Вы тут

Асэнсаванне Васіліем Васільевым біблейскіх матываў


У рамках выстаўкі па выніках Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва праходзяць мерапрыемствы для прыхільнікаў творчасці таго ці іншага аўтара. Фармат апісваецца арганізатарамі як artist talk з мастаком: гледачы знаёмяцца з аўтарам, які расказвае пра сябе ў мастацтве і мастацтва ў сабе. Прайшло ўжо некалькі падобных сустрэч, у тым ліку адбылася гутарка з Васілём Васільевым. Мастак і педагог прадставіў праект «Іерусалім. Спёка і холад Вечнага Горада», серыю канцэптуальных жывапісных работ, прысвечаных некаторым падзеям, апісаным у Бібліі. 


«Абмыванне ног», 2021 г

На выстаўцы ў НЦСМ прадстаўлены карціны «Абмыванне ног», «Нясенне крыжа», «Аплакванне Хрыста. Палажэнне ў труну» і «Хрыстос у труне». Усе створаны ў 2021 годзе.

Работы серыі, між іншым, характарызуюцца хуткім рысункам, адсутнасцю дэталізацыі. Так, каментуючы «Аплакванне Хрыста», Васіль Васільеў заўважыў: «Я заўсёды стараюся захаваць адчуванне пластычнага рашэння. Імкнуся, каб яно не перарасло ў жалезабетонную канструкцыю, каб існавала на грані зрыву, нібыта вось-вось — і ўсё знікне, расплывецца...» Што тычыцца праекта «Іерусалім. Спёка і холад Вечнага Горада», майстар стварыў яго хутка. «Такія работы доўга маляваць нельга, — удакладніў аўтар. — Альбо адразу, альбо ніколі. Бо трэба злавіць момант, калі адважваешся гэта зрабіць, і трымаць рашэнне да канца. А калі пачынаеш выпраўляць, паляпшаць, нешта галоўнае можа згубіцца».

Тэма, якую абраў мастак для асэнсавання, надзвычай складаная. Не кожны, нават неабыякавы да рэлігіі, чуйны да веры, возьмецца за адлюстраванне тых ці іншых сюжэтаў. Ведання Свяшчэннага Пісання, унутранай сілы, упэўненасці і нават майстэрства можа папросту не хапіць для стварэння вартага твора. Неабходна знайсці адметнае рашэнне. Да таго ж колькі ўжо напісана! Васіль Васільеў, распавядаючы пра карціну «Хрыстос у труне», нагадвае і падкрэслівае: «Гэта вельмі распаўсюджаны сюжэт, асабліва ў еўрапейскім мастацтве. Сустракаюцца даволі ўдалыя работы. Самая трагічная выява Хрыста ў труне, на маю думку, належыць Яну Ван Эйку. Вельмі натуралістычны і страшны твор... Пад вялікім уплывам ад яго быў Фёдар Дастаеўскі. Але я не хацеў адлюстроўваць мёртвага, змучанага перад смерцю чалавека, бо такіх выяў зроблена дастаткова. Мяне цікавіла сама сітуацыя: момант, калі цела Хрыста загарнулі ў плашчаніцу і пакінулі. Далей будзе ўваскрэсенне... А пакуль Хрыстос адзін... Для мяне гэта было важней, чым адлюстраванне смерці, калі чалавек становіцца сам на сябе не падобны, калі яго цела пакідае душа. Тут жа іншая справа — мы ведаем, што душа застаецца з Хрыстом, ён уваскрэсне, а той перыяд знаходжання ў труне вельмі кароткі». 

Васіль Васільеў упэўнены, што ў мастацтве кожны ўчынак патрабуе незвычайнай сітуацыі, мужнасці. Неабходна дзейнічаць, магчыма, неаднаразова памыляцца, і з вопытам прыйдзе тое, што называецца майстэрствам. 


Даведка «ЛіМа»

Васіль Вячаслававіч Васільеў нарадзіўся 2 снежня 1954 года ў Оршы. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, а таксама аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай акадэміі мастацтваў. Старшы выкладчык, дацэнт кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Удзельнічае ў выстаўках з 1978. Член Беларускага саюза мастакоў (1993). Жыве ў Віцебску. Васіль Васільеў — аўтар і куратар вялікай колькасці самастойных і калектыўных канцэптуальных праектаў. Стварае, апроч іншага, інсталяцыі, кампазіцыі ў галіне «лэнд-арту». 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.