Вы тут

У Баранавіцкім краязнаўчым музеі працуе выстаўка Станіслава Шчарбакова


У Баранавіцкім краязнаўчым музеі працуе персанальная выстаўка «Дар, прызначаны лёсам» былога дырэктара музея Станіслава Шчарбакова. Адкрыццё прымеркавалі да дня яго нараджэння. Прадстаўлена больш за 30 жывапісных работ. Гэта акварэлі з немудрагелістымі беларускімі пейзажамі. Сціплыя, стрыманыя, прасякнутыя мінорным настроем, без кідкіх дэталяў і залішне яркіх фарбаў, яны прывабліваюць сцішанай пяшчотай, задуменнасцю, чароўнай прастатой і нечым надзвычай блізкім і родным.


Станіслаў Шчарбакоў.

Свой абавязак і сваё прызначэнне Станіслаў Шчарбакоў бачыў у тым, каб максімальна захаваць і перадаць наступным пакаленням гісторыю роднага горада і яго ваколіц. Таму прысвяціў велічэзны адрэзак жыцця стараннаму збіранню фактаў, прадметаў, сведчанняў, звязаных з гісторыяй Баранавічаў. Вынікам гэтай сапраўды тытанічнай працы сталі 96 артыкулаў у кнігах і часопісах, 26 грунтоўных артыкулаў у даведніках, энцыклапедыях і гістарычных кнігах, шасці ўласных выдадзеных і адной падрыхтаванай да друку кнігі пра Баранавічы. Ён імкнуўся ўзрасціць, выхаваць кагорту сапраўдных краязнаўцаў, аддаючы гэтаму шмат часу і душэўных сіл. І такое настаўніцтва дало плён.

Станіслаў Аляксандравіч быў чалавекам надзвычай рознабаковым і творчым. Пісаў навукова-папулярныя артыкулы і кнігі. Захапляўся нумізматыкай. Шмат часу і намаганняў прысвяціў археалогіі. Займаўся жывапісам і графікай. Не ў аднаго дзясятка гараджан вісяць дома яго акварэлі. Карціны ён проста дарыў. Неяк саромеўся прадаваць. А калі па просьбах навуковых супрацоўнікаў нешта і вывешваў на выстаўку-продаж, то цэны заўсёды ставіў самыя мінімальныя. Вось такія яны — інтэлігенты-бяссрэбранікі.

Нарадзіўся Станіслаў Аляксандравіч Шчарбакоў 21 лютага 1940 года ў Растоўскай вобласці на станцыі Цаліна. Калі яму было 6 гадоў, бацькі пераехалі ў Беларусь. Спачатку жылі ў Калінкавічах, а з 1954 года — у Баранавічах. Навучаўся ў 42-й чыгуначнай школе. Зацікавіўшыся гісторыяй горада, у якім жыў, стаў частым наведвальнікам мясцовага музея, вывучаў матэрыялы з яго бібліятэкі. Пасля заканчэння сярэдняй школы два гады працаваў у паравозным дэпо станцыі Баранавічы. У 1960 годзе, ажыццяўляючы дзіцячую мару, паступіў на судакіраўнічае аддзяленне Рыжскага мараходнага вучылішча. Навучаўся ў Рызе, наведваў вячэрнюю студыю малявання пры Латвійскай акадэміі мастацтваў, знаёміўся з гарадскімі музеямі, падчас плавання на баркенціне «Капэла», вучэбным судне РМВ і суднах Латвійскага марскога параходства пабываў у шэрагу партоў Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, Германіі, Бельгіі, Галандыі, Швецыі, пазнаёміўся з некаторымі музеямі Ленінграда, Гаагі, Антверпена і Ратэрдама. Увосень 1963 года Станіславу давялося адмовіцца ад сваёй мары і ад атрыманай прафесіі. Гэта здарылася ў Швецыі, у невялікім партовым гарадку Арнскольдсвік. Пры адыходзе судна ад прычала яму раздрабіла руку якарным ланцугом. Савецкага марака адразу адправілі ў бальніцу і прааперыравалі. Праз некалькі дзён высветлілася, што пачалася гангрэна. На кансіліуме шведскія ўрачы вырашылі пачакаць з другой аперацыяй. Яны хацелі захаваць руку, бо рускі марак — мастак. Зараз ужо вядомы вынікі гэтага змагання: руку прыйшлося ампутаваць. Праз нейкі час яго накіравалі ў бальніцу ў горад Харнёсанд, дзе зрабілі навейшы пратэз і навучылі ім карыстацца. Развітаўшыся з марай пра марскія паходы і далёкія краіны, Станіслаў Шчарбакоў, тым не менш, быў поўны планаў на будучыню. Пасля вяртання дамоў вырашыў вывучаць гісторыю мастацтва і зрабіць гэта сваім прызначэннем.

У 1964—1966 гадах Станіслаў Шчарбакоў вучыўся ў Краснадарскім мастацкім вучылішчы Левай рукой мог не толькі пісаць, але і маляваць. Адтуль пайшоў у акадэмічны адпачынак, каб падрыхтавацца да ўступных экзаменаў у Мастацкі інстытут імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе. У 1967 годзе, не прайшоўшы туды па конкурсе, паступіў на гістарычны факультэт Краснадарскага педінстытута, у хуткім часе пераўтворанага ў Кубанскі дзяржаўны ўніверсітэт. А там новая справа — археалогія — навука энтузіястаў. Экспедыцыі, раскопкі… Шматмесячнае знаходжанне ў палявых умовах, выпрабаванні сонцам, ветрам і дажджом, холадам... У 1968 годзе Станіслаў Шчарбакоў удзельнічаў у раскопках старажытнага паселішча меотаў, далёкіх продкаў сённяшніх адыгейцаў. Экспедыцыя пабудзіла маладога даследчыка выкарыстаць каштоўныя знаходкі ў якасці матэрыялу для курсавой работы.

Верагодна, менавіта гэты час і прадвызначыў увесь наступны жыццёвы шлях педантычнага гісторыка, археолага і краязнаўцы. Закончыўшы КДУ ў 1972 годзе, Станіслаў Шчарбакоў вярнуўся ў Баранавічы і ўладкаваўся на працу ў краязнаўчы музей, дзе ў той час стваралася новая экспазіцыя. Працуючы навуковым супрацоўнікам-экспазіцыянерам, напісаў тэматыка-экспазіцыйныя планы большай часткі аддзелаў музея. Той, хто знаёмы з музейнай справай і прынцыпамі стварэння экспазіцыі, можа ў поўнай меры ацаніць вялікі аб’ём работы, якая патрабуецца пры стварэнні падобнага праекта. Акрамя гэтага, прымаў актыўны ўдзел у стварэнні некалькіх грамадскіх музеяў у навучальных установах горада, пісаў артыкулы пра мясцовую гісторыю, выступаў з лекцыямі па краязнаўстве перад калектывамі многіх гарадскіх прадпрыемстваў.

Акварэлі Станіслава Шчарбакова.

З 1981 да 1985 года працаваў экскурса­водам і кіраўніком курсаў у Баранавіцкім бюро падарожжаў і экскурсій.

У 1985-м яму прапанавалі ўзначаліць краязнаўчы музей. Новая пасада патрабавала максімальнай аддачы сіл. Пачынаецца капітальны рамонт будынка музея, што ва ўмовах перабудовы, недастатковага фінансавання і дыфіцыту матэрыялаў было задачай не з лёгкіх. Паралельна з рамонтам ішло стварэнне пашыранай і абноўленай экспазіцыі. Музей працягваў працаваць, знаходзячы новыя формы папулярызацыі гісторыі і культуры роднага краю. Праводзіліся мастацкія і тэматычныя экспазіцыі ў выставачнай зале, якая функцыянуе ў горадзе з 1984 года. Афармляліся перасоўныя выстаўкі. Яны экспанаваліся ў кінатэатрах, клубах, школах і гарадскім парку.

Нарэшце ў 1994—1995 гадах расчыніла дзверы абноўленая экспазіцыя — і музей запрацаваў на поўную сілу. У гэты перыяд установа пачала наладжваць сяброўскія кантакты з пасольствамі іншых краін з мэтай умацавання культурных сувязей і папулярызацыі самабытнай спадчыны Беларусі ў свеце. Былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з пасольствамі Кітая, Чэхіі, Індыі, Германіі, Японіі. У 2000 годзе ў нашай краіне выйшла кніга з серыі «Памяць». Раздзел «Гісторыкадакументальная хроніка, г. Баранавічы і Баранавіцкі раён» належыць пяру Станіслава Шчарбакова. Калектыў музея і яго дырэктар нямала папрацавалі дзеля таго, каб у 2003 годзе атрымаць ганаровы дыплом Брэсцкага аблвыканкама «Найлепшы музей».

На пасадзе дырэктара краязнаўчага музея Станіслаў Аляксандравіч Шчарбакоў знаходзіўся да жніўня 2006 года. На пенсіі ён і не збіраўся пакідаць справу ўсяго свайго жыцця. З яшчэ большым энтузіязмам працаваў над захаваннем усяго, што звязана з гісторыяй горада. Ствараў кнігі «Баранавічы ў паштоўках і фотаздымках» (2009), «Баранавічы: вуліцы і завулкі горада ў мінулым і сёння, 1884—2014 гады» (2016), «Баранавічы на картах, планах, схемах, у назвах вуліц і завулкаў, 1871— 2006 гг.». Апошнюю дапісваў і карэкціраваў практычна да канца жыцця.

Фрагмент тэматычнай экспазіцыі.

У ацэнцы маштабу асобы баранавіцкага краязнаўцы хацелася б спаслацца на думку протадыякана, кандыдата багаслоўя, клірыка Свята-Пакроўскага храма Андрэя Гарбунова, выказаную ў яго артыкуле да 80-гадовага юбілею Станіслава Аляксандравіча: «“Мельзи мелко, и будет масло”, — гаворыць прамудры Саламон. У любой справе абавязковай умовай поспеху з’яўляецца нераўнадушша, энтузіязм і матывацыя. Людзі, якія валодаюць гэтымі якасцямі, не толькі прыносяць плён, сваіх спраў, але і абуджаюць інтарэс і старанне ў тых, хто ўступае з імі ў зносіны». Дарэчы, матэрыял называўся «С. А. Шчарбакоў — жывая легенда». І заключным акордам гэтага артыкула стала тлумачэнне аўтарам такой назвы: «Шматлікія літаратурныя і краязнаўчыя працы, нястомны клопат пра папулярызацыю гісторыі горада і раёна дазваляюць гаварыць пра С. А. Шчарбакова як пра падзвіжніка ў справе захавання памяці даўніны і жывой легендзе горада Баранавічы». Думаецца, што гэтую думку падзяляюць і сотні гараджан, якія непасрэдна ці апасродкавана ведалі Станіслава Аляксандравіча.

Ён пайшоў з жыцця амаль год назад, 24 красавіка. Было б выдатна, калі б да гадавіны смерці з’явілася памятная шыльда на доме, дзе жыў наш слаўны зямляк. А яшчэ большым прызнаннем і данінай памяці стала б з’яўленне вуліцы з імем Шчарбакова.

Вольга ЖЫГАР

Фотаздымкі дасланы аўтарам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.