Вы тут

Пуцеправод па вул. Палявой у Жлобіне адкрылі пасля капрамонту


У Жлобіне ў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрылі пасля капітальнага рамонту пуцеправод па вул. Палявой, перадае БелТА.


Фота: БелТА

Падзея для горада стала важнай, бо гэта асноўная транспартная артэрыя, якая звязвае спальныя мікрараёны райцэнтра з буйным прамысловым вузлом.

Першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі падкрэсліў: у Беларусі ёсць добрая традыцыя ў святы дарыць падарункі — новыя або абноўленыя сацыяльна значныя, інфраструктурныя аб’екты. І сённяшняе адкрыццё пуцеправода — адзін з такіх падарункаў.

«Дарога — гэта крывяносная сістэма эканомікі, а масты, пуцеправоды — неад’емная частка нашых дарог. Мы і далей будзем падтрымліваць у належным стане збудаванні, планава праводзіць на іх рамонты», — запэўніў першы намеснік старшыні аблвыканкама.

Словы ўдзячнасці ён адрасаваў будаўнікам, канструктарскай групе, інжынерным работнікам, якія ў даволі сціснутыя тэрміны годна выканалі работы.

«Пуцеправод быў на рамонце каля 11 месяцаў. І з сённяшняга дня жыхары Жлобіна вяртаюцца ў звыклы графік перамяшчэння, руху па горадзе», — дадаў Дзмітрый Петражыцкі.

«У нашай краіне вялікая ўвага надаецца развіццю сацыяльнай сферы, транспартнай інфраструктуры, вырашаюцца праблемы жыхароў. І гэта пацвярджае тое, што мы зрабілі правільны выбар, і сёння жывём у свабоднай, спакойнай, суверэннай Беларусі», — адзначыў старшыня Жлобінскага райвыканкама Сяргей Ярэц.

Абноўлены аб’ект — вынік згуртаванай працы і праектных арганізацый, і будаўнікоў, і многіх іншых, зрабіў акцэнт ён. «Пры капрамонце ўзнікаў шэраг момантаў, якія неабходна было вырашаць у рэжыме рэальнага часу. І ў выніку атрымалася больш чым на месяц паскорыць пуск руху ў параўнанні з прадугледжаным праектным рашэннем тэрмінам», — звярнуў увагу старшыня райвыканкама.

Ён падзякаваў кіраўніцтву вобласці, рэспублікі, будаўнікам, а таксама жыхарам, якія з разуменнем паставіліся да часова ўзніклых цяжкасцяў.

Генеральны дырэктар «Гомельаблдарбуда» Ігар Краўчанка прывёў дадзеныя: больш за 10 тыс.чалавек перамяшчаюцца штодня па гэтым пуцеправодзе. Транспартная артэрыя стала самай доўгай з усіх адрамантаваных пуцеправодаў сёлета ў Гомельскай вобласці, яе даўжыня складае каля 220 м.

Паводле слоў гендырэктара, пры капрамонце ўжылі даволі складаныя тэхнічныя рашэнні. У іх ліку — узмацненне адзінай маналітнай плітой. «Былі ўжытыя рашэнні па аб’яднанні маналітных бэлек у адзіную сістэму. Такім чынам, засталося толькі два дэфармацыйных шва замест васьмі, якія існавалі. Гэта істотна павялічвае трывальныя характарыстыкі пуцеправода, яго даўгавечнасць. Выкладзены новы асфальтабетон, зроблены шырокія тратуары, абсталявана больш за 2 тыс. м розных агародж, новае асвятленне. Усе канструкцыі, элементы ацынкаваныя», — адзначыў кіраўнік.

У асобныя дні на аб’екце працавалі адначасова да 70 работнікаў розных прадпрыемстваў, арганізацый, удакладніў Ігар Краўчанка. «Частка работ выконвалася ў кругласутачным рэжыме», — дадаў ён.

«Тэрмін службы пуцеправода пасля рамонту перавышае 25 гадоў. Спадзяемся, ён будзе служыць людзям доўгі час», — падкрэсліў Ігар Краўчанка.

На цырымоніі адкрыцця ўручылі заслужаныя ўзнагароды тым, хто ўнёс важкі ўклад у абнаўленне збудавання. Пасля таго як была перарэзана сімвалічная чырвоная стужачка, пад гучныя апладысменты жыхароў і гасцей горада па пуцеправодзе паехаў транспарт.

«Па гэтым пуцеправодзе дабіраюся на працу. На час капрамонту даводзілася аб’язджаць. Таму рады, што работы завершаны. Цяпер дабірацца стане зручней, хутчэй, камфортней», — падзяліўся жлобінчанін Андрэй Фядосаў.

Вельмі рада адкрыццю аб’екта і Іна Прачык. На адкрыццё маладая мама прыйшла з двума маленькімі сынамі — Эрыкам і Янам. «Я жыву побач і з балкона назірала, як ішоў працэс. Зараз зноў на другі бок горада зможам ездзіць без дадатковых колаў. Вядома, сённяшні дзень для нас свята», — падсумавала жыхарка горада.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.