягучы момант?

— Восеньскі перыяд адзначаны ўздымам каранавіруснай інфекцыі. Да нас у стацыянар, трапляюць у асноўным узроставыя пацыенты, якія маюць спадарожную паталогію: інфаркты, інсульты, анкалогію. Covid-19 у іх працякае не ў цяжкай форме; асноўныя сімптомы — тэмпература, кашаль, катар, слабасць.

— Якое лячэнне прымяняецца цяпер пры каранавірусе?

— Пры лёгкіх формах галоўная рэкамендацыя па-ранейшаму — багатае пітво, перш за ўсё — кіпячонай і негазаванай мінеральнай вады, травяных настояў, гарбаты. Сімптаматычнае лячэнне: зніжэнне тэмпературы, паласканне горла, устараненне закладзенасці носа. У стацыянарах прымяняецца антыкаагулянтная і антыагрэгантная тэрапія, а таксама сімптаматычная падтрымка спадарожнай паталогіі і, па паказаннях, супрацьвірусны прэпарат «Рэмдэсівір». Дзейнічаем строга па пратаколах лячэння. Звычайна пасля дзвюх кропельніц тэмпература ў пацыентаў падае, а праз 5 дзён у стацыянары ў 99% пацыентаў атрымліваем адмоўныя мазкі.

— Ці значыць гэта, што каранавірус перайшоў у разрад сезонных захворванняў і не ўяўляе сур’ёзнай небяспекі?

— Covid-19 нельга аднесці да сезонных захворванняў: пацыенты з такім дыягназам трапляюць да нас на працягу ўсяго года, хоць у халодную пару іх, вядома, больш, чым улетку. Сёння гэтая інфекцыя, безумоўна, значна менш агрэсіўная, чым у пачатку пандэміі. Аднак падступства каранавіруса ў тым, што ён знаходзіць і «падрывае» слабыя месцы ў арганізме. Так ён пагаршае, напрыклад, праблемы ў гіпертонікаў: многім з іх ранейшыя прэпараты ўжо не дапамагаюць справіцца з высокім ціскам.

Мы назіраем ўскладненні ў дыябетыкаў як падчас Covid-19, так і пасля яго. У людзей з паталогіямі дыхальнай сістэмы зніжаецца базавая сатурацыя (паказчык насычэння крыві кіслародам — заўв. аўтара), у іх развіваецца пнеўмафіброз. У многіх значна павялічваецца рызыка трамбозаў. На пачатковым этапе пандэміі ў людзей старэчага ўзросту мы назіралі сасудзістыя змены ў галаўным мозгу, якія выяўляліся ў неадэкватных паводзінах. У маладых нярэдка адзначалі пагаршэнне памяці, здольнасці засвойваць новую інфармацыю, канцэнтравацца. Як у перспектыве адаб’юцца наступствы Covid-19 на здароўі, думаю, ніхто сёння не вырашыцца прадказаць.

— У тых, перахварэў, па вашых назіраннях, з кожным разам каранавірус працякае лягчэй?

— Пра нейкія заканамернасці казаць не стала б. Вірус мутыраваў, яго клініка мянялася. Былі прыклады, калі пацыент двойчы хварэў лёгка, а на трэці раз, пры новым штаме — цяжка. Ці наадварот — першы раз чалавек трапіў у рэанімацыю, а другі перанёс лёгка, дома. Успамінаю жанчыну, якая ўпарта не хацела прышчапляцца, апыналася ў нас чатыры разы, і ў апошні — з найболей цяжкай формай. Думаю, шмат што залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў арганізма.

— Прыход якіх інфекцый чакаецца гэтай зімой?

— Цяпер усе пацыенты з сімптомамі ВРВІ, якія паступаюць да нас, тэстуюцца на ковід, грып А і В, рэспіраторна-сінцыціальны вірус. Пакуль ніводнага выпадку іншых захворванняў, акрамя Covid-19, у нас не было. Але прадказаць, што наперадзе, немагчыма. У мінулым годзе ў гэты ж прыкладна час мы мелі справу з адэнавірусам, і ў некаторых пацыентаў ён працякаў цяжка. Трэба рыхтавацца і да ўспышкі грыпу. Папярэднія гады Covid-19 выцесніў грып, насельніцтва менш звычайнага прывівалася супраць яго, і на мой погляд, верагоднасць яго актывізацыі, дастаткова высокая.

— Вакцынацыя, на ваш погляд, — асноўная абарона ад грыпу і каранавіруса? Вы раілі б прышчапіцца супраць абодвух «пагроз»?

— Супраць грыпу раіла б прышчапіцца ўсім, у каго няма відавочных супрацьпаказанняў. Калі адбудзецца чарговая мутацыя штамаў, то існуючыя прэпараты могуць аказацца малаэфектыўнымі. Тым, хто раней ні разу не прышчапляўся супраць Covid-19, рэкамендавала б зрабіць і гэта. Калі ж вы вакцынаваліся, а то і не раз, лепш пракансультавацца на ўсялякі выпадак са сваім лекарам. Штам жа бесперапынна змяняецца.

— Пра што яшчэ варта памятаць у перыяд уздыму рэспіраторных захворванняў, каб мінімізаваць рызыкі заражэння?

— Трэба пазбягаць масавага збору людзей. Крамы, асабліва аптэкі, паліклінікі, бальніцы, трэба наведваць у масках і толькі па неабходнасці. Важна выконваць элементарную гігіену (мыць рукі, пазбягаць дакрананняў бруднымі рукамі да твару, не есці на вуліцы), рацыянальна і  паўнавартасна сілкавацца, не забываючыся пра гародніну і садавіну, шпацыраваць на свежым паветры, знаходзіць час для фізічнай актыўнасці і добра высыпацца. Пандэмія свінога грыпу (H1N1) у 2009 годзе, каранавірус у 2020 пераконваюць нас, што расслабляцца нельга. Дбаць пра здароўе, падтрымліваць свой імунітэт трэба рэгулярна.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.