Вы тут

Браслаў быў заснаваны князем Брачыславам Ізяславічам


Старыя паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава дазваляюць нам зрабіць віртуальную вандроўку ў любы куточак Беларусі. Асабліва багатыя на знаёмства з даўніной сустрэчы атрымліваюцца, калі збіраемся адкрыць гарады, паселішчы з багатай гісторыяй...


Браслаў. Рынак. 1918 год

Давайце ўгледзімся ў фатаграфічныя выявы Браслава. Старыя паштоўкі адкрываюць нам краявід з Замкавай гары ў 1930-я гады; рынак у Браславе, год 1918-ы; агульны від на мястэчка і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1930 год); прыстань на возеры Дрывяты; від на Замкавую гару з боку возера Навяты; само возера Дрывяты і дарогу на Опсу; староства ў Браславе ў 1930-я... Па трасе адлегласць ад Мінска да Браслава складае 237 кіламетраў. У вандроўку лепей за ўсё выпраўляцца на два дні. Самі мяркуйце: толькі ў адзін бок за тры гадзіны наўрад ці справіцеся... І ўвогуле спасцігаць новае і невядомае лепей няспешна.

Вядома, што Браслаў быў заснаваны князем Брачыславам Ізяславічам як умацаванне на мяжы Полацкага княства. Дзяцінец старажытнага паселішча — паміж азёрамі Дрывяты і Навята на Замкавай гары. У XІ—XІІІ стагоддзях паселішча з’яўлялася памежным горадам Полацкага княства. У XІV стагоддзі вялікі князь Гедымін завяшчаў Браслаў малодшаму сыну Яўнуту. Бацька перадаў свайму нашчадку яшчэ Ашмяны і Вількамір (нагадаем, што сёння гэта — горад Укмярге, адзін з самых старажытных гарадоў Літвы).

Браслаў. Выгляд з Замкавай гары. 1930-я гады

Але ж мы — лічы, у Браславе... Дарэчы, лёс Яўнута — сапраўдная мастацкая гісторыя. Можна смела здымаць кінафільм, узяўшы яго гістарычную біяграфію за аснову!.. Маючы непаразуменні з большасцю братоў, увайшоў у канфлікт з Альгердам і Кейстутам. Яны наладзілі супраць блізкага родзіча змову. Яўнут аказаўся ў сваіх братоў у палоне. Праз некаторы час нашчадак Гедыміна ўцёк з-пад варты. Праз Смаленск дабраўся да Масквы, дзе ў 1340–1353 гг. гаспадарыў яго швагер — князь Маскоўскі і вялікі князь Уладзімірскі Сямён Горды. Асоба, між іншым, легендарная. Знайшоўшы падтрымку ў Маскве, Яўнута прыняў праваслаўе. У 1347 годзе князь усё ж прымірыўся з братамі, вярнуўся ў родную старонку і стаў гаспадаром Заслаўскага княства, у якое тады ўваходзіў і Мінск.

...У пачатку 1500-х гадоў у Браславе гаспадарыла жонка вялікага князя Аляксандра Ягелончыка — Алена. Яна заснавала на Замкавай гары жаночы праваслаўны манастыр. З 1500 года вядомы і Браслаўскі мужчынскі манастыр на востраве на возеры Неспіш. 

Возера — за чатыры кіламетры на ўсход ад Браслава. Паблізу вёскі Рубеж... Дарэчы, у 1517 годзе праз Браслаў праязджаў славуты славацкі дыпламат і падарожнік Сігізмунд фон Герберштэйн, аўтар «Запісак аб Масковіі» (твор іначай называюць «Запіскі пра маскоўскія справы»). Асобны раздзел гэтай надзвычай цікавай «падарожнай кнігі» — «Аб Літве». Сігізмунд фон Герберштэйн выступаў у 1517 годзе пасрэднікам на перагаворах паміж Масквой і Вялікім Княствам Літоўскім. З раздзела «Аб Літве» ў кнізе славацкага дыпламата: «Народ там прыгнечаны цяжкім рабствам». І ўвогуле — пра тагачасную Літву: «... бліжэй за ўсіх да Масковіі... Я гавару цяпер не пра адну толькі вобласць, але аб краінах, якія да яе прылягаюць і разумеюцца пад агульнай назвай Літва. Яна цягнецца доўгай паласой ад горада Чаркасы, які знаходзіцца каля Барысфена, аж да Лівоніі...» Нагадаем: Барысфен — ранейшая назва Дняпра…

Браслаў. Від на мястэчка і касцёл. 1930-я гады

Дарэчы, вельмі цікавым, прыкметным падаецца герб Браслава (сучасная яго выява зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года). У аснове — геральдычны сімвал з 1792 года: у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з чалавечым вокам — вокам Божага блаславення. Гэта агульнавядомы знак чароўнай сілы, альбо Тройцы. Вока — асэнсаванне таго, што Бог назірае за жыццём і дзеяннямі людзей. А трохвугольнік — трыадзінства Бога — Айца, Сына і Духа Святога. Сонца ж — старажытны сімвал жыцця, агню, які характарызуецца ачышчальнай сілай…

У сучасным Браславе шмат што ёсць паглядзець са славутых гістарычных аб’ектаў. Найперш звярніце ўвагу на Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пабудаваны ў 1824 годзе. Рэканструкцыя касцёла адбылася ў 1897 годзе. У муроўцы будынка быў выкарыстаны прыём браслаўскай мазаікі. У час Вялікай Айчыннай вайны пробашча касцёла Мечыслава Акрэйца фашысты расстралялі за тое, што хаваў яўрэяў. Да гісторыка-культурных каштоўнасцяў належыць і Свята-Успенская праваслаўная царква, пабудаваная ў 1897 годзе. А ў двары Дома культуры ў Браславе вы знойдзеце калодзежны шацёр. Гэтае драўлянае збудаванне 1924–1926 гг. таксама, між іншым, адносіцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Аўтар стылізацыі народнага дойлідства — архітэктар Юльюш Клос (1881–1933), вядомы яшчэ як фатограф, гісторык архітэктуры. З-за ансамбля мястэчка, які спраектаваны быў Клосам, яшчэ ў даваенныя гады напалову жартам Браслаў пачалі называць паўночнай Ніцай... Дарэчы, Юльюш Клос сябраваў, быў добра знаёмы са славутым мастаком Фердынандам Рушчыцам, які нарадзіўся ў Багданава, на Валожыншчыне. Архітэктар спраектаваў і драўляны касцёл Маці Божай Анёльскай у Мяжанах (аграгарадок Браслаўскага раёна)... А сучасны Свята-Панцеляймонаўскі жаночы манастыр знаходзіцца ў будынку былой земскай бальніцы (таксама помнік архітэктуры!). Закладка бальніцы адбылася 15 жніўня 1905 года. Першым урачом быў Станіслаў Нарбут (1853–1926), які карыстаўся надзвычай вялікім аўтарытэтам сярод мясцовага насельніцтва. У Першую сусветную вайну Станіслаў Нарбут узначальваў ваенна-медыцынскі лазарэт на Паўночна-Заходнім фронце. Быў цяжка паранены, доктару часткова ампутавалі нагу. Вярнуўшыся ў Браслаў, зноў пачаў лячыць мясцовы люд. Пахаваны на Замкавай гары ў Браславе. Помнік пастаўлены ў 1927 годзе на сродкі, сабраныя жыхарамі паселішча. Яны і іх нашчадкі доўга трымалі ў памяці і тое, што земская бальніца была пабудавана на ўласныя сродкі доктара Нарбута…

Словам, вандруючы па старажытным гарадку, пераходзячы з адной вуліцы на другую, вы шмат што ўбачыце тут цікавага. А колькі цікавых дамкоў у Браславе!.. Не забудзьцеся іх сфатаграфаваць!..

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.