Вы тут

Як пажылым людзям перажыць гарачую пару года


Высокія тэмпературы паветра наш арганізм успрымае як моцную нагрузку, і, калі дзесьці ў ім ёсць непаладкі, стабільны «+» на тэрмометры можа справакаваць сур'ёзныя праблемы са здароўем. У першую чаргу гэта датычыцца пажылых людзей — тых, каму за 60, 70, 80... Як перажыць лета ў добрым здароўі, мы спыталі ў кіраўніка Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра, галоўнага герыятра Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Людмілы Жылевіч.


Лета ў бабулі і дзядулі — наша нацыянальная традыцыя.

У спякоту за дзень чалавек можа страціць з потам каля 2 літраў вадкасці, разам з якой сыходзяць важныя мікраэлементы, неабходныя для работы сардэчна-сасудзістай сістэмы, іншых органаў. Малады арганізм здольны адаптавацца да такіх умоў, але арганізм пажылога чалавека ўжо не настолькі гнуткі. Акрамя таго, у спякоту нас падцікоўвае сонечны і цеплавы ўдары, а таксама абязводжванне. Апошняе тоіць у сабе сур'ёзную небяспеку. З узростам зніжаецца вастрыня ўспрымання пачуцця смагі і голаду (гэта звязана з хуткасцю перадачы імпульсаў у мозг). Дэгідратацыя арганізма ў сталым узросце летам — досыць частая з'ява. Павышаючы вязкасць крыві, яна запускае механізм развіцця трамбозу ў сасудах сэрца і галаўнога мозга (вынікам можа стаць інфаркт або інсульт), тлумачыць Людміла Жылевіч. З'яўляюцца пачашчанае сэрцабіцце, болі ў сэрцы. А скарачэнне мочаспускання становіцца прычынай інтаксікацыі.

Калі вы заўважылі прыкметы абязводжвання (пачырваненне і сухасць скуры, рэзь у вачах, адсутнасць апетыту, дыхавіца, дрымотнасць, зніжэнне тонусу мышцаў), меры патрэбны неадкладныя. Прыміце ляжачае становішча ў цёмным прахалодным пакоі. На лоб і тулава можна пакласці кампрэс з мокрай тканіны. Дапаможа рэгідрацыйны раствор: у літры вады пакаёвай тэмпературы растварыць 1 ст. л. цукру і 0,75 ч. л. солі, уліць у гэтую сумесь 1/2 шклянкі апельсінавага соку (ён прыўнясе ў арганізм страчаныя натрый і калій). Піць такі «кактэйль» трэба маленькімі глыточкамі, лепш за ўсё — праз трубачку.

Перагрэў можа стаць вынікам як знаходжання на сонцы без галаўнога ўбору, так і знаходжання ў душным памяшканні: кроў згушчаецца, кіслароду пачынае катастрафічна не хапаць. Сімптомы, якія дапамагаюць выявіць цеплавы ўдар, — пашырэнне зрэнак, кроў з носа, смага, пачашчанае сэрцабіцце, болі ў мышцах, ваніты, сухая гарачая скура. Сонечны ўдар праяўляе сябе наймацнейшай мігрэнню і галавакружэннем, млоснасцю, пачырваненнем скуры твару і пацямненнем у вачах, а таксама магчымымі ванітамі. У абодвух выпадках да пажылога чалавека лепш выклікаць «хуткую дапамогу». А да яе прыезду — пакласці яго, прыпадняўшы галаву, у прахалодным памяшканні, расшпіліць вопратку, абцерці вадой пакаёвай тэмпературы, даць выпіць злёгку падсоленай вады, раіць галоўны герыятр.

Але, лепш за ўсё, не дапусціць з'яўлення вышэйпералічаных сімптомаў. Найперш, ужо пасля 45—50 гадоў паспрабуйце наогул не загараць. Абараніце цела адзеннем з натуральнай тканіны, бо з узростам скурнае покрыва становіцца танчэйшым. Пік дзённай спякоты (прыкладна з 11.30 да 16.00) лепш правесці ў прахалодным памяшканні. І шпацыраваць, і працаваць на агародзе варта раніцай і ўвечары. Ды і ў «дазволеныя» для прагулак гадзіны трымайцеся ў цені. Важна піць дастаткова вадкасці — не менш чым 1,5—2 л. Можна проста наліваць сваю дзённую норму ў графін і пакідаць на стале, сочачы за тым, каб да вечара ён апусцеў. Медыкі падкрэсліваюць, што ў паняцце «дастатковая колькасць вадкасці» не ўваходзяць кава і нават гарбата і, вядома, салодкая газіроўка, крамныя сокі з лішкам цукру, а таксама алкаголь. Гэта павінна быць чыстая пітная вада, морсы, несалодкія ўзвары. А ідэальны стол пры гарачым надвор'і — спалучэнне малочных страў і зеляніны, садавіны і гародніны.

Каб радасць не стала бядой

Лета ў бабулі і дзядулі — наша нацыянальная традыцыя. Але медыкі раяць бацькам адэкватна ацаніць стан пажылога чалавека, перш чым «скідаць» на яго сваіх дзяцей.

— Зносіны пажылых людзей і дзяцей дабратворна ўплываюць на абодвух: у адных ёсць мудрасць і цярпенне, у другіх — патрэба ў душэўным цяпле. Але, адпраўляючы дзяцей да бабуль і дзядуль, на дачу або ў вёску, мы павінны разумець, у якім статусе знаходзіцца пажылы чалавек, — падкрэслівае Людміла Аверкіеўна. — Калі, дапусцім, бабулі 60 і яна пачуваецца добра або дзед яшчэ поўны сіл, гэты «душэўны ўзаемаабмен» будзе дабратворны для ўсіх. Але калі нашы пажылыя бацькі рухаюцца да ўзросту 75 або 75+, хутчэй за ўсё, у іх пачынаюцца праблемы, звязаныя з развіццём атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга, паступова парушаецца кагнітыўны статус. Яны хутчэй стамляюцца, дрэнна пераносяць шум, ім проціпаказана хвалявацца і трывожыцца. Стомленасць бабулі і дзядулі гатовыя пераадольваць дзеля любімых унукаў, але гэта ім не на карысць.

Магчыма, лепш прыехаць да іх разам з дзецьмі падчас вашага працоўнага адпачынку, каб узяць на сябе клопаты па гатаванні ежы, мыцці вопраткі, прыборцы, а бабулям і дзядулям пакінуць толькі радасць зносін з унукамі. Або вы пакідаеце ўнука з такой узроставай бабуляй, але дзіця ўжо не маленькае (старэйшае за 10 гадоў) і, у прынцыпе, можа забяспечваць сваю жыццядзейнасць самастойна. У гэтым выпадку ўжо малодшае пакаленне сям'і становіцца апорай для пажылога чалавека. З выхаваўчага пункту гледжання гэта вельмі карысна, падкрэслівае галоўны герыятр, але дзіцяці трэба растлумачыць, што бабуля цяпер сама патрабуе клопату, і павінна адбыцца пераразмеркаванне роляў і абавязкаў. Вядома, маленькіх дзяцей на такіх бабуль і дзядуль пакідаць нельга. Варта разумець: можа здарыцца, што пажылому чалавеку стане дрэнна, і ў гэтым выпадку дзіця акажацца без догляду.

Не страціць здароўе ў агародзе

Работы на сваіх «сотках» маюць мноства станоўчых бакоў. Фізічная актыўнасць падтрымлівае арганізм у тонусе, вітаміны ўмацоўваюць імунітэт, ураджай прыносіць маральнае задавальненне, свежае паветра дабратворна ўплывае на нервовую сістэму. І, тым не менш, праца на градках можа стаць прычынай рэзкіх скачкоў артэрыяльнага ціску і нават гіпертанічнага крызу, сонечнага або цеплавога ўдару, абязводжвання, абвастрэння ішэмічнай хваробы сэрца і многіх іншых сур'ёзных паталогій.

Як не страціць здароўе ў агародзе?

  • Працу і адпачынак варта чаргаваць. Ідэальны варыянт — 45 хвілін працы і 15 хвілін перапынку (невыпадкова гэтая аптымальная схема намаганняў і адпачынку ўзятая за аснову ў школах). Падчас «перамены» расслабцеся, прыляжце і заплюшчыце вочы. І наступны этап фізічных намаганняў будзе ў радасць.
  • Становішча «ўніз галавой» падчас пасадкі або праполкі — зусім не для гіпертонікаў, а праблемы з артэрыяльным ціскам пасля 60 гадоў ёсць практычна ў кожнага. Акрамя таго, у такой позе пазваночнік адчувае сур'ёзныя нагрузкі — і гэта можа стаць прычынай абвастрэння радыкуліту і астэахандрозу. Няўдалае рашэнне — і доўгае знаходжанне на кукішках: парушэнне кровазвароту прывядзе да скачкоў артэрыяльнага ціску, плюс рызыка траўміравання каленных і тазасцегнавых суставаў. Выйсце — праца на нізкай лавачцы. Таксама дапамогуць накаленнікі і кілімкі, на якія можна ўстаць каленамі, каб пастава была больш бяспечнай.
  • У самы гарачы час сутак неабходна знізіць актыўнасць — да поўнага выключэння фізічных нагрузак. Ды і раніцай, і пасля 16.30 беражыце ад абгарання твар, шыю, рукі. У дапамогу — шыракаполыя капелюшы, сонцаахоўны крэм, натуральнае адзенне з доўгімі рукавамі. Абавязкова выконвайце пітны рэжым, асабліва калі працуеце ў парніку або цяпліцы. Памятайце: для людзей з артэрыяльнай гіпертэнзіяй работы ў цяпліцы ў гарачы час сутак проціпаказаны. Выконваць іх можна толькі раніцай (вельмі ранняй) або пасля заходу сонца, папярэджвае Людміла Жылевіч.
  • На агародзе раз-пораз даводзіцца пераносіць цяжкія прадметы. Вынікам перанапружання могуць стаць спазмы мышцаў, ушчамленне нервовых канчаткаў, болі ў шыі і спіне. Размяркоўваем нагрузку на абедзве паловы цела: груз лепш раўнамерна раскласці ў два вядры і ўзяць іх у абедзве рукі. Падымаючы цяжкае з зямлі, цягнем не спінай, а разгінаючы злёгку сагнутыя калені. А наогул лепш скарыстацца тачкай.
  • Фізічную нагрузку, якой патрабуе праца на асабістым прысядзібным або дачным участку, фізіёлагі называюць адной з найбольш карысных. Але, як любая фізічная нагрузка, яна патрабуе размінкі. Перад працоўнай актыўнасцю на градках раніцай зрабіце комплекс павольных, нескладаных практыкаванняў на шыю, плечавы пояс, паясніцу. Разамніце рукі і ногі. Так вы знізіце рызыку атрымання траўмаў.

Жыццёва важна

Найважнейшае пытанне — аптэчка, якую трэба ўзяць у «домік у вёсцы».

— Людзі, якія прымаюць базавую тэрапію, павінны паклапаціцца пра сябе загадзя. Вы ведаеце, на які тэрмін адбываеце на «летні сезон», і на гэты час маеце права выпісаць лекавыя прэпараты, якія прымаеце ў сувязі з хранічнымі захворваннямі, — адзначае Людміла Жылевіч. — Іх дастатковы запас павінен быць у вас у аптэчцы. Таксама абавязковыя прэпараты экстраннай дапамогі. Часцей за ўсё такія выпадкі звязаны з гіпертанічным крызам, праблемамі са страваваннем, прастудай. Нельга забываць і пра перавязачныя матэрыялы.

Мы ў адказе

І, нарэшце, рэкамендацыі тым, хто ў адказе за састарэлых сваякоў.

Кожны цёплы сезон ратавальнікі шукаюць пажылых людзей, якія заблукалі ў лесе. Між тым пазбегнуць гэтай праблемы — у вашых сілах.

Заўважыўшы, што пажылы чалавек губляецца ў незнаёмай абстаноўцы, першыя паходы па «прагулачным» маршруце ў новым месцы прайдзіце разам з ім. Паглядзіце, дзе будуць прыпынкі, каб ён мог перадыхнуць у цяньку, калі будзе шпацыраваць тут адзін.

— Калі вашы пажылыя сваякі ўжо недастаткова талерантныя да нагрузак, важна прадугледзець для іх магчымасць прысесці падчас прагулкі. Гэта можа быць хоць бы дыванок, які трэба даць ім з сабой, — кажа галоўны герыятр.

Важна, каб на прагулцы ў лесе ў пажылога чалавека ў кішэні заўсёды былі прэпараты экстраннай дапамогі (напрыклад, нітрагліцэрын, каптапрыл), засяроджвае ўвагу суразмоўніца. Прасачыце таксама, каб яго адзенне было зручным і каб ён узяў з сабой пітную ваду і лёгкі перакус. Усё гэта лепш скласці ў заплечнік: так рукі будуць вольныя.

У людзей, старэйшых за 75 гадоў, абавязкова павінна быць з сабой інфармацыя пра іх: прозвішча, імя і імя па бацьку, адрас, тэлефоны сваякоў. Лепш, каб гэта было на папяровым носьбіце ў непрамакальным файле — тэлефон можа разрадзіцца.

Адпускаючы пажылога блізкага ў грыбы, ягады або проста на шпацыр, наладзьце GPS-навігацыю. Раннія праявы дэменцыі ў звыклай абстаноўцы часцяком пра сябе не заяўляюць, але, апынуўшыся ў незнаёмым месцы, пажылы чалавек атрымлівае стрэс, з якім можа не справіцца.

— Чалавек з пачатковымі праявамі дэменцыі можа блукаць па лесе ў пошуках зрокава знаёмага месца і праходзіць вялікія адлегласці, рабіць нечаканыя павароты. Прадбачыць, дзе ён апынецца, вы не зможаце, — тлумачыць Людміла Жылевіч. — І тут дапаможа GPS-навігацыя.

Урач адзначае, што новае асяроддзе абвастрае праявы дэменцыі, таму лепш узяць некалькі адгулаў на працы і правесці гэтыя дні разам з пажылым чалавекам на дачы ці ў вёсцы (калі ён прыязджае туды толькі на лета), каб дапамагчы яму адаптавацца да абстаноўкі, ад якой ён адвык.

Пакідаючы састарэлых бацькоў на дачы, пераканайцеся, што ў іх дастаткова вады. Калі гаворка аб калодзежы, нанасіце вады — не думайце, што пажылы чалавек зможа зрабіць гэта сам. Зразумела, напоўніце халадзільнік. І адрэгулюйце пытанне, як ён будзе гатаваць і падаграваць ежу.

— Часам у людзей ва ўзросце 75—80 гадоў падае сіла кісці рукі і яны не могуць запаліць газ, — кажа суразмоўніца. — Асабліва калі ў аўтазажыгалкі тугі «курок»: яе трэба замяніць на тую, якой пажылы чалавек зможа карыстацца. Некаторыя выходзяць са становішча, набываючы электрапліткі. Словам, важна прадумаць, як зрабіць асяроддзе пражывання бяспечным.

На прыродзе даводзіцца больш рухацца: варта паклапаціцца і пра кіёк. Калі ёсць праблемы з галавакружэннем, апорна-рухальным апаратам, хуткай стамляльнасцю, магчыма, патрэбныя нават хадункі. Бо падзенне ў старэчым узросце звычайна суправаджаецца сур'ёзнымі траўмамі.

— Часам пажылыя людзі здольныя перасоўвацца па сваім двары і гародзе, але не ў сілах, напрыклад, дайсці да аўталаўкі. Хадункі на колцах дапамогуць ім заставацца мабільнымі (дарэчы, на іх можна нават прысесці, стаміўшыся). У многіх выпадках у нашай краіне гэтыя сродкі перамяшчэння выдаюцца бясплатна.

Пакідаючы чалавека сталага ўзросту аднаго на тыдзень, важна паведаміць пра гэта суседзям, а ў яго тэлефон запісаць усяго некалькі нумароў — дапусцім, ваш і «хуткай дапамогі» (можна наладзіць функцыю хуткага набору). З'язджаючы, праверце ўсе «пункты бяспекі» — укамплектаванасць аптэчкі, «жыццяздольнасць» батарэі тэлефона, наяўнасць капелюшоў ад сонца і сродкаў ад камароў і кляшчоў. Усё вышэйназванае трэба адсочваць у кожны прыезд. А ў вашу адсутнасць — падтрымліваць штодзённую тэлефонную сувязь.

— Няхай у пажылога чалавека будзе нататнік, куды ён запіша ўсё, што павінен сказаць пры стэлефанаванні, — раіць Людміла Жылевіч. — Здараецца, людзі «ва ўзросце» забываюць агучыць важныя рэчы. А нататкі дапамогуць ім не забыцца паведаміць вам, напрыклад, што ў іх скончыліся пэўныя таблеткі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.