Прыгожая сукенка здольна палепшыць настрой, нават падняць самаацэнку, выклікаць да жанчыны цікавасць, стаць «выратавальным колам» пасля растання.
Праўда, аблічча нашай сучасніцы ўжо складана ўявіць без рэчаў, запазычаных з мужчынскага гардэроба. Але прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ў сваёй большасці не адмаўляюцца ад традыцыйна жаночага адзення.
Як у неабсяжным моры рэчаў знайсці «сваю» сукенку, нам расказала дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда.
— На што варта звяртаць увагу пры выбары сукенкі?
— Сукенкі, якая б падышла ўсім жанчынам без выключэння, у прыродзе няма, — перакананая Марына Машэда. — Нават «маленькая чорная», шэдэўр Шанэль, не на ўсіх фігурах будзе глядзецца эфектна. Але ў гардэробе кожнай жанчыны, бясспрэчна, павінна быць сукенка, якая адпавядае яе колератыпу, выдатна сядзіць і здольна выручыць у любой жыццёвай сітуацыі. Пры выбары гэтага прадмета гардэроба трэба кіравацца не столькі моднымі трэндамі, колькі тым, куды мы плануем сукенку апранаць (на работу, у тэатр, на шпацыр у парк і г. д.), і асаблівасцямі складу свайго цела.
Адрозніваюць 5 тыпаў жаночай фігуры:
Многія беларускі імкнуцца візуальна дадаць крыху росту, выцягнуць фігуру. Сучасны трэнд на максі падахвочвае звярнуць увагу на доўгія сукенкі. Актуальныя цяпер разрэзы (спераду, па баках, ззаду) робяць такія мадэлі вельмі жаноцкімі і досыць практычнымі. Калі максі ўжо ёсць у вашым гардэробе, лепш выбіраць сукенку даўжынёй крыху ніжэй калена або да месца звужэння ікраножнай мышцы. Мадэлі даўжынёй па калена візуальна кароцяць постаць.
Аматаркам міні раіла б «дацягнуць» даўжыню хоць бы да сярэдзіны сцягна. У гэтых выпадках для балансу візуальнага ўспрымання фігуры лепш «закрыць» верх, рукі. Пры адкрытай спіне не трэба выразаў спераду. І наадварот. Што да міні, іх часта могуць дазволіць сабе толькі маладыя жанчыны са стройнымі нагамі. На сталых дамах кароткія сукенкі рэдка глядзяцца гарманічна.
— У рэальнай практыцы я не сустракала ўладальніц ідэальных параметраў «90-60-90». Большасці жанчын ёсць што схаваць або ўраўнаважыць, — адзначае Марына Машэда. — Жанчынам з памерам адзення 50+ зусім не абавязкова апранацца толькі ў чорнае, карычневае, цёмна-сіняе. На мой погляд, поўная жанчына ў сукенцы такіх «змрочных» колераў выглядае грувастка. А вось мяккая светлая гама стварае ўражанне лёгкасці.
Шырокія месцы фігуры візуальна паменшаць натуральныя, цялесныя, няяркія адценні, а вузкім і худым дададуць аб’ёму больш светлыя колеры.
Для гарманізацыі каржакаватай і поўнай фігуры лепш адмовіцца ад «дзяленняў» на сектары, пазбягаць паясоў, какетак і г. д.
Візуальна «выцягнуць» фігуру можна не толькі за кошт даўжыні сукенкі, але і дзякуючы малюнку на тканіне. У прыватнасці, дробнаму прынту. Вельмі рамантычна і па-жаноцку глядзяцца сукенкі з віскозы, шоўку ў дробныя кветачкі, гарошак, сэрцайкі. Нават пры вялікіх грудзях, сцёгнах такія мадэлі выгадна глядзяцца на фігуры.
Візуальна дадаюць стройнасці сукенкі з канструктыўна-дэкаратыўнымі або дэкаратыўнымі вертыкальнымі лініямі: плісэ, гофры. Падобны эфект стварае і тканіна ў вертыкальную палоску. Аднак пры памерах 50+ не варта выбіраць сукенкі ў шырокую і кантрасную па колеры палоску.
Сталым жанчынам лепш выбіраць сукенку з рукавом — доўгім, 7/8 або 3/4 — гэта дазволіць схаваць узроставыя змены ў верхняй частцы рук.
Узрост жанчыны часта выдае шыя, таму яе можна прыхаваць за кошт каўняра-стойкі, упрыгожванняў, хусткі.
— Правільна заўважана: французы не хаваюць недахопы — яны падкрэсліваюць добрыя якасці. Кожнай жанчыне трэба звяртаць увагу на свае плюсы, на тое, што ў яе прыгожае, — кажа Марына Машэда. — Калі вам падабаецца ўласная зона дэкальтэ, старайцеся ўпрыгожыць гэтую зону хустачкай, каралямі, кулонам. У вас тонкія арыстакратычныя запясці — абярыце гадзіннік або бранзалеты, якія звернуць на сябе ўвагу. Прыгожая лініяй плячэй — узмацніце эфект з дапамогай аксесуараў, накіньце на сукенку шаль.
Сукенкі-кашулі. Універсальныя і практычныя. Дадатковыя дэталі — какетка, пояс, абшэўкі, кішэні — дазваляюць скарэктаваць недахопы.
Сукенкі з запахам. Таксама могуць выгадна падкрэсліць добрыя якасці і схаваць недахопы. Каб не рабіць акцэнт на таліі, пераносім завязку на спіну, а калі хочам звярнуць на яе ўвагу — пакідаем спераду. Розны верх такіх сукенак, рукавы рознай формы дазваляюць карэкціраваць аб’ём.
У трэндзе цяпер сукенкі-камбінацыі. Яны эфектна спалучаюцца з жакетамі, аб’ёмнымі світэрамі. Яны не павінны шчыльна абліпаць фігуру, таму ўладальніцам пышных формаў ад іх лепш адмовіцца.
Папулярнымі гэтым летам становяцца сарафаны. Жанчынам з шырокімі плячыма трэба выбіраць мадэлі з шырокімі шлейкамі, а вузкаплечым — з больш тонкімі. Пад сарафан пры жаданні можна апрануць блузку, кашулю, футболку. Калі ж такое спалучэнне не падабаецца, то можна зверху накінуць паланцін, балеро.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.
З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?