Вы тут

Чым прывабны Слаўгарад і якая ў яго разыначка — расказвае Андрэй Кажамякін


27 мая, адзін з самых старажытных гарадоў Магілёўскай вобласці — Слаўгарад (у мінулым Прапошаск) адзначае свой дзень нараджэння. Апошнім часам горад прыкметна папрыгажэў, з'явіліся цікавыя малыя архітэктурныя формы з адсылам у яго гістарычнае мінулае. Пра тое, чым прывабны гэты населены пункт і ў чым яго разыначка, — у размове са старшынёй Слаўгарадскага райвыканкама Андрэем Кажамякіным.


— Гораду з амаль 900-гадовай гісторыяй ёсць чым ганарыцца і што паказаць. На ваш погляд, чым адметны сённяшні Слаўгарад?

— У цэлым Слаўгарад — горад сімпатычны, кампактны. Колькасць насельніцтва за апошнія 10 гадоў не падае, сёння тут пражывае 8,5 тысячы чалавек. І моладзі шмат. За апошнія некалькі гадоў вырас цэлы новы мікрараён, які так і называецца — Маладзёжны. Там будуецца жыллё для маладых сямей, адкрыўся новы дзіцячы садок.

Наогул, калі ўязджаеш у райцэнтр з боку гомельскай трасы, горад уражвае сваімі новымі пабудовамі, цікавымі архітэктурнымі формамі. Апошнім часам адбылася мадэрнізацыя цэнтральнай раённай бальніцы, абноўлены Дом культуры, хутка будзе здадзена ў эксплуатацыю цалкам адбудаванае наноў пажарнае дэпо.

У другім канцы горада знаходзіцца папулярнае ў насельніцтва Маладзёжнае возера, дзе можна пакатацца на лодках і катамаранах. Вакол яго добраўпарадкаваныя дарожкі, па якіх гуляюць маладыя маці з каляскамі, займаюцца спортам аматары бегу і скандынаўскай хады.

Наогул, дзяржавай шмат чаго робіцца для людзей, ствараюцца ўмовы для працы і адпачынку. Сёлета пачынаем праектаванне і плануем у наступным годзе пабудаваць басейн на базе слаўгарадскай школы № 1. Гэта будзе вялікі падарунак усім слаўгарадчанам, бо людзі ўжо даўно звяртаюцца да нас з просьбай адкрыць такі аб'ект. Робім капітальны рамонт Васькавіцкай школы. Падчас яго будуць мадэрнізаваныя памяшканні, абновіцца фасад, зроблена добраўпарадкаванне. Работы на аб'екце праводзіць слаўгарадскае ПМК № 274. Сёлета ў горадзе з'явяцца дзве новыя дзіцячыя пляцоўкі — з вулічнымі трэнажорамі на вуліцы Калініна і на вуліцы Ленінскай каля музычнай школы.

Гонар раёна — прадпрыемства «Чырвоны харчавік-Слаўгарад», якое сёння забяспечвае людзей работай і выпускае канкурэнтаздольную прадукцыю. Тут створана 96 працоўных месцаў. Летась на прадпрыемстве адкрылася новая пляцоўка па выпуску мармеладу. На сёння прадпрыемства выпускае каля 46 найменняў прадукцыі. Каля 80 % яе ідзе на ўнутраны рынак і каля 15 % — на экспарт. Гэта ў асноўным рэгіёны Расіі, у меншых аб'ёмах — Казахстан, Малдова, Таджыкістан, Узбекістан.

На прадпрыемстве працуе шмат маладых спецыялістаў, прычым на кіруючых пасадах — начальнік лабараторыі, галоўны інжынер, галоўны тэхнолаг і гэтак далей. Гэта маладыя людзі, якія прыйшлі сюды, калі прадпрыемства толькі адкрывалася, і засталіся. Яны, лічы, развіваліся з гэтым прадпрыемствам і парадніліся з ім. Там устаноўлена новае перадавое абсталяванне, работа на якім патрабуе спецыяльных ведаў. А моладзі цікавы новыя тэхналогіі. Распрацоўваецца турыстычны маршрут з наведваннем гэтага прадпрыемства.

— Слаўгарадскі раён славіцца сваёй Блакітнай крыніцай, гістарычным комплексам часоў Паўночнай вайны пад Лясной, цудоўным помнікам архітэктуры XVІІІ стагоддзя непасрэдна ў Слаўгарадзе — храмам Раства Прасвятой Багародзіцы. Якія яшчэ цікавыя месцы прывабліваюць сюды турыстаў?

— Сапраўды, Слаўгарадскі раён багаты гісторыяй. Сёння мы ўшчыльную працуем над яшчэ адным унікальным месцам Слаўгарада — яго старадаўнім паркам, які памятае князя Аляксандра Галіцына — яму ў 1774 годзе перадала ў валоданне Прапойскае стараства расійская імператрыца Кацярына ІІ. Прыводзім у належны выгляд вуліцу Луначарскага, якая вядзе да Сожа і на якой знаходзіцца адзін з уваходаў у парк. Мяняем светлавыя апоры, робім тратуар, пад'езды для транспарту. Пляцоўка над Сожам, якой заканчваецца гэта вуліца, адкрывае маляўнічы від на наваколле. Туды мы плануем у будучыні прывозіць турыстаў, каб паказаць усе адметныя мясціны старадаўняга парку. Магілёўскі будаўнічы каледж па нашай заяве распрацаваў канцэпцыю добраўпарадкавання Замкавай гары. Праект складаецца з гістарычнай часткі і мемарыяльнай. На тэрыторыі Замкавай гары знаходзіцца адно са значных воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. У брацкай магіле ляжыць болей чым тысяча савецкіх салдат і камандзіраў. І гэтае месца будзе адпаведна аформлена.

Што датычыцца гістарычнай часткі праекта, то тут таксама прапануецца шмат цікавага. Размова ідзе пра пляцоўку, дзе знаходзіўся старадаўні замак. У адпаведнасці з праектам, у гэтым куточку парку з'явіцца ратонда накшталт знакамітай у Еўпаторыі.

Ёсць планы і на верхнюю частку парку, дзе раней знаходзілася танцпляцоўка. Збіраемся стварыць там умовы для цікавага і карыснага адпачынку дзяцей і маладых маці, каб ім было дзе з каляскамі гуляць у спякотны летні дзень. Сёлета ў парку былі пасаджаны дадатковыя дрэвы. Будзем працаваць над тым, каб слаўгарадскі парк стаў яшчэ адным цікавым месцам Слаўгарадчыны. З часам з'явіцца новы цікавы турыстычны маршрут па горадзе з наведваннем мемарыяльнага комплексу, гістарычнай замкавай пляцоўкі, месца адпачынку на беразе Сожа пад назвай «Млын», храма, дзе захаваліся маляўнічыя фрэскі на біблейскую тэму, кавярні са смачнай слаўгарадскай кухняй. Па працягласці гэта даволі вялікі маршрут, але ён з поспехам можа стаць веласіпедным.

Развіваем адразу некалькі відаў турызму: гастранамічны, паломніцкі, паляўнічы, ваенна-гістарычны, экалагічны. Дапамагаюць нашы аграсядзібы: «Сырная», «Міхайлова», «Пчалінае царства», «Свет кветак», «Хутарок» і іншыя. Шмат хто запрашае на майстар-класы па сыраварэнні, прыгатаванні страў беларускай і рускай кухні, вырабу свечак, выкатцы мёду і гэтак далей. Сёння ў раёне каля 40 дамашніх гаспадарак ажыццяўляюць вытворчасць сыру для сябе і на рэалізацыю. А такі спажывецкі кааператыў, як «Гіжэнскі аграрый», аб'ядноўвае 14 сыравараў раёна. Дамашняе сыраварэнне — брэнд Слаўгарадскага раёна. Да паслуг турыстаў, якім цікава наведаць наш раён, — гасцініца, база адпачынку непадалёк ад знакамітай Блакітнай крыніцы. Яна знаходзіцца на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Слаўгарадскі» і можа адначасова прыняць 24 чалавекі. У заказніку створана ўся неабходная інфраструктура для рэалізацыі экалагічнага турызму: абсталяваныя турыстычныя стаянкі, кемпінгавыя пляцоўкі, веласіпедныя маршруты, экалагічная сцяжынка.

— Слаўгарадскі раён лічыцца сельскагаспадарчым. На чым робіце акцэнт у рабоце?

— У сельскай гаспадарцы робім стаўку на кармы. Сеем кукурузу, люцэрну, канюшыну, прамежкавыя культуры — робім усё для таго, каб нарыхтаваць добрыя кармы і забяспечыць жывёлагадоўлю. Раслінаводства заўсёды працуе на жывёлагадоўлю, таму паляпшаем кармавыя ўгоддзі, структуру ў датычнасці да бабовых культур, будуем сянажныя траншэі для паляпшэння захаванасці кармоў. Дзякуй дзяржаве, вельмі нам дапамагае працаваць праграма па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Сёлета набылі тры новыя дзевяціметровыя сеялкі, і карысць ад іх ужо відаць. Новы трактар, новыя сеялкі, сістэма падрульвання, так званы аўтапілот — усё гэта значна аблягчае цяжкую працу механізатара. Кармавую базу будзем пашыраць і паляпшаць, каб паўплываць на захаванасць жывёлы і яе прадукцыйнасць.

— Дзякуй за цікавую размову. І са Святам горада!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.