Вы тут

Выстаўка сучаснага ляўкасу «Сувязі»


Невялікая прастора ZAL #2 (у Палацы мастацтва) напоўнена творамі, якія трэба вельмі пільна разглядаць. Выстаўка сучаснага ляўкасу «Сувязі» звяртае да тэхнікі, вядомай з даўніх часоў — праз іканапіс, які стваралі і ў Беларусі: тут умелі апрацаваць дошку, каб паверхня была роўнай і прыдатнай для нанясення выявы. І цяпер умеюць, але выкарыстанне тэхнікі ляўкасу выйшла за межы традыцыйнага іканапісу, што адкрыла мастакам шмат новых магчымасцяў — і тут гэта можна зразумець. Усё што вы маглі ўявіць пра ляўкас, і пра што нават не здагадваліся, дэманструюць нашы творцы.


Але перш, чым парушаць традыцыю, яе трэба паказаць. Калі ласка: у цэнтры выставачнай прасторы змешчаны абраз Маці Божая Адзігітрыі, але гэта толькі копія беларускага абраза XVIII стагоддзя, зробленая Крысцінай Мельнік-Субцельнай. І... Усё, мы зразумелі: яны ўмеюць так, як трэба, — кананічна, выверана. Гэта як паклон перад традыцыяй. А далей — мастацтва нашага часу. З выкарыстаннем дрэва, але для ўвасаблення ўласных думак. З тым жа белым грунтам — можа быць, таму шмат якія работы нібыта свецяцца знутры? І таксама з выявамі, толькі ўжо звычайных людзей — дзяцей, дарослых і нават старых, але вельмі тонка і з любоўю напісаных. Таму для наведвальнікаў пошук сувязяў ляўкасу ў мінулым і цяпер стане адной з цікавых задач падчас агляду экспазіцыі, якая падаецца даволі камернай, але пры гэтым змяшчае шмат твораў. 

Куратар выстаўкі Кацярына Янкоўская патлумачыла:

— Назва выстаўкі невыпадковая: тэхніка прыйшла да нас з іканапіснай традыцыі, але праз работы больш актуальных аўтараў хацелася падкрэсліць сувязь з сучаснасцю. І яна ёсць: мы бачым адсылкі да наіўнага абразу, да традыцыйнага беларускага арнаменту, да стасункаў паміж пакаленнямі, сям’ёй і адносінаў паміж людзьмі. Мы можам паглядзець, як выстаўка раскрывае гэтыя аспекты і адначасова звязвае іх у цэласную форму, падкрэсліваючы іх прыгажосць і складанасць. Таму што многія нашы мастакі з задавальненнем эксперыментуюць з ляўкасам: выкарыстоўваюць розныя элементы — метал, цвікі, дадатковыя дэталі. Многія адштурхоўваюцца ад формы дошкі, але трансфармуюць яе ў нешта больш актуальнае. Тут, напэўна, сабраныя ўсе аўтары, якія працуюць у гэтай тэхніцы менавіта ў сучасным гучанні.

Здаецца, больш дакладна было б казаць, што ў большасці гэта сучасныя творы, выкананыя ў змяшанай тэхніцы, у тым ліку з выкарыстаннем ляўкасу, праз якія можна адлюстраваць розныя бакі жыцця. Партрэты — ёсць, глядзіце, якія светлыя твары. Дзвярныя петлі на дошцы ці металічная ручка — дачнікі абуджаюцца, бо вобраз знаёмы. Ляўкас у спалучэнні з вітражом — яшчэ адзін цікавы варыянт, бо шкло дадае гульню святла творам…

Тэхнікай ляўкасу сёння валодаюць мастакі-манументалісты (менавіта таму выстаўку можна разглядаць часткай фестывалю манументальнага мастацтва, які патрабуе асобнай размовы). Але з ляўкасам працуюць і мастакі-графікі, і жывапісцы, якія такім чынам пашыраюць свае творчыя магчымасці. І атрымліваюць гульню метафар, сімвалаў, сэнсаў. Выстаўка сучаснага ляўкаса «Сувязі» — пра тое, як святло даўніх традыцый можа даходзіць да нас, пераламляцца, адбівацца на розных паверхнях, саграваць розныя матэрыялы (усе работы здаюцца вельмі цёплымі!) і рассыпацца іскрынкамі ў прасторы, каб чуллівая душа падхапіла і панесла далей.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.