Вы тут

Ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі з'явіліся новыя або абноўленыя сацыяльна-значныя аб'екты


Традыцыя дарыць падарункі народу напярэдадні 7 лістапада была закладзена Прэзідэнтам Беларусі, каб напоўніць гістарычны дзень сэнсам і працягнуць тое добрае, што рабілі ўлады ў мінулую эпоху. Штогод да гэтай даты адкрываюцца новыя або рэканструяваныя эканамічна і сацыяльна важныя збудаванні, перадаецца ў дар сучаснае абсталяванне і тэхніка, паляпшаецца інфраструктура населеных пунктаў. Што сёлета атрымалі беларусы ў падарунак ад дзяржавы — у аглядзе уласных карэспандэнтаў «Звязды» ў рэгіёнах. Выбралі толькі некаторыя аб'екты, бо было іх насамрэч шмат.


Высокія тэхналогіі для жывёлагадоўлі

На Брэстчыне з'явіліся два новыя малочнатаварныя комплексы

Высокатэхналагічны жывёлагадоўчы аб'ект, аснашчаны сучасным абсталяваннем з камфортнымі ўмовамі ўтрымання жывёл, урачыста адкрылі ў адным з лепшых аграрных прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці — СВК «Фядорскі». У склад комплексу, які ўзвялі ў вёсцы Паніжжа, уваходзяць два кароўнікі на 800 галоў і даільна-малочны блок. На ўзвядзенне аб'екта спецыялістам Столінскага ПМК 24 спатрэбілася менш за год. Ён будаваўся па арыгінальным праекце спецыяльна пад патрэбнасці і ўзровень вытворчасці СВК.

«У «Фядорскім» самая высокая ў Брэсцкай вобласці, ды і ў рэспубліцы шчыльнасць жывёлы — амаль 200 галоў на 100 га. Тут даўнія і моцныя традыцыі жывёлагадоўлі. У апошнія гады новае развіццё атрымала не толькі галіна па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, але і малочная жывёлагадоўля. Дзякуючы ўказу кіраўніка дзяржавы на будаўніцтва гэтага комплексу было выдзелена 8 мільёнаў рублёў ільготных крэдытных рэсурсаў, 3,3 мільёна рублёў бюджэтных грошай і ўласныя сродкі прадпрыемства. Будаўніцтва аб'екта яшчэ працягваецца, але аснова ўжо закладзена», — сказаў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук.

Яшчэ адзін жывёлагадоўчы аб'ект, перспектыўны для далейшага пашырэння вытворчасці і эканамічнага росту, адкрылі ў КУВП «Маньковічы». Два кароўнікі на 640 галоў дойнага статка з даільна-малочным блокам узвялі на малочнатаварнай ферме «Сахалін» у аграгарадку Белавуша. У будаўніцтва аб'екта ўкладзена амаль 9 мільёнаў рублёў з розных крыніц.

Цяпер у Брэсцкай вобласці на сучасных малочнатаварных комплексах змяшчаецца амаль 80 працэнтаў дойнага статка. Кіраўніцтвам краіны пастаўлена задача да 2030 года перавесці на новыя тэхналогіі ўсё пагалоўе. Па словах першага віцэ-губернатара, патрабаванага ўзроўню ў рэгіёне плануюць дасягнуць на некалькі гадоў раней. Цяпер у стадыі будаўніцтва ў вобласці знаходзяцца 134 розныя жывёлагадоўчыя аб'екты. У тым ліку 68 з іх узводзяцца пры фінансавай падтрымцы дзяржавы. Плануецца, што да канца года ў эксплуатацыю будзе ўведзена не менш за 30 аб'ектаў прыкладна на 24 тысячы галоў.


Медыцынскае абсталяванне, трэнажорная зала

У Магілёве ўручылі ключы ад 47 машын хуткай дапамогі

— Дзякуючы Прэзідэнту, вялікая ўвага ўдзяляецца сістэме аховы здароўя. Бо здаровы чалавек — самае вялікае багацце любой дзяржавы, — адзначыў у сваім выступленні старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка. — Сёння мы робім яшчэ адзін крок для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы аховы здароўя, каб медыкам было больш камфортна працаваць.

Ключы ад 21 аўтамабіля атрымаў Магілёў, яшчэ 7 перададзены Бабруйску, і па адной машыне атрымалі раённыя бальніцы. Удзел у мерапрыемстве прымаў намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч.

Пасля ўрачыстай цырымоніі святочныя мерапрыемствы перамясціліся на тэрыторыю абласнога анкадыспансера. 3 лістапада тут адкрыўся новы радыелагічны корпус. У ім устаноўлена абсталяванне для правядзення прамянёвай тэрапіі і ўльтрагукавыя апараты для дыягнастычных і малаінвазійных аперацый.

— Адкрыццё радыелагічнага корпуса яшчэ раз сведчыць, што ў Беларусі створана высокатэхналагічная медыцына. Гэта вельмі сур'ёзная медыцынская тэхніка, з якой працуе выдатная каманда інжынернага персаналу. Цяпер важна максімальна эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці новага радыелагічнага корпуса, — адзначыла падчас адкрыцця ўстановы галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Ірына Абельская.

Тым часам у культурна-спартыўным цэнтры аграгарадка Махава Магілёўскага раёна ўрачыста адкрылі трэнажорную залу. Як патлумачыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова, гэта добры падарунак для ўсіх жыхароў аграгарадка.

А ў Асіповічах міністр абароны Віктар Хрэнін уручыў ключы ад кватэр арэнднага дома 72 сем'ям ваеннаслужачых.


Паліклініка, транспартная развязка

Аб'екты сацыяльнай інфраструктуры ўрачыста адкрыты ў Гродзенскай вобласці

Важным крокам ў развіцці маладых мікрараёнаў Гродна сталі ўвод у дзеянне новай гарадской паліклінікі і дарожнай развязкі з пешым тунэлем. У адкрыцці знакавых аб'ектаў прыняў удзел прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.

Будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Паўдневы-3 вялося тры гады. На рэалізацыю праекта былі накіраваны каля 28 мільёнаў рублёў, на закупку абсталявання — яшчэ амаль 5 мільёнаў.

У паліклініцы функцыянуюць дарослае і дзіцячае аддзяленні, жаночая кансультацыя, падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі з чатырма выязнымі брыгадамі. Зона абслугоўвання падстанцыі — 50 тысяч чалавек. Магутнасць самой паліклінікі — 32 тысячы чалавек, у тым ліку 11 тысяч дзяцей.

— Мікрараёны хутка растуць, будуюцца новыя дамы, таму не павінна адставаць і сацыяльная інфраструктура. Новая паліклініка будзе вельмі запатрабавана людзьмі, якія тут жывуць. У сваю чаргу, дзяржава не шкадуе сродкаў на ахову здароўя. У мінулым годзе ў краіне уведзены ў эксплуатацыю 29 новых устаноў. Сёлета іх будзе ужо 37. У планах на 2024 год — увод у эксплуатацыю яшчэ 10 аб'ектаў. У Гродна, напрыклад, завяршаюцца работы першай і другой чэргаў рэканструкцыі будынкаў гарадской клінічнай бальніцы № 3 пад абласны дыспансер. Завершыцца будаўніцтва аддзялення прамянёвай дыягностыкі ў абласным кардыялагічным дыспансеры, — зазначыў падчас адкрыцця аб'екта Раман Галоўчанка.

Таксама кіраўнік урада павіншаваў гродзенцаў з уводам яшчэ аднаго значнага аб'екта — двухузроўневай транспартнай развязкі ў паўночнай частцы горада. Працягласць новага ўчастка — амаль два кіламетры. Яго ўвядзенне дазволіць аб'яднаць усе існуючыя ўчасткі ў адзіную аб'язную дарогу. Такім чынам развязка злучыла паміж сабой паўднёва-заходнія і паўночныя мікрараёны Гродна, што дазволіць разгрузіць цэнтральную частку горада і пераразмеркаваць транспартны паток. На аб'екце арганізаваны чатыры спускі з пуцеправодам, падземным пешым пераходам і тунэлем.

Трэба адзначыць, што будаўніцтва новага ўчастка кальцавой дарогі ўдалося завяршыць у чатыры разы хутчэй нарматыўных тэрмінаў. Замест 20 месяцаў работы праведзены менш чым за паўгода. Участак поўнасцю гатовы да эксплуатацыі. Паказальна, што папярэдні ўчастак трасы быў урачыста адкрыты летась таксама з удзелам прэм'ер-міністра.

— Тады у нас была размова, што трэба аператыўна злучыць два новых мікрараёна Гродна — Грандзічы і Паўднёвы. Гэта была абсалютная неабходнасць, каб горад мог развівацца, быць сучасным, зручным і камфортным для жыцця. І ўжо зараз мы бачым гатовы вынік, — заўважыў кіраўнік урада.

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што сёлета ў Беларусі фінансаванне на рамонт і рэканструкцыю дарог павялічанае з 900 мільёнаў да 1,4 мільярда рублёў. У наступным годзе гэтая лічба павялічыцца да 2,2 мільярда рублёў.

Свае падарункі атрымалі і жыхары Ліды і Слоніма — там уведзены ў эксплуатацыю дзіцячыя садкі. У Лідзе дашкольная ўстанова атрымала ўласную назву — «Паўночнае ззянне». Пры ўзвядзенні трохпавярховага будынка плошчай 1800 квадратных метраў выкарыстоўваліся сучасныя высакаякасныя і, што вельмі важна, натуральныя аддзелачныя матэрыялы. Асаблівая радасць для дзяцей — басейн. Сродкі на будаўніцтва ў памеры больш за 9 мільёнаў рублёў выдзелены з абласной інвестпраграмы.

У Паўднёва-Заходнім мікрараёне Слоніма вядзецца актыўная жыллёвая забудова, таму дашкольную ўстанову тут чакалі з нецярпеннем. Як і ў Лідзе, садок у Слоніме з басейнам, камп'ютарным, музычным і спартыўным класамі. Кожны паверх аформлены тэматычна: адзін прысвечаны экалогіі, другі — асновам бяспечнай жыццядзейнасці. Установа абсталявана інтэрактыўным фізкультурным комплексам — сэнсарнай сцяной і скаладромам. На двары акрамя гульнявых пляцовак ёсць веладарожкі, шматфункцыянальная пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху. Наведваць новы дзіцячы сад змогуць не толькі дзеці з горада, але і з бліжэйшых населеных пунктаў.

У вобласці ўведзены некалькі спартыўных пляцовак у рамках маштабнага праекта «Спорт для ўсіх», ініцыіраванага Прэзідэнцкім спартыўным клубам: у Дзятлаўскім, Іўеўскім і Мастоўскім раёнах. Усяго ў Гродзенскай вобласці з'явіцца 17 такіх аб'ектаў.


Пуцеправоды і стадыён

У Гомелі завершана рэканструкцыя дзевяціпралётнага пуцеправода

Яго прапускная здольнасць перавышае 32 тысячы машын за суткі. 168-метровы аб'ект не толькі злучае Навабеліцкі раён з асноўнай часткай Гомеля, але і горад з населенымі пунктамі Гомельскага раёна. Па гэтым напрамку ідзе транспартны транзіт у Расійскую Федэрацыю.

Пуцеправод па вуліцы Ільіча быў пабудаваны ў 1973 годзе, таму патрабаваў грунтоўнага рамонту, ён быў зачынены для руху сёлета ў чэрвені. За гэты час мостабудаўнікамі і дарожнікамі праведзены велізарны аб'ём работ. Для скарачэння тэрмінаў будаўніцтва яны працавалі і па выхадных, і ў святы. Адказную працу мостабудаўнікоў, канструктараў, інжынераў, рабочых падчас цырымоніі адкрыцця пуцеправода асабліва адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

Як заўважыў кіраўнік рэгіёну, масты пасля рэканструкцыі адкрываюцца на Гомельшчыне практычна штогод.

— Усе памятаюць знакавы аб'ект праз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне, які ўрачыста адкрыўся з удзелам кіраўніка дзяржавы ў 2018 годзе таксама да 7 лістапада. У 2019-ым аднавіўся рух па мосце праз раку Сож у Гомельскім раёне, у 2021 адкрылі ўнікальны па канструктарскім рашэнні мост праз Дняпро ў Рагачоўскім раёне. Роўна год таму аднавілі рух па абноўленым Сельмашаўскім пуцеправодзе, увесну перарэзалі стужачку на мосце ў Калінкавіцкім раёне, — нагадаў Іван Крупко.

Шчырыя словы віншавання з нагоды адкрыцця чарговага сацыяльна і эканамічна важнага аб'екта ад імя Аляксандра Лукашэнкі жыхарам Гомельшчыны перадаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

— Улічылі і сучасныя патрабаванні бяспекі, і безбар'ернае асяроддзе, апраўдалі эстэтычныя чаканні гараджан — зрабілі прыгожае архітэктурнае падсвятленне. Гэты праект — толькі малая частка маштабнай работы па будаўніцтве сучасных дарог і пуцеправодаў, удасканаленні транспартнай інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны, — падкрэсліў Максім Рыжанкоў.

У падарунак да свята камфортны і бяспечны пуцеправод пасля капітальнага рамонту атрымалі і жыхары Жлобіна. Яго працягласць — больш за 220 метраў, шырыня — звыш 23 метраў, а перасякае ён 15 чыгуначных шляхоў.

Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Лельчыцах пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыты гарадскі стадыён «Палессе». Збудаванне абноўлена пры падтрымцы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, Лельчыцкага райвыканкама, асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола».

— Толькі ў мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю лядовая арэна ў Жлобіне і стадыён у Добрушы. Сёлета, напярэдадні ІІ Гульняў краін СНД, абноўлены лядовы палац у Гомелі, у снежні плануецца адкрыць сучасны лядовы палац у Светлагорску. На завяршальнай стадыі будаўніцтва стадыёнаў у Нароўлі, Карме і Ельску, — падкрэсліў падчас адкрыцця аб'екта ў Лельчыцах намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.


Дзіцячы садок з 3D-прынтэрам

На Міншчыне дашкольнікаў прыняў цэнтр развіцця дзіцяці

Гэты сучасны дзіцячы садок у новым мікрараёне Смалявіч Паўночна-Заходні назвалі «Зорачка», ён пабудаваны за сродкі бюджэту сталіцы для жыхароў горада-спадарожніка. Падзея для мясцовых навасёлаў доўгачаканая: дашкольная установа знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад дома.

Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды ўводу ў эксплуатацыю сацыяльна значнага аб'екта прынялі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын і старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Спыняцца на дасягнутым у горадзе не збіраюцца. У наступным годзе чакаецца увядзенне ў строй паліклінікі.

«Але нам не трэба забываць і пра гістарычную частку Смалявіч. У бліжэйшай перспектыве — трэцяя школа, агульнае добраўпарадкаванне», — падкрэсліў Аляксандр Турчын. Яшчэ адна ўстанова адукацыі, паводле слоў губернатара, з'явіцца і ў мікрараёне Паўночна-Заходні.

Новы дашкольны цэнтр разлічаны на 230 выхаванцаў, тут прадугледжаны інтэграваныя групы, ёсць басейн, медыцынскі блок, пункты дэфекталагічнай і псіхалагічнай дапамогі, цэнтры бяспекі, пазнавальнага развіцця і патрыятычнага выхавання, STEAM-цэнтр з кампутарамі, наборамі для канструявання і 3D-прынтэрам.

Працаваць у цэнтры дашкольнага развіцця будуць амаль тры дзясяткі педагогаў, шэсць з якіх маладыя спецыялісты. Некалькі выхавацеляў з калектыва — таксама навасёлы мікрараёна.

«Гэты сад — выдатны падарунак для Смалявіч, бо патрэба щ месцах для дашкольнікаў, улічваючы наша развіццё, пастаянна расце. Гэта трэці сучасны сад у горадзе, і праз год узнікне неабходнасць узвядзення яшчэ аднаго. Ён гарманічна ўпісаўся ў мікрараён і стаў яго ўпрыгожаннем. Тут ужо пражывае каля трох тысяч чалавек. Па плане ж з'явіцца ўсяго 19 дамоў на 150 тысяч квадратных метраў жылля, дзе будуць жыць каля 7 тысяч гараджан», — распавёў старшыня Смалявіцкага райвыканкама Андрэй Ратомскі.


На радасць бацькам

У Мінску адкрылі два новыя дзіцячыя садкі

Дзве новыя ўстановы дашкольнай адукацыі ўрачыста адкрылі ў Мінску напярэдадні 7 лістапада. Дзіцячы садок №585 у мікрараёне Брылевічы і дзіцячы садок № 586 у мікрараёне Навінкі гасцінна расчыняць свае дзверы перад дашкалятамі. На адкрыццё прыйшло шмат бацькоў з дзецьмі з гэтых мікрараёнаў.

Дзіцячы сад №585 («Васілёк») стаў завяршальным штрыхом у інфраструктуры Брылевічаў. На яго адкрыцці намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў, што дзеці ва ўтульнасці, бяспецы, камфорце, з добрым харчаваннем будуць рыхтавацца тут да школы:

— Для іх і басейн, і музычная зала — усё, што трэба для гарманічнага развіцця.

Таксама ён дадаў, што за пяць гадоў у Беларусі пабудавалі 71 дзіцячы садок на 14 тысяч месцаў. У гэтым годзе запланавана будаўніцтва 15 такіх устаноў.

Дзіцячы садок №586 быў узведзены на перспектыву ў новым мікрараёне, які зараз актыўна будуецца. Тут плануюць выдзяляць кватэры шматдзетным сем'ям. На яго адкрыцці старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заявіў, што дарыць гараджанам падарункі напярэдадні святаў стала добрай традыцыяй:

— Прыемна ўдвая, што гэта робіцца для падрастаючага пакалення. Дзеці апынуцца ў клапатлівых руках выхавацеляў. І хочацца, каб у дашкольнай установе выкарыстоўваліся новыя, сучасныя формы і метады работы. Маленькія жыхары гэтага мікрараёна будуць атрымліваць добрыя веды, уменні, навыкі. Усе ўмовы для гэтага мы створым.

Матэрыяльна-тэхнічная база новых дзіцячых садоў ідзе ў нагу з часам. Тут вам і басейн, і безбар'ернае асяроддзе, і камп'ютарны клас, і творчая майстэрні. Засталося толькі дачакацца, калі садкі напоўняцца выхаванцамі.

Дарэчы, у дзіцячым садку №586 гэта адбудзецца ўжо на днях.

— Спачатку пачнуць функцыянаваць толькі чатыры групы: дзве малодшыя, сярэдняя і старэйшая, — расказала загадчыца ўстановы Аксана Сокал. — У цэлым дашкольная ўстанова разлічана на 230 хлопчыкаў і дзяўчынак. У далейшым будзем набіраць дзяцей па запыце бацькоў. Думаю, да новага года ўжо запрацуе шэсць, а да мая — усе 12 груп, уключаючы дзве ясельныя.

Акрамя таго, дзякуючы добраму тэхнічнаму аснашчэнню, дзіцячы садок №586 плануе прадастаўляць дадатковыя адукацыйныя паслугі для ўсіх жыхароў мікрараёна.

Дзіцячы садок у Брылевічах таксама разлічаны на 230 дзяцей. Тут будзе працаваць дзве групы для малых і дзесяць груп для дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, у тым ліку тут прадугледжаны дзве групы інтэграванага навучання і выхавання.


Мост, аўтапарк, завод

На Віцебшчыне ў Верхнядвінску уведзены ў эксплуатацыю мост

Працэс стартаваў у студзені 2022 года. Новы мост праз раку Дрысу стаў больш старога. Яго даўжыня перавышае 150 метраў, шырыня павялічылася з 7 метраў да 11 метраў, а па абодва бакі створаны паўтараметровыя тратуары. Цырымонію адкрыцця моста наведалі ганаровыя госці: старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Да лістападаўскага свята быў таксама абноўлены аўтапарк устаноў аховы здароўя Віцебшчыны: 66 легкавых аўтамабіляў для аказання неадкладнай дапамогі насельніцтву перадалі ва ўстановы ва ўрачыстай абстаноўцы. Аўтапарк першаснага звяна аховы здароўя Віцебска папоўніўся 10 аўтамабілямі. Сертыфікаты на атрыманне айчынных аўтамабіляў Geely Emgrand кіраўнікам бальніц і паліклінік уручыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін 4 лістапада.

«Паступова паляпшаецца рэсурсная база медыцынскіх устаноў вобласці. У 2023 годзе на рэканструкцыю, мадэрнізацыю гэтых арганізацый накіравана больш за 44 мільёны рублёў. Выкананы рамонт у 322 фельчарска-акушэрскіх пунктах, 51 амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, 23 участковых бальніц і бальніц сястрынскага догляду. Набыта больш за 300 адзінак медыцынскага абсталявання на суму амаль 7 мільёнаў рублёў», — падкрэсліў кіраўнік вобласці.

У аграгарадку Бігосава Верхнядзвінскага раёна на горадаўтваральным прадпрыемстве «Інвет» адкрылася новая сталовая. На ўвядзенне ў строй сталовай ААТ «Інвет» накіравала каля 700 тысяч рублёў. «Гэта інвестыцыі, і тое, што вы абнаўляеце свае ратацыйныя апараты, тэхніку, — таксама ключ у будучыню і да поспеху. Не будзе інвестыцый — будучыні ў прадпрыемства не будзе. А што тычыцца ў цэлым перспектыў, то вы — горадаўтваральнае прадпрыемства, таму трэба адказваць за парадак і ва ўсім аграгарадку, каб тратуары былі, добры асфальт. І працоўныя месцы трэба дадаткова ствараць, нарошчваць аб'ёмы. У вас добрая будучыня, і мы будзем дапамагаць вам і далей», — адзначыў на цырымоніі адкрыцця спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка.

Новы аб'ект — смеццеперапрацоўчы комплекс — напярэдадні 7 лістапада адкрылі на рэгіянальным палігоне ў вёсцы Салаўё Аршанскага раёна. Ён уключае ў сябе завод па сартаванні адходаў, абсталяванне па перапрацоўцы будаўнічых і буйнагабарытных адходаў, пляцоўку для кампаставання. Магутнасць комплексу складае 60 тысяч тон у год. У працэсе сартавання плануецца выманне другасных матэрыяльных рэсурсаў і атрыманне фракцыі прэ-RDF паліва. З матэрыялаў, у якіх ёсць біткі, будуць атрымліваць дробку для дарожнага будаўніцтва, з бетону і камянёў —другасны друз, а з драўніны — паліўную дранку.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Лізавета ГОЛАД, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Маргарыта УШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Фота БелТА, ТК «Гомельшчына афіцыйна», Лізаветы ГОЛАД, Кацярыны УРБАН і з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.