Вы тут

Бутэвіч: Схіляю галаву перад майстравітасцю продкаў...


Дзе толькі не перасякаліся нашы шляхі: то на свяце ў купалавай Вязынцы, то ў Ракуцёўшчыне, падчас паэтычнага фэсту, прысвечанага Максіму Багдановічу... У дыскусіі пра Уладзіміра Караткевіча, у вандроўцы па Купалавых слядах у Славакіі, на творчых вечарынах, канферэнцыях, прэзентацыях. Дзівішся няў- рымслівай натуры гэтага чалавека: пісьменнік, публіцыст, перакладчык, крытык, а яшчэ дзяржаўны дзеяч, дыпламат... Усе звыклі, што Анатоль Бутэвіч, які ў гэтым годзе святкуе сямідзесяціпяцігадовы юбілей, жыве праблемамі і здабыткамі беларускай культуры.


— Вы нарадзіліся на хутары Язавец, што на Нясвіжчыне... «Хутаране» — гэта нейкая асаблівая ментальнасць?

— Можна сказаць і так. Менавіта на хутары пачыналася захапленне прыродай, страх нашкодзіць ёй. Хутарскія хаты былі далёка адна ад адной, бліжэйшая, дзеда Івана Бутэвіча, адкуль мы з калодзежа ваду насілі, — метраў за пяцьсот. Зімой, пакуль прынясеш тую ваду, яна скарынкай лёду ў вядры пакрыецца. Калі пазней пачаў чытаць Багдановіча, са здзіўленнем зразумеў, што ўсё тое, што я перажываў і бачыў на хутары, выказаў ён. «У бубны дахаў вецер б'е...» — канешне, б'е, сам не раз чуў. «На небе зоркі ад марозу пахаладзелыя дрыжаць» — бачыў, як яны дрыжаць. «Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег!» — я вітаўся гэткім чынам усю зіму...

Калі пачыналася навальніца, даставала нават у хаце. Хата крытая саломай. Вятрыска не раз задзіраў страху, вада цурбоніла на падлогу, якая была глінянай, хоць коўзайся па ёй. Хапала і працоўных клопатаў. Мама з татам хадзілі ў калгас «17 Верасня» жаць, палоць, касіць, лён рваць, буракі выбіраць, картоплю капаць. І бралі мяне. Але ж і такога насычанага цікавосткамі, калектыўна з'яднанага жыцця, як на Язаўцы, я не сустракаў пазней нідзе. Нават у вёсцы Баяры, куды ў пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя пераехала наша сям'я.

Хутаране не толькі разам працавалі, але разам жылі, весяліліся, дапамагалі адзін аднаму. Шлюбаванне, нараджэнне дзетак, юбілеі, провады ў войска, вяртанне адтуль адзначалі ледзь не ўсім хутарам, які меў каля 25 хат. А яшчэ ж былі проста вячоркі, якія пры святле газоўкі часам доўжыліся ледзь не да раніцы. Былі калгасныя зажынкі, дажынкі, дакопкі...

— Кажуць, адоранасць ідзе ад сям'і...

— Бацька Іван Іванавіч да 1939 года, пакуль жылі пад панскай Польшчай, быў батраком. Але калі пачаліся калгасы, ён, непісьменны, ды працавіты да неверагоднасці (стаў нават ганаровым калгаснікам), да канца сваіх доўгіх дзён быў дэпутатам Ліпаўскага сельсавета. Мама ж бясконца шчыравала на калгасным полі.

Хоць і жылі на хутары, ды выкрутасы лёсу не абміналі. У 1944-м немцы сталі вывозіць моладзь у Германію. Пайшла пагалоска, што не бяруць жанатых і замужніх. А мой будучы бацька паклаў вока на адну маладзейшую за яго на дзесяць гадоў Мазанову Маню. Вырашылі пабрацца. У чэрвені 1944 года ладзілі вяселле. Першы дзень адсвяткавалі ў маладой, разышліся па хатах начаваць. Раніцай да бацькі заходзяць паліцаі. Пачаставаліся... Кажуць: «Не, Іван, не вяселле тваё прыйшлі святкаваць, а забраць цябе ў турму, за сувязь з партызанамі». Партызаны часта ў бацькавай хаце начавалі, харчаваліся, рыхтаваліся да дыверсій на чыгунцы Мінск — Брэст... Так на другі дзень вяселля, не даўшы дагуляць, бацьку забралі. А таксама гарманіста Васіля Кулікоўскага, дзеда Тамашэўскага, якому было ўжо каля дзевяноста. Маці колькі дзён шукала маладога мужа, аддала ўсё, што на вясельны каравай падарылі... Але так і не знайшла, бо ёй казалі, што ён нібыта ў Баранавічах ці Гарадзеі. А быў ён у Нясвіжскай вязніцы. Калі ж пачалі наступаць нашы войскі, быў загад вязняў расстраляць. Іх вывелі, пасадзілі на воз... Везлі паліцаям, якія збіраліся ўцякаць разам з немцамі. І ў нейкі момант загадалі сваім палонным злезці з воза. Тыя сышлі і стаяць, баяцца ісці — думаюць, у спіну будуць страляць. Але калёсы паехалі... І бацька з аднахутаранамі вярнуўся дадому. У мяне да гэтага часу захоўваецца мамін шлюбны пярсцёнак, на якім выгравіравана шлюбная дата 9.VІ.1944.

— З аднаго боку, хутарское жыццё, прырода, зямля, а з другога боку — побач Нясвіж. Палацавая культура, магнацкая, шляхецкая...

— Хутар зрабіў мяне прыхільнікам гістарычнай спадчыны. У першы клас я пайшоў у Вялікаліпаўскую васьмігадовую школу, кіламетры чатыры ад нашага хутара. Школа знаходзілася ў флігелі панскага палаца Абуховічаў. Двухпавярховы будынак, цагляны, з узорамі, у пакоях печкі з кафлі, каміны, паркет. У нашай хаце падлога земляная —- а тут паркет... Летам многія хлопцы прыходзілі ў школу басанож. Аднойчы паспрабаваў і я. Але ледзьве выседзеў. Бо адна справа — хадзіць босым па полі, па лузе, і зусім іншая — па паркеце. У мяне ногі гарэлі — не таму, што нязручна, а таму што сорамна. Больш босы я ў школу не хадзіў. Побач са школай стаяла Абуховічава брама-стайня, дзе дагэтуль захаваўся ўезд з белымі аркамі, з выявамі рыцараў... Непадалёк — вёска Завушша, якую Радзівіл Пане Каханку падарыў у пасаг сястры Тэафілі... Царква Вялікаліпаўская, якой больш за дзвесце гадоў. У Снове — знакаміты палац Рдултоўскіх. Не надта далёка — Мірскі замак. Нясвіжскі палац быў тады санаторыем, але ўражанне рабіў значнае.

Тады, у школьныя гады, і зарадзілася павага да гісторыі і яе стваральнікаў. У Сноўскай школе было два выбітныя настаўнікі і заядлыя краязнаўцы — настаўнік літаратуры Іван Калоша і настаўнік чарчэння Пётр Пазняк. Садзілі нас на ровары, і мы ездзілі, збіралі матэрыялы для школьнага краязнаўчага музея. Памятаю, як убачыў Мірскі замак. Быў у руінах, а каля яго сцен раслі памідоры, агуркі, бульба — гэта агароды тых міран, якія жылі ў некаторых замкавых пакоях. Сёння дзяржава вельмі многа робіць дзеля захавання помнікаў і іх адраджэння. І калі б не было гэтага, не было б ні Нясвіжскага палаца, ні Мірскага замка. Не было б ні Крэўскага, ні Гальшанскага, якія цяпер аднаўляюцца. Але ж такіх помнікаў невымерна больш на нашай зямлі! Будзем памятаць, што ўсё гэта сведчанне майстравітасці нашых папярэднікаў. Нават калі той жа Нясвіжскі касцёл праектаваў італьянец Бернадоні, то будавалі ж яго не італьянцы. І Сноўскі палац, і Абуховічаў узводзілі мясцовыя людзі, таленавітыя, майстравітыя.

— А якое ўражанне ад знаёмства з гістарычнымі помнікамі аказалася наймацнейшым?

— Калі мы, школьнікі з Вялікай Ліпы, наведвалі Брэсцкую крэпасць. Настаўніца хацела яшчэ пазнаёміць нас з Брэстам. Але ёй гэта не ўдалося — не выйшлі мы з Брэсцкай крэпасці да самой ночы. Я хадзіў, пазіраў, слухаў, і мяне ажно калаціла... Якой мужнасцю, якім сапраўдным, а не паказным патрыятызмам, валодалі абаронцы. У акружэнні, без усялякай інфармацыі аб падзеях за межамі Брэста, практычна без ежы і зброі яны гэтулькі часу абаранялі родную зямлю. Такая важкая і патрэбная цаглінка ў перамогу савецкага народа. Гарнізонная царква ў крэпасці, якая сёння працуе, была тады ў руінах, вокны закратаваны жалезнымі рашоткамі. Юныя наведвальнікі, піянеры, абвязалі іх чырвонымі гальштукамі. І ўявіце сабе — сонца, якое заходзіць, пранізвае сваім чырвоным святлом чырвоныя гальштукі, а вецер нястомна калыша іх. Здаецца, гарыць полымя, быццам усё яшчэ не заціхла супраціўленне ворагу няскораных абаронцаў.

Пакідаючы вечарам крэпасць, ішлі каля рэчкі Мухавец. Нізкае сонца люструецца ў вадзе, а яна ўся чырвоная... Я не стрымаўся і кажу настаўніцы: «Глядзіце, рака ўсё яшчэ крывавіць!» Нібыта з яе сапраўды выціскалася кроў абаронцаў. З таго часу, колькі ні бываў у Брэсце, заўсёды хадзіў у Брэсцкую крэпасць. Добра, што сёння вывучаецца генацыд беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну, даецца яму належная ацэнка. Нельга дапускаць фальсіфікацыі гісторыі. Наша моц у праўдзе.

— А як пачаліся вашы кнігі па гісторыі Беларусі?

— Як ні дзіўна, ідэя нарадзілася ў Румыніі, дзе я працаваў паслом Беларусі. Аднойчы мы загаварылі з паслом Чылі пра Ігната Дамейку, як іхняга нацыянальнага героя. Я спытаўся, ці ведае пасол, што Дамейка — родам з Беларусі? Той ухіліста адказаў: «Ну, можа быць...» І я падумаў: вось, за мяжой не ведаюць пра рэальныя справы рэальных беларусаў... А ці ўсе мы ведаем? І пачалася мая праца над кнігамі. Напачатку гэта была серыя «Сем цудаў Беларусі». Пасля з'явіліся кніжкі «Таямніцы Мірскага замка», «Таямніцы Нясвіжскага замка», «Таямніцы Крэўскага замка». Цяпер збіраю матэрыялы пра Гальшанскі замак. Ёсць і гістарычны раман «Каралева не здраджвала каралю, або Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку». Ну і пра хутар родны не забываюся... У рамане «Распасажаны дом» — гісторыя маіх аднахутаран.

Веданне рэальнай гісторыі, яе дэталяў дапаможа нам зразумець, што мы павінны рабіць, каб засталася праўдзівая спадчына для нашых нашчадкаў.

Гутарыла Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.