Вы тут

У Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» незвычайнае выстава — «Крылы натхнення»


Арт-гасцёўня «Высокае мѣста» — з тых галерэй, якія не вельмі гучна пра сябе заяўляюць, аднак заўсёды знаходзяць, чым здзівіць патрабавальнага гледача. Выставачная прастора прываблівае найперш разнастайнасцю відаў і напрамкаў мастацтва. Сярод праектаў, якія размяшчаліся ў сценах арт-гасцёўні апошнім часам, — калектыўная выстаўка керамічнай скульптуры «TERRA COTTA» (у рамках V трыенале дэкаратыўнага мастацтва «Дэкарт-22»), персанальная выстаўка графікі «Паміж Сцылай і Харыбдай» Юрыя Якавенкі, персанальная экспазіцыя жывапісу «Чэрыкаўскія краявіды» Аляксандра Матвеенкі. Зараз гледачоў чакаюць на выстаўку лямцу і графікі Карыны Волкавай і Ганны Сталяровай «Крылы натхнення», якая будзе працаваць да 2 ліпеня.


Карына Волкава «Вясковыя травы», 2020 г.

Адразу ж хочацца звярнуць увагу на назву выстаўкі. Словазлучэнне «крылы натхнення», як падаецца, даўно перайшло ў разрад непажаданых, негалосна забароненых для выкарыстання не толькі ў найменнях твораў, але тым больш у назвах выставачных праектаў. Гэта хоць зусім невялічкая, але лыжка дзёгцю ў бочцы мёду, якая, вядома, не здольна сапсаваць уражанне ад знаёмства з выстаўкай, але ў сілах адпудзіць гледача, не знаёмага з мастакамі, якія дэманструюць свае творы.

З іншага боку, адлюстраваць у словазлучэнні ці кароткім сказе памкненні двух аўтараў, тэматычны абсяг ці ідэйную накіраванасць іх твораў складана, але магчыма. Дарэчы, Карына Волкава і Ганна Сталярова далі падказкі: назвы многіх работ даволі мілагучныя і скіроўваюць да думкі аб паэтычных спробах аўтараў, а часам мастачкі наўпрост звяртаюцца да літаратуры, напрыклад, у так званых «арт-хоку». Чым не нагода натхніцца? І тут азарэнне: а калі на назве выставачнага праекта настойвалі самі аўтары? Для «ЛіМа» дала тлумачэнне адна з удзельніц Карына Волкава: «Назва нараджалася калектыўна год таму, і першапачаткова яна гучала на беларускай мове — “Крылы натхнення”. Мы, калегі і сяброўкі, працуем з адным і тым жа матэрыялам, але ў розным выкананні, і тады, на наш погляд, назва аб’ядноўвала нас. У праекце першапачаткова павінна было ўдзельнічаць чатыры чалавекі, але па жыццёвых абставінах засталіся мы ўдзвюх. Давялося мяняць канцэпцыю, прычым вельмі хутка. Таму мала ўвагі надалі назве. Гэта, дарэчы, для мяне вельмі няпростая частка работы — назва твораў ці выставак».

Калектыўная работа «Вобразы», 2016 г.

У экспазіцыі «Крылы натхнення» прадстаўлена болей як 60 карцін з лямцу і графічных работ дзвюх мастачак, але, што тычыцца колькасці, істотная перавага на баку Карыны Волкавай, мастачкі-дызайнера па тэкстылі. Многія яе работы створаны з выкарыстаннем лямцу. Гэта від непрадзенага і нятканага тэкстылю з натуральнай воўны, а валянне лямцу — адна з самых старажытных тэхнік стварэння ваўняных вырабаў. Мастацтва гэтае патрабуе сканцэнтраванасці, няспешнасці, паглыбленасці ў матэрыял.

Як адзначае Карына Волкава, творчасць для яе — і медытацыя, і эксперымент, а галоўнае — магчымасць трансфармаваць унутраны, нематэрыяльны, свет у фізічны, своеасаблівая псіхатэрапія: пабыць сам-насам з сабой, адчуць сапраўдную свабоду. Такім чынам, натуральны тэкстыль пераўтвараецца ў надзейнага памочніка. Усё ж графіка, якой Карына Волкава таксама займаецца, болей маўклівы і лаканічны від выяўленчага мастацтва. «Ведаю дакладна, што ёсць людзі, якія нават не ўяўляюць, што з лямцу можна ствараць карціны ці арт-аб’екты, іх гэта здзіўляе. Разумею, што ёсць тыя, хто скептычна да яго ставіцца з-за мінулага досведу. Але насамрэч лямец — вельмі шматгранны матэрыял, пластычны, з ім можна эксперыментаваць, хоць ён вельмі працаёмкі. А яшчэ экалагічны і цёплы, з вялікай і багатай гісторыяй. Маса спосабаў яго прымянення! Часам пытаюся ў сябе, чаму кожны раз вяртаюся да гэтага матэрыялу. Напэўна, ён нагадвае нешта з дзяцінства, калі бабуля вучыла вязаць. Неўсвядомлена, тактыльна ў мяне ўбудавалася любоў да воўны і натуральных матэрыялаў, напоўненых жывой энергіяй. Мяркую, госця выстаўкі зацікавіць, як мінімум, іншае прачытанне матэрыялу, яго дзіўнасць», — адзначае мастачка.

Ганна Сталярова «Зімовая песня», 2022 г.

У кожнай рабоце — адлюстраванне асабістай рэальнасці, для кагосьці вельмі чужой. Аднак сумневы, няўпэўненасць і пераадоленне страхаў, поспех, радасць і любоў, аб якіх разважае Карына Волкава, — ці могуць яны пакінуць абыякавым? Натуральна, у такім выпадку мастацтва становіцца шляхам даследавання сябе, развіцця здольнасцей і магчымасцей аўтара. Аднак і глядач не застанецца ўбаку — інтымнасць, глыбока асабістыя перажыванні выяўляюць шчырага мастака і тым самым захапляюць чалавека, які з ім апасродкавана знаёміцца.

Карына Волкава натхняецца прыродай. Між тым у экспазіцыі амаль адсутнічаюць традыцыйныя для еўрапейскага мастацтва пейзажы, стэрэатыпныя нацюрморты ці анімалістычныя сюжэты. Тут відавочны ўплыў Усходу, дзе толькі намёк на галінку дрэва нараджае безліч асацыяцый і трактовак. Так, многія творы мастачкі можна аднесці да мінімалістычнай і колеравай абстракцыі, аднак большасць — гэта ўсё ж паўрэалістычныя кампазіцыі, дзе ўгадваецца прадмет. Як правіла, галоўнай крыніцай творчасці для аўтара з’яўляецца расліннасць — дрэвы ці трава. Натуральна, гэта не канстатацыя факта, а імкненне перадаць стан, настрой. Пра гэта кажа найперш серыя «Стан прыроды», вельмі адметная сваімі каларыстычнымі рашэннямі і няўлоўным пошукам кампазіцыі, які, здаецца, працягваецца на вачах назіральніка.

Часам мастачка назірае за наваколлем нібы з абмежаванай нечым прасторы, напрыклад, з акенца ці з-за дзвярэй (нельга не згадаць красамоўныя «Дзверы», 2020): уплывае на такое адчуванне найперш выбраная ў якасці ключавой кампазіцыя (а для яе характэрны сціпласць, лаканічнасць, адсутнасць кантэксту), аднак справа тут і ў светаадчуванні творцы. Абстрагаванасць ад наваколля, адасобленасць, амаль поўная адсутнасць людзей у сюжэтах, сканцэнтраванасць на нечым недаўгавечным, кволым і безабаронным, што ёсць у прыродзе. Гэта асаблівы свет, які адчуваннем шчырай радасці нагадвае дзяцінства, хоць, здавалася б, прамых адсылак зусім няшмат.

Работ Ганны Сталяровай у экспазіцыі значна менш толькі па адной прычыне — яна стварае карціны адносна нядаўна. Раней працавала з лямцам, але рабіла адзенне, аксесуары. «Матэрыял ведаю і ўдзел у праекце разгледзела як новую цікавую магчымасць. А з-за таго, што вучуся маляваць, адбылося сумяшчэнне мэт — стварыць твор з дапамогай візуальных выяў і ў лямцы, такім незвычайным, нестандартным, але ўсё ж знаёмым матэрыяле», — расказвае Ганна Сталярова, для якой сёння галоўнае — пошук сэнсаў і атрыманне задавальнення ад працэсу і выніку.

Карына Волкава «Кроплі», 2016 г.

Вядома, матэрыял — толькі сродак творцы. Але калі разважаць пра ступень майстэрства, відавочная залежнасць ад працягласці працы з вызначаным матэрыялам. «Думаю, лямец адназначна цікавы. Ён прываблівае натуральнасцю, дзівіць фактурамі. З ім прыемна працаваць, таму што матэрыялы натуральныя: воўна, шоўк, віскоза. Да воўны падыходзяць любыя натуральныя валокны. Гэта нават тактыльна прыемна», — адзначае Ганна Сталярова.

Работы мастачкі даволі насычаныя, напоўненыя яркімі колерамі. Сустракаюцца і чорна-белыя кампазіцыі, што таксама скіроўвае на думку пра цікавыя стасункі аўтара з колерам. Бясспрэчна, з дапамогай колеру любы мастак імкнецца перадаць настрой, стан, а таксама стаўленне да гісторыі, якую жадае расказаць. Гісторыя — найбольш дакладнае вызначэнне, што характарызуе творчасць Ганны Сталяровай. Наяўнасць сюжэта, тонкі псіхалагізм, стройная кампазіцыя зазвычай абумоўліваюць прыязнае стаўленне гледача да аўтара. Шчыры дыялог без хітрыкаў, хоць і не наўпрост.

Між тым, у адрозненне ад калегі, Ганна Сталярова ў сваіх творах вельмі неабыякавая да людзей. Пытанне ў тым, гэта разважанні пра навакольны свет ці гэта проста спосаб самааналізу? «Погляд на свет суб’ектыўны, таму ў любой гісторыі ёсць той, хто глядзіць і інтэрпрэтуе. Мае работы трансліруюць мой погляд на жыццё, адназначна расказваюць пра мяне». Такім чынам, мастачка прапануе гледачу свае пошукі сэнсаў, апісаныя з дапамогай візуальных вобразаў. Яе сэнс жыцця — гэта пошук сэнсу.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.