Вы тут

Павел Старасвецкі: Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах


Уся гісторыя беларускага спорту наглядна паказвае, што чэмпіёнам можа стаць кожны. Бо для гэтага ўсё ёсць. Умовы для трэніровак створаны. Мэтанакіраванасці і працаздольнасці беларусам не займаць. Дасведчаныя трэнеры, здольныя развіваць найлепшыя якасці спартсменаў, працуюць не складаючы рук. І ўсё гэта засяроджана не толькі ў сталіцы. Спартыўнае жыццё віруе і ў рэгіёнах. У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.


Адкрывае новы праект «Звязды» Гомельская вобласць зусім не выпадкова. Гомельшчына — рэгіён, які даў старт алімпійскім перамогам нашай краіны. 

У 1960 годзе першым алімпійскім чэмпіёнам у гісторыі беларускага спорту стаў вясляр Леанід Гейштар, які нарадзіўся і трэніраваўся менавіта ў Гомелі. Ён жа і заклаў слаўныя традыцыі гомельскага веславання: у 1972 годзе алімпійскім чэмпіёнам стаў Мікалай Гарбачоў, у 2008-м на вышэйшую прыступку пастамента падняліся Раман Петрушэнка і Артур Літвінчук. Але не веславаннем адзіным жыве Гомельская вобласць. У 1992 годзе Алена Рудкоўская стала алімпійскай чэмпіёнкай па плаванні. Першы і пакуль адзіны ў нашай краіне алімпійскі чэмпіён па дзюдо Ігар Макараў таксама з гомельскай прапіскай і, дарэчы, не памяняў яе пасля перамогі ў 2004 годзе. Здавалася б, лагічна, што прадстаўнікі паўднёвай вобласці перамагаюць у летніх відах спорту. Але фрыстайлістка Ала Цупер, алімпійская чэмпіёнка 2014 года, даказала, што тут жывуць людзі, здольныя на многае. А гэта толькі прыклады з Алімпійскіх гульняў. Колькасць медалёў з чэмпіянатаў свету і Еўропы, заваяваных спартсменамі Гомельскай вобласці, расце год ад года. Набіраецца сіл і спартыўны рэзерв. Начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Павел Старасвецкі кажа, што яму дасталася добрая спадчына. Але ж мала толькі атрымаць спадчыну — трэба ёй правільна распараджацца і памнажаць. Як гэтая работа выбудавана ў Гомельскай вобласці, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца спорт у рэгіёне, якія ў яго планы на будучыню, Павел Старасвецкі распавёў «Звяздзе».

Адказнасць за спартыўны рэзерв ляжыць менавіта на рэгіёнах

— Павел Анатольевіч, у сакавіку прайшла калегія ўпраўлення. Якія асноўныя вынікі мінулага года?

— Для мяне самы галоўны вынік, які ўсяляе ўпэўненасць, — другое месца Гомельскай вобласці па выніках рэспубліканскіх алімпійскіх дзён моладзі па ўсіх відах спорту. Рэспубліканскія дні моладзі — гэта своеасаблівая вяха для спартсменаў. У гэтых спаборніцтвах удзельнічаюць, як правіла, навучэнцы 10-11 класаў, некаторыя пасля заканчэння школы сыходзяць са спорту і знаходзяць сябе ў нечым іншым, а некаторыя застаюцца і растуць далей. Гэта значыць, рэспубліканскія дні моладзі — своеасаблівы вынік работы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. І другое месца Гомельскай вобласці — паказчык нашай паспяховай работы ў гэтым напрамку. Дастойны вынік. Мы саступілі першае месца Мінску, значыць, ёсць куды імкнуцца. Нам наступаюць на пяткі, і гэта таксама добра, канкурэнцыя не дае паслабляцца. Таму галоўная задача — утрымаць гэтыя высокія пазіцыі, бо работа са спартыўным рэзервам — прыярытэт. Падрыхтоўка вышэйшага звяна — гэта прэрагатыва рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі. А адказнасць за спартыўны рэзерв, на мой погляд, ляжыць менавіта на рэгіёнах. Бо калі ёсць моцны рэзерв, значыць, і ў нашага спорту ёсць будучыня.

У цэлым, у спартыўным плане 2023-ы для Гомельскай вобласці атрымаўся добрым. Традыцыйна па выніках года найлепшыя спартсмены вобласці атрымліваюць прэмію Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. Па выніках 2023 года прэмію атрымалі Юлія Апанасавіч, Яўген Ціханцоў, Таццяна Калюк — спартсмены, якія прагучалі на міжнародным узроўні. 152 юныя спартсмены сталі ўладальнікамі абласных стыпендый. У 2024 годзе нас чакаюць Гульні БРІКС, Гульні сяброўства, дай бог, Алімпійскія гульні — ва ўсіх гэтых форумах будуць удзельнічаць і спартсмены Гомельскай вобласці. Канешне, мы са свайго боку зробім усё магчымае, каб яны не былі там статыстамі. Зоркі, здольныя ззяць у сусветным спорце, павінны загарацца на месцах.

— На ІІ Гульнях краін СНД спартсмены Гомельскай вобласці заваявалі 40 медалёў у 11 відах спорту. Наколькі гэта здавальняльны вынік?

— Медалёў шмат не бывае, заўсёды хочацца больш. Самае галоўнае, што Гульні краін СНД паказалі рэзерв па відах спорту, на які трэба звярнуць увагу. Вядома, хацелася, каб гомельскія дзюдаісты дома ўзняліся на п’едэстал не толькі ў камандным, але і ў асабістым разрадзе.

— Што, акрамя медалёў, правядзенне спаборніцтваў у рамках Гульняў краін СНД дало рэгіёну?

— Самае каштоўнае — вопыт. За час падрыхтоўкі да спаборніцтваў у нас сфарміравалася каманда, якой сёння па сілах правядзенне любых спартыўных мерапрыемстваў. Мы прайшлі столькі выпрабаванняў, што гатовыя да ўсяго. Зразумела, мы гэта ўсё праводзілі не самі, была выбудавана дакладная вертыкаль з Міністэрствам спорту і турызму, абласным аргкамітэтам, федэрацыямі па відах спорту. Але адказнасць за правядзенне спаборніцтваў па дзюдо ў Гомелі і па самба ў Жлобіне ляжала на нашым упраўленні. Атрымалася ў нас гэта ці не — ацэньваць гасцям і кіраўніцтву. Спартсменам і трэнерам усё спадабалася, і гэта галоўнае.

Канешне, калі прыязджае шмат гасцей, хочацца навесці парадак. Лядовы палац у Гомелі, адна з найстарэйшых лядовых арэн у краіне, атрымаў другое жыццё. Абнавілі фасад, устанавілі новыя хакейныя барты, прывялі ўзровень асвятлення арэны ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі, зрабілі рамонт унутры. Па сутнасці, атрымалі новы аб’ект. І сёння мы гатовы праводзіць тут спаборніцтвы любога ўзроўню. У Жлобіне пасля Гульняў краін СНД адкрылі аддзяленне па самба. Міністэрства спорту і турызму пасля заканчэння спаборніцтваў перадало ў рэгіён увесь спартыўны інвентар. Гэта дазволіць у будучыні праводзіць спаборніцтвы любога маштабу па самба і дзюдо.

Адных традыцый мала — патрэбны кадры

— Гомельская вобласць славіцца моцнымі школамі веславання і барацьбы. Гэтыя школы стваралі выдатныя трэнеры і спартсмены. Цяпер ёсць кадры, здольныя ўтрымаць высокую планку?

— Для развіцця спартыўных школ мала адных традыцый, якімі б багатымі і паспяховымі яны ні былі, — патрэбны свежыя погляды, новыя ідэі, якія адпавядаюць часу. Трэнеры, якія гэта разумеюць і працуюць па такім прынцыпе, сёння ёсць, але іх вельмі мала. Гэта крыху засмучае. Тым больш што ўсе ўмовы для работы створаны. 20 гадоў таму плыўцы наракалі, што не могуць паказваць добры вынік, бо ў вобласці няма 50-метровага басейна. Сёння такія басейны ёсць у Гомелі і ў Жлобіне. Але сказаць, што ўсе нашы плыўцы паказваюць бліскучы вынік, нельга. Усе любяць скардзіцца на слабае фінансаванне. Але сёння неразумна скардзіцца на недахоп інвентару, трэніровачных баз або недахоп спаборніцтваў. Людзі, як правіла, заўсёды шукаюць прычыну няўдач дзе заўгодна, толькі не ў сабе. На адной з сустрэч з трэнерамі па відах спорту толькі адзін чалавек устаў і шчыра прызнаўся, што яму не хапае ведаў, ён праштудзіраваў усё, што мог, але ўсё роўна адчувае недахоп ведаў. Так, гэта пытанне і да нас, да кіраўнікоў, ці дастаткова мы робім для развіцця сваіх спецыялістаў. Але мне было прыемна чуць, што чалавек глядзіць праўдзе ў вочы і жадае выправіць сітуацыю. І пакуль у нас ёсць такія людзі, пакуль яны хочуць павышаць свой прафесійны ўзровень, нашы слаўныя традыцыі будуць захоўвацца і памнажацца.

— Як, на ваш погляд, утрымаць каштоўныя кадры ў вобласці?

— Зразумела, што, калі мы хочам утрымаць чалавека, у яго павінны быць заробак і спрыяльныя бытавыя ўмовы. Вядома, шмат што залежыць ад мясцовых органаў улады. Калі гаварыць аб нашай вобласці, то на ўзроўні губернатара праводзіцца вялізная работа, і сёння ў Гомельскай вобласці ёсць магчымасці і рэсурсы, каб забяспечыць трэнерам камфортныя ўмовы для работы і жыцця. Зразумела, чалавек імкнецца да росту. Кепскі той салдат, які не марыць стаць генералам. Калі нашаму гомельскаму трэнеру прапануюць узначаліць, напрыклад, адну са зборных Рэспублікі Беларусь, то мы будзем рады, што наша вобласць змагла падрыхтаваць такога спецыяліста. Канешне, ніхто яго ўтрымліваць не будзе. Але і яму не трэба забываць свае карані. А мы будзем толькі рады запрашаць такіх спецыялістаў, напрыклад, на майстар-класы, сустрэчы з маладымі трэнерамі і іншыя мерапрыемствы.

— У 1978 годзе менавіта ў Гомелі з’явілася першая ў Беларусі каманда па хакеі на траве, адсюль пачалася яго гісторыя. Павел Анатольевіч, як сёння ідуць справы з гэтым відам спорту?

— Доўга нас штарміла з гэтым відам спорту, але вырашэнне праблемы знайшлося. Сёння ў нас ёсць дзяржаўная ўстанова хакейны клуб «Гомель», у склад якога ўваходзіць каманда па хакеі з шайбай і каманда па хакеі на траве. 

У нас створаны выдатныя ўмовы для развіцця хакея на траве. Федэрацыя дапамагла з трэнерам. Мы змаглі вярнуць некалькі гульцоў, якія з’ехалі. Але нельга сказаць, што цяпер у нас хакей на траве такі, якім быў 45 гадоў таму. І мы бачым рэзерв у дзіцячым спорце. Аб’ектыўна, гэта не самы папулярны від спорту і чарга ў дзіцячыя секцыі не стаіць. Але ўсё залежыць ад трэнераў. Сёння рэгіён гатовы прапанаваць належныя ўмовы працы спецыялістам. Упэўнены, што з павелічэннем колькасці трэнераў хакей на траве стане яшчэ мацнейшым.

— Канешне, не параўнацца з гандболам, асабліва жаночым. Хутка развязка нацыянальнага чэмпіянату. Чаго вы чакаеце ад аднаго з лідараў жаночай каманды «Гомель»?

— Я чакаю яркай гульні і прыгожага плэй-оф чэмпіянату Беларусі, дзяўчаты на гэта сапраўды здольныя. Хачу пажадаць ім гуляць да апошняй хвіліны матча, змагацца за кожны мяч. Людзі на трыбунах гэта ацэняць, у Гомелі дакладна. Гомельскія балельшчыкі з нецярпеннем чакаюць развязкі чэмпіянату. Упэўнены, ён будзе вельмі цікавы.

— На ваш погляд, у вобласці дастаткова адной моцнай каманды ў кожным асобна ўзятым відзе спорту? Ці варта напружвацца, знаходзіць дадатковыя магчымасці і ствараць больш каманд? Тады ж і нацыянальныя чэмпіянаты будуць цікавейшыя.

— Улічваючы, што ў клубах вельмі мала прыватных грошай, у асноўным дзяржаўная падтрымка, я лічу, што ўсе павінны быць у роўных умовах. У нацыянальных чэмпіянатах усе павінны стартаваць з аднолькавым бюджэтам, вядома ж, у залежнасці ад віду спорту. 

Па ходзе сезона будзе відаць, дзе лепш працуе менеджмент клуба, трэнерскі штаб, бо па выніках гэта адразу зразумела. Упэўнены, чэмпіянаты па гульнявых відах спорту ад гэтага толькі выйграюць. Балельшчык будзе хадзіць на кожную гульню, таму што прахадных гульняў, дзе пераможца відавочны яшчэ да пачатку, стане значна менш. І тады абавязкова пойдзе рух наперад. Па такой жа логіцы не варта рабіць акцэнт на адным відзе спорту і адсоўваць на задні план іншыя. Так, лідарамі заўсёды будуць хакей і футбол, але нават у маштабах адной вобласці, акрамя хакейных і футбольных каманд, павінны быць каманды па гандболе, баскетболе, валейболе.

— Гомельская вобласць можа ганарыцца слаўнымі традыцыямі ў дзюдо. Калі Гомельшчына падорыць краіне другога Макарава?

— Перш чым казаць аб тым, калі ў нас будзе другі алімпійскі чэмпіён, варта задаць пытанне: а калі ў нас будзе чэмпіён Еўропы, свету па дзюдо? Канкурэнцыя ў сусветным дзюдо сёння вельмі высокая, мы ў гэтым упэўніліся падчас ІІ Гульняў краін СНД. Цешыць, што цікавасць да гэтага віду спорту ў вобласці ёсць. А значыць, гэтым трэба скарыстацца. Зразумела, што не ўсё залежыць ад нас. Але ўсё, што ў нашых сілах, мы зробім. 

І тут зноў вяртаемся да тэмы выхавання спартыўнага рэзерву. У гэтай рабоце два кірункі: дзяржаўны і прыватны (які дзякуючы акрэдытацыі Міністэрства спорту ўпарадкаваўся). 

Я за сімбіёз гэтых кірункаў. Прыватныя школы ўмеюць прыцягваць дзяцей у спорт, у іх выдатна атрымліваецца рыхтаваць юных спартсменаў — хай гэтым і займаюцца. А вышэйшае звяно — гэта ўжо прэрагатыва дзяржаўнага кірунку: дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, вучылішчаў алімпійскага рэзерву. Каб у нас з’явіўся другі Макараў, трэба вельмі і вельмі шмат працаваць, прычым усім.

— Гомель калісьці быў цэнтрам фігурнага катання. Як ідуць справы цяпер?

— Цяпер наша фігурнае катанне перажывае адраджэнне. Від спорту масавы і карыстаецца попытам. У Светлагорску нядаўна была ўведзена ў эксплуатацыю новая лядовая арэна, ёсць трэнер па фігурным катанні, які хутка пачне працаваць. Сёння наша галоўная задача — рыхтаваць сваіх маладых спецыялістаў. Фігурнае катанне — від спорту вельмі складаны, спецыфічны. Без трэнераў у нас нічога не атрымаецца. Але ўсё ж нагода для гонару ёсць. Толькі мы і сталіца развіваем сінхроннае фігурнае катанне. Гэта ўнікальны напрамак. І няхай тут размова не ідзе пра медалі, гэта выдатны сродак папулярызацыі фігурнага катання.

— Наогул, як у паўднёвай вобласці справы з зімовымі відамі спорту?

— Ёсць над чым працаваць. У мінулым годзе ў абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву адкрылі аддзяленне па біятлоне. Нашы юныя біятланісты ўдзельнічаюць у «Снежным снайперы». Канешне, да вынікаў Віцебска і Магілёва нам далёка. Федэрацыя біятлона давярае нам правядзенне першых этапаў Кубка Беларусі, гэта яшчэ летні біятлон. Старанна выверанымі крокамі рухаемся наперад.

— У Гомельскай вобласці ідзе актыўнае будаўніцтва спартыўных аб’ектаў. Павел Анатольевіч, раскажыце, калі ласка, пра найважнейшыя з іх.

— Упэўнены, мы ніколі раней у вобласці адначасова не будавалі столькі спартыўных аб’ектаў, як цяпер. І ўсе яны важныя. Першым быў стадыён «Юнацтва» ў Добрушы, адкрыты ў 2022 годзе. Мы паглядзелі, што ён запатрабаваны ў насельніцтва, выправілі свае памылкі і па тыпавым праекце будуем стадыёны ў іншых гарадах. Аб’ект уключае ў сябе футбольнае поле, лёгкаатлетычныя дарожкі, трэнажорную залу, адміністрацыйны корпус, хакейную каробку, варкаўт-пляцоўку і іншыя элементы. Ужо адкрылі такія стадыёны ў Лельчыцах і Нароўлі. Хутка будуць адкрыты стадыёны ў Карме і Ельску. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя для будаўніцтва такіх жа стадыёнаў у Буда-Кашалёве і Лоеве. Уведзена ў эксплуатацыю другая лядовая арэна ў Жлобіне і адкрыты лядовы палац у Светлагорску. У Гомелі басейн «Дэльфін» быў у аварыйным стане і не функцыянаваў. На гэты конт было вельмі шмат скаргаў ад насельніцтва. Хутка пачне працаваць новы аб’ект. Заканчваем будаўніцтва шматфункцыянальнага спартыўна-аздараўленчага цэнтра ў Мазыры. Праектуецца басейн у Хойніках і лыжаролерная траса ў Светлагорску. І гэта толькі самыя маштабныя праекты. Самае галоўнае, што ўсе аб’екты, якія будуем, не пустуюць і не адчыняюцца толькі да прыезду начальства. Яны становяцца цэнтрам прыцягнення насельніцтва, асабліва моладзі. Нават у халодныя сезоны там віруе жыццё, не кажучы пра летнія.

Складана, некамфортна, але займальна

— Павел Анатольевіч, вы ў мінулым спартсмен, цяпер — кіраўнік. У якой ролі больш камфортна?

— Прафесійным спартсменам быць добра. Займаешся любімай справай, табе за гэта плацяць — што можа быць лепш? Для таго, каб ты дабіўся сваёй мэты, працуе цэлая каманда, шмат людзей за цябе адказвае. У кіраўніка ўсё наадварот — ён адказвае за ўсіх і ўся. Але мне вельмі падабаецца мая праца, кажу гэта, не крывячы душой. У мяне былі ў жыцці сітуацыі, калі я мяняў працу, а многія не разумелі, навошта гэта раблю, бо ўсё добра. Але я ішоў туды, дзе мне было цікава, дзе хацелася працаваць, я ставіў перад сабой мэты і дасягаў іх. І гэта ўсё было ў сістэме спорту. Цяпер мне даверылі кіраваць спартыўнай галіной у вобласці. Мне гэта работа падабаецца, стаўлюся да яе адказна. Ацэньваць не буду, няхай гэта робіць кіраўніцтва і людзі, для якіх працую. Казаць, што мне камфортна на гэтай пасадзе... Некамфортна, таму што адказнасць каласальная. Не скажу, што сплю спакойна. Перажываю за ўсіх спартсменаў, сачу за трансляцыямі спаборніцтваў. Паведамленні прыходзяць кругласутачна. Але я ўспрымаю гэта як норму, таму што выступленні гомельскіх спартсменаў — паказчык маёй працы. Збоку можа падацца — што там начальніку ўпраўлення дакумент падпісаць і ўсё! Але перш чым падпісаць дакумент, трэба падумаць, як ён паўплывае на лёс чалавека. Часта ўзнікае пытанне: якая роля ў кіраўнікоў спорту рэгіёна? Адказ просты: я праводжу дзяржаўную палітыку ў галіне фізічнай культуры і спорту ў асобна ўзятым рэгіёне. У нашай дзяржаве выбудавана дакладная спартыўная сістэма, і выбудавана правільна. Калі людзі ў ёй якасна выконваюць свае абавязкі, то і сістэма працуе зладжана. Адказваць за гэтых людзей і за ўсю сістэму ў рэгіёне складана, некамфортна, але цікава.

— Спартыўны вопыт дапамагае? 

— Гэта мой лепшы памочнік. Дзякуючы яму, я магу размаўляць на адной мове і са спартсменамі, і з трэнерамі. Для мяне няма нічога новага ў спорце. Я разумею, як павінен быць выбудаваны навучальна-трэніровачны працэс, бачу недахопы, ведаю, што трэба спартсменам для эфектыўных трэніровак. Зразумела, што ў кожнага віду свая спецыфіка, але ў цэлым, людзі, якія прайшлі спартыўную школу, размаўляюць на адной мове. У спорце я прайшоў усе этапы. Быў спартсменам, трэнерам, інструктарам-метадыстам ва ўпраўленні спорту, дырэктарам клуба па гульнявых відах спорту, дырэктарам цэнтра алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту, намеснікам начальніка ўпраўлення спорту і турызму. А потым дарос і да начальніка. Дзякуючы такой паслядоўнасці я бачу і разумею ўсе працэсы, якія адбываюцца ў спорце. 

— Вас на гандбольную пляцоўку не цягне? 

— Не. Наогул. Я з задавальненнем гляджу матчы, але гуляць ужо не хочацца.

— Павел Анатольевіч, чым вы больш за ўсё ганарыцеся як начальнік упраўлення спорту і турызму?

— Пакуль няма таго, чым я мог бы ганарыцца настолькі, каб расказваць пра гэта ў інтэрв’ю. Я працую начальнікам упраўлення ўсяго чатыры гады і пакуль не магу сказаць, што зрабіў нешта звышнатуральнае. Пры мне гэтая сістэма працягнула функцыянаваць і не дала збою. Я паставіў перад сабой мэты, да якіх упэўнена іду. Калі мэты будуць дасягнуты — тады і будуць падставы для гонару, аб якіх з задавальненнем раскажу.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя

Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.