Вы тут

Якія аб'екты Шаркаўшчыны ўжо набылі новае жыццё


Уцягванне ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца і неэфектыўна выкарыстоўваецца, — адзін з прыярытэтных кірункаў работы Саветаў дэпутатаў сумесна з раённымі выканаўчымі камітэтамі. Як у гэтым кірунку працуюць на Шаркаўшчыне і якія аб'екты ўжо набылі новае жыццё, даведалася карэспандэнт «Мясцовага самакіравання» падчас выязнога пасяджэння прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.


У гарадскога пасёлка Шаркаўшчына сёлета шмат клопату: населены пункт рыхтуецца да абласных «Дажынак», мяняюць сваё аблічча мясцовыя дарожныя артэрыі, «апранаюць» новае ўбранне сацыяльна-культурныя аб'екты. Але тэма выкарыстання пустой дзяржаўнай маёмасці ў мясцовых органаў улады знаходзіцца на пастаянным кантролі.

Па інфармацыі намесніка старшыні камітэта «Віцебскаблмаёмасць» Андрэя САЛТАНОВІЧА, у бягучым годзе ў паўночным рэгіёне неабходна ўцягнуць у абарот 467 аб'ектаў. За 2022 год на Віцебшчыне было прададзена 118 аб'ектаў — гэта найлепшы паказчык у краіне, аднак праблемныя месцы ў гэтым кірунку таксама ёсць. «Дэпутаты павінны аб'ядноўвацца з мясцовымі органамі ўлады і вырашаць пытанні комплексна, адзінай зацікаўленай камандай. На Шаркаўшчыне, у раёне з вялікай тэрытарыяльнай аддаленасцю ад абласнога цэнтра, знаходзіць гаспадароў старым будынкам цяжэй, аднак гэта мясцовасць унікальная сваім прыродным багаццем: тут маюцца вялікія садова-пладовыя рэсурсы, шырокае поле для разгортвання турызму», — падкрэсліў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Кіраўнік дэпутацкага корпуса завастрыў увагу на стварэнні ўладай максімальна бяспечных зон вакол будынкаў, якія будуць падвяргацца зносу або знаходзяцца на стадыі разбурэння. «У летні перыяд яны карыстаюцца асаблівай цікавасцю сярод дзяцей. Каб не здаралася сітуацый з негатыўным вынікам, усе такія аб'екты павінны быць абнесены загараджальнай стужкай, магчымыя ўваходы зачынены, аб небяспечнасці стану канструкцый павінны паведамляць інфармацыйныя шыльды».

Намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Ірэна БУКА расказала, што за бягучы год у раёне ўжо прададзена чатыры аб'екты, тры з якіх — будынкі былых школ. За перыяд з 2017 да 2022 года — 16 аб'ектаў. На базах былых устаноў адукацыі створаны швейны цэх і прадпрыемства па вытворчасці драўнянага актываванага вугалю; на базе клуба — аграсядзіба «Мястэчка»; некалі стары будынак кінатэатра набыў новае аблічча ў выглядзе гандлёвага цэнтра. Работа па прыцягненні ў раён інвестараў вядзецца актыўна: гэта не толькі аб'явы аб аўкцыёнах на сайце выканкама, а поўнае суправаджэнне шаркаўшчынскім кіраўніцтвам ад афармлення неабходных дакументаў да аказання дапамогі ў дробных гаспадарчых пытаннях.

...Каб на свае вочы пабачыць паспяховыя прыклады ўцягвання дзяржмаёмасці ў абарот на Шаркаўшчыне, выязджаем у аграгарадок Наваселле. На базе былой аднапавярховай сельскай школы тры гады таму пачала працаваць швейная вытворчасць з закрытым цыклам «Хітч». Уласнік набыў аб'ект у кастрычніку 2019-га з заніжэннем пачатковай цаны на 80 працэнтаў, стварыў 17 працоўных месцаў для жыхароў аграгарадка і найбліжэйшых населеных пунктаў. Сваю прадукцыю — а гэта мужчынскае спартыўнае адзенне пад уласным брэндам — прадпрыемства рэалізоўвае праз свае крамы па ўсёй краіне.

Яшчэ адзін цікавы прыклад з вялікім патэнцыялам — ТАА «Арганічныя прадукты» на базе былых сховішчаў для агародніны кансервавага завода. Яго ўласнік Ігар Садоўскі — мясцовы хлопец, у раёне жыве і яго бацька, трымае сваю фермерскую гаспадарку. «У Мінску ў мяне сетка вядомых рэстаранаў, адкрыць на малой радзіме харчовую плодаагароднінную перапрацоўчую вытворчасць дапамаглі пандэмія і санкцыі — на рынку стала вальней. Тым больш што наш край славіцца яблыкамі Сікоры і ягадамі», — расказаў бізнесмен.

У праект ужо інвеставана звыш 1,2 мільёна рублёў, гэта толькі першая чарга будаўніцтва. На прадпрыемстве плануюць вырабляць сокі прамога адціскання ў паўч-пакетах аб'ёмамі ад 3 да 5 літраў. Прадпрыемства ўжо падпісала папярэднія кантракты на пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю, плануе асвойваць наш беларускі рынак і рынкі краін СНД. У будучыні Ігар Садоўскі мае намер запусціць лінію па вырабе сідру, а ў суседнім цэху будуць перапрацоўваць гародніну для паставак у беларускія рэстараны. Прадпрыемства плануе запусціць вытворчасць у першай палове верасня, будзе створана ад 15 да 50 працоўных месцаў.

Некалі ў цэнтры гарадскога пасёлка, на плошчы 1 Мая, стаяў будынак былога кінатэатра, які з кожным годам разбураўся і псаваў агульны пейзаж. У 2019 годзе на аўкцыёне яго набыла кампанія, якая займаецца аднаўленнем закінутых аб'ектаў. Паўтара года рэканструкцыі — хаця памяшканне патрабавала капітальнага рамонту — і напярэдадні навагодніх святаў 2021-га шаркаўчанам зрабілі вялікі падарунак у выглядзе шматфункцыянальнага гандлёвага цэнтра. Сёння ў ім размяшчаюцца крамы, салон сувязі, нават працуе кафэ і аказваюць касметычныя паслугі. У комплексе створана каля 70 працоўных месцаў.

«Калегі, звярніце ўвагу, што кожны з інвестараў адзначыў дапамогу мясцовых органаў улады ў набыцці і афармленні аб'ектаў, а гэта каштуе павагі. Толькі так — сумеснай працай на адзін выдатны вынік — мы зможам выйсці на новы ўзровень у рабоце з маёмасцю, якая не выкарыстоўваецца», — звярнуўся да членаў прэзідыума старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і падкрэсліў, што з Шаркаўшчынскага раёна варта браць прыклад.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

фота аўтара

Загаловак у газеце: Новая справа пад старым дахам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.