Вы тут

Як не страціць прыстойнасць у гонцы за матэрыяльным дабрабытам


Жыла-была звычайная сям'я: мама, тата, сын, дачка. Аднак стасункі маці з сынам ніяк не складваліся — ён лічыў, што жанчына любіць яго сястру больш, чым яго, і ўвесь час крыўдаваў. Калі хлопец вырас, стаў жыць асобна з уласнай сям'ёй, у яго падрасталі двое сваіх дзетак. Памёр бацька, і ўдава вырашыла перааформіць кватэру на дачку, бо разлічвала, што менавіта яна будзе даглядаць маці ў старасці. Сын жа падаў заяву і атрымаў сваю долю ў спадчыне (кватэры). Маці доўга абуралася і, атрымаўшы пасведчанне аб праве на спадчыну, зарэгістравала пераход права ўласнасці на кватэру ў органах дзяржрэгістрацыі, пасля чаго падарыла сваю долю ў кватэры дачцэ. Стасункі з сынам перарваліся канчаткова. Праз нейкі час памёр і сын, і на яго долю ў кватэры цяпер прэтэндуе яго жонка. Маці памерлага сына ўжо ў тым стане, калі не можа выказваць сваю волю, аднак, згодна з законам, яна лічыцца спадчынніцай маёмасці сына, якая фактычна ўступіла ў валоданне спадчынай, і адмовіцца ад яе праз сваю хваробу не можа. Цяпер, з аднаго боку, удава памерлага прэтэндуе на долю свайго мужа ў кватэры яго маці, а з другога — свякроў аўтаматычна прэтэндуе на долю ў гаражы, садовым дамку і кватэры, якія належалі яе сыну... Як пазбегнуць канфліктаў пры афармленні спадчыны і што варта ведаць і зрабіць яшчэ пры жыцці спадчынадаўца, «Звяздзе» дапамагла разабрацца Святлана ТОКАРАВА, натарыус Гомельскай натарыяльнай акругі.


Сябруйце са сваякамі

Афармленне спадчыны — адна з самых складаных натарыяльных працэдур. Яна патрабуе не толькі грунтоўных ведаў, шмат часу на падрыхтоўку дакументаў і накіраванне запытаў, але і псіхалагічных уменняў, пераканана натарыус:

— Галоўнае ў спадчыне — своечасова вызначыцца са сваімі жаданнямі. Каб зразумець, ці патрэбна вам спадчына, хочаце вы яе прыняць або адмовіцца ад яе, а калі адмовіцца — то на карысць кагосьці са спадчыннікаў ці проста адмовіцца, закон адводзіць шэсць месяцаў. Нават калі вы ўжо звярнуліся да натарыуса па выдачу пасведчання, пакуль не прайшло шэсць месяцаў з дня адкрыцця спадчыны, вы можаце перадумаць і адмовіцца ад спадчыны. Калі ж паўгадовы тэрмін выйшаў — вы або будзеце лічыцца асобай, якая фактычна прыняла спадчыну, або асобай, якая прапусціла тэрмін для прыняцця спадчыны.

Пасведчанне аб праве на спадчыну выдаецца па заканчэнні тэрміну, які вызначаны для прыняцця спадчыны (паўгода), аднак ёсць і выключэнні, якія вызначаны Грамадзянскім кодэксам. Так што ў кожнай справе ўсё роўна магчымыя розныя варыянты, тым больш што заканадаўства ўдасканальваецца і ў Інструкцыю аб парадку здзяйснення натарыяльных дзеянняў дапаўняецца пэўнымі агаворкамі, якія даюць спадчыннікам дадатковы шанц прывесці справы ў парадак, не звяртаючыся ў суд.

Незалежна ад колькасці спадчыннікаў і відаў маёмасці справу будзе весці адзін натарыус, а збор дакументаў, якія маюць значэнне для вызначэння долей і складу спадчыннай маёмасці, часам магчымы толькі сумеснымі высілкамі ўсіх спадчыннікаў. Таму, каб пазбегнуць хваляванняў і канфліктаў падчас афармлення спадчыны, варта падтрымліваць сяброўскія стасункі з іншымі спадкаемцамі, параіла Святлана Токарава:

— Нават пасля атрымання пасведчання аб праве на спадчыну і закрыцця спадчыннай справы спадкаемцы, калі яны з'яўляюцца саўладальнікамі, застаюцца і надалей залежнымі адзін ад аднаго. Таму карэктныя паводзіны кожнага са спадчыннікаў у далейшым дазволяць з найбольшым прыбыткам распарадзіцца маёмасцю.

У апісанай вышэй сітуацыі адносіны паміж роднымі першапачаткова былі не надта добрыя. А маці і дачка пасля смерці бацькі не спяшаліся да натарыуса, бо ведалі, што спадчыннікі, якія жылі па адным адрасе са спадчынадаўцам на дзень адкрыцця спадчыны або цягам шасцімесячнага тэрміну для прыняцця спадчыны, а таксама пражывалі ў памяшканні, якое атрымліваецца ў спадчыну, лічацца фактычна тымі, хто ўступіў ва ўладанне і карыстанне спадчыннай маёмасцю. Таму для іх такой непрыемнай навіной стала паведамленне, што сын прыняў спадчыну раней. Хоць ён і вагаўся, бо, з аднаго боку, не хацеў яшчэ больш псаваць адносіны з маці і сястрой, а з другога — думаў пра дабрабыт сваіх дваіх дзяцей, патлумачыла натарыус:

— Варта нагадаць, што ў спадчыну атрымліваецца толькі асабістая маёмасць, якая належала спадчынадаўцу на дзень смерці. Калі ж у склад спадчыны ўваходзіць маёмасць, якая знаходзіцца ў сумеснай уласнасці сужэнцаў, то спачатку вызначаецца доля спадчынадаўца і толькі потым (пасля шасці месяцаў з дня смерці спадчынадаўца) на яе выдаецца пасведчанне аб праве на спадчыну на імя спадчыннікаў, якія звярнуліся за ёй. У апісанай сітуацыі маецца некалькі аб'ектаў нерухомасці, якія зарэгістраваны на жонку сына. Маёмасць была набытая ў шлюбе, і ў ёй долі мужа і жонкі складаюць 1/2, таму спадчыннік, які прыняў у спадчыну долю кватэры, лічыцца асобай, якая атрымала ўсё, што належала памерламу. Пры гэтым маці памерлага, як было сказана, мае права на долю маёмасці сына: у гаражы, садовым дамку і кватэры. Прымаючы рашэнне адносна спадчыны, трэба сур'ёзна ўсё ўзважыць, а для гэтага варта своечасова звярнуцца да натарыуса, каб потым не прыйшлося звяртацца ў суд.

«Спадчына без межаў» і з даўгамі

У другой гісторыі малады чалавек запісаўся на прыём да натарыуса, каб атрымаць спадчыну пасля смерці бацькі, які не пакінуў завяшчання. Акрамя яго, спадчыннікамі першай чаргі з'яўляецца яго родны брат і маці, якія зарэгістраваны і жывуць па тым жа адрасе, што і спадчынадавец. У якасці спадчыны — трохпакаёвая кватэра, якая была прыватызавана бацькамі ў шлюбе, і недаатрыманая пенсія. Малады чалавек патлумачыў, што аднапакаёвай кватэры, якую яму раней падарылі бацькі і дзе ён жыве цяпер, яму недастаткова. Ён не хоча, каб «трохпакаёўка» дасталася брату, таму намераны ўступіць у спадчыну. Праўда, да атрымання пасведчання аб праве на спадчыну на долю кватэры справа так і не дайшла. На наступную сустрэчу хлопец прыйшоў з маці і братам, адазваў сваю заяву на выдачу пасведчання аб праве на спадчыну і напісаў адмову ад спадчыны на карысць маці. На карысць маці ахвяраваў сваю долю ў спадчыне і другі сын. Яна патлумачыла, што праз паўгода, атрымаўшы спадчыну, яна размяняе кватэру так, каб размеркаваць атрыманае паміж сынамі па справядлівасці.

— Пры наяўнасці звароту натарыус адкрывае спадчынную справу і паведамляе пра гэта заказным лістом усім вядомым яму спадчыннікам па адрасах, што даў спадчыннік, які звярнуўся па спадчыну першым. Іншай інфармацыі аб спадчынніках і іх адрасах натарыус не мае. За кошт сродкаў асоб, якія зацікаўлены ў паведамленні спадчыннікам пра адкрыццё спадчыны, натарыус можа апавясціць гэтых асоб шляхам размяшчэння адпаведнай аб'явы ў друкаваных СМІ, — расказала Святлана Токарава.

Спадчынныя правы ў Беларусі афармляюцца ў асноўным у натарыяльнай канторы раёна, дзе быў зарэгістраваны спадчынадавец на дзень смерці. Аднак некалькі апошніх гадоў у краіне дзейнічае прынцып «спадчына без межаў». Дзякуючы яму спадкаемца можа выбраць любую натарыяльную кантору горада, дзе жыў спадчынадавец, і натарыуса, які будзе весці справу з якога заўгодна кутка краіны. Галоўнае пры гэтым — заяўнік павінен быць першым са спадкаемцаў, хто звярнуўся па афармленне спадчыны, і зрабіць гэта не пазней чым за паўгода з дня смерці спадчынадаўца. Акрамя таго, атрымаць інфармацыю пра месца афармлення спадчыны можна на афіцыйным сайце Беларускай натарыяльнай палаты або ў любога натарыуса краіны.

— Здараецца, што спадчынныя справы адкрываюцца па заяве банкаў-крэдытораў. І ў гэтым выпадку натарыус тлумачыць спадчыннікам, што кожны з іх, хто прыме спадчыну, адказвае па даўгах спадчынадаўца ў межах кошту спадчыннай маёмасці, якая яму адышла. Крэдыторы маюць права цягам тэрміну іскавай даўнасці прад'явіць свае патрабаванні да спадчыннікаў, якія прынялі спадчыну, — заўважыла натарыус. — У спадчынную справу дадаюцца ўсе звесткі і (або) дакументы, якія атрыманы ад спадкаемцаў, іншых асоб, дзяржаўных органаў і арганізацый. Дакументы, якіх не хапае, могуць запытвацца натарыусам ці давацца асабіста спадчыннікам.

Запыт — паслуга платная, як і ўсе астатнія, што аказваюцца натарыусам. Памер натарыяльнага тарыфу вызначаны Саўмінам, аднак заўжды можна ўдакладніць у натарыуса, ці мае чалавек на паслугу льготу і якія дакументы для гэтага трэба прад'явіць. Напрыклад, для атрымання пасведчання аб праве на спадчыну існуюць ільготы для непаўналетніх, інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянераў, інвалідаў першай і другой групы. Каб зменшыць аплату, дастаткова паказаць адпаведны дакумент.

Юрыст нагадала таксама, што адмовіць у адкрыцці справы на спадчыну спадчынніку (калі яна не адкрытая ў іншым месцы і калі не прайшло паўгода) натарыус не можа. А яшчэ вельмі важна, у якіх эмацыянальных абставінах праходзяць сустрэчы спадкаемцаў, бо выпрабаванне спадчынай праходзяць далёка не ўсе. Кагосьці агульнае гора робіць бліжэйшымі і вучыць чуць адно аднаго, а хтосьці ў пагоні за матэрыяльным дабрабытам губляе кантроль над сабой і канфрантуе з усім светам.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.