Вы тут

Фестываль «Арт-Мінск-2023»: у пошуку новых імёнаў


Звычайна гэта была задача мастацкага праекта «Восеньскі салон», у той час як «Арт-Мінск» больш здаваўся своеасаблівым мастацкім майстар-класам. І сапраўды, цяпер у Палацы мастацтва можна пабачыць творы знаных майстроў — Зоі Літвінавай, Валерыя Славука, Рыгора Несцерава, Валянціна Губарава, Уладзіміра Зінкевіча... Ёсць і маладзейшыя, але ўжо пазнавальныя аўтары.


Калі публіка дружна рушыла па лесвіцы на другі паверх, дзе звычайна адбываюцца ўрачыстасці, адна дзяўчына гучна абвясціла: «Алеся Скарабагатая». Яе творы, як і шэрагу аўтараў — прадстаўнікоў больш маладога пакалення, пазнаюцца адразу — дзякуючы вялікім праектам, дзе яны выстаўляліся ў папярэднія гады. І дзеля такіх сустрэч з мастакамі, эвалюцыю якіх хочацца назіраць у тым ліку і на фестывалі «Арт-Мінск», ідзе сюды публіка.

Столькі гледачоў сабралося на адкрыццё, што адразу зразумела: штогадовы фестываль, які сёлета адбываецца ў шосты раз, за час свайго існавання зрабіў важную справу падрыхтоўкі публікі да ўспрымання мастацтва. Багата людзей, якія хочуць як гледачы асабіста ўдзельнічаць у значнай мастацкай падзеі. Яны чакаюць гэтай сустрэчы з мастацтвам, шукаюць яго…

У Палацы мастацтва вялікая экспазіцыя і адмысловыя праекты фестывалю занялі ўсе залы. У асноўным — жывапіс, ёсць графіка, творы, выкананыя ў змяшаных тэхніках, фотаработы, скульптура, асобныя арт-аб’екты ды інсталяцыі... Хадзіць па выставе можна не проста з любоўю да мастацтва, але і з жаданнем набыць творы: ля работ змешчаны этыкеткі з QR-кодам, калі хто зацікавіцца аўтарам і магчымым коштам. Але і для тых, хто аддае перавагу разгляду прац у выставачных залах, ёсць занятак: можна прагаласаваць за аўтара, які спадабаўся найбольш. Пасля мастакі, упадабаныя гледачамі, атрымаюць дыпломы і прызы партнёраў праекта.

Сёлета на фестывалі «Арт-Мінск» прадстаўлена больш за 485 работ 207 мастакоў самых розных накірункаў, стыляў, відаў і жанраў мастацтва. І шмат імёнаў гледачы адкрыюць для сябе ўпершыню.

— Здзейсніўся вялікі творчы праект, які доўга рыхтаваўся. І калі адчыніліся дзверы, мне захацелася сказаць: «Ура, атрымалася...» — адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Атрымалася дзякуючы таму, што ў нас ёсць выдатны куратар Аляксандр Зінкевіч, які прыклаў шмат намаганняў, каб гэты праект адбыўся. Я радуюся таму, што БСМ заўсёды падтрымлівае гэты праект, які праходзіць шосты раз на пляцоўцы Палаца мастацтва і кожны раз набывае новыя рысы. Сёлета тут даволі шмат новых мастакоў. Гэта зрэз сучаснага мастацтва Беларусі і стану культуры, які ёсць зараз. Тое, пра што мы хочам гаварыць, што нам падабаецца ці не падабаецца, тое, наконт чаго мы хочам паспрачацца, заўсёды ёсць на гэтай выстаўцы. Я думаю, што ў гледачоў застанецца вялікае поле для разваг: што ёсць мастацтва сёння, у 2023 годзе.

І час для разваг ёсць: фестываль будзе доўжыцца да 18 чэрвеня. Публіка больш абазнаная і зацікаўленая будзе сапраўды разважаць пра стан і тэндэнцыі: у якім накірунку ідзе мастацтва ў сучаснай Беларусі. Гледачы, якія хочуць культурнага баўлення вольнага часу, змогуць пабачыць розныя тэхнікі і кірункі, ад традыцыйных да эксперыментальных, якія развіваюцца і захапляюць нашых маладых аўтараў. А тыя, хто хоча суперсучаснасці ХХІ стагоддзя, могуць «завіснуць» ў залі № 2, дзе размешчаны праект «Піксель», які падрыхтавала куратар Кацярына Янкоўская. Цікава, наколькі вобразы, народжаныя маладымі аўтарамі на тэму лічбавізацыі жыцця, крануць тых, хто гэтым непасрэдна займаецца?.. А для тых, каму патрэбныя асаблівыя ўмовы для засяроджанасці, таксама падрыхтавана адмысловая зона: праект «Пакой роздумаў» — у дзень адкрыцця ля яго нават стаяла чарга!.. 

Якое ў нас мастацтва цяпер, якім яно будзе — гэта, магчыма, не самыя надзённыя пытанні. Але паказальныя: бо мастацтва дае адчуванне жыцця. Але трэба разумець, што гэта не ўсё, што мы маем у мастацтве. Гэта тое, што прайшло на выставу праз сіта вельмі пільнага адбору. На гэта звярнулі ўвагу і арганізатары: мастакі праявілі неверагодную актыўнасць, даслалі больш чым 1200 заявак.

— «Арт-Мінск» — унікальная падзея ў тым ліку таму, што фестываль аб’ядноўвае энергію гледачоў з новымі творамі мастакоў. Гэта вельмі важна для аўтараў і гледачоў, — патлумачыў куратар карпаратыўнай калекцыі «Белгазпромбанка» і куратар «Арт-Мінска» Аляксандр Зінкевіч. — Гэты сінтэз дазволіць творцам працаваць на атрыманых эмоцыях наступны год. Гэта ўнікальная падзея ў жыцці 207 аўтараў, якія сталі ўдзельнікамі фестывалю, — яны атрымаюць неверагодны досвед з пункту гледжання кантактаў з аматарамі мастацтва, паглядзяць з боку на іншых мастакоў. Гэта значны досвед для гледачоў, якія ўбачаць амаль 500 твораў мастацтва і змогуць вылучыць у гэтай прасторы некалькі твораў, якія захаваюць у свядомасці на працяглы час. Кожны раз, калі мы гаворым пра асаблівасці працы над фестывалем, то падкрэсліваем, што не робім падзелу: маўляў, тыя, хто прайшоў праз адбор і патрапіў у экспазіцыю — гэта добра, а тыя, хто не прайшоў, — не. Насамрэч шмат што прастора вызначае. Нават самая вялікая выставачная пляцоўка не ўмяшчае ў сябе ўсе годныя творы мастацтва. І хачу дадаць, што, паколькі дзве нашы значныя мастацкія падзеі ідуць у звязцы, то частка мастакоў, якія дасылалі свае заяўкі на «Арт-Мінск», будуць накіраваныя і на «Восеньскі салон».

Фестываль «Арт-Мінск» прапануе наведвальнікам актыўнасці падчас «Ночы музеяў», каб людзі адкрылі для сябе новыя бакі мастацтва. І няхай так будзе. Можа быць, на сучасным этапе важна мастацкае асветніцтва і далучэнне тых, хто яшчэ не адчуў, што з мастацтвам лепш і цікавей, чым без яго. А далей ужо будуць размовы пра тое, што добра (і чаму), а да чаго (і да каго) трэба яшчэ ўзнімацца, якімі шляхамі да гэтага ісці. Важна, калі наогул ёсць пра што размаўляць.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.