Вы тут

Якія творы пачытаць халодным восеньскім вечарам?


Пісаць вершы і прозу, даследаваць жыццё, параўноўваць сваё і чужое, віншаваць з юбілеем, памятаць пра важнае, прыглядацца да людзей, быць спагадлівым, чытаць кнігі — што яшчэ прапаноўвае «Полымя» ў верасні?


У прадстаўленай падборцы вершаў Міколы Маляўкі адгукаецца ваенная тэма («Зраўнялася з зямлёй, як цаліна...»). Народжаны ў 1941 годзе, паэт з’яўляецца «дзіцём вайны», якая адбілася ў яго светапоглядзе як чалавека і як літаратара. Але найбольш кранальным падаецца твор «Душа ўскалыхнулася», у якім увасоблены ледзь улоўны вобраз-настрой, — калі лірычны герой сутыкаецца з сабой самім, маладым і прыгожым, на фотаздымку.

Як некалі мадэрністы глядзелі ў люстэрка, а таксама ў люстра вады, імкнучыся дакрануцца да трансцэндэнтнага, метафізічнага, абсалютнага, так і паэт узіраецца ў свой фотаздымак, каб адчуць пробліск вечнага. «Сустрэча», якая павінна быць прадказальнай, аказваецца нечаканай: застылы на паперы чалавек уяўляецца своеасаблівым двайніком, з якім лірычны герой звязаны родава, генетычна. Ахоплены пачуцццямі, ён блытаецца — і ўжо не зразумела: у юнаку бачыць сябе мінулага ці, магчыма, будучага?

У наступнай паэтычнай нізцы «Праходзяць дні, праходзяць тыдні...» Анатоль Зэкаў згадвае маленства, светлы вобраз маці ды «перабірае» ў памяці вясковыя ўспаміны — асаблівую каштоўнасць, якую найстойліва хоча «зберагчы ад склерозу». У вершы, які даў назву падборцы, лірычны герой стараецца ўхапіць дні і гадзіны, што «з’ядаюць» чалавечы век, які сплывае, быццам свечка, пакуль не згасне, «каб перайсці затым у вечнасць і існаваць у іншым часе». Гэтая думка заўсёды выратоўвае чалавека, якому так складана прыняць факт непазбежнасці свайго знікнення, што ён чапляецца за надзею на працяг.

Падборкай вершаў «Зоркі моўчкі моляцца» Васіль Казачок паведамляе чытачу, што змена пор года не перастае хваляваць паэтаў. Пра гэта сведчаць ужо назвы твораў: «Вясна», «Вербніца», «Здаецца, толькі ўчора клён зялёны», «У чаканні зімы». Цыклічнасць убудавана ў жыццё, якое стабілізуецца і прыродай — зменай пор года, і рэлігійнай традыцыяй — штогадовым паўтарэннем кола хрысціянскіх свят.

У адным з вершаў В. Казачка ўвасоблены вобраз бяссонніцы — яшчэ адной пястункі паэтаў, адвечнай госці-спадарожніцы чалавека, з якой на пэўным этапе жыцця наканавана пазнаёміцца кожнаму з нас. 

І сотні раз да раніцы пракручвае

Жыцця майго знямелае кіно.

І думкі следам, як віхуры, носяцца,

То россыпам імчаць, то табуном.

І прарасці радкамі вершаў просяцца...

Завяршаецца публікацыя рамана-версіі Уладзіміра Гаўрыловіча «Любі бліжняга твайго...», вызначальнай рысай якога выступае паралельнае разгортванне падзей у мінулым і ў сучаснасці — яе сюжэт, безумоўна, з’яўляецца ключавым у мастацкім творы. У абодвух часавых пластах нарастае напружанасць падзейнай канвы, пакуль, нарэшце, калі даўняе і цяперашняе «сустракаюцца» ў адной кропцы, не раскрываецца ўкладзены аўтарам у назву глыбінны хрысціянскі сэнс. У. Гаўрыловіч падкрэслівае ідэю, прыкметную ў нашай літаратуры яшчэ ў даўнія перыяды, — значнасці сямейных каштоўнасцей і вагі родавага пачатку ў светапоглядзе беларусаў. «Сава не родзіць сакала, а такога ж чорта, як сама», — гаворыцца ў прыказцы, якая мае адпаведнікі ў фальклоры многіх народаў.

Пісьменнік дае шанц «няўдалым» героям змяніцца да лепшага — выправіць уласныя хібы — і гэтым твор нагадвае раман-выхаванне. «Напэўна, Гасподзь так запланаваў для цябе, столькі выпрабаванняў. Каб ты ўрэшце стаў чалавекам. Але пасля ўсяго, што здараецца, абавязкова прыходзіць новы дзень. Дай бог, каб ён у цябе быў без памылак», — вучыць старэйшы маладзейшага. Завяршаецца раман-версія цытатай з класіка беларускай літаратуры У. Караткевіча: так даецца намёк на значную для аўтара традыцыю, а з ёю — і падказка, у якім рэчышчы чытачу варта ўспрымаць твор: «Людзям — душа, // Жыццё — свайму дому, // Сэрца — жанчыне, // Гонар — нікому».

Прага спазнання кіруе даследчыкамі: гуманітарная думка няспынна шукае адпаведныя зменліваму часу інструменты, каб ахапіць жыццё і чалавека, у тым ліку выяўленых у прыгожым пісьменстве, і паўнавартасна і сістэмна даследаваць іх.

Сёння дзяржава ў тым, што датычыць выпрацоўкі беларускай ідэалогіі і канцэпцыі нацыянальнай гісторыі, робіць стаўку на філасофію і — яшчэ ў большай ступені — на гісторыю. Па сутнасці, ідэалагічны раман-версія «Любі бліжняга свайго» У. Гаўрыловіча і сам факт яго з’яўлення ў адным з самых значных беларускіх часопісаў, прысвечаных літаратуры, гаворыць пра тое, што ў перспектыве можа павышацца і статус мастацтва слова і літаратуразнаўства — галін культуры і навукі, якія не ў меншай ступені фарміруюць грамадскую свядомасць. Мастацкі твор ідзе самым кароткім і непасрэдным — вобразным! — шляхам да сэрца абывацеля, мастацкай праўдзе вераць болей, чым навуковай. Безумоўна, пісьменнік павінен добра валодаць майстэрствам — мець стыль і ўмець адчуваць сугучную народу атмасферу.

Алесь Ветах выступае з двума апавяданнямі-гісторыямі пра лёсы людзей, знаёмых і блізкіх аўтару, прычым лёсы не лёгкія. Працаваць і быць занятым, пакутаваць ад няўдач і расчараванняў, перажываць фізічны і душэўны боль — частка «жыццёвага кантракта», на які кожны асуджаны ад пачатку.

Аўтар гэтых твораў, доктар філалагічных навук Алесь Бельскі, звяртае на сябе ўвагу яшчэ да знаёмства з апавяданнямі — тым арыгінальным псеўданімам, які ён выбраў. Прывабнасць у тым, што слова «ветах» з’яўляецца безэквівалентным: аднаслоўныя адпаведнікі да яго адсутнічаюць, напрыклад, у рускай, і многіх іншых мовах. У псеўданіме такое слова гучыць вельмі густоўна, па-беларуску грунтоўна і асабліва цешыць філалагічны слых. Ды і ў самім вобразе загадкавага месяца, які паволі змяншаецца, каб затым зноў расці, прысутнічае адбітак нечага адвечнага, што заўсёды знаходзіцца побач з намі, увасабляючы зменлівае пастаянства.

Проза «Полымя» разбурае шаблоны, знаёмячы чытача з асобай зусім маладога аўтара Дзмітрыя Аўчыннікава. Часопіс, які ад часу свайго ўзнікнення зарэкамендаваў сябе ў якасці пляцоўкі для публікацыі мастацкіх твораў сталых і вядомых у краіне літаратараў, нячаста робіць выключэнні з правіла. Апавяданне «Фота на памяць» згаданага аўтара ў форме ад першай асобы расказвае гісторыю знаёмства героя з прыгожай дзяўчынай. 

Шчодра прадстаўлена рубрыка «Навуковыя публiкацыi» — трыма грунтоўнымі літаратуразнаўчымі работамі. Яе адкрывае Ігар Запрудскі артыкулам «Асаблівасці рэцэпцыі творчай спадчыны Уладзіслава Сыракомлі. Да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка». Згаданаму літаратару яшчэ пры жыцці дадзена было набыць вядомасць і мець выключную творчую рэпутацыю. Дзякуючы гэтай паспяховасці, аўтар знакамітага раманса «Калі я на пошце служыў ямшчыком» мог аказваць уздзеянне як на сучаснікаў, так і на паслядоўнікаў — класікаў перыяду нацыянальнага Адраджэння пачатку XX стагоддзя. Гэтай публікацыяй з вялікім спісам выкарыстанай у ім літаратуры даследчык падкрэслівае неабходнасць далейшага вывучэння постаці У. Сыракомлі і працягу работы па «вяртанні» яго твораў да беларускага чытача.

Лада Алейнік у артыкуле «Крызіс персанальнай ідэнтычнасці асобы ў раманах Э. Ялінек „Піяністка“ і А. Брава „Менада і яе сатыры“» параўноўвае згаданыя творы дзвюх пісьменніц — беларускай і аўстрыйскай. Літаратуразнаўца выяўляе бясспрэчныя паралелі ў разгортванні сюжэта і творчым мысленні аўтараў, паказвае наяўнасць аднолькавых мастацкіх падыходаў.

Гераіні абодвух раманаў не спраўляюцца са сваім жыццём, але такі тып героя таксама цікавіць чытача, не пазбаўленага ўнутраных драм і трагедый, абумоўленых тым, што ў рэчаіснасці шмат чаго не паддаецца кантролю чалавека. І, можа, усім нам варта быць больш цярплівымі і спагадлівымі і да гераінь Э. Ялінек і А. Брава, і ўвогуледа людзей: жыць узорна нялёгка, вырвацца з турмы ўласных абмежаванняў складана, нават (ці асабліва?) калі яны маюць ментальную прыроду.

Паняцце, якое выкарыстоўвае даследчыца ў якасці інструмента, сведчыць пра паглыбленне вагі псіхалогіі ў айчынным літаратуразнаўстве (зрэшты, як і ў жыцці сучаснага грамадства). Уплыў гэтай навукі даўно і трывала адчуваецца ў англамоўных даследаваннях вобраза героя, чалавека ў мастацтве слова. 

А цікавасць менавіта да ідэнтычнасці, на думку навукоўцаў, з’яўляецца лагічным вынікам таго крызісу, які сёння перажывае паняцце «асоба».

Прага спазнання кіруе даследчыкамі: гуманітарная думка няспынна шукае адпаведныя зменліваму часу інструменты, каб ахапіць жыццё і чалавека, у тым ліку выяўленых у прыгожым пісьменстве, і паўнавартасна і сістэмна даследаваць іх. У гэтай сувязі яшчэ адным запатрабаваным сёння інструментам з’яўляецца той, які задзейнічае Любоў Дуктава, як можна меркаваць па артыкуле «Выкарыстанне анімалістычнага кода пры адлюстраванні чарнобыльскай катастрофы ў беларускім эпасе і ліра-эпасе 1990-х гадоў». Даследчыца пераконвае, што «няведанне культурных кодаў абмяжоўвае інтэрпрэтацыю літаратурнага твора», і даводзіць, што ў разгледжаных творах «анімалістычны код выкарыстаны для таго, каб падкрэсліць трагедыйны стан, у якім апынуліся і чалавек, і прырода падчас чарнобыльскай бяды».

Мастацкі твор ідзе самым кароткім і непасрэдным — вобразным! — шляхам да сэрца абывацеля, мастацкай праўдзе вераць болей, чым навуковай. Безумоўна, пісьменнік павінен добра валодаць майстэрствам — мець стыль і ўмець адчуваць сугучную народу атмасферу.

«Полымя» віншуе з юбiлеем члена рэдакцыйнай калегіі часопіса Таццяну Шамякіну. Яе колішні студэнт Валерый Максімовіч у артыкуле «Нястомны руплівец. Да 75-годдзя з дня нараджэння доктара філалагічных навук, прафесара Т. І. Шамякінай» расказвае чытачу пра творчы лёс сваёй выкладчыцы і настаўніцы — у высокім сэнсе гэтага слова. Тэкст цікавы яшчэ і ўзнаўленнем той выключнай творчай атмасферы, у якой жыла і фарміравалася як чалавек і даследчыца літаратуры, культуры дачка народнага пісьменніка Івана Шамякіна.

У рубрыцы «Партрэты» — «эсэ пра характары» Адама Глобуса «Станоўчыя героі». Міхаіл Анемпадыстаў, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Мулявін, Алесь Разанаў, Міхась Стральцоў, Максім Танк і многія іншыя вядомыя, а таксама і невядомыя, але знаёмыя аўтару людзі ў гэтых замалёўках паўстаюць як носьбіты той ці іншай чалавечай якасці.

Рубрыка «Кнігарня» знаёміць з рэцэнзіямі на кнігі, выдадзеныя ў мінулым, 2022 годзе, якія чакаюць удумлівага чытача на паліцах магазінаў і бібліятэк.

Наталля Развадоўская ў публікацыі «Вучоны, пісьменнік, асоба» расказвае пра выданне Валянціны Локун і Вольгі Русілкі «Палескі дзівасіл: нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Гніламедава». Галоўны герой гэтай кнігі — чалавек, які паўплываў на цяперашняе аблічча акадэмічнага літаратуратуразнаўства. Ён заявіў пра сябе і як аўтар буйных празаічных твораў: даследчыцы ўпісваюць яго ў кантэкст, створаны знакамітымі пісьменнікамі мінулага стагоддзя Максімам Гарэцкім, Кузьмой Чорным, Іванам Мележам.

У рэцэнзіі Дзмітрыя Радзівончыка «Масты і берагі» на ўкладзеную Віктарам Шніпам кнігу «Спрадвечны бераг: вершы паэтаў Гродзеншчыны» падкрэсліваецца аб’яднаўчая сіла мастацтва. Аўтар публікацыі засяроджваецца на творчасці некалькіх паэтаў, шчодра цытуючы іх вершы, каб прадэманстраваць праўдзівасць атрыманых ад знаёмства са зборнікам уражанняў.

Міхась Сліва ў рэцэнзіі «Дапамагла знайсці Атлантыду» расказвае пра кнігу Алены Стэльмах «Слова за словам». Выданне аб’ядноўвае ў сабе разнастайныя жанры: артыкулы, эсэ, інтэрв’ю, водгукі — усе яны апавядаюць пра вядомых людзей Беларусі і знакамітыя мясціны Бацькаўшчыны. Паводле меркавання рэцэнзента, дадзеная кніга сведчыць, што беларусам ёсць чым пахваліцца і на ніве мастацкай публіцыстыкі.

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.