Вы тут

На грудной клетцы маленькай пацыенткі правялі ўнікальную аперацыю


У Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы рыхтуецца да выпіскі 10-гадовая Ульяна з Магілёўскай вобласці. Гомельскія ўрачы падаравалі ёй магчымасць надалей расці і радавацца жыццю без болю. На грудной клетцы маленькай пацыенткі правялі ўнікальную аперацыю.


Усе свае дзесяць гадоў дзіця і яго бацькі нават не падазравалі пра рэдкую прыроджаную паталогію. У дзяўчынкі зрасліся некалькі рэбраў. Дэфект будовы шкілета даў аб сабе знаць чатыры месяцы таму, калі дзяўчынка атрымала траўму.

— Ішла са школы, паслізнулася, упала. Стукнулася моцна патыліцай, і хруснула ў шыі трошкі, — ужо праз дзесяць дзён пасля аперацыі Ульяна цалкам аднавілася і змагла асабіста перадаць журналістам свае эмоцыі аб перажытым.

Яе бацькі пасля траўмы спачатку звярнуліся да медыкаў па месцы жыхарства. Нейкі час Ульяна адчувала сябе нядрэнна. Пасля ў дзяўчынкі пачала моцна апухаць ключыца.

— Мы ляжалі ў Магілёве, і нам сказалі, што няма спецыялістаў, каб зрабіць такую складаную аперацыю. Мы прыехалі сюды, у Гомель. Мне дапамаглі, — усміхаецца дзяўчынка. — У мяне ключыца нармальна выглядае. Дзякуй усім урачам.

Рана ці позна паталогія ў целе дзіцяці сябе б выявіла. Вельмі добра, падкрэсліваюць гомельскія медыкі, што гэты дэфект быў знойдзены, пакуль школьніца не стала актыўна расці.

Сітуацыя Ульяны — не першы выпадак дапамогі маленькім пацыентам з Магілёўскай вобласці. Але за 23 гады практыкі ўвогуле ўпершыню сустрэўся з такой складанай паталогіяй, распавёў загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аляксандр Віннік. Менавіта Аляксандр Васільевіч і сабраная сапраўды мультысістэмная каманда спецыялістаў выканалі аперацыю.

— У дзяўчынкі вельмі рэдкая паталогія — прыроджаная дэфармацыя грудной клеткі ў цяжкай форме. З-за паталогіі назіраўся вывіх ключыцы. Усё гэта суправаджалася болевым сіндромам, — расказаў Аляксандр Віннік. — Калі бацькі выйшлі на наш узровень, мы разгледзелі ўсе магчымасці, правялі даабследаванне, камп'ютарную тамаграфію з кантраставаннем сасудаў, каб вызначыць ступень іх сціскання і ходу судзінкавага пучка. Цалкам устанавіўшы клінічную карціну, брыгадным метадам сумесна з таракальным і судзінкавым хірургам выканалі гэта лячэнне. Мы ліквідавалі дэфармацыю, вызвалілі судзінкава-нервовы пучок і атрымалі вельмі добры вынік.

На аперацыйным стале Ульяне давялося правесці паўтары гадзіны.

— У разрэзе траўматалагічных умяшанняў гэта невялікі прамежак. Перад аперацыяй мы склалі пакрокавы план дзеянняў, падстрахавалі сябе тэхналагічна. Аператыўнае лячэнне выконвалі пад кантролем, педантычна і асцярожна, — дадае ўрач-траўматолаг-артапед вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Па словах Аляксандра Вінніка, ужо праз тыдзень пасля аперацыі ў дзяўчынкі поўнасцю прайшоў болевы сіндром.

— Яна застанецца пакуль пад назіраннем. Праз тры месяцы ёй трэба будзе зноў прыехаць на агляд. Мы абследуем яе зноў, — патлумачыў загадчык аддзялення.

Аляксандр Віннік гаворыць, што для яго і калег праведзеная аперацыя — неацэнны вопыт: «Цяпер пры неабходнасці мы можам выступаць кансультантамі, дзяліцца сваім меркаваннем, бачаннем працэсу і практыкай вядзення такіх пацыентаў».

Між тым гэтымі днямі летніх канікул гомельскія медыкі падарылі шанц без болю ў верасні сесці за парту яшчэ аднаму школьніку. Спецыялісты траўматолага-артапедычнага аддзялення абласной дзіцячай клінічнай бальніцы правялі аперацыю і дапамаглі выратаваць кісць 10-гадоваму гамяльчаніну.

Два гады таму хлопчык атрымаў цяжкую траўму металапрофілем. Глыбокая і шырокая рана вельмі доўга загойвалася. Тады, каб выправіць сітуацыю, выканалі аперацыі па перасадцы тканкі. Нягледзячы на гэта, на кісці хлопчыка з'яўляліся рубцы, якія парушалі функцыю пальцаў. Школьнік фактычна не мог нармальна карыстацца рукой, тлумачаць медыкі.

Аперацыю ўрачы траўматолага-артапедычнага аддзялення абласной дзіцячай бальніцы правялі сумесна з пластычнымі хірургамі. Значную дапамогу ў лячэнні хлопчыка аказаў урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 3 Аляксандр Маканін.

— Мы выканалі вялікую канструктыўную пластычную аперацыю на пальцах з элементамі трансплантацыі тканак з перадплечча. Дабіліся поўнага аднаўлення функцый кісці, прыбралі касметычны дэфект, — распавёў загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення Аляксандр Віннік.

Хлопчык знаходзіўся ў стацыянары амаль тры тыдні. Функцыянальным і візуальна касметычным вынікам урачы засталіся вельмі задаволены. Дзіця таксама рыхтуецца да выпіскі.

Прынамсі, урачы траўматолага-артапедычнага аддзялення Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы штогод праводзяць больш чым паўтары тысячы аперацый.

— У 2018 годзе па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва ўстанове пасля маштабнай рэканструкцыі былі адкрыты некалькі новых карпусоў, у тым ліку і хірургічны, у якім размяшчаецца траўматолага-артапедычнае аддзяленне, — адзначыў галоўны ўрач Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Вячаслаў Іжакоўскі. Па яго словах, праводзіць падобныя складаныя аперацыі можна дзякуючы зладжанай мультысістэмнай камандзе спецыялістаў.

— Першапачаткова, калі мы пачалі праводзіць падобныя аперацыі, да нас у Гомель прыязджалі калегі з Гродна, дзяліліся сваім вопытам. Ужо працяглы час каманда нашых траўматолагаў сваімі сіламі выконвае шэраг найскладанейшых аперацый, — дадаў галоўны ўрач. — Акрамя таго, пры падобных выпадках умяшання на грудной клетцы ў камандзе абавязкова задзейнічаны наш таракальны хірург — урач вышэйшай катэгорыі, загадчык эндаскапічнага аддзялення Аляксей Ільюшкін. У такіх выпадках важна і ўзаемадзеянне з іншымі спецыялістамі. Напрыклад, дзяўчынку мы аперыравалі ва ўзаемадзеянні з ангіяхірургамі. Важная і вельмі высокая кампетэнцыя брыгады анестэзіялогіі, якая здольная забяспечваць усе віды анестэзіялагічнай дапамогі. Сёння нашы спецыялісты праводзяць практычна ўсе неабходныя траўматалагічныя аперацыі: як пры артапедычных праблемах, так і па выпраўленні прыроджаных вывіхаў сцягна, што патрабуе вельмі сур'ёзных і складаных аператыўных умяшанняў, — падкрэсліў Вячаслаў Іжакоўскі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.