Вы тут

«...Закідайце ўсмешкамі мяне, паэта». Да 130-годдзя з дня нараджэння Маякоўскага


Жыццё змяняецца імкліва — і каб дакладна зразумець нейкі літаратурны твор мінулых часоў, бывае, што патрэбен грунтоўны каментарый. Думаю, таму ў адным з інтэрв’ю пісьменнік Дзмітрый Быкаў казаў, што вывучэнне літаратуры было б лагічным аб’яднаць з вывучэннем гісторыі, бо без ведання культурнага і гістарычнага кантэксту, у якім ствараўся той ці іншы твор, шмат чаго не зразумееш.


Бывае, канешне, што бракуе часу-патрэбы-ахвоты разбірацца ў перапляценнях гістарычна-літаратурнай мінуўшчыны. І што тады рабіць з геніяльнымі паэтамі і пісьменнікамі мінулага? Забыць і выкінуць як непатрэбнае? Я ж, прыдбаўшы аднойчы любоў да пэўных паэтаў, не планую развітвацца з ёю. Безумоўна, стараюся чытаць шмат твораў сучаснай літаратуры, а як ні круці, усё ж час ад часу здымаю з палічкі зусім не запыленыя чырвоныя тамы Уладзіміра Уладзіміравіча. Аднак пры гэтым добра разумею, што інтарэс, скажам так, шырокай грамадскасці да творчай спадчыны Маякоўскага падае. Гэтую тэндэнцыю адзначаў яшчэ Ніл Гілевіч у даволі далёкім 1973 годзе ў артыкуле да 80-годдзя з дня нараджэння Маякоўскага. Чаму — ён не даў адказу, а мне, напрыклад, здаецца, што прычына была ў выпінанні ў тыя часы ваяўнічай грамадзянскай лірыкі Маякоўскага, актуальнасць якой зніжалася з цягам часу па аб’ектыўных прычынах.

Думаю, паўплывала і залішняя гераізацыя Маякоўскага. Узгадаем словы Барыса Пастэрнака, што Маякоўскага пачалі ўводзіць прымусова, як бульбу пры Кацярыне. Гэта адбылося пасля ліста Лілі Брык да Сталіна і яго рэзалюцыі на тым лісце. Але выпіналася, нагадаю, грамадзянская лірыка, менавіта такія вершы вывучалі ў школе. Як вынік, па школьнай праграме многія ведаюць Маякоўскага як паэта-грамадзяніна, трыбуна і барацьбіта за ідэалы рэвалюцыі — і ўсё.

Магчыма нават, што для паэта гэтая частка жыцця была самай значнай, а мне ўсё ж бліжэй яго лірычныя творы. Аб існуючых супярэчнасцях паміж грамадзянскай і лірычнай іпастасямі Маякоўскага выказваліся многія літаратары… Аднак, на мой погляд, дакладней за ўсіх сказала Марына Цвятаева ў артыкуле «Искусство при свете совести»:

«Двенадцать лет подряд человек Маяковский убивал в себе Маяковского-поэта, на тринадцатый поэт встал и человека убил.

Если есть в этой жизни самоубийство, оно не там, где его видят, и длилось оно не спуск курка, а двенадцать лет жизни».

Я зусім не лічу, што з пункту гледжання паэзіі грамадзянская лірыка — слабая. Проста яна, прабачце за банальнасць, шмат у чым перастала быць надзённай. А з цягам часу застанецца толькі сапраўднае — тое, што было натхнёна вечнымі каштоўнасцямі: каханнем, напрыклад, бо для адэкватнага ўспрымання лірыкі патрэбен у асноўным толькі сам верш, хаця, канешне, для больш тонкага адчування не лішнім будзе паглыбіцца ў біяграфію паэта, пазнаёміцца з успамінамі яго сучаснікаў і г. д.

Праблема ў тым, што неактуальная лірыка, якая сыходзіць у нябыт, цягне за сабою і ўсю астатнюю.

Аднак жа маю жаданне дадаць і крыху аптымізму сучасным прыхільнікам Маякоўскага. Вось некалькі небанальных сведчанняў для гэтага.

Па-першае, музыка. Сучасныя музыкі вершы Маякоўскага не абыходзяць. Узгадаем гурт «Сплин» з песняй на верш «Лиличка. Вместо письма». Існуюць розныя варыянты відэакліпаў з гэтай песняй. Адзін з іх набраў больш за 2 300 000 праглядаў (на 18.12.2022).

А на адным з канцэртаў рок-гурта «Звери» бачна дзяўчыну, на тэлефоне якой — чахол з фотаздымкам Маякоўскага.

Канешне, гэта, можа, і не трэнд, але не будзем забываць і пра тое, што чахол для тэлефона — прамысловы выраб, то- бок сведчанне наяўнасці пэўнага інтарэсу з боку прамысловасці, а людзі, якія там працуюць, часта далёкія ад мастацтва, затое блізкія да чалавечых патрэбаў.

Ну і калі ўжо закранулі рок-музыку, узгадаем, што і ў нашых «Песняроў» была цэлая праграма на вершы Маякоўскага.

Наступным фактам неабыякавасці сучаснага чытача я б назваў вынікі ўмоўнай апытанкі каля 240 паэтаў, праведзенай сярод удзельнікаў праекта «Живые поэты». Гэта праект паэта Андрэя Арлоўскага. Выйшлі дзве кнігі — «Живые поэты» і «Живые поэты ІІ». Кнігі пабудаваны так: на аднаго аўтара — адзін разварот, адна старонка якога — верш, а другая — звычайна фота і некалькі любімых паэтаў аўтара старонкі. Дык вось, сярод апытанкі, скажам так, прафесійнай суполкі Маякоўскі на пачэсным другім месцы, уступіўшы толькі Бродскаму.

Да дня нараджэння паэта Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Маякоўскага на Фантанцы (Санкт-Пецярбург) праводзіць фестываль «НАТЕ!».

У 2013 годзе на тэлевізійныя экраны выйшаў серыял «Маяковский. Два дня», а ў 2018 годзе адбылася прэм’ера фільма «ВМаяковский».

Цікавай з’явай, на мой погляд, можна лічыць і пэўную колькасць пародый на Маякоўскага ў забаўляльных перадачах накшталт КВЗ.

І галоўнае — працягваюць выходзіць кнігі, у тым ліку і кнігі перакладаў на беларускую мову, — у прыватнасці, зборнік «Паэзія» ў 2019 годзе. А непасрэдна зараз ідзе праца над стварэннем бібліяграфічнага даведніка па публікацыях Уладзіміра Маякоўскага ў Беларусі.

Упэўнены, што гэты спіс далёка не поўны, і не імкнуся такі стварыць. Галоўнае, што хачу падкрэсліць, — інтарэс да творчасці паэта ёсць. І паколькі лічу Маякоўскага адным з найвыдатнейшых паэтаў — буду спадзявацца, што выйдуць і новыя даследаванні, і новыя фільмы, і новыя кнігі.

Ніжэй змешчаны вершы Уладзіміра Маякоўскага, якія раней, наколькі мне вядома, на беларускую мову не перакладаліся.


Порт

Прасціны вод пад брухам плылі.
Іх рваў на хвалі белы зуб.
І трубы вылі — быццам лілі
каханне з юрам меддзю труб.
А лодкі ў яслях уваходаў,
нібы малыя ля музкоў.
Як завушніцы ў параходаў —
палалі якары з бакоў.


Ад стомленасці

Зямля!
Дай зацалую тваю залыселую голаў
вуснаў ашмоццем у плямах чужых пазалот.
Дымам валосся з пажару вачэй маіх з волава
дай апаўю я запалыя грудзі балот.
Ты! Нас — двое,
параненых ланяў з крывавымі скронямі,
смерцю запрэжаны коні, на дыбкі ўздымаюцца, ржуць,
дым па-над домам дагоніць цяжкімі далонямі,
вочы гніючых агнёў азлабляе дажджоў каламуць.
Сястра мая!
Мо некалі знойдзецца маці,
не дасць мне панішчыцца;
кінуў я ёй акрываўлены песнямі рог.
Квакае й скача па полі
канава, зялёная сышчыца,
нас заняволіць
вяроўкамі брудных дарог.


Кофта фата

Я пашыю чорныя штаны
з аксаміту голасу майго.
Жоўтую кофту з трох аршынаў заходу.
На Неўскі света, на глянец палосаў яго,
Дон-Жуанам і фатам стану — і ходу.
Хай зямля крычыць, у спакоі абабіўшыся:
«Ты зялёныя вёсны збіраешся гвалціць!»
Я кіну сонцу, нахабна асклабіўшыся:
«Мне добра грасіраваць на гладкім асфальце!»

Ці не таму, што нябёсы ў блакіце
ды зямля — палюбоўніца мне ў святочным срэбры:
я вам вершы дару без сумневу, бярыце
вясёлыя і,
бы калыпкі, вострыя і патрэбныя!
Жанчыны, што прагнуць мяса майго, і гэтае
дзяўчо, што глядзіць на мяне, як на брата,
закідайце ўсмешкамі мяне, паэта, —
нашыю іх кветкамі мне на кофту фата!


Здзекі

Хвастом паўліна распушчу фантазію ў яркім цыкле,
душу — пад уладу рою загадкавых рыфм.
Жадаю ізноў пачуць, як з газетных слупкоў зацыкалі
тыя,
хто дуб, які корміць іх,
намагаюцца рыламі зрыць.


Мелкая філасофія на глыбокіх месцах

Стану калі не Талстым,
дык тоўстым —
ем,
пішу,
ад спякоты балда.
Хто над морам не філасофстваваў?
Вада.

Бывае,
што акіян
вадою аж апячэ,
сёння
лагодны,
бы мамка ля кураняці.
Якая розніца!
Усё цячэ...
Усё змяняецца.

Ёсць
у вады
свая пара:
цяпер прылівы,
затым адлівы.

А ў Сцяклова
вада
не схадзіла з пяра.
Несправядліва.

Плаўнічкі вісяць
газетаю мокраю —
здохлая рыбка
плыве адна.
Тыдні плыве,
і няма ёй —
ні покрыўкі,
ані дна.

Мы — туды,
а насустрач,
як цела цюленевае,
параходзік павольны,
на ім — мексіканцы.
Інакш і няможна.
То падзяленне
працы.

Гэта кіт, здаецца.
Магчыма, і так.
Быццам рыбіны Бедны —
абхопы ў тры.
Але вусы Дзям’янавы вонкі,
а ў кіта
ўнутры.

Чайкі — як дні.
Вылятаюць, шукаючы
рыбёшку мелкую
ў мутнай вадзе. .
Схаваліся чайкі.
І ў сутнасці кажучы,
а вы дзе?

Нарадзіўся,
рос,
кармілі соскаю —
жыў,
працаваў,
а цяпер сівы...
Вось і пройдзе жыццё,
як прайшлі Азорскія
астравы.

Пераклад з рускай Яўгена СКІБСКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.