Дапытлівасць дзяцей праяўляецца з самага ранняга ўзросту. І чым старэйшае дзіця, тым больш яно праяўляе цікавасць да ўсяго навокал. Дзякуючы дапытлівасці новая інфармацыя засвойваецца лягчэй і хутчэй. Аднак ёсць і іншы бок медаля. Цікаўнасць можа прывесці да сур’ёзных дзіцячых траўм.
Статыстыка: 80% траўм дзяцей малодшага ўзросту — бытавыя.
Спіс “гарачых кропак”:
Бытавыя прыборы
Увагу маленькіх дзяцей прыцягваюць новыя цацкі і незнаёмыя прадметы. Часам бацькі, не задумваючыся, даюць у рукі малому рэчы, якія не прызначаныя для таго, каб з імі гуляць.
- Абмяжуйце кантакт дзіцяці з бытавой тэхнікай.
- Не пакідайце дзіця без нагляду ў пакоі, дзе працуюць бытавая тэхніка або электрычныя прыборы.
- Увесь час будзьце побач з дзіцем, не пакідайце яго без нагляду.
- Падумайце, што можа ўяўляць небяспеку ў пакоі, дзе найбольш бавіце час з дзіцем, і прыбярыце гэтыя прадметы.
- Не дазваляйце гуляць дзіцяці са спартыўнымі снарадамі.
Атручванне
- Прыбярыце з зоны доступу малога ўсе небяспечныя вадкасці (воцат, атруту, растваральнікі і г. д.).
- Знаходзячыся ў гасцях, не пакідайце дзіця без нагляду, не спадзявайцеся на іншых; калі вы ўбачылі, што нешта можа быць небяспечным для малога — прыбярыце ў недаступнае для дзіцяці месца.
Апёкі
- Не стаўце на край стала (пліты) кубкі з гарачай гарбатай, талеркі з супам, рондалі і патэльні, таму што дзіця можа перакуліць гэта на сябе.
- Калі вы сядзіце за сталом і трымаеце на руках дзіця, будзьце ўдвая асцярожныя, маляня можа пацягнуць на сябе абрус ці схапіць тое, што знаходзіцца ў зоне яго доступу.
- Дзіця не павінна знаходзіцца блізка ля вогнішча, калі вы адпачываеце на прыродзе.
- Трымайце дзяцей далей ад гарачай пліты і іншых награвальных прыбораў.
- Адкручвайце ручкі газавых пліт, каб дзеці не маглі ўключыць газ.
- Трымайце дзяцей далей ад адкрытага агню, полымя свечкі, камінаў.
- Хавайце ад дзяцей лёгкаўзгаральныя вадкасці, запалкі, свечкі, запальніцы, бенгальскія агні і іншую піратэхнічную прадукцыю.
- Прыбярыце з зоны доступу дзіцяці бытавую хімію, парфумерыю, касметыку, медыкаменты, колючыя і рэжучыя прадметы, дробныя прадметы (гузікі, сашчэпкі, манеты).
Падзенне з вокнаў, балконаў
- Пастаўце на вокны спецыяльныя заглушкі, каб дзіця не магло адкрыць акно;
- Трымаючы дзіця на руках, не стаўце яго на падаконнік, не прыцягвайце лішні раз увагу дзіцяці да акна;
- Адсуньце прадметы мэблі ад вокнаў, каб дзіця не магло ўзлезці на падаконнік;
- Праветрывайце памяшканне тады, калі адпраўляецеся з дзіцем гуляць на вуліцу. Вярнуўшыся дадому, адразу ж зачыняйце вокны.
- Выкарыстоўвайце здымныя ручкі, спецыяльныя замкі, блакатары вокнаў, балконных дзвярэй.
Вострыя куты
У памяшканні дзіця атачае вялікая колькасць вострых кутоў: сталы, паліцы, тумбачкі, дзверцы. Змякчыць удар аб кут цвёрдага прадмета дапамогуць спецыяльныя пластыкавыя накладкі. Мацуюцца яны двухбаковым скотчам, зручныя ў выкарыстанні.
Калі біць трывогу, калі дзіця стукнулася галавой?
Неабходна выклікаць хуткую дапамогу, калі пасля падзення і ўдару галавой дзіця траціць прытомнасць, яго ванітуе, пачынаюцца сутаргі.
Па статыстыцы, у дзіцячым узросце падаюць з вышыні каля 40 % дзяцей, але, на шчасце, прырода паклапацілася пра малых і надзяліла іх «запасам трываласці» у выглядзе мяккіх швоў паміж косткамі чэрапа. Таму толькі 1,5 % выпадкаў падзення з вышыні маюць цяжкія наступствы.
Парады для бацькоў:
- Калі ў вас дзіця дашкольнага ўзросту, глядзіце з ім мультфільмы па бяспецы, чытайце кнігі;
- Прагаворвайце правілы бяспекі, калі адводзіце ў садок, прыводзьце прыклады, параўноўвайце сітуацыі з жыцця з казачнымі героямі, рабіце разам высновы.
- Давайце дзіцяці школьнага ўзросту самастойнасць, але разумна кантралюйце яго.
- Заўсёды нагадвайце дзецям правілы бяспекі перад пачаткам канікулаў, асабліва летніх, бо колькасць траўм менавіта ў гэты перыяд часу павялічваецца.
Асноўнай прычынай дзіцячага траўматызму з’яўляецца адсутнасць неабходнага кантролю з боку бацькоў. Але галоўная задача дарослых — стварыць абсалютную бяспеку, і тым самым пазбавіцца ад любой неапраўданай рызыкі. Развіццё інтарэсаў дзяцей у раннім узросце трэба трымаць пад кантролем.
Перыяд найбольшай рызыкі — да 5-6 гадоў, перыяд, калі малы не разумее наступстваў сваіх учынкаў.
Навучыце дзіця карыстацца тэлефонам, каб пры неабходнасці яно магло патэлефанаваць у службы экстранай дапамогі.
Алена ШАЎЧЭНКА
Фота pexels.com