Вы тут

Абітурыентам трэба паспяшацца з выбарам


25 ліпеня — гарачы час для прыёмных камісій ВНУ. Заўтра канчаткова вызначыцца з выбарам месца навучання і будучай прафесіі павінны абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаныя ўступныя іспыты.


Фота: БДПУ

Прыёмныя камісіі ў апошні дзень прыёму дакументаў працуюць да 18.00. У рамках вызначанага для падачы дакументаў перыяду можна забіраць і перападаваць дакументы колькі заўгодна разоў. Можна забраць іх і аднесці ў іншую ВНУ, дзе ёсць больш шанцаў на паступленне. У многіх ВНУ і на факультэтах ёсць агульны конкурс, які прадугледжвае падачу дакументаў адразу на некалькі спецыяльнасцяў аднаго кірунку.

Назіраць за ходам падачы дакументаў у прыёмныя камісіі можна анлайн. Інфармацыя аб ходзе падачы дакументаў абнаўляецца кожныя тры гадзіны, а ў некаторых універсітэтах — у рэжыме рэальнага часу. Апошняе абнаўленне ў дзень закрыцця прыёмных камісій адбудзецца ў 17 гадзін. Такім чынам у абітурыентаў будзе яшчэ гадзіна, каб сарыентавацца і падаць дакументы туды, дзе ім гарантавана хопіць балаў.

Для некаторых катэгорый абітурыентаў тэрміны падачы дакументаў іншыя. Так, на дзённую форму навучання па напрамках адукацыі «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы» на бюджэт і платную аснову і па ўсіх спецыяльнасцях у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а таксама на ваенных факультэтах і ваенным інстытуце за кошт бюджэтных сродкаў дакументы прымаюць з 17 да 27 ліпеня.

Абітурыентам трэба мець на ўвазе, што пастановай Міністэрства адукацыі вызначаны найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Пры паступленні на іх без уступных іспытаў будуць залічвацца пераможцы (уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў) трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, школьныя медалісты і ўладальнікі дыпломаў аб сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай. Напрыклад, у БДУІР да найбольш запатрабаваных эканомікай былі аднесены пяць спецыяльнасцяў: «Мікра- і нанаэлектроніка», «Электронныя сістэмы і тэхналогіі», «Радыёсістэмы і радыётэхналогіі», «Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы» і «Інжынерна-педагагічная дзейнасць (на завочнай скарочанай форме навучання)».

Дарэчы, ужо цяпер можна сказаць, што ў БДУІР сёлета будуць абноўлены папярэднія рэкорды па прахадных балах. Так, па стане на 12 гадзін 24 ліпеня на спецыяльнасці «Праграмная інжынерыя» факультэта камп'ютарных сістэм і сетак паўпрахадны бал быў 393, на «Электроннай эканоміцы» інжынерна-эканамічнага факультэта прахадны бал — 391, на спецыяльнасці «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» факультэта камп'ютарных сістэм і сетак паўпрахадны бал — 389, на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання на спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» паўпрахадны бал — 387.

А тым часам у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце ўжо падводзяць першыя вынікі заключнага этапу прыёмнай кампаніі і з задавальненнем канстатуюць, што з кожным годам расце колькасць выпускнікоў профільных педагагічных класаў, якія вырашаюць звязаць сваю будучыню з прафесіяй настаўніка.

Так, у перыяд з 17 да 19 ліпеня ў БДПУ праходзілі прыём дакументаў і правядзенне сумоўяў у абітурыентаў — выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Дадзеная катэгорыя абітурыентаў мае права паступіць на педагагічныя спецыяльнасці на льготных умовах — без экзаменаў. З выпускнікамі праводзіцца гутарка, падчас якой прыёмная камісія можа выявіць аб'ём ведаў, атрыманых падчас вывучэння факультатыўнага курса «Уводзіны ў педагагічную прафесію», а таксама ацаніць матываванасць будучага студэнта.

Абітурыентаў і іх бацькоў па традыцыі сустракалі і падтрымлівалі ўдзельнікі студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+». У спецыяльна арганізаванай «Зоне ПРОФільнай падтрымкі» студэнты ўніверсітэта дапамагалі педкласаўцам адчуць сябе больш упэўнена, расказвалі ім пра факультэты БДПУ, пра нюансы праходжання сумоўя і прэзентацыю свайго партфоліа.

Усяго за перыяд прыёмнай кампаніі ў рамках асноўнага прыёму падалі дакументы і прайшлі сумоўе 106 абітурыентаў з ліку выпускнікоў педагагічных класаў, а 27 выпускнікоў вырашылі паступаць на агульных падставах.

Варта нагадаць, што сёлета ў навучэнцаў педагагічных класаў з'явілася магчымасць пры паступленні ўзяць мэтавае накіраванне і пры гэтым скарыстацца льготай — замест уступных іспытаў прайсці сумоўе. 46 абітурыентаў-мэтавікоў яшчэ ў чэрвені былі залічаны ва ўніверсітэт. У цэлым у рамках прыёмнай кампаніі 2023 года сумоўе праведзена са 152 абітурыентамі з ліку выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.