Вы тут

Да чаго могуць прывесці нябачныя свету траўмы


Усе бацькі, здаецца, жадаюць сваім дзецям дабра. Але чаму менавіта яны часта наносяць раны, якія не гояцца вельмі доўга? Да якіх наступстваў вядуць тыя памылкі, што наўмысна ці мімаволі здзяйсняюць дарослыя ў адносінах з дочкамі і сынамі? Гутарым пра гэта з псіхолагам Таццянай Шаранда.


— Складанасці ў дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, непрыемныя падзеі здараюцца ў кожнай сям'і. Але вось што мяне здзіўляе. Чаму ў адных псіхалагічныя траўмы, атрыманыя ў дзяцінстве, пакідаюць глыбокі след, а іншых амаль не кранаюць? Чаму адны людзі пасля «жахаў» дзяцінства захоўваюць стойкасць і аптымізм, а іншыя, якія выраслі ў добрай сям'і, усё жыццё пакутуюць з-за таго, што мама «больш любіла брата»?

— Характар асобы, яго паводзіны, адносіны з навакольным светам вызначаюцца перш за ўсё сацыяльнымі ўмовамі і тыпам тэмпераменту.

Яшчэ Платон прыкмеціў дзіўную заканамернасць: «Цяжкія часы нараджаюць моцных людзей. Моцныя людзі ствараюць добрыя часы. Добрыя часы нараджаюць слабых людзей. Слабыя людзі ствараюць цяжкія часы». Гэтая заканамернасць праглядаецца на працягу ўсёй гісторыі развіцця чалавецтва. Вайна і пасляваенны перыяд — цяжкі час, калі выжывалі наймацнейшыя. Загартаванае пакаленне, якое прайшло праз нягоды і страты, не было эгацэнтрычным, клапацілася і думала не толькі пра сябе, стварала і аддавала.

Яно падрыхтавала «добрыя часы», але сфарміравала спажывецкае грамадства. Насыціўшы сябе «хлебам надзённым», людзі сталі адчуваць эмацыянальны голад, ім захацелася відовішчаў. Сацыяльныя змены, безумоўна, адбіліся на асаблівасцях пакалення «дзяцей». Разам з тым прыкметную ролю ў нашых рэакцыях на ўдары з боку навакольнага свету адыгрываюць і індывідуальныя асаблівасці вышэйшай нервовай дзейнасці, уласцівыя ад нараджэння і нязменныя на працягу жыцця, сіла і рухомасць нервовых працэсаў, якія закладваюць тэмперамент.

— Спынімся ўсё ж на сям'і, якая лепш за ўсё абараняе кожнага з нас і дзе часам, на жаль, балюча раняць. Якія дзеянні з боку бацькоў здольныя нанесці дзецям сур'ёзныя псіхалагічныя траўмы?

— Фізічны, эмацыянальны, сэксуальны гвалт і маральная жорсткасць.

— Думаю, фізічны гвалт сустракаецца сёння ў асноўным у асацыяльных сем'ях. Якія яго наступствы?

— Безумоўна, гвалт як стыль выхавання ўласцівы, як правіла, асацыяльным сем'ям, сама атмасфера якіх насычана канфліктнасцю, нервовасцю, страхамі. Дзеці там рана сталеюць, часта капіруюць мадэль паводзін бацькі і маці, выпрацоўваюць спецыфічную стратэгію выжывання. Фізічнае насілле, як правіла, суправаджаецца эмацыянальным: крыкамі, лаянкай, абразамі. Любыя ўдары, аплявухі абвастраюць базавы інстынкт самазахавання. Паводзіны такіх дзяцей вызначаюцца, з аднаго боку, страхам, з другога — агрэсіяй.

— Фізічныя пакаранні ва ўладкаваных сем'ях з любячымі бацькамі не такія небяспечныя і траўматычныя для псіхікі дзяцей?

— Любячыя клапатлівыя бацькі могуць таксама сарвацца і шлёпнуць па мяккім месцы. Але ў такіх сем'ях пакаранне звычайна — рэдкая з'ява, і яно выключае жорсткасць. Напрыклад, дачка згубіла мабільнік, а бацька, не ведаючы аб гэтым, не мог звязацца з ёй. Калі дзяўчынка вярнулася, не вытрымаў і ўзяўся за рэмень, не выслухаўшы ніякіх апраўданняў. У гэтым выпадку прычынай бацькоўскай агрэсіі стаў страх за дачку. Часам я чую ад кліентаў: «А што будзе, калі я некалькі разоў шлёпну сваё дзіця?» Хочацца нагадаць: рукапрыкладства — гэта роспіс у бяссіллі. У здаровых сем'ях, на шчасце, гэта разумеюць.

— Гэта значыць, ніякага выхаваўчага значэння фізічныя пакаранні не маюць?

— Ніякага! Рукапрыкладства — гэта зняцце агрэсіі, назапашанага напружання саміх бацькоў. У іх не хапае ўнутранай сілы, слоўнікавага запасу, душэўнай цеплыні, каб данесці да дзіцяці свой «мэсэдж», спакойна растлумачыць, чым выклікана іх незадаволенасць, што ў паводзінах сына ці дачкі іх закранула. Часам дастаткова мацярынскага або бацькоўскага погляду ці іх дакранання да дзіцячай рукі, каб даць ясна зразумець: пяройдзена чырвоная рыса, трэба неадкладна спыніцца.

— А калі бацька, напрыклад, само дзіця не чапае, але на яго вачах зневажае маці? Гэта таксама не застаецца без наступстваў для дзіцячай псіхікі?

— У такіх выпадках у дзяцей фарміруецца нянавісць да бацькі і страх перад ім, асабліва калі мужчына распускае рукі і гэта паўтараецца рэгулярна. Калі жанчына своечасова сыдзе разам з дзіцем ад такога мужа, то сцэны гвалту могуць забыцца і псіхічныя наступствы будуць мінімальнымі. Часта ў дзяцей, якія выраслі ў такой абстаноўцы, з часам з'яўляецца перакананне, што мама сама правакавала бацьку на рукапрыкладства, яны адчуваюць раздражненне і крыўду на яе. Дочкі, пасталеўшы, нярэдка пачынаюць адчуваць у дачыненні да бацькі таксічную любоў, апраўдваючы яго. «Рэха» перанесеных у дзяцінстве траўмаў адгукаецца часам у самым нечаканым выглядзе. Успамінаю пару, якая была ў мяне на кансультацыі. І муж, і жонка — з сем'яў алкаголікаў. Але: абодва вядуць абсалютна здаровы лад жыцця, робяць зарадку, абліваюцца халоднай вадой, не ўжываюць мяса і г. д. І ўсё б выдатна. Але яны гэтымі хранічнымі клопатамі аб здароўі затэрарызавалі ўласных дзяцей, якія гатовы збегчы з роднай хаты.

— Як часцей за ўсё праяўляюцца маральная жорсткасць і эмацыйнае зневажанне?

— У выглядзе разнастайных абраз, прыніжэнняў, абясцэньванняў, пагроз, навешвання ярлыкоў, неабгрунтаваных забарон. Нярэдка дзіця чуе ў свой адрас: «У цябе абедзве рукі — левыя», «Ты ні на што не здатны» і да т. п. Часам бацькі падкрэсліваюць, што нашчадак не апраўдвае ўскладзеных на яго чаканняў, не адпавядае высокім бацькоўскім патрабаванням. «У нашай сям'і ўсе былі таленавітымі, а ты незразумела ў каго ўрадзіўся» ці «Ты відавочна ў татку-дэбіла пайшла. Гены пальцам не раздушыш!» Дзеці, якія жывуць пад такім «прэсінгам», звычайна вырастаюць з сіндромам ахвяр. Ім з юнага ўзросту не хапае ўнутранай энергіі, у іх зніжана матывацыя, няма жадання чагосьці дасягаць. Для іх норма — дэпрэсіўны стан. Пасля ў любой сітуацыі, за спінай самых розных людзей яны будуць адчуваць нябачную прысутнасць сваіх крыўдзіцеляў і неўсвядомлена імкнуцца давесці ім уласную перавагу, сваю паспяховасць, «выцерці» ім нос. У гэтай бітве з «ценямі з мінулага» ёсць вельмі вялікія шанцы поўнасцю выгарэць, захварэць.

— Дастаткова распаўсюджана сітуацыя, калі бацькі забяспечваюць, кормяць і апранаюць сваіх нашчадкаў. Але ў іх ніколі не знаходзіцца для іх часу, каб выслухаць, абняць, прылашчыць, пацікавіцца іх поспехамі і няўдачамі. Як у анекдоце: «У дзяцінстве я думаў, што мяне клічуць «Адчапіся».

— Мы недаацэньваем тое зло, якое прычыняе грэбаванне ў адносінах да дзяцей. Нават калі ўсе фізіялагічныя патрэбы дзіцяці задаволены, яно можа адчуваць каласальны эмацыянальны голад і абавязкова будзе шукаць, як яго наталіць. Успамінаю сваю кліентку. У жанчыны — другі шлюб, муж маладзейшы за яе, і яна прыкладае ўсе намаганні, каб утрымаць яго. Уся яе энергія, думкі засяроджаны на новым спадарожніку жыцця. На дачку ад першага шлюбу і раней не знаходзілася часу і сіл, а зараз тым больш. Дзяўчынка-падлетак замкнёная, сяброў у яе няма, яна дні напралёт вучыцца, у яе пачаўся нейрадэрміт. І гэта тыповая карціна для дзяцей з падобных сем'яў, дзе бацькі паглынутыя сваім жыццём, а іх сыны і дочкі востра адчуваюць варожасць свету, хаваюцца ад яго ў сваю шкарлупіну, моўчкі пакутуюць, спрабуюць хоць у нечым знайсці для сябе апору.

— Нароўні з халоднасцю і абыякавасцю траўміруе і іншая крайнасць — гіперапека. У чым яе небяспека?

— Закамплексаванасць, няўпэўненасць, безыніцыятыўнасць, эгаістычнасць — вось да чаго прыводзіць жаданне бацькоў засцерагчы сваё дзіця ад цяжкасцяў, намаганняў, барацьбы. Гіперапека — гэта ўдушлівая (як правіла, матчына) любоў, якая прыводзіць да сацыяльнай інваліднасці, няздольнасці жыць у грамадстве з яго праблемамі, трывогамі, выклікамі. Мужчыны і жанчыны, якія выраслі ў такіх сем'ях, звычайна адрозніваюцца стараннасцю, але пазбаўлены ўсякіх амбіцый. Вельмі часта ім цяжка пабудаваць і захаваць сям'ю, многія асуджаныя на адзіноту.

— Зразумела, што можна прыводзіць яшчэ шмат прыкладаў з рэальнага жыцця, здольных глыбока траўміраваць. Але чаму ж часам у асацыяльных сем'ях, дзе, здавалася б, траўмы наносяцца ледзь не штодня, вырастаюць добрыя дзеці — самастойныя, мэтанакіраваныя, чуллівыя? Чаму іншы раз «ад асінкі нараджаюцца апельсінкі»? Як растлумачыць феномен такіх дзяцей?

— Нармальныя, годныя дзеці вырастаюць звычайна ў здаровых сем'ях, дзе бацькі прытрымліваюцца правільнага стылю выхавання, дзе ёсць баланс дабрыні і строгасці, свабоды і кантролю, дзе дзяцей вучаць жыць камфортна і шчасліва, атрымліваць задавальненне, дасягаць сваіх мэт, не наносячы шкоды, непрыемнасцяў іншым людзям. Такія дзеці вылучаюцца яшчэ і моцным біялагічным патэнцыялам. Калі біялагічна моцнае дзіця нараджаецца ў сям'і, дзе п'е бацька, а мама знаходзіць сілы сысці з малым жыць асобна, то шанц не паўтарыць лёс бацькі вельмі вялікі. Калі ж біялагічна моцныя дзеці фарміруюцца ў маргінальнай абстаноўцы, дзе абодва бацькі п'юць, не займаюцца іх развіццём, то яны, хутчэй за ўсё, будуць весці асацыяльны лад жыцця. Годнымі людзьмі яны могуць вырасці ў тых выпадках, калі ў іх асяроддзі знойдуцца дарослыя, якія падтрымаюць іх, падставяць плячо, накіруюць, натхняць, дапамогуць знайсці сябе і сваё месца.

— Ці можна, стаўшы дарослым, абараніць сябе ад наступстваў псіхалагічных траўм? Якой стратэгіі, якой пазіцыі, Таццяна Міхайлаўна, трэба прытрымлівацца, каб выйсці пераможцам у барацьбе са сваім траўматычным багажом, не даць мінуламу магчымасці перакрэсліць сваю сучаснасць і будучыню?

— Каб пераадолець траўмы, чалавек павінен быць матываваны рухацца наперад, расці, удасканальвацца. Пачынаецца гэты працэс з самааналізу, а потым выпрацоўваецца стратэгія па разбурэнні старой і стварэнні новай мадэлі паводзін, новага жыццёвага сцэнарыю. На жаль, да гэтага чалавека часта падштурхоўваюць драмы і трагедыі. Лепш, безумоўна, іх не чакаць, а дзейнічаць на апярэджанне. Калі дарослыя людзі на прыёме слёзна скардзяцца на перажытыя ў дзяцінстве траўмы, апраўдваюць свае няўдачы памылкамі, крыўдамі з боку бацькоў — гэта паказвае іх інфантылізм. Моцныя асобы самастойна або звяртаючыся да дапамогі спецыялістаў прапрацоўваюць свае траўмы і пазбаўляюцца ад дзіцячых крыўд і прэтэнзій як ад хламу, а не размахваюць імі ўвесь час як сцягам, апраўдваючы сваю бяздзейнасць, бязвольнасць і слабасць. Трэба памятаць: дзе канцэнтрацыя нашай увагі, там і энергія. Калі не засяроджвацца на мінулых няўдачах і нешанцаванні, то не будзе і праблем з-за гэтага.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.