Вы тут

У Віцебскай вобласці шырока адсвяткавалі Дажынкі


Аграрыі Віцебшчыны падвялі ўрачыстую мяжу ўборачнай кампаніі 2023 года абласным святам працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Сёлета паўночны рэгіён сабраў рэкордныя для гэтага года 624 тысячы тон збожжа і нарыхтаваў максімум збожжасяняжу. Канчатковыя ўборачныя вынікі вобласць падвядзе ў лістападзе, 261 экіпаж хлебаробаў дасягнуў намалоту ў тысячу тон, 26 — узялі двухтысячную вяршыню, Максім Сярноў з ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна адзіны ў рэгіёне намалаціў звыш 3 тысяч тон.


Фота: БелТА

«Дажынкі» у Шаркаўшчыне пачаліся з ушанавання памяці герояў-вызваліцеляў, якія абаранялі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета шаркаўчане адзначаюць і 520-ю гадавіну са дня заснавання пасёлка, на старонках яго летапісу былі і радасці росквіту і горач ваеннай навалы. Кіраўніцтва вобласці і шматлікія госці схілілі галовы ў хвіліне маўчання ля брацкай магілы на гарадской плошчы і ўсклалі кветкі ў памяць воінаў. 

Фота: БелТА

Галоўнае аграрнае свята Шаркаўшчына чакала даўно, бо гэта не толькі вялікі гонар, але і свежы глыток паветра для інфраструктуры і ўстаноў. Так, да «Дажынак» абнавіліся 180 аб’ектаў, у ліку якіх — сярэдняя школа № 1. У навучальнай установе, якая адзначае 50-годдзе, быў праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, і на свяце яна атрымала статус «Школа будучыні». Урачыста адкрылі новы 40-кватэрны дом для маладых спецыялістаў і тых грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта першы дом у Шаркаўшчыне, у якім ёсць ліфт — доўгачаканая для ўсіх жыхароў падзея. Да абласных «Дажынак» на Віцебшчыне ў абноўленым будынку Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак адкрыўся разлікова-касавы цэнтр РУП «Віцебскэнерга», у якім узяў удзел міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. Вядуцца работы па мадэрнізацыі спартыўнай пляцоўкі, раённага Цэнтра рамёстваў, Цэнтра культуры, іншых важных аб’ектаў. Абноўлены фасады будынкаў кансервавага завода, гасцініцы, камбіната бытавога абслугоўвання, аўтастанцыі, пошты, цэнтра банкаўскіх паслуг, архіва. Каля ўсіх будынкаў добраўпарадкаваны прылеглыя тэрыторыі, адрамантаваны дарогі, пакладзена 155 тысяч квадратных метраў асфальтавага пакрыцця. Праведзены рамонт 27 прыдамавых тэрыторый, 12 аб’ектаў гандлю спажывецкай кааперацыі, 22 суб’ектаў прыватнай формы ўласнасці, добраўпарадкавана тэрыторыя рынку, адкрыта новае кафэ. 

«Усё, што зроблена, застаецца людзям. І гэта галоўнае. Ператварэнне гарадскога пасёлка працягнецца і пасля фестывалю», — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Так, у пачатку 2024 года будзе ўведзены ў эксплуатацыю новы корпус Аляксандраўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Будзе адкрыты мост па вуліцы Краснадарскай, працягнецца капітальны рамонт раённага цэнтра культуры. Для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і аматараў спорту будзе пабудаваны шматфункцыянальны фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Гаворачы аб пераўтварэнні сталіцы цяперашніх «Дажынак» — Шаркаўшчыны, — старшыня аблвыканкама выказаў словы падзякі і ўдзячнасці будаўнікам, работнікам камунальных службаў, дарожнікам — усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы райцэнтра да свята.

Як праходзіла свята?

Па абодвух берагах ракі раскінуліся інтэрактыўныя пляцоўкі і гасцінныя падворкі ўстаноў і арганізацый вобласці. Тут была прадстаўлена рэтра і сучасная сельскагаспадарчая тэхніка, але найбольш уразіў аўдыторыю, асабліва дзіцячую, цукеркавы дождж з камбайна. Не абышлося без галоўнага сімвалу жніва — паўтарамятровага пяціяруснага караваю з мукі новага ўраджаю. 

Фота: БелТА

На галоўнай сцэне свята адбылася цырымонія ўзнагароджання лепшых аграрыяў паўночнага рэгіёна, якія сёлета дасягнулі высокіх сельскагаспадарчых вынікаў. З прывітальным словам да хлебаробаў і гасцей звярнуўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

«Сучасны Шаркаўшчынскі раён — гэта ў першую чаргу сельскагаспадарчы раён. Сельскі ўклад жыцця падарыў гэтай мясцовасці тонкае зачараванне глыбінкі, дзе ўмеюць шанаваць працу на зямлі і аддаваць гонар сабранаму ўраджаю. Мы працуем ва ўмовах рызыкоўнага земляробства: спадзявацца і чакаць падарунка ад прыроды не варта. Умовы гэтага года яшчэ раз пацвердзілі, што лепшы вынік атрымлівае той, хто больш строга выконвае тэхналогію, шырока выкарыстоўвае дасягненні аграрнай навукі, прымяняе высокаўраджайныя гатункі культур, працуе на высокапрадукцыйнай тэхніцы».

Сацыяльна-эканамічная стабільнасць дзяржавы падмацоўваецца харчовай бяспекай залежыць ад ўкладу кожнага, ад умення любіць сваю справу і сваю Радзіму, адзначыў Аляксандр Субоцін. «Сельская гаспадарка служыць сыравіннай асновай для прадпрыемстваў харчовай, лёгкай прамысловасці, на долю якіх прыпадае амаль чвэрць аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі вобласці. Праца ўсіх асноўных сфер эканомікі Віцебшчыны — прыбытковая, а прадукцыя прадпрыемстваў запатрабаваная. Паважаныя аграрыі, ваша праца мае вялікае значэнне для развіцця эканомікі вобласці і сацыяльнай стабільнасці ў рэгіёне., – падкрэсліў ён, і пазычыў: – Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у дасягненні пастаўленых мэтаў і заваяванні новых вышынь! Міру і дабрабыту!»

Прывітальны адрас кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігара Сергеенкі зачытаў начальнік Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксей Гуйда.

Фота: БелТА

Ганаровыя граматы і падзякі атрымалі перадавікі сельскагаспадарчай нівы вобласці, у іх ліку працаўнікі прадпрыемстваў, якія з году ў год маюць высокія вынікі па намалоце збожжа: ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай» Пастаўскага раёна; СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна; Талачынскі кансервавы завод; Віцебская бройлерная птушкафабрыка; ААТ «Шайцерава» Верхнядзвінскага раёна; «Мазалавагаз» Віцебскага раёна.

Яркім акордам першага дажыначнага дня стаў канцэрт Анатоля Ярмоленкі і ансамбля «Сябры», вечарам неба над пасёлкам заззяла агнямі салюту. Сёння святочныя мерапрыемствы ў Шаркаўшчыне працягваюцца, музычныя падарункі гасцям райцэнтра дораць мясцовыя мастацкія калектывы.

У наступным годзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі пройдзе ў гарадскім пасёлку Бешанковічы. А гэта значыць здзейсніцца новы рывок у трансфармацыі інфраструктуры і грамадскіх прастор.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.