Вы тут

Як на Магілёўшчыне развіваюць патрыятычныя ініцыятывы


«Мір на зямлі не магчыма ўявіць без гістарычнай памяці, а стваральная праца — гэта пераемнасць гістарычнага шляху, крок у будучыню», — словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якія ён выказаў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, сталі адным з важных напрамкаў Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады. Пра тое, што робіцца для захавання гістарычнай памяці на Магілёўшчыне, у нашай размове са старшынёй Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірынай Раінчык.


— Праўдзівае асвятленне падзей і гістарычных фактаў, фарміраванне ў грамадзян пачуцця патрыятызму, гонару за гераічнае мінулае сваёй краіны з’яўляецца ў Год міру і стваральнай працы асноўнай задачай у рабоце з насельніцтвам як органаў выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, так і грамадскіх арганізацый Магілёўскай вобласці, — адзначае яна. — Мы беражліва захоўваем памяць аб подзвігу нашых бацькоў і дзядоў і перадаём гэтыя запаветы падрастаючаму пакаленню. На жаль, урокі самай страшнай вайны ў гісторыі чалавецтва сёння спрабуюць перапісаць. Калектыўны Захад, развязваючы войны ў суверэнных дзяржавах, робіць усё, каб устанавіць новы каланіяльны парадак. Менавіта таму такія каштоўнасці, як суверэнітэт і незалежнасць, набываюць асаблівы сэнс. А ідэі міру і адзінства гучаць сёння як ніколі актуальна. У Магілёўскай вобласці тэма захавання гістарычнай памяці — адзін з ключавых кірункаў работы. Традыцыйна ў нашым рэгіёне штогод ладзяцца знакавыя мерапрыемствы. Варта адзначыць, што наша вобласць з’яўляецца актыўным ініцыятарам правядзення шэрагу ўнікальных праектаў. Асаблівай увагі заслугоўвае маладзёжны патрыятычны праект «Дарогамі Памяці і Славы», у якім прымаюць удзел члены Маладзёжнага парламента нашай вобласці. Галоўная мэта праекта — згуртаванне моладзі, усіх жыхароў Магілёўшчыны на аснове гераічных традыцый і гісторыі нашай Радзімы, супрацьстаянне спробам скажэння гістарычнай праўды аб гераізме і ролі савецкага народа ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, папулярызацыя дасягненняў сучаснай беларускай дзяржаўнасці. У 2023 годзе праект набыў статус міжнароднага, у ім бралі ўдзел дэлегацыі Астраханскай, Бранскай, Ленінградскай, Смаленскай абласцей, Хабараўскага краю, а маршрут праекта быў пашыраны на тэрыторыю Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Сёлета на Магілёўшчыне праходзіла яшчэ адно важнае мерапрыемства, накіраванае на захаванне гістарычнай памяці, — міжнародная канферэнцыя «Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым: Буйніцкае поле — поле памяці». У ім удзельнічалі кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, прадстаўнікі Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта, Пасольства Расійскай Федэрацыі, дэпутаты. Выпрацоўка адзінага комплекснага падыходу да канцэпцыі ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны «Буйніцкае поле — поле памяці», а таксама захаванне гістарычнай памяці народаў-пераможцаў, зацвярджэнне прыярытэтаў міру і дружбы паміж дзяржавамі на базе гісторыка-культурных каштоўнасцяў і традыцый народаў Саюзнай дзяржавы сталі галоўнымі тэмамі канферэнцыі.

— Вялікую выхаваўчую ролю выконваюць мемарыяльныя комплексы і помнікі. Яны нагадваюць пра тыя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі краіны…

— Так. У Магілёўскай вобласці створаны ўнікальны мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак «Боркі», які быў адкрыты з удзелам кіраўніка дзяржавы. У Клічаўскім раёне набыў новае аблічча мемарыяльны комплекс на востраве Верамееўка, прысвечаны подзвігам легендарнага атрада «Слаўны». Па сёння тут у вязкай багне ляжаць астанкі герояў і мірных жыхароў, якіх забілі немцы. Прайшла маштабная рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу партызанскай Славы «Усакіна». У вёсцы Гаі Магілёўскага раёна сёлета адбылося адкрыццё рэканструяванага мемарыяльнага комплексу ў знак памяці мужнага батальёна міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава.

— У пытанні захавання гістарычнай памяці не застаецца ўбаку і насельніцтва. Ёсць цудоўныя прыклады таго, як простыя людзі выступаюць ініцыятарамі так званых праектаў памяці…

— Сапраўды гэта так. Адным з яскравых прыкладаў рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў з’яўляецца праект «Памяць расстраляць немагчыма», вынікам якога стала стварэнне мемарыяльнага комплексу ў памяць расстраляных мірных жыхароў у Круглым.

Сёлета па ініцыятыве мясцовых жыхароў рэалізоўваюцца маштабныя праекты па ўстаноўцы памятных знакаў воінам-інтэрнацыяналістам у гарадскім пасёлку Хоцімск і ў вёсцы Дрануха Чавускага раёна.

Актыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі гэтых і іншых сацыяльна значных праектаў аказвае Магілёўская абласная Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Ёй падтрымана 25 ініцыятыў грамадзян, накіраваных на стварэнне, рамонт і добраўпарадкаванне ваенна-мемарыяльных аб’ектаў, памятных знакаў.

Цудоўным прыкладам патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення Прыдняпроўскага краю стаў праект «Спадчыннікам Вялікай Перамогі». Сумесна з органамі выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і пры фінансавай падтрымцы асацыяцыі ўжо другі год запар напярэдадні Дня Незалежнасці адкрываюцца сацыяльна-культурныя, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі ва ўсіх рэгіёнах нашай вобласці.

— Нядаўна дэпутаты Магілёўшчыны перадалі спікеру верхняй палаты беларускага парламента Наталлі Качанавай два вялікія тамы кнігі «Вялікая Айчынная вайна: сямейныя гісторыі». Ініцыятарамі стварэння гэтых кніг сталі менавіта народныя абраннікі.

— З 2021 года пры падтрымцы Магілёўскага гарсавета дэпутатаў рэалізоўваецца праект па зборы матэрыялаў для публікацыі ў кнізе «Вялікая Айчынная вайна: сямейныя гісторыі». У два тамы ўжо ўвайшлі 1050 біяграфій, больш за 3000 фатаграфій і дакументаў з сямейных архіваў. Гэта 1040 старонак успамінаў з рукапісных дзённікаў ветэранаў, інтэрв’ю вязняў канцлагераў, мірных жыхароў, якія апынуліся ў акупацыі. Паўтара года спатрэбілася на тое, каб пагутарыць з кожнай сям’ёй, праверыць факты, выверыць усе ўзнагародныя дакументы. Рэалізацыя праекта працягваецца па сённяшні дзень. Да яго далучаюцца не толькі жыхары Магілёўскай вобласці, але і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў нашай краіны. Мы таксама атрымліваем лісты з краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

— На жаль, усё менш становіцца відавочцаў тых страшных падзей. Што робіцца для таго, каб памяць аб тых, хто заваяваў для нас Перамогу, не згасала?

— На базе Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі арганізавана работа абласнога цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі. Імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны, Савецкага Саюза, выдатных і знакамітых людзей прысвоены 23 установам адукацыі Магілёўскай вобласці. Па вобласці распрацавана 50 турыстычных маршрутаў па ваенна-гістарычнай тэматыцы. У іх уключаны месцы масавага пахавання ахвяр генацыду беларускага народа, абаронцаў Айчыны, мемарыяльныя комплексы і іншыя аб’екты. Адметнай формай арганізацыі работы па ўшанаванні памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Магілёўскай вобласці з’яўляецца дзейнасць Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру». У 2021 годзе ён быў удастоены высокай узнагароды — прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». За перыяд работы клуба, пачынаючы з 1994 года, устаноўлена больш за 27 000 невядомых імёнаў загінулых салдат і афіцэраў.

— Сёлета ў аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна адкрыўся ўнікальны турыстычны аб’ект — палацава-паркавы ансамбль, які быў адрэстаўрыраваны па даручэнні Прэзідэнта. Якія яшчэ знакавыя падзеі гісторыка-культурнай накіраванасці адбыліся ў Магілёўскай вобласці за апошнія гады?

— З’явіліся новыя аб’екты матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымалі будынкі гістарычнага цэнтра Бабруйска, гарадзішчы «Замкавая гара» і «Гарадзец» у Крычаве, 122-мм палявая гаўбіца ўзору 1910/30 гадоў з зараднай скрыняй для буксіравання ў Асіповічах, унікальныя царкоўныя прадметы хоцімскага Свята-Троіцкага сабора і іншыя. Гэта ўсё яскравыя прыклады захавання гістарычнай памяці рэгіёна.

— Сёлета адбыўся першы рэгіянальны форум «Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці: Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянне. Вынік». Чым ён адметны?

— Ён паказаў, што мерапрыемствы, якія праводзяцца органамі мясцовага кіравання і самакіравання з насельніцтвам па захаванні гістарычнай памяці праз рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў, дазваляюць забяспечыць кансалідацыю грамадства і фарміруюць у жыхароў Прыдняпроўскага краю пачуццё патрыятычнай свядомасці і павагі да дзяржаўных сімвалаў, уцягваюць моладзь у грамадска-палітычнае жыццё краіны, заахвочваюць адказна ставіцца да сваёй грамадзянскасці. У нас багатая спадчына і вельмі руплівы народ, наша задача — зрабіць надзейны, трывалы фундамент для будучага пакалення беларусаў.

Пытанні задавала Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта mogіlev-regіon.gov.by

Загаловак у газеце: Ініцыятывы з акцэнтам на патрыятызм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.