Вы тут

Іван Крупко разгледзеў пытанні, што хвалююць жыхароў Гомельшчыны


Старшыня Гомельскага аблвыканкама правёў прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян у Хойніках. Пытанні, якія адрасавалі губернатару, датычыліся будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў. Паступіла і просьба аб дапамозе ад шматдзетнай сям’і.


Першай на прамую лінію звярнулася пенсіянерка з Хойнікаў. Жанчына акцэнтавала ўвагу кіраўніцтва рэгіёна на тое, што многія мясцовыя жыхары мараць, каб у райцэнтры з’явіўся басейн.

— Нам ён патрэбен не для сусветных рэкордаў. Для аздараўлення жыхароў басейн неабходны ў нашым пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС раёне. Ці варта чакаць спартыўны аб’ект? — пацікавілася хойнікчанка.

Як запэўніў Іван Крупко, басейну ў Хойніках быць. Сацыяльна значны аб’ект ўзвядуць па інвестыцыйнай праграме Гомельскай вобласці. Пачатак будаўніцтва запланаваны на другую палову 2024 года.

Акрамя таго, пенсіянерка агучыла просьбу перагледзець расклад цягнікоў, якія забяспечваюць транспартныя зносіны Хойнікаў з Мазыром і Гомелем. Як адзначыў кіраўнік рэгіёну, у гэтым пытанні сацыяльныя стандарты, пралічаныя па кожным напрамку з улікам загружанасці, дакладна выконваюцца.

Яшчэ адна жыхарка Хойнікаў звярнулася на прамую лінію губернатара з просьбай устанавіць у цэнтральнай раённай бальніцы камп’ютарны тамограф.

Старшыня аблвыканкама звярнуў увагу заяўніцы, што ў рамонт і мадэрнізацыю Хойніцкай ЦРБ за апошні час укладзена каля 11 мільёнаў рублёў.

— КТ у бліжэйшы час адкрыем у Брагіне для абслугоўвання насельніцтва ў тым ліку і Хойніцкага раёна, — падкрэсліў Іван Крупко.

Губернатар звярнуў увагу, што расклад транспарту будзе адкарэкціраваны з улікам пажаданняў пацыентаў, каб яны з камфортам змаглі дабрацца на абследаванне ў суседні райцэнтр.

На недахоп прамысловых тавараў у крамах у гарпасёлку Камарын Брагінскага раёна паскардзілася мясцовая жыхарка.

— У вашым населеным пункце дзевяць прадуктовых і дзве прамтаварныя крамы, буйнагабарытныя тавары прывязуць пад заказ, — растлумачыў Іван Крупко.

З просьбай дапамагчы ў вырашэнні камунальнай праблемы да губернатара звярнулася шматдзетная сям’я з Хойнікаў.

Як патлумачыла маці сямейства Наталля Анатольеўна, два гады таму яны атрымалі жыллё ў райцэнтры. Праз нейкі час у кватэры па столі пайшла сырасць, узімку вада цячэ па сцяне. Па словах шматдзетнай маці, камунальныя службы не рэагуюць на іх звароты.

Старшыня аблвыканкама даручыў неадкладна накіраваць брыгаду ЖКГ па адрасе, дзе пражывае сям’я.

Па даручэнні губернатара будзе створана экспертная камісія, якая паставіць кропку і ў сітуацыі, агучанай падчас прыёму намеснікам дырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў раёна. Яно спецыялізуецца на вытворчасці спецыяльнага адзення для зваршчыкаў, будаўнікоў, энергетыкаў. Хойнікскія вытворцы забяспечваюць сваёй прадукцыяй і беларускі і расійскі рынкі. На трох вытворчых пляцоўках прадпрыемства — у Хойніках, Рэчыцы і Мазыры — працаўладкавана амаль 70 чалавек.

— Прадукцыя сертыфікавана па стандартах Мытнага саюза. У мінулым годзе прайшоў маніторынг Дзяржстандарта. Быў шэраг прадпісанняў. З часткай іх мы пагадзіліся, з часткай — не. Было ўказана на неабходнасць атрымання новых сертыфікатаў. У хуткім часе на падставе аналітычнай запіскі Дзяржстандарта атрымалі прадпісанне аб забароне рэалізацыі прадукцыі з тымі дакументамі, у якіх была выяўлена неадпаведнасць, — растлумачыў сітуацыю, з якой сутыкнулася прадпрыемства намеснік дырэктара. Ён папрасіў даць адтэрміноўку для атрымання сертыфікатаў, каб ужо закантрактаваная прадукцыя магла адгрузіцца заказчыку.

Між тым, на прыёме кіраўніка рэгіёна былі разгледжаны і іншыя пытанні. Усе звароты ўзятыя на кантроль.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.