Вы тут

З 13 да 20 кастрычніка беларусы змогуць атрымаць бясплатныя прававыя кансультацыі


Шматдзетныя бацькі і сужэнцы, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, 13 кастрычніка могуць атрымаць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі ў рамках дабрачыннай рэспубліканскай акцыі, прымеркаванай да Дня маці і Дня бацькі, ва ўсіх натарыяльных бюро і канторах Беларусі. А Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама цягам тыдня кожны дзень чакае грамадзян на прамых тэлефонных лініях.


Фота: pixabay.com

На працягу рабочага дня 13 кастрычніка спецыялісты натарыяльных бюро і кантор усёй Беларусі адкажуць на пытанні, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю. Натарыусы патлумачаць, як скласці і засведчыць пагадненне аб дзецях, шлюбны дагавор, пагадненне аб выплаце аліментаў. Падкажуць, як аформіць спадчынныя правы, скласці завяшчанне або здзейсніць здзелку па набыцці-продажы-адчужэнні нерухомасці.

Тым не менш, як паказвае практыка, большасць зваротаў у гэты дзень датычыцца менавіта шлюбна-сямейных стасункаў.

— Такія мерапрыемствы па прававой асвеце, прымеркаваныя да дзяржаўных свят і памятных дат, традыцыйныя для натарыяльнай суполкі. Іх мэта — забяспечыць абарону правоў і інтарэсаў грамадзян, павысіць узровень прававой свядомасці, культуры і адукаванасці людзей, — заўважыў Юрый Лукашэвіч, прэс-сакратар Беларускай натарыяльнай палаты. — Шмат пытанняў, якія вельмі цікавяць сем’і, датычацца, напрыклад, мацярынскага капіталу.

Што датычыцца пагаднення аб дзецях, то тут натарыусы дапамогуць разабрацца з памерамі аліментаў і іншых выплат на малых; вызначыцца, з кім дзеці будуць пражываць; абазначыць парадак выезду непаўналетніх за мяжу. Атрымаць грунтоўныя адказы ад натарыусаў можна і наконт шлюбнага дагавора: калі яго лепш скласці, што ў ім абазначыць, ці можна ўнесці ў дакумент змены альбо ўвогуле пасля скасаваць яго.

Поўны спіс натарыяльных кантор і бюро краіны, а таксама кантакты і час работы натарыусаў можна знайсці на сайце БНП у раздзеле «Знайсці натарыуса».

Натарыусы, адвакаты, работнікі ЗАГСаў і прадстаўнікі органаў прымусовага выканання цягам тыдня з 13 да 20 кастрычніка кожны дзень з 9.00 да 13.00 чакаюць званкоў грамадзян. Тэму, імя спецыяліста і нумар тэлефона для бясплатнай кансультацыі можна даведацца на сайце Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.