Вы тут

Новыя ініцыятывы літаратурнай дружбы з Кітаем


Цікавы мастацкі дыялог (ці хутчэй нават — «размова на траіх») прайшоў у Выдавецкім доме «Звязда», які прымаў у гасцях кітайскую перакладчыцу дзіцячай літаратуры Лі Цзянхуа, выкладчыка рускай мовы ў Акіяналагічным універсітэце ў Цындаа. Зараз літаратар праходзіць творчую стажыроўку ў Інстытуце сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта.


Лі Цзянхуа, Людміла Максімава, Таццяна Швед у «Звяздзе»

Разам з кітайскай даследчыцай, літаратарам удзел у размове прынялі кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры культуралогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта Людміла Максімава і дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяна Швед.

Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч пазнаёміў гасцей з кітайскім кірункам у медыйнай і кнігавыдавецкай дзейнасці «Звязды». Размова ішла пра кніжную серыю «Светлыя знакі: паэты Кітая», пра анталогію перакладаў кітайскай паэзіі «Пад крыламі дракона», праект, які ажыццявіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі.

Лі Цзянхуа вядомая як перакладчыца больш як дзесяці кніг рускай дзіцячай літаратуры на кітайскую мову. У тым ліку — славутай «Лясной газеты» Віталія Біянкі, якую добра ведаюць і ў Расіі, і ў Беларусі, і на ўсёй постсавецкай прасторы. Кітайская перакладчыца зазначыла, што ёй цікавая і беларуская дзіцячая літаратура, пра якую пакуль што яна нічога не ведае, але спадзяецца адкрыць новыя для кітайскага чытача імёны. Алесь Карлюкевіч заўважыў, што добра вядомы кітайскі прапагандыст і перакладчык славянскіх літаратур Гаа Ман пераўвасобіў на кітайскую мову зборнік «Беларускія народныя казкі». Здзейснены ў Кітаі пераклад і выданне і «Палескіх рабінзонаў» класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра.

Сёння ў Кітаі працуе ўжо група перакладчыкаў сучаснай беларускай літаратуры, а таксама твораў класікаў беларускай паэзіі і прозы на кітайскую мову. Сярод іх — і прафесар Гу Юй, які пераўвасобіў на сваю родную мову вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Цёткі, Максіма Танка, Анатоля Сыса, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Бадака і іншых паэтаў. Зараз рыхтуецца да выдання кніга яго перакладаў. Шмат дзеля прапаганды беларускай літаратуры ў Кітаі робіць доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь, якая выступіла ініцыятарам выдання кнігі «Зборнік сучаснай беларускай літаратуры» на кітайскай мове. Выданне пабачыла свет у Пекіне напрыканцы 2022 года. Зараз перакладчыкам і літаратуразнаўцам Хань Сяае падрыхтавана да друку кніга прозы і паэзіі Алеся Бадака на кітайскай мове.

— Я ўражана тым, што ўжо робіцца на ніве беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ў наш час, — зазначыла Лі Цзянхуа. — Абавязкова павязу з Беларусі ў Кітай новыя ідэі, новыя кнігі, мяркую, што мне ўдасца прычыніцца да перакладу беларускай дзіцячай літаратуры на кітайскую мову. Ведаю, што ў вас юныя чытачы вельмі шануюць і творчасць класікаў, якія працавалі ў літаратуры 50 і болей гадоў назад, — Уладзіміра Дубоўкі, Васіля Віткі, Алеся Якімовіча, Івана Сяркова, іншых паэтаў і празаікаў. Мне шмат расказалі пра беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча, я даведалася, што ўжо перакладзена на кітайскую мову яго аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Хацелася б і мне стаць перакладчыкам яго сапраўды неўміручых твораў, паколькі іх вельмі часта перавыдаюць.

Алесь Карлюкевіч расказаў пра тое, што ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі распрацоўваецца праграма па прадстаўленні найлепшых набыткаў беларускай літаратуры ў свеце ў перакладзе на іншыя мовы. І выказаў спадзяванне, што і Людміла Максімава, і Лі Цзянхуа стануць сапраўднымі паўнамоцнымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры ў сваіх краінах — у Расіі і Кітаі.

Раман СЭРВАЧ

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.