Вы тут

Паглядзець на «Сузор’е вандроўніка» можна ў НЦСМ


Моваю мастацтва праект «Сузор’е вандроўніка» нагадвае пра тое, што кожны з нас — таямнічы вандроўнік, які крочыць шляхам, не падобным на іншыя, пакідаючы адметны след у сузор’і чалавечых лёсаў... Гэта не наша выснова, а меркаванне стваральнікаў выстаўкі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на Някрасава, 3. Напэўна, без гэтага арыенціра вельмі лёгка заблудзіць у нязвыклай і няўтульнай прасторы аўтарскіх думак і пошукаў. 


Віктар Шылко «Дарога ў Іерусалім» (трыпціх), 2017 г.

Выстаўку «Сузор’е вандроўніка» склалі жывапіс і скульптура са збору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Створаныя ў абстрактнай манеры жывапісныя палотны і скульптурныя кампазіцыі складаюць, на думку стваральнікаў, залаты фонд галерэі. Аўтары работ — жывапісцы Анатоль Кузняцоў, Віктар Шылко, Сяргей Катран і Віктар Ціханаў, скульптары Павел Герасіменка і Валерый Малахаў. Эксперыменты аўтары здзяйснялі ў 1990-я — пачатку 2000-х гадоў. Прадстаўленыя творы выяўляюць думкі розных мастакоў аб працэсах стварэння Сусвету, аб існаванні чалавека на гэтай зямлі, аб такіх катэгорыях, як «жыццё» і «смерць». Сярод найбольш яркіх і красамоўных работ — «Дзённік стомленага вандроўніка» (2008) з дзвюх частак пэндзля Анатоля Кузняцова. Гэты тэкст (у прамым і пераносным сэнсах) пабудаваны на супярэчнасцях розных форм і зместаў. Палатно — быццам чыставы ліст для занатавання разваг аб самых розных ідэях і канцэпцыях. Плынь аўтарскіх думак зачароўвае, і губляюцца ўсе сэнсы, пазбаўляюцца значэнняў знакі... 

Віктар Ціханаў «Снег у чорным квадраце», 2006 г.

Знайшла сваё адлюстраванне на выстаўцы і біблейская тэма. Трыпціх «Дарога ў Іерусалім» (2017) Віктара Шылко прапануе гледачу здзейсніць вандроўку ў Вечны горад. Натуральна, назіральнік павінен сам знайсці дарогу да яго, мастак толькі расстаўляе ўказальнікі да святых мясцін. Да падзей Бібліі звяртаецца і Павел Герасіменка са скульптурай «Ноеў каўчэг» (1996). Ключавы складнік кампазіцыі — вобраз яйка, сімвал адраджэння і бяссмерця. 

Мэтай абстрактнага мастацтва заўсёды быў пошук. Пытанне толькі ў тым, што з’яўляецца прадметам гэтага пошуку. Хтосьці імкнецца адшукаць новыя формы ўзаемадзеяння з матэрыялам, іншыя прагнуць выказаць па-новаму — намёкам, згадкай, танальнасцю — даўно вядомае і зразумелае, нехта знаходзіцца ў вечнай пагоні за сакавітымі асацыяцыямі, а самыя апантаныя спадзяюцца прыйсці да ведання ісціны ў мастацтве. Але самае галоўнае, што нефігуратыўнае мастацтва факусіруецца на ўнутраным свеце мастака і яго ўспрыманні навакольнага свету. Гэта выглядае абсалютнай трагедыяй для гледача, выклікам, які, між іншым, дае яму поўную свабоду: кожны вольны тлумачыць творы абстрактнага мастацтва па-свойму 
і знаходзіць у іх сэнс і значэнне, зыходзячы са свайго ўспрымання і досведу. І тады ніякія пэўныя «сузор’і» не перашкодзяць падарожнічаць. 

Анатоль Кузняцоў «Вібрацыя святла 1», 1995 г.

Выстаўка «Сузор’е вандроўніка» будзе доўжыцца да 18 лютага. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.