Вы тут

Прапанова значна перавышае попыт. Дзе мацней за ўсё патаннелі дачы?


На рынку індывідуальных будынкаў мегаполіса і сталічнага рэгіёна адбыліся змены. Гэта датычыцца сучасных прасторных дамоў (пабудаваных пасля 2010 года), старых дамоў (збудаваных да 2010 года, плошчай да 100 «квадратаў»), участкаў, недабудаваных дамоў і дач.


Колькасць аб'ектаў на продаж зашкальвае

Прапанова на рынку загараднай нерухомасці расце ўжо чацвёрты месяц запар, адзначаюць эксперты рэспубліканскага жыллёвага партала Realt. У маі колькасць выстаўленых на продаж аб'ектаў дасягнула 9,3 тысячы (+5,4 %), што з'яўляецца новым гістарычным максімумам. Таксама бягучы ўзровень прапановы на 13,5 % большы, чым за такі ж час летась. У найбліжэйшы час сезонны фактар пачне ўплываць на дынаміку прапановы — звычайна ўжо ў чэрвені аб'ектаў на рынку загараднай нерухомасці становіцца менш. Але сёлета існуюць пэўныя нюансы, якія паказваюць, што прапанова будзе расці ўсё лета.

Аналітыкі партала заўважылі, што сярод аб'ектаў загараднай нерухомасці рост колькасці аб'яў у маі быў раўнамерны. Так, колькасць дач павялічылася амаль на 7 %, «сучасных» і «старых» дамоў і участкаў — на 5 % ва ўсіх выпадках, недабудаваных — на 4 %.

У разрэзе напрамкаў (ад Мінска) прапанова павялічылася ва ўсіх выпадках. Істотней за ўсё на Мядзельскім і Брэсцкім — плюс 8 % і 7 % адпаведна. Крыху менш (+6 %) — на Лагойскім, Магілёўскім і Пухавіцкім.

Майская акітыўнасць

Паводле папярэдніх даных агульная колькасць здзелак з дамамі ў Мінску і Мінскай вобласці ў маі склала 861, што амаль на 30 % больш, чым у мінулым месяцы. Гэтыя лічбы паказваюць не рэальную актыўнасць на рынку, а толькі тое, што ў красавіку патэнцыяльныя пакупнікі яшчэ не «прачнуліся». Нягледзячы на майскую актыўнасць, сукупны попыт на загарадную нерухомасць гэтай вясной застаўся на такім жа ўзроўні, як і ў мінулым годзе.

Такім чынам, у Мінскім раёне за май было праведзена 150 здзелак куплі-продажы, што на 19 % больш, чым у папярэднім месяцы і на 8 % больш, чым у мінулым годзе. У найбліжэйшых раёнах за месяц было заключана 392 здзелкі, што на 30,5 % больш, чым месяцам раней. Аднак бягучы ўзровень попыту на 2 % ніжэйшы, чым у маі 2022 года. Да найбліжэйшых рэгіёнаў адносяцца Лагойскі, Пухавіцкі, Смалявіцкі, Дзяржынскі, Уздзенскі, Маладзечанскі, Вілейскі і Валожынскі.

Розная дынаміка

Дынаміка сярэдніх цэн у залежнасці ад тыпаў аб'ектаў у маі была рознанакіраванай. Злёгку падаражэлі недабудаваныя дамы і ўчасткі. А сучасныя і старыя дамы сталі таннейшымі. Дачныя домікі ў мінулым месяцы патаннелі мацней за ўсё — адразу на 4,5 %. Старыя дамы за год страцілі ў цане амаль 6 %.

Цяпер мы разгледзім рынак індывідуальных жылых дамоў сталіцы. Як правіла, апошнім часам прадавалі выключна бюджэтныя прыватныя дамы.

Па папярэдніх даных у сталіцы было праведзена 11 здзелак куплі-продажу па такіх аб'ектах, а колькасць дамоў, выстаўленых на продаж у Мінску, за месяц павялічылася на 2 %. У той жа час сярэдняя цана квадратнага метра дамоў у межах горада зніжаецца ўжо 4 месяц запар: у маі яна знізілася яшчэ на 0,6 %. На дадзены момант яна складае 1064 долары ў эквіваленце.

Дарэчы, самы дарагі дом, набыты ў маі гэтага года, абышоўся пакупніку ў 390 тысяч долараў. Гэта досыць «свежы» жылы дом, які быў пабудаваны ў 2020 годзе ў ВК «Зялёная гавань». Агульная плошча двухузроўневага дома складае 238,4 квадратнага метра, участка — 9,6 соткі. На першым паверсе дома размешчана кухня-гасцёўня плошчай 77,5 квадратнага метра з выхадам на тэрасу, таксама жылы пакой, гардэробная, кацельня, гасцявы санвузел і саўна з пакоем адпачынку.

Першы паверх ацяпляецца з дапамогай цёплай падлогі і канвектараў, другі — радыятарамі і канвектарамі. На другім паверсе жылыя пакоі, два санвузлы і дзве тэрасы плошчай 57 і 6,8 квадратнага метра, з якіх адкрываецца від на ўнутраны двор. Усяго за метр выходзіць каля 1635 долараў.

Возера, джакузі і більярд

Нядаўна мы дэталёва разбіралі, якія кватэры здаваліся гэтай вясной у арэнду. Цяпер паглядзім, што адбываецца з дачамі і дамамі ў Мінску і Мінскай вобласці. У якіх месцах больш за ўсё дамоў у арэнду? Як змяніліся прапанова і цэны?

З прыходам сапраўднага цяпла пачынаецца актыўны сезон арэнды дач і дамоў, які доўжыцца да канца лета. Пачынаючы з сакавіка пошукавая актыўнасць дамоў і дач у доўгатэрміновую арэнду пастаянна расце. Разам з гэтым павялічваецца і канкурэнцыя сярод арэндадаўцаў. Пік прапановы дамоў у гэтым годзе прыйшоўся на красавік, калі свабоднымі для засялення былі 325 аб'ектаў, у маі ўжо на 2 % менш. Тым не менш выбар жылля гэтай вясной быў на 5 % большы, чым у мінулым годзе, лічаць аналітыкі.

Самы вялікі выбар арэндных дамоў засяроджаны ў 4 населеных пунктах. У Мінску размешчана 15 % усёй прапановы (або 46 дамоў), пры гэтым больш за ўсё аб'ектаў прыпадае на мікрараёны Цнянка і Сельгаспасёлак. Таксама па 4 % ад усіх аб'ектаў знаходзіцца ў Калодзішчах, Бараўлянах і Ратамцы.

Самым шматлікім напрамкам з'яўляецца Лагойскі, дзе засяроджана 23 % прапановы. Крыху меншыя па выбары — Маскоўскі (17 %) і Маладзечанскі (13 %). Менш за ўсё здаецца дамоў у арэнду на Слуцкім напрамку — усяго 2 %.

Часцей за ўсё арэндадаўцы ў апісанні аб'явы паказваюць аб наяўнасці халадзільніка, мэблі, тэлевізара і месца для шашлыкоў. Радзей адзначаюць наяўнасць інтэрнэту і побач размешчанага лесу. Возера непадалёк дома згадваецца ў 32 % аб'яў. Такія атрыбуты, як джакузі, настольны тэніс і більярд, сустракаюцца толькі ў 6 % выпадкаў.

Пры бюджэце да 500 долараў можна разлічваць толькі на арэнду дома за рысай горада. Год таму ў сталіцы было некалькі варыянтаў з такім бюджэтам, сёння жа цэны стартуюць з 550 умоўных адзінак, прычым за такую цану быў размешчаны толькі 1 аб'ект. Больш за ўсё сталічных дамоў здаецца за 1000—2000 долараў у месяц, у той час як у большай палове прапановы за межамі горада запытаная цана ўказана да 1000 долараў.

Калі паглядзець у разрэзе напрамкаў, то на Пухавіцкім у пераважнай большасці знаходзяцца бюджэтныя дамы, дзе цэннік да 400 долараў. Пакуль на Лагойскім напрамку палова ўсіх дамоў здаецца ў арэнду ад 1500 долараў. За год цана арэнды дамоў вырасла, як у сталіцы, так і за яе межамі. Сярэдняя цана арэнды ў маі 2023 года ў Мінску вызначылася на ўзроўні 2600 долараў, што на 9 % больш, чым годам раней. У Мінскай вобласці сярэднеўзважаная арэндная стаўка якасных дамоў склала 1100 долараў — плюс 6 % да мая мінулага года.

Геаграфія танных лецішчаў

Цэннікі ў новых аб'явах аб памесячнай арэндзе самых танных лецішчаў паблізу Мінска пачынаюцца з 300 рублёў, або 100 долараў у эквіваленце. І гэта даволі прыстойнае жыллё, калі меркаваць па апісаннях. За такую штомесячную суму можна было, напрыклад, забраніраваць на лета 2023 года лецішча ў садовым таварыстве па Брэсцкім напрамку за 30 кіламетраў ад МКАД (Дзяржынскі раён). Невялікі драўляны дом мае два ўзроўні і тры пакоі. Ёсць кухня, халадзільнік, электрапліта, інтэрнэт, але душ і туалет на вуліцы. На ўчастку таксама ёсць альтанка і калодзеж.

Агульнае правіла нязменнае: чым зручней выглядае і размешчаны дом, тым даражэйшая яго арэнда. Для дач гэта таксама справядліва. Так, цагляная дача з паметкай «здам на лета 2023 года» па Маскоўскім напрамку за 25 кіламетраў ад МКАД (Смалявіцкі раён) мае электрычнае ацяпленне, цэнтральную каналізацыю, гарачую ваду і газавую пліту. Сярод іншых выгод названыя камін, тэлевізар, халадзільнік і інтэрнэт.

У доме агульнай плошчай 80 квадратных метраў (кухня — 12 «квадратаў») налічваецца два ўзроўні і чатыры пакоі. На васьмі сотках знайшлося месца для двух парковачных месцаў. Каля дачы працякае рака. Недалёка высіцца Курган Славы, а за ім пачынаецца ландшафтны заказнік «Прылепскі». Дача такога плана ў новым сезоне абыдзецца арандатару прыкладна ў 400 долараў. Зняць яе можна адразу на некалькі летніх месяцаў. На рынку ёсць падобныя прапановы, якія абыдуцца на 80—120 долараў танней. Часцяком менавіта такія дачы па суадносінах кошт — якасць актуальныя для сем'яў з зусім маленькімі дзецьмі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.