Вы тут

Прывабнасць здымнага жылля расце. Ці чакаць студэнцкага ажыятажу?


У чэрвені і ў першай дэкадзе ліпеня ў Мінску ўзрос попыт на арэнду кватэр, а прапанова — скарацілася, лічаць эксперты аналітычнага аддзела жыллёвага партала Realt. Але, як ні дзіўна, цана засталася практычна ранейшай.


Свабодныя кватэры паціху «вымываюцца»

Аналітыкі партала адзначаюць, што з надыходам лета агульная актыўнасць на рынку доўгатэрміновай арэнды кватэр павышаецца. У чэрвені пошук здымнага жылля ў Мінску чакана актывізаваўся: у параўнанні з маем колькасць запытаў павялічылася на чвэрць. У ліпені-жніўні існуючы попыт папоўніцца катэгорыяй студэнтаў і цікавасць да арэнды кватэр дасягне свайго піку, лічаць спецыялісты.

У той жа час свабодных для засялення кватэр становіцца менш: за чэрвень прапанова знізілася на 7,4 % і склала 3383 кватэры. Істотней за ўсё знізіўся выбар аднапакаёвых кватэр — мінус 11 %, двухпакаёвых і трохпакаёвых паменела на 7 % і 4 % адпаведна. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выбар на рынку доўгатэрміновай арэнды жылля зменшыўся на 29 %.

Варта адзначыць, што карэкціроўка тэндэнцый на рынку арэнды пачалася яшчэ вясной. Так, у маі ў Мінску ўзрасла цана на арэнду ўсіх тыпаў кватэр. Пры гэтым крыху ўрасла і прапанова. Але калі параўнаць з маем мінулага года, то сітуацыя больш паказальная. За 12 месяцаў прапанова скарацілася на 30 %, а цана на аднапакаёвыя кватэры ўзрасла амаль на 8 %.

З надыходам лета цэны застаюцца на майскім узроўні. Аналітыкі адзначаюць, што, нягледзячы на павышаны попыт, істотных змен у стаўках арэнды ў чэрвені не адбылося. На пачатак ліпеня сярэднія цэны арэнды аднапакаёвых кватэр у Мінску склалі 250—270 долараў (без змен); двухпакаёвыя кватэры злёгку пайшлі ў рост — 300—330 долараў, а трохпакаёвыя кватэры нават адзначаюць невялікае зніжэнне — 400—450 долараў (мінус 1,3 %). Спецыялісты партала падкрэсліваюць, што за год цэны на арэнду невялікіх кватэр у Мінску выраслі на 7 %.

Гэта сярэднія тарыфы на арэнду. Разбежка ў цэнах на здымныя кватэры паміж рознымі часткамі горада дасягае часам вялікіх велічынь. Напрыклад, аднапакаёвыя кватэры (у старых дамах на апошніх паверхах) у Шабанах, Чыжоўцы, Масюкоўшчыне, Малінаўцы і на Ангарскай могуць здавацца па стаўцы да 200 долараў. Там жа двухпакаёвыя кватэры можна зняць за 230—250 долараў.

Фактар новабудоўляў

Ці сапраўды ў Мінску здаюць менш кватэр, чым раней? «Цалкам верагодна, што ў базе кватэр стала менш. Магчыма, гэта сезоннасць, а магчыма, справа ў тым, што ў гэтым сегменце ў якасці агрэгатара папулярнасць набралі іншыя пляцоўкі. Бо з'явіліся, да прыкладу, супольнасці ў «Вайберы» і «Тэлеграме», не прывязаныя да сайтаў», — выказала здагадку незалежны эксперт рынку нерухомасці Наталля Літоўская.

Пры гэтым яна адзначыла, што рынак прапановы арэндных кватэр рос некалькі гадоў. Галоўнай умовай для гэтага сталі новабудоўлі. Іх шмат, лакацыі розныя, аб'ёмы ўводу не зменшыліся, і тэндэнцыя на павелічэнне колькасці кватэр прасочвалася.

Ёсць толькі адно тлумачэнне павелічэння попыту на арэнднае жыллё. Сёння, пры будаўніцтве шматкватэрных дамоў, кватэры прадаюцца без унутранай аддзелкі наогул. У гэтым выпадку, калі сям'я вырашыла павялічыць плошчу свайго жылля, ёй прыйдзецца прадаваць старое жыллё, а на час рамонту новай кватэры — жыць пэўны час на здымным.

І яшчэ. У перыяд пандэміі амаль цалкам «закрыўся» попыт на кватэры на суткі. У той час яны пачалі пераходзіць у катэгорыю доўгачасовай арэнды. Цяпер сітуацыя змянілася, і ўзрослы попыт на кароткачасовую арэнду прыводзіць да «зваротнай ракіроўкі» на рынку нерухомасці. Гэта можа быць адна з прычын змяншэння прапановы арэндных кватэр на другасным рынку.

Ёсць з чаго выбраць

Кіраўнік аддзела арэнды сталічнага агенцтва нерухомасці Маргарыта Пачыцкая адзначыла, што арэндных кватэр у Мінску менш не стала. Яны ёсць і ў розных цэнавых сегментах, і ў розных раёнах горада: на рынку здымнага жылля хапае, з чаго выбраць. Яна таксама заявіла, што цяпер попыт на арэнднае жыллё ў сталіцы краіны ўпаў у параўнанні з данымі аналагічных перыядаў мінулых гадоў.

У ліпені ахвотных арандаваць мінскую кватэру прыкметна менш, чым летась, і тым больш да пандэміі. З-за актыўнага будаўніцтва новых інтэрнатаў і мадэрнізацыі старых амаль знік попыт з боку студэнтаў, якія раней аказвалі актыўны ўплыў на рынак арэнды.

Гаворачы аб найбліжэйшых перспектывах, начальнік аддзела арэнды агенцтва нерухомасці выразна заявіла аб тым, што апошнім часам сітуацыя на рынку (калі казаць пра попыт і цэны) значна адрозніваецца ад папярэдніх гадоў.

«Раней у ліпені-жніўні попыт рэзка павялічваўся з-за наплыву студэнтаў, якія шукалі жыллё напярэдадні навучальнага года. Заявак ад іх было вельмі шмат, цяпер іх папросту няма. Таму студэнты ўжо практычна ніяк не ўплываюць на рынак у разрэзе попыту і цаны», — патлумачыла Маргарыта Пачыцкая.

Яна таксама адзначыла, што ўпаў попыт і з боку замежнікаў, якіх у Мінску стала прыкметна менш, таму і ў сегменце дарагога арэнднага жылля казаць пра тое, што цэны ўзрастуць, не даводзіцца.

Цэны стабілізаваліся і знаходзяцца на прыкладна аднолькавым узроўні даволі працяглы час. Яна дадала, што ранейшы механізм цэнаўтварэння, калі ў ліпені-жніўні рэзка ўзрастаў попыт і цэны, у апошнія гады перастаў працаваць.

Маладыя сем'і і перспектыўныя спецыялісты

Эксперты рынку нерухомасці прааналізавалі, хто сёння асноўныя кватэранаймальнікі. Як аказалася, гэта не тыя хлопцы і дзяўчаты з перыферыі, якія прыязджаюць у сталіцу грызці граніт навукі, а маладыя сем'і. Прычым у большасці сваёй гэта мінчане, якія хочуць жыць асобна ад бацькоў. А таксама тыя, хто атрымаў вышэйшую адукацыю і каму ўдалося застацца ў сталіцы. Але колькасць і тых, і іншых у нас год ад года не павялічваецца. Уся справа ў іх жаданні пакараць Мінск.

Другі нюанс датычыцца перспектыўных спецыялістаў з сярэдняй адукацыяй. Як аказалася, у Мінску сёння назіраецца павышаны попыт на сезонных рабочых і работнікаў «сярэдняга звяна» па працы з сучасным абсталяваннем. Такіх спецыялістаў прыцягваюць, як правіла, доўгім рублём. Такія іншагароднія работнікі таксама становяцца ў чаргу па арэнднае жыллё.

Цэны не ўзляцяць, але і наўрад ці моцна ўпадуць

Цяпер назіраецца даволі актыўны ўвод новага жылля, будаўніцтва інтэрнатаў ідзе поўным ходам. Няўжо з часам гэта прывядзе да падзення цэн на арэндныя кватэры?

«Розныя аб'екты будуць паводзіць сябе па-рознаму. Старыя, бюджэтныя кватэры на ўскраінах, безумоўна, будуць таннець. А добрыя новабудоўлі ў цэнтры Мінска, недалёка ад метро, заўсёды будуць у цане. І попыт на іх калі і панізіцца, то не моцна. І, як было каля 300 долараў за аднапакаёвую кватэру, так і будзе», — выказала здагадку Наталля Літоўская.

Але тут жа абмовілася: гаворка аб памеры арэнднай платы, вымеранай у доларах, якая завязана на памер рэальных даходаў.

Маргарыта Пачыцкая была яшчэ больаш асцярожная ў прагнозах. «Калі не будзе ніякіх негатыўных знешніх праяў, эканоміка не будзе перажываць сур'ёзных змяненняў, то і сітуацыя наўрад ці будзе прынцыпова іншай. Мы прагназуем, што павелічэння цэн не чакаецца. І знайсці сабе жыллё, якое адпавядае патрабаванням, без асаблівых праблем змогуць усе», — упэўненая яна.

Хутчэй за ўсё стаўкі арэнды ў ліпені і жніўні будуць вагацца. Але, пачынаючы з верасня, аднапакаёвыя кватэры (бюджэтны варыянт і не толькі) будуць здавацца ў дыяпазоне 170—250 долараў, двухпакаёвыя — 230—300, а трохпакаёвыя — 250—350 долараў.

Чатыры крокі, або Што трэба ўлічваць пры выбары жылля

Першы крок — выбар раёна. Адміністрацыйна Мінск дзеліцца на некалькі зон, кожная з якіх мае свае асаблівасці. Напрыклад, Цэнтральны раён можа быць цікавы тым, хто хоча жыць у гістарычнай частцы горада, недалёка ад галоўных славутасцяў. Аднак жыллё тут можа быць даражэйшае, чым у іншых частках сталіцы. Выбар раёна залежыць ад вашых асабістых пераваг і патрэб.

Другі крок — пошук кватэры. Існуе некалькі спосабаў. Адзін з самых папулярных — інтэрнэт-парталы па нерухомасці. На такіх сайтах вы можаце знайсці шырокі выбар прапаноў па кватэрах у розных раёнах горада. Таксама можна звярнуцца да агента па нерухомасці, які дапаможа знайсці кватэру, прыдатную для вас.

Трэці крок — праверка дакументаў і ўмоў дагавора. Перад тым як падпісаць дагавор арэнды кватэры, важна пераканацца, што ўсе дакументы ў парадку і дагавор змяшчае ўсе неабходныя ўмовы. Рэкамендуецца праверыць дакументы на валоданне кватэрай, а таксама зрабіць фатаграфіі маёмасці ў кватэры перад ад'ездам.

Чацвёрты крок — аплата арэнды. У большасці выпадкаў уладальнікі кватэр просяць унесці папярэднюю аплату за месяц да падаўжэння кантракту. Аплата арэнды можа рабіцца праз банкаўскі перавод або наяўнымі.

Парады кватарантам

Пастаянна шукайце сайты нерухомасці. Размясціце аб'яву аб пошуку жылля ў сябе ў сацыяльных сетках. Нават калі ў вас 300 падпісчыкаў у Іnstagram, гэта ўсё роўна працуе. Паспрабуйце ўспомніць пароль ад «Аднакласнікаў» і размясціць пост там. Дарэчы, адна наша чытачка сцвярджае: папяровыя аб'явы таксама працуюць.

Тэлефануйце па старых аб'явах. Нават калі кватэру здалі год таму, ёсць шанц, што жыхары якраз з яе з'язджаюць. Можна пытацца ў знаёмых і аднакурснікаў, ці не плануюць яны вызваляць жыллё.

Трымайце пры сабе суму, неабходную для аплаты першага месяца і ўнясення закладу. Добрыя варыянты размятаюць як гарачыя піражкі. Калі ёсць нейкія непаладкі або паломкі ў кватэры, абавязкова ўказвайце на гэта гаспадарам як мага раней.

Не саромейцеся задаваць пытанні. Даведайцеся, колькі чалавек у кватэры прапісана, каб потым не прыйшлося аплачваць велізарныя рахункі за «камуналку». Пацікаўцеся, хто жыве па суседстве.

Складзіце спіс крытэрыяў, якія важныя для вас пры выбары кватэры: як дабірацца да вучобы/працы, планіроўка, паверх. Звяртайце ўвагу нават на колеравую гаму жылля. Калі вам не вельмі спадабаліся ярка-бардовыя шпалеры ў спальні, то праз месяц яны пачнуць вас раздражняць. Даведайцеся, як аплачваць камунальныя паслугі. Каб потым не аказалася, што вада аплачваецца асобна.

Звязвайцеся з гаспадарамі і едзьце на агляд кватэры адразу ж, як з'явіцца прыдатны варыянт. Здавалася б, аб'яву размясцілі толькі сёння, а ахвотных зняць жыллё за адэкватныя грошы — ужо цэлая чарга.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.