Бярэзіншчына — унікальная старонка нашай Радзімы. Прыгожая сваімі лясамі, якія займаюць палову тэрыторыі раёна. Прыгожая рэкамі, сярод якіх і Бярэзіна. Прыгожая назвамі паселішчаў — Багушэвічы, Сяліба, Дзмітравічы, Дзямешкава, Дулебы, Жорнаўка, Заброддзе, Каменны Барок... Бярэзінская зямля выпеставала шмат талентаў.
Сярод пісьменніцкіх імёнаў, чые лёсы атаясамляюцца з Бярэзіншчынай, — і празаік Рыгор Ігнаценка. І хаця нарадзіўся ён на Магілёўшчыне, у вёсцы Вусаўка Касцюковіцкага раёна, большая частка яго жыцця звязана якраз з Бярэзіншчынай. З 1956 года Рыгор Канстанцінавіч — жыхар вёскі Паплавы. У 1957 — 1980 гады ён працаваў настаўнікам музыкі ў Паплаўскай сярэдняй школе. У 1964 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшаў першы зборнік апавяданняў Рыгора Ігнаценкі — «Лясныя тынкоўшчыкі». І праз увесь свой творчы шлях літаратар, якога па праву можна назваць пісьменнікам-прыродазнаўцам, расказвае юнаму чытачу пра адметнасці роднай прыроды, пра сустрэчы і адкрыцці ў лесе, на беразе ракі, у ваколіцах родных паселішчаў. Да чытача ў розныя гады прыйшло нямала кніг Рыгора Ігнаценкі. Апошняя з іх па часе — «Зацугляны шчупак», што пабачыла свет у 2009 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва». У цвёрдай вокладцы, аб’ёмам у 144 старонкі, з прыгожым мастацкім афармленнем, яна даволі хутка разыйшлася па бібліятэках, не знойдзеш яе зараз і на паліцах кнігарняў. З анатацыі да кнігі «Зацугляны шчупак»: «Не знойдзеш, бадай, на Беларусі такой ракі, рачулкі або значнага ручая, у якім водзіцца рыба, каб там не сустрэў рыбака з вудаю. Гэтай цікавай справай з задавальненнем займаюцца як дарослыя, так і дзеці. У кніжцы расказваецца аб абодвух відах гэтага рамантычнага спорту, аб удачах і няўдачах на паляванні і рыбалцы, смешных і кур’ёзных выпадках, цікавых назіраннях...» І з таго часу ніводнае з выдавецтваў, на вялікі жаль, не звярнулася да творчасці Рыгора Ігнаценкі — уважлівага, чуйнага да прыроды мастака слова. Будзем спадзявацца, што ўсё ж змены адбудуцца. І да такой прыродазнаўчай тэматыкі ў беларускай дзіцячай літаратуры, як і да творчасці Рыгора Ігнаценкі непасрэдна, усё наладзіцца лепшым чынам.
А пакуль у фондах бібліятэк Бярэзінскага раёна, найперш у Бярэзінскай раённай цэнтральнай бібліятэцы, ёсць дзве тоненькіх кніжачкі, якія мясцовыя бібліятэкары выдалі саматужна. Адна з іх зроблена ў 2012 годзе — «Зялёнае рэха». Укладзена намаганнямі В. У. Наскавец, бібліятэкара Паплаўскай сельскай бібліятэкі. Рэдактарам кніжачкі выступіла Т. Круталевіч, камп’ютарны набор ажыццявілі В. Наскавец і А. Ждановіч. Мастацкае афармленне і камп’ютарная вёрстка належыць Н. Маеўскай. Тыраж выдання ў 28 старонак склаў 30 экзэмпляраў. Другая кніжачка — зборнік апавяданняў «Зачараванне прыродай», які пабачыў свет у 2018 годзе.
У «Зялёнае рэха» увайшлі наступныя творы: «Наш мосцік», «Дарагі букет», «Шапка», «У спёку», «Запознены ліст», «Надыход зімы», «Зялёны равеснік», «Мароз і сонца», «Дзяцел», «Весялушка», «Першая песня», «Радасць», «Знаёмства», «Лотаць», «Лісце», «Лавачка», «Апенькі». Займальныя сюжэты, лаканічна выпісаныя яркія малюнкі прыроды дазваляюць чытачам выправіцца ў падарожжа па родных ваколіцах разам з пісьменнікам, які натхнёна перадае сваё ўласнае любаванне прыродай. Рыгор Ігнаценка вучыць любові да ўсіх жывых істот, насычае свядомасць юных чытачоў ведамі, якія сам атрымаў непасрэдна ў сустрэчах з лесам, рэкамі і азёрамі. І ўся кніга, і кожны твор паасобку маюць вялікае выхаваўчае значэнне. Зборнікамі можна карыстацца ў пачатковай школе, іх варта адкрыць настаўнікам, якія выкладаюць не толькі беларускую літаратуру, але і геаграфію. Колькі адкрыццяў дораць апавяданні Рыгора Ігнаценкі!.. «Мала каму вядома, як зязюлі ў вырай адлятаюць: паасобку, невялічкімі чародкамі ці чародамі. Дзе зімуюць. Калі вяртаюцца на радзіму. І толькі пачуўшы адным задуменным ранкам у лясной цішыні першае гучнае ку-ку, з радасным хваляваннем у душы адзначыш: ну вось, нарэшце, і шэрая зязюля з выраю вярнулася, прынесла з сабою сапраўдную вясну і цяпло...» («Першая песня»). «Я на гэтую старую асіну не звярнуў бы ўвагі, каб не грыбны нарост на ствале. Вялізны, нібы шапка. Калі б не праходзіў каля дрэва, заўсёды кіну позірк на дзівосны грыб. А гэта, гляджу, дзяцел дупло выдзёўбвае. І дзе! Пад самым наростам. Ну і мудрэц! І трэба ж выбраць месца пад такой надзейнай стрэшкай: ні дажджы не зальюць дупло, ні снегам не зацярушыць...» («Дзяцел»)... Што ні старонка ў творах пісьменніка-прыродазнаўца — адкрыцці, новае, нязведанае... І вельмі блізкае, зразумелае!..
Нізкі паклон аўтару, які шчодра, па-мастацку выверана, захапляльна ўзбагачае чытача не проста ведамі аб роднай прыродзе, а дапамагае спасцігаць сутнасць хараства, разумець жыццё птушак, звяроў, вартасці кожнай травінкі і дрэва! Нізкі паклон бібліятэкарам, якія ў сваёй штодзённай працы заўважаюць сапраўднае, дадаюць да свядомасці чытачоў імёны і творы вартых, цікавых увагі аўтараў, не абмяжоўваюцца прапагандай вядомых і, безумоўна, яркіх пісьменнікаў-прыродазнаўцаў В. Біянкі, Б. Жыткова, М. Прышвіна, Г. Скрабіцкага, В. Чаплінай, В. Вольскага, У. Дубоўкі.
... Для ахвотных чытачоў, хто яшчэ не знаёмы з творчасцю Рыгора Ігнаценкі, нагадаем назвы яго ранейшых кніг: «Урок у лесе», «Ластаўчына затока», «На заечых сцежках», «Дзе матылькі зімуюць», «Бярозавы шэпт», «Карабель вясны», «У зімовым садку».
Кастусь ЛЕШНІЦА
Прэв’ю: pixabay.com
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.