Мы ўсе ведаем, што такое «Дажынкі» — свята заканчэння збору ўраджаю на палях, якое спаконвек адзначалі беларусы...
Але ж не толькі зернем багацеем мы пасля лета. У кожным рэгіёне, у кожным мястэчку і вёсцы ёсць свае ўлюбёныя плады і ягады, лепшых, смачнейшых за якія — месцічы вам абавязкова гэта давядуць — нідзе няма. І ўсё болей узнікае вясёлых свят, прысвечаных якой-небудзь пладова-ягаднай культуры... У гэтым беларусы не самотныя — згадаць хаця б свята лушчэння фасолі ў Брэтані, фестываль рэпы ў швейцарскім Рыхтэрсвілі ці свята цыбулі ў расійскім Луху. Але кожнае такое беларускае свята, маленькае, вялікае, мае свой каларыт і гісторыю. Давайце згадаем.
«У вішнёвым, у маёвым
Белым кіпені — зямля.
Паўтараюцца нанова
Кольцы часу і камля», — пісала Яўгенія Янішчыц. А Якуб Колас у «Новай зямлі» так падае малюнак лесніковай пасады: «Па-над парканам пышным валам стаяў вішняк густы, прыўдалы».
А колькі песняў на Беларусі пра вішню...
З'явілася ў нас і свая вішнёвая сталіца — Глыбокае. Там і вуліца носіць назву Вішнёвая, і помнік вішні пастаўлены, і ўчыняюць аўкцыён па продажы вішнёвага пірага, і мясцовы камбінат згушчонку выпусціў са смакам вішні! А калі ў ліпені, з усіх куточкаў, з'язджаюцца сюды на Вішнёвы фестываль, выбіраюць Вішнёвую каралеву — як у вершы той жа Янішчыц:
«Вішня ў квеце,
цененькае дрэва
да смугі — адкрытае вясне.
Жэўжыкі гукаюць: «Каралева!»
Каралева? А чаму ж і не!»
Яшчэ шмат стагоддзяў таму, калі мястэчка належала Радзівілам, квітнелі тут сады... Спелі вішні пры базыльянскім і кармеліцкім кляштары... Ну а ў пачатку ХХ стагоддзя мясцовы аграном-селекцыянер Баляслаў Лапыр, аматар беларускага фальклору, які размаўляў на беларускай мове і іграў у самадзейных беларускіх тэатрах, вывеў адмысловы сорт вішні, які назваў — нізавошта не здагадаецеся — «Вішня кіслая». Сорт, які і сёння вельмі паважаюць садаводы за зімаўстойлівасць ды пладаноснасць. А яшчэ скрыжаваў вішню з чарэшняй — вось у гэтай сакавітай ягадзіне слодычы хапае. Хоць назва не афіцыйная, сарты глыбоцкія ў народзе завуць «лапыровымі».
Ушаноўваюць глыбоцкую вішню ўздзельнікі фэсту вось ужо дзесяць гадоў у ліпені. Але вішня суправаджае жыццё мястэчка круглы год — усе мясцовыя вяселлі абавязкова кіруюцца да скульптурнай кампазіцыі «Вішанька», каб пацерці ягаду — для нараджэння дзіцяці, лісцік — каб у сям'і хапала грошай, і галінку — на доўгае жыццё.
«Неяк на багатым нясвіжскім кірмашы маладжавы вясёлы мужчына так падахвочваў мяне браць яго яблыкі:
— Яны ж у мяне, таварыш, не глядзяць, а смяюцца!
І праўда, яблыкі былі вялікія, румяныя, адно ў адно».
Так пісаў Янка Брыль у навеле «Жывое слова».
Не глядзяць, а смяюцца яблыкі і на Шаркаўшчыне, дзе адбываецца «Яблычны фэст». Святкуюць яго не толькі ў самой Шаркаўшчыне, а найперш у суседняй вёсцы Алашкі. Тут жыў знакаміты садавод-селекцыянер Іван Сікора, заслужаны аграном БССР, тут на базе яго саду адкрыўся Паўночны апорны пункт Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства, пладаводства і агародніцтва. У садзе прайшлі апрабаванне звыш шасці соцень сартоў яблынь, у тым ліку гібрыд № 1377, які назвалі «яблыкамі XXІ стагоддзя», а пасля смерці Сікоры сорт атрымаў назву «Памяць Сікоры». Тыя, хто прыязджае сюды, могуць пакаштаваць і гэты гатунак, і іншыя — і адчуць тое, што і юны княжыч Алесь Загорскі ў «Каласах пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча: «Яблыка было сцюдзёнае, у халодных дажджавых кроплях, і ён адкусіў з хрумстам і праглынуў, як самое здароўе праглынуў».
Прымяркоўваюць свята звычайна да Яблычнага Спасу.
«Сёння і вечна! —
і мы са шчаслівых.
Бульбу пастаўлю, гуркі пасалю.
Я і сама не люблю
шкадаўлівых,— Болей суровых і гордых люблю», — апісвала Яўгенія Янішчыц традыцыйны беларускі стол, якім сустракаюць нечаканага госця. У «Трывожным шчасці» Івана Шамякіна героі таксама сілкуюцца падобна: «На снеданне гаспадыня падала халодную бульбу, гуркі і міску сыраквашы». Рыгор Барадулін, калі ўспамінае першага верасня, марыць пусціцца басанож у падарожжа, «У край, дзе раніцай салодкі сон, // Дзе ў сумцы агурок, аловак, сцёрка».
Ну як жа ісці ў школу, у лес, на пасьбу ці касьбу без агурка ў сумцы ці кішэні! Ёсць на Беларусі і свята ў гонар гэтай звыклай і неабходнай гародніны — ладзяць яго на Шклоўшчыне. І невыпадкова: як пісалі ў XVІІІ стагоддзі, «Ва градзе Шклове па дабрыні зямлі і па прыемнасці паветра луку, часнаку, а найперш агуркоў забагата». Дзень агурка праходзіць у жніўні, весела, з дэгустацыямі, спаборніцтвамі, песнямі, скокамі, гульнямі... Сярод традыцый — наведванне помніка Агурку, які ў 2007 годзе з'явіўся ў Шклове. Дакладней, называецца гэтае дзіўнае стварэнне «Агуродзец», і мясцовыя лічаць, што, каб урадзілі ў наступным сезоне агуркі, трэба ўкінуць у кошык скульптуры семачкі.
«Ах, на шчасце,
яшчэ ды не ўсохла балота,
А за ім векавее зажураны гай.
Покуль дождж не пайшоў,
не апала лістота,
Запрашаю цябе ў журавінавы рай», — настальгіравала Яўгенія Янішчыц. А яшчэ журавіны ў яе атаясамляюцца з Мележам: «Ды ў час, калі шукае слова — слова, // Знябыўшы тлусты тлум і мітусню, // Агеньчык цыгарэты Куляшова І журавіны Мележа — прысню». Відаць, і аўтар «Людзей на болоце» дужа любіў гэтыя яркія ягады...
Але журавінамі славіцца не толькі Палессе, адкуль Янішчыц і Мележ... На Віцебшчыне штогод у канцы верасня адбываецца экалагічны фестываль «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю». Тут знаходзіцца легендарнае балота Ельня — адно з самых вялікіх у Еўропе. Увосень тут збіраюцца ад 5 да 7 тысяч шэрых жураўлёў, якія ляцяць на зімоўку. Так што аб'екты свята — і жураўлі, і журавіны. Аматары гастранамічнага турызму могуць пакаштаваць самыя незвычайныя стравы з журавін, ну і набыць самі ягады, якія так любілі і нашы продкі. Як апісваў Уладзімір Караткевіч беларускі рынак шаснаццатага стагоддзя ў «Сівой легендзе»: «Гамарня, носяць на каромыслах цэбры з яблыкамі, мяшчане журавіны марожаныя з рук ірвуць — на пахмелку».
«У гародзе — памідоры, а ў садзе — вішня. Хацеў мілы падмануць, нічога не выйшла», — спявалі ў беларускіх вёсках. «Фіранкі на вокнах, у хляве вішчаць парасяты, на гонтавым даху грэюцца на сонцы пузатыя жоўтыя гарбузы і апетытныя чырвоныя памідоры», — герой эпапеі Шамякіна «Трывожнае шчасце» гэтай карціны трохі спалохаўся: занадта заможная хата! Ці пусцяць пераначаваць?
Гэта сёння нікога не здзівіш памідорамі ў гародзе... А калі ў XVІІІ стагоддзі іх сталі вырошчваць на Беларусі, напеклаваліся: расліна цеплалюбная, нашы ранішнія туманы не зносіць. Але ў Іўі памідоры заўсёды былі цудоўныя! Таму і святкуецца тут фэст «Іўеўскі памідор».
Старажытнае мястэчка вядомае з пачатку XV стагоддзя, у канцы якога князь Вітаўт і пасяліў тут татараў, прывезеных ім з Прыазоўя. Татарскія воі дапамагалі яму ў Грунвальдскай бітве, за што князь падарыў ім урочышча Мураўшчызна каля Іўеўскага замка. Нашчадкі тых татар жывуць у Іўі па сёння. А татары спаконвек славіліся як добрыя агароднікі, вось Іўеўская гародніна і дасюль мае попыт. Кажуць, ні ў адным іншым беларускім мястэчку няма столькі цяпліц. Свята адбываецца на пачатку верасня: конкурсы, канцэрты, кулінарныя батлы. Нават бойка памідорамі «Іўе дэ-таматэйра», а яшчэ конкурсы па плаванні на самых дзіўных прыстасаваннях «Плаў-Тамат» і на хутчэйшае паяданне тых жа памідораў.
«А потым бабка надумалася пачаставаць яго асабліваю вячэраю. Яна наскрэбла чыгунчык бульбы. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. З кашы яна рабіла піражкі і падсмажвала іх на скавародцы. Такіх піражкоў настаўніку ніколі не даводзілася каштаваць, ён еў з ахвотаю і хваліў кухарскія здольнасці бабкі Параскі. Бабка ўся цвіла ад задавалення», — вось так яскрава апісвае Якуб Колас пачастунак свайго героя і альтэр эга Андрэя Лабановіча ў эпапеі «На ростанях», зразумела, скарыстаўшы ўласныя ўспаміны.
Ну як абысціся без самай галоўнай гародніны! Яе пякуць у вогнішчы героі «Каласоў пад сярпом тваім», яе згадвае як сімвал мірнага жыцця герой Шамякіна ў аўтабіяграфічнай эпапеі «Трывожнае шчасце» пасля вяртання з фронту: «Што нам трэба, Сашок? Хіба тое, што я вярнуўся жывы і не вельмі пакалечаны, і ты жывая, і Ленка здаровенькая расце — не найвялікшае шчасце? Колькі людзей палягло! А мы жывыя. І любоў наша жыве. І нічога нам больш не трэба. Хіба кавалак хлеба ды чыгунок вось гэтай бульбы... Не, мы не станем яе абіраць. Мы зварым яе ў «мундзірах». Больш ганарова для бульбы сказаць: зварым у «шынялях». Салдацкая страва! А пасля, Лянок, аблупім «шынелькі», бульбачка жоўценькая будзе, апетытная...»
Вырошчваюць бульбу на Беларусі з васямнаццатага стагоддзя. Праўда, садзілі яе тады ў каралеўскіх эканоміях нямецкія каланісты, сяляне ж насцярожана прыглядаліся. Але ў дзевятнаццатым стагоддзі ўзніклі нават беларускія сарты бульбы — на выставе ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце ў 1853 г. экспанавалася 28 сартоў з батанічнага саду інстытута, а народ заспяваў: «Гарні, гарні бульбу з печы, у торбачку ды за плечы». І сёння на Беларусі шмат фэстаў, прысвечаных бульбе. Сёлета «Бульба-фэст» адбыўся ў аграгарадку Дзешчанка на Уздзеншчыне. Тут знаходзіўся цэнтр бульбаводства, адсюль развозілася насенне бульбы на ўсёй краіне... Нават помнік бульбе ёсць! Ладзяць фестываль бульбы ў Капылі, там з яе прадстаўлялі не толькі стравы, але і мастацкія творы — пейзажы і жанравыя карцінкі. Абласны фестываль «Картошка-бульба-Potatoes» правялі ў Віцебску падчас ІІ Гульняў краін СНД, дзе прадставілі паўтысячы страў з бульбы.
Карацей, сачыце за культурным жыццём рэгіёнаў — і трапіце на штосьці незвычайнае! І смачнае, вядома.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».