Вы тут

Які горад часта называюць самым маленькім у нашай краіне?


Калі хто пачне спрачацца, ці можна лічыць Дзісну горадам, то я буду не проста на баку тых, хто «за» горад, але і аргументаў процьму прывяду…


Сярод іх — і колькасць аб’ектаў гарадской тапанімікі. Мяркуйце самі: гэтулькі вуліц і завулкаў!.. Арджанікідзэ, Гагарына, Горкага, Дзвінская, Дзісненская, Дзяржынскага, Зарэчная, Калініна, Камарова, Каперніка, Кірава, Кузьміна, Куйбышава, Кутузава, Куйбышава, Леніна, Лермантава, Малая, Маліноўскага, Паўліка Марозава, Першамайская, Полацкая, Піянерская, Пушкіна, Савецкая, Смірнова, Суворава, Тэльмана, Фрунзэ, Чапаева, Чкалава, Энгельса, Юбілейная... Пагадзіцеся, пешая вандроўка па гэтых вуліцах і завулках зацягне надоўга. Будзеце разглядваць кветнікі, адметнасці планіроўкі і розныя веснічкі — і разважаць пра часам забытыя ці ўжо малавядомыя імёны калісьці легендарных палітыкаў і военачальнікаў. А мо ўспомніце і штосьці са школьнага чытання вершаў знакамітых расійскіх паэтаў, пісьменнікаў — Максіма Горкага, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава…

А калі папярэдне падрыхтуецеся да экскурсіі па Дзісне, то абавязкова занатуйце для сябе звесткі хоць бы пра некаторых яе ўраджэнцаў. Напрыклад, пра Івана Канстанцінавіча Усакоўскага (1860–1935). Расійскі фатограф. Разам са сваёй жонкай Марыяй Міхайлаўнай працаваў у «Фатаграфіі М. М. Усакоўскай» у далёкім сібірскім Табольску. А нарадзіўся ў сям’і святара Канстанціна Іванавіча Усакоўскага, які служыў у Заборскай царкве Глыбоцкага благачыння праваслаўнага прыхода свяціцеля Мікалая. Вучобу Канстанцін Іванавіч закончыў у Дзісенскім павятовым вучылішчы ў 1876 годзе. Паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут. Але не скончыў яго... З 1884 года наш зямляк ужо ў Табольску. Працаваў у 3-м упраўленні Табольскага губернскага ўпраўлення. Захапіўся фатаграфіяй. Пазнаёміўся з Дзмітрыем Мендзялеевым і рабіў для яго здымкі ў час Уральскай экспедыцыі вучонага. У 1932 годзе Іван Канстанцінавіч і яго жонка пакінулі Табольск і пераехалі ў падмаскоўнае Болшава…

З цікавых дзісенскіх персанажаў — і рэлігійны і грамадскі дзеяч, іканапісец, мастак і кампазітар Вячаслаў Васільевіч Багдановіч (1878–1939). Нарадзіўся ў сям’і сельскага праваслаўнага святара. Закончыў Полацкае духоўнае вучылішча, а пасля Віцебскую духоўную семінарыю — у 1899 годзе, у 1903-м — Кіеўскую духоўную акадэмію. Атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. З 1904-га — выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай семінарыі. Адначасова — выкладчык спеваў у Віцебскай мужчынскай гімназіі і выкладчык матэматыкі ў прыватнай жаночай гімназіі А. Варварынай. Быў членам Віцебскага аддзела Імператарскага праваслаўнага палесцінскага таварыства. З 1907 года — інспектар Мінскай духоўнай семінарыі. З восені 1907-га — інспектар і выкладчык Свяшчэннага Пісання ў Літоўскай духоўнай семінарыі... У 1909 годзе быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава ІІІ ступені і ў 1912-м — ордэнам Святой Анны ІІІ ступені. З 1919-га — выконваючы абавязкі рэктара Літоўскай духоўнай семінарыі, рэдактар «Литовских епархиальных ведомостей». У 1921 годзе арыштаваны польскімі ўладамі, вывезены ў Кракаў. У канцы 1922 года выбраны ў Сенат Польскай Рэспублікі ад Блока нацыянальных меншасцяў. Быў членам Беларускага пасольскага клуба. Змагаўся за правы беларусаў. У 1928 годзе выбраны сенатарам на другі тэрмін. Выступаючы ў сенаце, звярнуў увагу на сапраўднае становішча Праваслаўнай царквы на тэрыторыі Заходняй Беларусі, гвалт з боку ўлад, канфіскацыю маёмасці і іншы прыгнёт. У 1939 годзе, перад пачаткам Другой сусветнай вайны, абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці, арыштаваны польскай дэфензівай і 1 верасня 1939 года этапіраваны ў канцлагер Бяроза-Картузская. Пасля прыходу Чырвонай Арміі вярнуўся дахаты. Але ў хуткім часе быў арыштаваны ўжо новай уладай і 23 кастрычніка расстраляны без суда ў Лукішскай турме. Па іншых звестках расстраляны ў чэрвені 1941 года пры эвакуацыі турмы № 26 з Вілейкі…

Вандруючы па Дзісне, углядаючыся ў валы Ніжняга замка на замчышчы XVІ—XVІІ стагоддзяў, у руіны замка Баторыя з тых самых часін, зазіраючы на розныя могілкі (тут і брацкая магіла мірных жыхароў-яўрэяў з 1942 года, у якой палегла болей як 3000 чалавек!), знайшоўшы мурал Язэпа Драздовіча, памятайце і пра Вячаслава Багдановіча, і пра генерал-лейтэнанта інжынерна-танкавай службы Валянціна Вікенцьевіча Арлоўскага (1900–1961), узнагароджанага чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга і ордэнам Леніна, а яшчэ — ордэнамі Кутузава І і ІІ ступені. Памёр наш зямляк у 1961-м у выніку абпраменьвання пасля выпрабаванняў ядзернай зброі... Мо з часам, калі гарадок будзе пашырацца, калі вырастуць тут новыя гмахі, мясцовыя рупліўцы гістарычнай памяці прапануюць назваць адну з вуліц імем генерала Валянціна Вікенцьевіча Арлоўскага... Памятайце і пра епіскапа Рускай праваслаўнай царквы, епіскапа Чыцінскага і Забайкальскага Паладзія, які нарадзіўся ў Дзісне ў лістападзе 1939 года. А памёр і пахаваны наш зямляк у Іжэўску (Удмурція). За сваю службу адзначаны многімі царкоўнымі ўзнагародамі. Дзісна — радзіма і гісторыка-медыевіста доктара гістарычных навук Маісея Мендэлевіча Смірына (1895–1975), які, дарэчы, быў абраны замежным членам Акадэміі навук ГДР (у 1956 годзе), а таксама — доктарам філасофіі Лейпцыгскага ўніверсітэта (у 1959 годзе). За адну са сваіх манаграфій Маісей Мендэлевіч быў адзначаны Сталінскай прэміяй другой ступені (1948 год). У Дзісне нарадзіўся і беларускі вучоны, аўтар кнігі «Псіхалогія фантазіі» Ісаак Маісеевіч Разет (1927–1992), творчая спадчына якога запатрабавана і сёння. З дзісенчукоў, дзісненцаў — Рыгор Іосіфавіч Канер (1897–1938), які на раннім этапе існавання Сакратарыята ЦК Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) працаваў памочнікам Сталіна. Расстраляны наш зямляк на сумна вядомым палігоне Бутава-Камунарка 22 жніўня 1938 года. Рэабілітаваны 9 чэрвеня 1956 года. З Дзісны — і савецкі сцэнарыст, артыст цырка, рэжысёр і літаратар Натан Айч (1901–1955). Некаторы час жыў у Варонежы, быў блізка знаёмы з Мандэльштамамі — Восіпам і Надзеяй. У гісторыі кінематографа засталіся фільмы, сцэнарыі для якіх напісаў Натан Айч, — «Банда бацькі Кныша» і «Ворагі».

...Дзісну часта называюць самым маленькім горадам нашай краіны. А мне ўсё ж гэтае няхай сабе і невялікае па колькасці жыхароў паселішча са сваім сімпатычным гербам, што нагадвае не толькі пра аднайменную раку, на якой знаходзіцца горад, а яшчэ і пра Заходнюю Дзвіну, Дзвіну, Даўгаву, у якую ўпадае Дзісна, з яе традыцыямі суднаходства, падаецца сапраўдным горадам, адметным і багатым на гісторыю. І няхай сабе старыя паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава адлюстроўваюць толькі часцінку гэтай гісторыі — угледзьцеся і ў іх рэпрадукцыі, параўнайце выявы з мясцовымі дзісенскімі краявідамі. І спяшайцеся наведацца ў горад Дзісна, што размешчаны у Мёрскім раёне, не так далёка ад Полацка — за 43 км, калі вы будзеце рухацца на аўтамабілі (пешшу напрамкі, зразумела, заўсёды бліжэй, але пешы паход можа і не на адзін дзень расцягнуцца — усё ж напрамкі 36 км) у добрае летняе надвор’е ці хаця б на пачатку восені. Так што новых адкрыццяў у старадаўняй Дзісне!..

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.