Вы тут

Як спадчынадаўцу распарадзіцца маёмасцю яшчэ пры жыцці


Падзел маёмасці, нажытай сужэнцамі сумесна ў шлюбе; афармленне завяшчання на чужога чалавека; дагавор дарэння і яго адмена; захаванне спадчыны, якую хочацца пакінуць толькі за сабою; шлюбны дагавор, у якім прапісаны ўмовы сумеснага жыцця і выхавання дзяцей... З такімі і падобнымі на іх пытаннямі людзі часцей за ўсё звяртаюцца да натарыусаў. Прычым многія стараюцца рабіць гэта не па запісе, а падчас бясплатных прававых кансультацый, якія Беларуская натарыяльная палата ладзіць цягам года, прымяркоўваючы іх да пэўных падзей. Адна з іх — «Прававы экспрэс» — была прысвечана Дню Незалежнасці. Мерапрыемства прайшло ў новым для натарыусаў фармаце: каманда юрыстаў ездзіла па Беларусі і праводзіла сустрэчы з усімі ахвотнымі на абласных чыгуначных вакзалах краіны, а таксама кансультавала падчас паездкі непасрэдна ў тэматычным купэ. На адной такой кансультацыі пабывала і карэспандэнт «Звязды», якая паслухала юрыдычныя турботы людзей.


Спадчына, якую трэба дабудаваць

— Пасля смерці брата адкрылася спадчына (дом, не завершаны будаўніцтвам), дабудаваць які ў мяне няма грошай. Мяркую, што ў гэтым могуць дапамагчы суседзі брата, якія даглядалі яго апошні час. І я хацела б аддзячыць ім, каб дом дастаўся ім. На маёмасць, якую я ўжо маю, я склала тастамент, аднак як быць, каб дом ад брата-спадчынніка не стаў спадчыннай маёмасцю пасля маёй смерці і не адышоў мужу, які п'е? Як я магу распарадзіцца гэтай маёмасцю пры жыцці?

Варвара М., г. Гомель.

На пытанне адказвае Вольга БЛІНЦОВА, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі:

— Пакуль будаўніцтва дома не скончана, зрабіць з ім нічога нельга, бо яго фактычна не існуе, таму для пачатку трэба завяршыць узвядзенне будынка і зарэгістраваць яго. Калі суседзі здольныя дапамагчы ў дабудоўванні дома, можна аформіць на іх даверанасць, згодна з якой яны будуць заканчваць будаўніцтва. Паколькі працэс доўгі (а даверанасць дзейнічае тры гады), магчыма, спатрэбіцца яшчэ адна даверанасць, каб суседзі змаглі ў тым ліку і прадаць гэты дом яшчэ пры вашым жыцці і ад вашага імя. Тастамент, які вы склалі на маёмасць, што ўжо ў вас ёсць, заўжды можна адмяніць, змяніць ці перарабіць на ваш выбар. Дарэчы, калі маёмасць, якая ўказана ў тастаменце, будзе прададзена (або падорана) пры жыцці спадчынадаўца, то тастамент будзе невыканальны.

Права пераважнай пакупкі

— Парайце, як мне лепш распарадзіцца спадчынай, у якой ёсць саўладальнікі, прычым зрабіць гэта яшчэ пры маім жыцці. Я вагаюся паміж тым, каб скласці завяшчанне на сваякоў або прадаць маёмасць, бо надта блізкіх родных у мяне і няма.

Дзіяна Р., г.Мінск.

На пытанне адказвае Марына ПЕРАПЛАЎЧАНКА, натарыус Гомельскай натарыяльнай акругі:

— Тастамент можна скласці на любога чалавека. Калі ж чалавек збіраецца прадаць нерухомасць, атрыманую ў спадчыну, у якой ёсць саўладальнікі, то гэта трэба рабіць толькі па ўзаемнай іх згодзе. А згодна з правам пераважнай пакупкі, найперш прапанаваць купіць маёмасць менавіта ім як саўладальнікам. Перадача заявы аб намеры продажу нерухомасці абавязкова робіцца афіцыйна праз натарыуса. У дакуменце акрэсліваецца, на якіх умовах (уся сума адразу наяўнымі, за безнаяўныя сродкі, шляхам растэрміноўкі, перавод сродкаў у кошт пагашэння нейкага крэдыту прадаўца), за колькі і што прадаецца. Дакументы накіроўваюцца саўладальнікам заказным пісьмом з паведамленнем. Такім чынам натарыус мае пацвярджэнне, што адрасат атрымаў заяву прадаўца. Калі праз месяц саўладальнік не купляе нерухомасць, то яе можна прапанаваць набыць любой асобе. Калі ж саўладальнік ухіляецца ад атрымання такога пісьма, то вырашаць пытанне прыйдзецца праз суд і даказваць, што сваімі паводзінамі саўладальнік парушае правы прадаўца на распараджэнне ўласнасцю. Здараецца, што суд прымае рашэнне не ўлічваць інтарэсы такога нядбайнага саўладальніка пры продажы маёмасці. Натарыус, дарэчы, можа і сам уручыць саўладальніку такую заяву, не адпраўляючы яе па пошце.

Вярнуць падоранае

— Некалькі гадоў таму я падарыла кватэру сваёй старэйшай дачцэ (яна інвалід), але стала падазраваць, што яе муж можа падгаварыць дачку прадаць гэтую нерухомасць. Я б не хацела, каб мой падарунак стаў звычайнымі грашыма, таму хачу адмяніць дагавор дарэння. Ці можна гэта зрабіць? І мне б вельмі хацелася, каб другая кватэра перайшла ў спадчыну маёй малодшай дачцэ (яна цяпер укладвае ў гэтую нерухомасць шмат сваіх сродкаў), і я не хачу, каб на яе прэтэндавалі мой муж-пенсіянер і першая дачка. Як гэта лепш зрабіць?

Галіна Пятроўна, г. Расоны.

На пытанне адказвае Эліна ДАНІЛЕНКА, натарыус Брэсцкай натарыяльнай акругі:

— Калі адораны згодны вярнуць нерухомасць, ён можа проста скласці такі ж дагавор дарэння і такім чынам вярнуць падарунак мірным шляхам без судовага разбору. Калі дамовіцца не ўдасца, то дарыльшчыку прыйдзецца звяртацца ў суд, дзе даказаць правамоцнасць сваіх поглядаў і думак адносна таго, чаму ён хоча вярнуць назад свой падарунак. Такі шлях даволі складаны, але ж ёсць выпадкі, калі рашэнне суда па адмене дагавора дарэння было станоўчым. Прымаліся да ўвагі такія акалічнасці, што адораны кепска ставіўся да дарыльшчыка, або хтосьці з бакоў нешта не так зразумеў падчас складання дакумента. Спатрэбяцца паказанні сведак, суседзяў, знаёмых.

Прасцей вярнуць падоранае, калі ў дагаворы значыцца артыкул 549 Грамадзянскага кодэксу, дзе акрэслена, што ў выпадку смерці адоранага раней дарыльшчыка дагавор можна адмяніць. Неабходна прад'явіць пасведчанне аб смерці, і дарыльшчык забярэ свой падарунак назад. Калі такі артыкул у дагаворы дарэння не ўказаны, то нерухомасць, падораная памерламу, аўтаматычна будзе дзяліцца паміж яго спадчыннікамі.

Інваліды і пенсіянеры — асобы, якія маюць права на абавязковую долю ў спадчыне, нават калі спадчыннік выказаў у тастаменце жаданне пазбавіць іх усяго. Так што сваю частку спадчыны яны ўсё роўна атрымаюць. Адзінае выйсце — скласці пры жыцці спадчынадаўцы дагавор дарэння абазначанай нерухомасці на малодшую дачку. Тады ні муж, ні сястра не змогуць прэтэндаваць на абавязковыя долі, як гэта было б у выпадку складання тастамента. Дагавор дарэння прадугледжвае пераход права ўласнасці на маёмасць ад дарыльшчыка да адоранага ў той жа час, як быў падпісаны дакумент. І дагавор дарэння амаль немагчыма аспрэчыць нікому, акрамя дарыльшчыка.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш электронны адрас joya@tut.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.