Цяпер жа сталіца, як паказалі вынікі ацэнкі работы за першы квартал, знаходзіцца на апошнім месцы па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Пры гэтым ёсць шмат паказчыкаў, па якіх Мінск можа быць узорам для іншых рэгіёнаў (зыходзячы з вынікаў сацыялагічнага апытання) па задаволенасці магчымасцю працаўладкавання, арганізацыі адпачынку, работы аб’ектаў гандлю, харчавання, бытавых службаў, устаноў культуры, грамадскага транспарту, наяўнасцю веладарожак. Аднак існуюць у сталіцы праблемы ў рабоце ЖКГ, хуткай дапамогі, у наяўнасці асартыменту ў аптэках, рабоце дашкольных і школьных устаноў, арганізацый сацыяльнай абароны. А самае горшае — у сталіцы найменш, чым дзе, давяраюць органам улады. Усе гэтыя пытанні павінны быць вырашаны кіраўніцтвам горада, падкрэсліла Наталля Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі, на сустрэчы з актывам Мінска, дзе яна агучыла, якія праблемы існуюць у пэўных сферах: гандлі, будаўніцтве, сістэме ЖКГ, у рабоце са зваротамі грамадзян.
Сёння ў Мінска не можа быць ніякіх прычын, каб ён цягнуўся ў хвасце ў справе развіцця рэгіёнаў. Тут мноства працоўных рэсурсаў (арганізацыі і прадпрыемствы), практычна ўвесь навуковы патэнцыял (НАН, шматлікія інстытуты). Сродкі на вырашэнне пытанняў ёсць, патрэбна толькі ініцыятыва кіраўніцтва сталіцы, пераканана Наталля Качанава:
— Па аб’ектыўных прычынах мы не можам быць на апошнім месцы, і мы павінны працаваць на два крокі наперад — тады будзе зусім іншы вынік. Займіцеся адпрацоўкай сацыяльна-эканамічных параметраў. Кожная адміністрацыя сталіцы — гэта бадай што асобна ўзяты рэгіён. Неабходна актыўна працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі сталіцы.
Пустыя плошчы, якія знаходзяцца на іх тэрыторыях, трэба задзейнічаць, бо ў сталіцу прыйдуць інвестары, і яны будуць ствараць вытворчасці, патрэбныя гораду. Выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця фарміруе бюджэт, які заўтра можа быць скіраваны на вырашэнне сацыяльных задач. Таму ў выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця павінна прысутнічаць комплекснасць, каб дасягаўся не нейкі пэўны, а ўсе даведзеныя. ВРП, інвестыцыі, рост заработнай платы, будаўніцтва, экспарт паслуг — першасныя задачы, за якімі эканоміка, і ўжо за ёй — вырашэнне сацыяльных задач.
Абсалютна іншай павінна быць і работа сістэмы ЖКГ, прыйшла да высновы старшыня верхняй палаты, ацэньваючы работу са зваротамі грамадзян, бадай што палова якіх датычацца менавіта гэтай сферы:
— Чалавек не так балюча ўспрымае праблемы са здароўем, як адсутнасць святла ў кватэры, недахоп цяпла ці нядобраўпарадкаваны двор. А гэтыя пытанні і фарміруюць узровень даверу да ўлад. Неабходна зусім іншым чынам працаваць з людзьмі — арганізаваць старэйшага па пад’ездзе ці доме. І гэта будуць органы самакіравання, з якімі будзе прасцей працаваць уладзе.
Мінск павінен быць ідэальным, лічыць Наталля Качанава. У прыватнасці, раздзяляльныя палосы на цэнтральных праспектах сталіцы мусяць мець роўныя агароджы і расліннае аздабленне, а кантэйнерныя пляцоўкі — размяшчацца так, каб нікому не замінаць. Робячы рамонт праезнай часткі, можа, недзе трэба і бетон палажыць, а не асфальт, і пліткавае пакрыццё — мяняць толькі там, дзе гэта дакладна неабходна, а не мяняць добрае на лепшае, падкрэсліла спікер. Агучаныя пытанні — не дробязі, а ўсё тое, што стварае незадаволенасць або задаволенасць людзей.
Ірына СІДАРОК
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.