Вы тут

Спецыяльны рэпартаж «Звязды» пра будаўніцтва новых станцый метро


Зеленалужская лінія, самая «малодшая» з ветак Мінскага метрапалітэна, пакуль налічвае толькі 4 станцыі — іх адкрылі да 7 лістапада ў 2020 годзе. Яшчэ тры станцыі — на падыходзе, першы цягнік пройдзе праз іх у 2024-м.

Пакуль зялёная ветка на карце метрапалітэна самая кароткая, але неўзабаве яе даўжыня павялічыцца: яна звяжа Курасоўшчыну з Зялёным Лугам і працягнецца праз увесь горад.


— Пасля адкрыцця трох станцый — Аэрадромнай, Немаршанскі сад і Слуцкі гасцінец — мяркуецца наступны этап будаўніцтва. Мы пойдзем ужо ў зваротным напрамку па Зеленалужскай лініі, з поўдня на поўнач, — расказвае намеснік дырэктара — галоўны інжынер БМУ-2 УП «Мінскметрабуд» Уладзімір Доўгаль. — Будзе пабудавана яшчэ чатыры станцыі, лінія працягнецца да мікрараёна Зялёны Луг. Яна ж так і называецца — Зеленалужская.

Падрыхтоўчыя работы па наступных чатырох станцыях ужо вядуцца. Трэба вывесці інжынерныя сеткі, знесці два будынкі, расказвае Уладзімір Міхайлавіч. Лінія зменіць і асучасніць аблічча сталіцы. З карты Мінска знікне стары трохпавярховы будынак — былы жылы дом па адрасе праспект Машэрава 36, часткова будзе знесены былы цэх мэблевай фабрыкі па Веры Харужай, 25. Але гэта — справа будучыні, а ў напрамку Курасоўшчыны метрабудаўцы выходзяць на фінішную прамую. Гатоўнасць «Аэрадромнай» набліжаецца да ста працэнтаў, вядуцца аддзелачныя работы на станцыі «Немаршанскі сад», на дзве трэці гатова станцыя «Слуцкі гасцінец».

Хутка адкрыюць?

— Самая высокая гатоўнасць на станцыі Аэрадромнай, таму што работы там пачаліся раней, — тлумачыць суразмоўца. — Засталося толькі зашкліць павільёны ўваходных зон, а таксама ўсталяваць аўтаматычныя станцыйныя дзверы. Ну, і «дашліфоўваюцца» некаторыя моманты аздаблення станцыі.

Адна з асаблівасцяў трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна — тое, што пуці, па якіх рухаецца цягнік, закрытыя ад пасажыраў спецыяльнай ахоўнай сцяной, абсталяванай аўтаматычнымі дзвярыма. На прафесійнай мове іх называюць ДАС, і яны з’яўляюцца адной з тэхналагічных навінак «Зеленалужскай лайн» — дарэчы, далёка не адзінай.

— Гатоўнасць станцыі «Немаршанскі сад» — больш за 75%, — распавядае Уладзімір Міхайлавіч. — Вядуцца аддзелачныя работы, неабходна завяршыць будаўніцтва яшчэ аднаго ўваходу на станцыю. Для гэтага давядзецца перанакіраваць рух аўтамабіляў і грамадскага транспарту на адной з вуліц, і ў найбліжэйшы час гэта будзе зроблена. А ў нас па «Слуцкім гасцінцы» — гэтай станцыяй займаюся непасрэдна я і наша БМУ-2 — гатоўнасць дасягае ўжо 70%. У канструкцыях станцыя завершана, вядуцца аддзелачныя работы. Нам засталося пабудаваць каля 150 м абаротных тупікоў пасля таго, як перапусцім зверху рух аўтатранспарту. Дарога перамесціцца, пойдзе па-над ужо пабудаванай станцыяй, завершацца ўсе неабходныя работы.

«Слуцкі гасцінец» — канцавая станцыя трэцяй лініі метро, а канцавыя станцыі адрозніваюцца ад «прамежкавых» наяўнасцю тупікоў, дзе цягнікі разварочваюцца, а таксама «начуюць». Але не ўсё сваё «жыццё» саставы метрапалітэна праводзяць пад зямлёй, для рамонту і тэхабслугоўвання яны выходзяць на паверхню — адпраўляюцца ў спецыяльныя дэпо. Такія дэпо павінны быць на кожнай лініі. І будаўніцтва дэпо для Зеленалужскай — таксама задача, пастаўленая перад БМУ-2.

— У дадзены момант цягнікі з трэцяй лініі абслугоўваюцца ў дэпо Аўтазаводскай лініі, каля Шабаноў. Але гэта непрактычна, і неўзабаве на Зеленалужскай з’явіцца сваё дэпо, — кажа Уладзімір Доўгаль. — Гэта вельмі сур’ёзны аб’ект, які ўключае ў сябе больш за 20 розных будынкаў і збудаванняў.

У дэпо ажыццяўляецца рамонт і тэхабслугоўванне рухомага саставу, размяшчаюцца ўсе інжынерныя службы метрапалітэна, а таксама пуцейскія службы, майстэрні, склады. Метрапалітэн — найскладанейшы тэхнічны арганізм, які патрабуе пастаяннага абслугоўвання цэлай «арміяй» высакакласных спецыялістаў. І дэпо — свайго роду горад у горадзе — адзін з, мабыць, самых адказных этапаў будаўніцтва, ад якога залежыць бесперабойная работа ўсёй лініі на далёкую перспектыву.

Дарэчы, пуці ў тунэлях і тыя, што выходзяць на паверхню, патрабуюць розных падыходаў, распавялі спецыялісты БМУ-2.

— Пры пад’ёме на паверхню мяркуецца складаная сістэма разгалінаванняў пуцей — так званы веер, каб да кожнага з рамонтных цэхаў вёў свой пуць, — тлумачыць Уладзімір Доўгаль. — Дэпо сёння таксама гатова на 70%, будаўнікі адтуль ужо сышлі, цяпер там працуюць спецыялісты: сантэхнікі, электрыкі і гэтак далей.

Адкрыццё трох новых станцый будзе адначасовым — магчыма, да Дня Незалежнасці Беларусі, але хутчэй за ўсё — да 7 лістапада 2024 года, кажуць будаўнікі: справа ў тым, што адкрыццё новых станцый метро да 7 лістапада ўжо стала ў нашай краіне добрай традыцыяй.

Аб цішыні і бяспецы

Якімі будуць новыя станцыі, СМІ расказвалі ўжо не раз. Аздабленне Аэрадромнай (яна размяшчаецца на тэрыторыі былога аэрапорта) будзе звязана з небам і чакана адлюструе тэму развіцця авіяцыі. Аздоблена станцыя ў сініх, блакітных, белых і шэрых танах. «Немаршанскі сад» будзе выклікаць асацыяцыі з цяністым летнім садам, пераважны колер аздаблення — зялёны. Дапоўніць карціну купалападобная столь, якая імітуе кроны дрэў. Канцавая, «Слуцкі гасцінец», мае толькі адзін вестыбюль, і на гэтай станцыі не будзе эскалатараў (знаходзіцца яна не глыбока). Тым не менш станцыя стане адной з самых утульных. У яе афармленні будзе адсылка да знакамітых Слуцкіх паясоў, а цёплае неонавае падсвятленне створыць асаблівы эфект гармоніі і спакою.

Але вернемся да тэхналагічных навін трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. Трэба сказаць, «зялёная» лінія будзе значна цішэйшая за дзве іншыя: грукат і стук колаў не патурбуюць пасажыраў і жыхароў навакольных дамоў.

— Тут ужыта новае рашэнне па ўсталяванні верхняй пабудовы пуці, — адзначае галоўны інжынер БМУ-2. — Раней рэльсы ўкладваліся на рэльсашпальную рашотку — стандартныя, вядомыя ўсім драўляныя шпалы. Але тэхналогіі не стаяць на месцы, і пры пракладцы пуцей было ўкаранёна новае рашэнне — спецыяльныя блокі з вібрагасільнымі пракладкамі, якія памяншаюць уздзеянне рухомага саставу на канструкцыі, скарачаюць вібрацыю і шум і да таго ж значна больш надзейныя за старое рашэнне — шпалы. У Беларусі быў асвоены выпуск такіх блокаў, і гэтае інжынернае рашэнне пераўзыходзіць ранейшыя па ўсіх паказчыках. Вядома, цалкам шуму пазбегнуць не атрымаецца, але мы здолелі значна яго зменшыць, як і вібрацыю. І гэта ацэняць людзі, якія пражываюць уздоўж лініі метро.

Ужытыя пры будаўніцтве новай лініі і іншыя ноу-хау — яны застануцца для пасажыраў незаўважанымі, затое іх высока ацанілі спецыялісты.

— Напрыклад, на станцыі «Слуцкі гасцінец» для ўмацавання катлавана ўпершыню ў гісторыі Мінскага метрабуду быў ужыты шпунт сістэмы Ларсана, — распавядае суразмоўца.

Будаўніцтва любой станцыі пачынаецца з катлавана — так бы мовіць, велізарнай ямы шырынёй 20 м і даўжынёй у чвэрць кіламетра (а на «Слуцкім гасцінцы» з прычыны неабходнасці будаўніцтва тупікоў даўжыня катлавана была паўкіламетра). Глыбіня такога катлавана — ад 15 да 20, а часам і 30 метраў (гэта вышыня дзевяціпавярховага дома). Словам, работа складаная і вельмі небяспечная: апоўзні, вывалы і вымаіны могуць прычыніць сур’ёзную шкоду здароўю і нават жыццю людзей, якія працуюць у катлаване. Шпунт дазваляе ўмацаваць «сцены» катлавана, кажа спецыяліст, і небяспека жыццю і здароўю работнікаў зніжаецца практычна да нуля. Пасля завяршэння работ канструкцыю можна дэманціраваць і перамясціць у іншы катлаван, на іншую будучую станцыю…

Сланы і таполі

А ў цэлым кожная новая станцыя метро — гэта праца прыкладна дзвюх соцень прафесіяналаў: будаўнікоў розных спецыяльнасцяў, майстроў аздобных работ, спецыялістаў па аснашчэнні станцыі інжынернымі сістэмамі і іншых. Як правіла, кожнае будаўніча-мантажнае ўпраўленне адказвае за будаўніцтва адной, радзей дзвюх новых станцый. Дарэчы, у планах і чарцяжах найменні новых станцый даюцца па назве вуліц, на якіх знаходзяцца. Прыгожыя імёны станцый — для пасажыраў. А будаўнікі «свае» станцыі памятаюць па «рабочых назвах». За працоўную біяграфію мой суразмоўца асабіста будаваў шэсць станцый, «Слуцкі гасцінец» стане сёмай.

— У «Метрабудзе» я з 2000 года, пачынаў майстрам, — успамінае Уладзімір Міхайлавіч. — У складзе БМУ-2 працаваў на станцыях «Спартыўная», «Уручча», «Грушаўка», «Малінаўка», «Кавальская Слабада», «Плошча Багушэвіча».

— Прыемна, калі ездзіш у метро, бываць на «сваіх» станцыях?

— Вядома. Але ацэньваеш іх не так, як звычайныя пасажыры. Успамінаюцца, напрыклад, цяжкасці, з якімі сутыкнуліся пры будаўніцтве, і тое, як нам удалося іх вырашыць.

Напрыклад, пры будаўніцтве станцыі «Слуцкі гасцінец», расказвае суразмоўнік, будаўнікі сустрэлі падземныя воды.

— Была прыменена сістэма водапаніжэння, бурылі на гэтым участку свідравіны і паніжалі ўзровень грунтавых вод. Але мы ўсё роўна ўбачылі ваду ўнізе, калі дакапалі катлаван, і на яго дне дадаткова праводзілі лакальнае водапаніжэнне, каб можна было пракласці неабходныя канструкцыі.

Мінскі метрапалітэн не адносіцца да метрапалітэнаў глыбокага залажэння — гідрагеалагічныя ўмовы дазваляюць размяшчаць станцыі на глыбіні каля 15 метраў. Найглыбей за ўсе астатнія знаходзіцца станцыя «Юбілейная».

— Яе трэба было «пасадзіць» ніжэй за другую лінію метро, каб лініі перасякаліся на розных узроўнях. Толькі гэтым выклікана заглыбленне, — тлумачыць Уладзімір Доўгаль.

Але нават адносна невялікая для метрабудаўцаў глыбіня часам прыносіць сюрпрызы. Не, старажытных скарбаў будаўнікі не знаходзілі. Але пры будаўніцтве тунэляў на станцыі «Уручча» на глыбіні 20 метраў быў знойдзены практычна поўны шкілет... слана.

— Пры раскопках пад тунэлі мы знайшлі астанкі ляснога слана — гэта старажытны продак мамантаў, — распавёў суразмоўца. — Неадкладна былі выкліканыя навукоўцы з Акадэміі навук, каб дастаць гэтую знаходку. Справа ў тым, што пры паступленні кіслароду косткі пачыналі разбурацца літаральна на вачах. Яны знаходзіліся ў вельмі шчыльнай гліне, без доступу паветра, і гэта дазволіла ім захавацца. Былі бачныя фрагменты частак шкілета старажытнай жывёлы і нават можна было зразумець, як яна ляжыць і прыкладна ўявіць, як выглядала.

Але такія неверагодныя знаходкі — зразумела, вялікая рэдкасць, часцей будаўнікі проста адкрываюць нейкі культурны пласт: старая дарога, брук узростам у некалькі сотняў гадоў... Пры будаўніцтве «Слуцкага гасцінца» знайшлі толькі дрэвы, якія спілавалі каля стагоддзя таму, пры маладой савецкай уладзе. Відаць, пашыралі і падсыпалі «Слуцкі гасцінец», і пілавалі дрэвы, а вывезці іх чамусьці не змаглі. Тут іх і кінулі, засыпалі і паднялі дарогу, пакінуўшы клопат аб вывазе і ўтылізацыі спілаваных некалі таполяў нашчадкам…

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Як будуецца метро

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.