Вы тут

Наталля Качанава і Танзіла Нарбаева наведалі Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзіла Нарбаева наведалі Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, перадае БелТА.


Цэнтр прадставіў творчыя нумары для гасцей, адбыўся паказ калекцыі Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды».

«У сэрцах дзяцей — патрыятызм. Я як педагог цалкам падтрымліваю вас: праз творчасць — любоў да сваёй радзімы, да сваёй сям’і. І такім чынам — мір і дабрабыт у кожнай краіне, — адзначыла Танзіла Нарбаева. — Нашы рабяты прыедуць на свята да вас, каб пасябраваць яшчэ больш».

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі створаны 19 жніўня 2002 года шляхам зліцця рэспубліканскіх устаноў — нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Рэспубліканскага вучэбна-метадычнага цэнтра мастацкай творчасці навучэнскай моладзі «Юнацтва» у мэтах стварэння адзінай дзяржаўнай сістэмы пазашкольнага выхавання і навучання.

Вядучая ўстанова Міністэрства адукацыі ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ажыццяўляе каардынацыю і ўзаемадзеянне 184 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мастацкага профілю. Асноўныя напрамкі дзейнасці: выяўленне і развіццё творчых здольнасцяў дзяцей і моладзі ў галіне музычна-харэаграфічнага, фальклорнага, тэатральнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; рэалізацыя дзіцячых і моладзевых сацыякультурных праектаў; арганізацыя і правядзенне масавых мерапрыемстваў, культурна-дасугавай дзейнасці і інш.

«Мы лічым, што дзіцячая творчасць аказвае вялікі ўплыў на выхаванне асобы. Мы захавалі сістэму дадатковай адукацыі, — распавёў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў. — Мы здолелі не разбурыць дамы піянераў і дамы творчасці, а пераўтварыць іх у такія Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Па гэтым шляху зараз ідуць і нашы сябры з Узбекістана. Калі я быў на прэзідэнцкіх выбарах ва Узбекістане ў якасці міжнароднага назіральніка, наведваў адзін з участкаў для галасавання, і ён як раз размяшчаўся ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Я пераканаўся, што нашы сябры пачалі сур’ёзна аднаўляць тое, што калісьці было створана ў савецкія часы. Мы гэта захавалі, паглыбілі і надалі гэтаму сістэмнае Значэнне. Важна, што ў нас вельмі сур’ёзнае навукова-метадычнае забеспячэнне гэтай працы. Таму мы і запрасілі гасцей сюды, каб паказаць наш вопыт».

«Гэта вельмі правільнае рашэнне, што такія цэнтры ў вас захаваны і створаны ўмовы для дзіцячай творчасці, — дапоўніў старшыня Камітэта Сената Олій Мажліса Узбекістана па пытаннях міжнародных адносін, знешнеэканамічных сувязяў, замежных інвестыцый і турызму Равшанбек Алімаў. — Я сам з дзяцінства памятаю, што былі магчымасці наведваць гурткі. Гэта вельмі важна — акрамя школы яшчэ займацца любімай справай. Мяне, напрыклад, глыбока ўразіла тое, што тут з навуковым абгрунтаваннем пабудавана работа па аказанні метадычнай дапамогі настаўнікам па ўсёй рэспубліцы. Гэты цэнтр як сістэма, як структура працуе вельмі эфектыўна. І, як мы ўбачылі, ён развіваецца, напаўняецца, насычаецца новымі ідэямі. Але самае галоўнае, мы ўбачылі радасныя твары таленавітых дзяцей. Мы ўдзячныя, што вы арганізавалі нам наведванне гэтага цэнтра, таму што мы тут вельмі многае запазычылі для сваёй працы, у тым ліку па парламенцкай лініі».

Па запрашэнні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі нашу краіну з афіцыйным візітам з 4 па 7 верасня наведвае парламенцкая дэлегацыя Узбекістана на чале са старшынёй Сената Олій Мажліса Танзілай Нарбаевай. Падчас візіту было арганізавана правядзенне першага беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму. У рамках форуму прайшлі секцыйныя пасяджэнні і адбылося пленарнае пасяджэнне на тэму «Жанчыны ў бізнесе — патэнцыял для развіцця дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана».

Арганізатар форуму — Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.