Вы тут

Другі касмічны нанаспадарожнік «BSUSat-2» БДУ паспяхова выведзены на арбіту


Знакавая падзея ў гісторыі вядучай беларускай ВНУ адбылася 27 чэрвеня 2023 года ў 14.34.49 (па Маскоўскім часе).


Фота: БДУ

«BSUSat-2» быў запушчаны ў Расіі са стартавага комплексу касмадрома «Усходні» на ракеце-носьбіце «Саюз-2.1б» з касмічным апаратам «Метэор-М» № 2-3 і 41 расійскім і замежным спадарожнікамі ў якасці спадарожнай нагрузкі. На Зямлі ўжо быў прыняты першы сігнал ад апарата, які зараз апрацоўваецца спецыялістамі.

Запуск другога ўласнага нанаспадарожніка стаў вынікам пяцігадовай работы супрацоўнікаў і студэнтаў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій (ФРФіКТ) БДУ. Праца над яго стварэннем вялася з 2018 года з улікам назапашанага вопыту з «BSUSat-1», які быў выведзены на арбіту 29 кастрычніка 2018 года з касмадрома Цзюцюань.

Па тэхнічных і тэхналагічных параметрах «BSUSat-2» перасягнуў першы апарат. Ён важыць каля трох кілаграм і ў адрозненне ад свайго папярэдніка большы па памерах — 30×10×10 см. Усе асноўныя кампаненты і сістэмы зроблены ў Беларусі.

Другі спадарожнік уяўляе сабою ўніверсальную лётную платформу модульнага тыпу з аб’яднальнай мацярынскай платформай, каркасам, службовымі модулямі асноўных бартавых падсістэм для энергазабеспячэння, радыёсувязі, кіравання, арыентацыі і стабілізацыі і наборам модуляў карыснай нагрузкі пад пэўныя навуковыя і практычныя задачы. Апарат таксама абсталяваны ўнікальнымі сонечнымі батарэямі, устойлівымі да касмічнай радыяцыі. Акрамя таго, у адрозненне ад першага спадарожніка ў «BSUSat-2» сістэма кіравання цалкам мадэрнізаваная, устаноўлены дзве новыя камеры высокай дакладнасці і дадатковыя каналы сувязі.

З запускам другога апарата на арбіце сфарміравалася свайго роду лятаючая вучэбна-навуковая лабараторыя, якая будзе забяспечваць развіццё новых напрамкаў у навучанні і навуцы па аэракасмічным кірунку. Гэта дасць магчымасць выканаць шырокі спектр задач з больш якаснымі паказчыкамі. У навуковых і адукацыйных мэтах будзе праводзіцца вывучэнне і даследаванне радыяцыйных палёў калязямной прасторы, радыяцыйнай стойкасці электронных элементаў, дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі. Дарэчы, у БДУ вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па аэракасмічнаму, радыёэлектроннаму і космааэракартаграфічнаму профілях на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, факультэтах геаграфіі і геаінфарматыкі і фізічным факультэце.

Абодва ўніверсітэцкія спадарожнікі будуць пралятаць над тэрыторыяй Беларусі шэсць разоў у суткі, знаходзячыся ў зоне радыёбачнасці 10-11 хвілін. За гэтыя кароткія інтэрвалы можна прыняць інфармацыю тэлеметрыі і мэтавай нагрузкі. На падставе даных з арбіты студэнты будуць ставіць навуковыя эксперыменты з выкарыстаннем службовай і навукова-тэхналагічнай нагрузкі, складаць карты радыяцыйнага фону, вывучаць магнітныя анамаліі Зямлі, адпрацоўваць новыя каналы сувязі, даследаваць новыя распрацаваныя матэрыялы і пакрыцці.

Перадача інфармацыі ідзе ў радыёаматарскім дыяпазоне. Таму, валодаючы мінімальнымі сродкамі прыёму, атрымаць даныя са спадарожніка могуць таксама арганізацыі і прыватныя асобы. Для акумулявання сабраных звестак распрацаваны інтэрнэт-партал. Для прыёму даных выкарыстоўваецца размеркаваная сетка з некалькіх прыёмных станцый. Акрамя таго маецца таксама ўласная аўтаматычная наземная станцыя прыёму, уключаная ў сусветную сетку радыёаматарскіх прыёмных станцый SatNODS. Рэсурсамі, атрыманымі ўсімі сродкамі прыёму, можа скарыстацца ўся сусветная навуковая супольнасць, якая займаецца распрацоўкай службовай платформы, мэтавай нагрузкай звышмалых касмічных апаратаў, фундаментальнай космафізікай, астрафізікай, вывучэннем радыяцыйных паясоў Зямлі, верхніх пластоў атмасферы і г.д.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.