Вы тут

Ён любіў людзей. Да 100-годдзя з дня нараджэння Алеся Рылько


Напісаў гэтыя радкі і задумаўся: а ці да месца яны з’явіліся, ці не пададуцца прафанацыяй? Хіба ёсць пісьменнік, які не ставіцца з павагай да тых, пра каго расказвае ў сваіх творах? Як можна пісаць пра людзей, застаючыся душэўна халодным і абыякавым да іх лёсаў? І ўсё ж тут выпадак асаблівы. Калі б аўтар гэтых твораў быў паэт, з поўным правам можна сказаць, што ў лірычным героі згадваецца ён сам. З яго думкамі і марамі, пачуццямі і перажываннямі, імкненнямі і той душэўнай чуласцю, што, перададзеная іншым людзям, робіць іх гэтакімі ж прыгожымі і шчодрымі. На дабро, ласку, увагу і спагаду.


Бярэмя – другое смяшынак 

Хоць, па праўдзе кажучы, Алесь Рылько і быў паэтам. Толькі паэтам у прозе. У яго найлепшых апавяданнях, напісаных у лірычным плане, вельмі добра адчуваецца прысутнасць самога аўтара. Канешне, проза ёсць проза, у яе свае мастацкія законы. Не заўсёды можна правесці паралель паміж аўтарам-апавядальнікам і героем твора, тым не менш ні ў якім разе нельга адмаўляць аўтабіяграфічныя моманты. Прынамсі, маючы на ўвазе творчасць Алеся Рылько. У яго шмат апавяданняў, задума напісання якіх з’явілася падчас сустрэчы з людзьмі ці ад чутага ад іншых. 

Часам яму дастаткова было ўбачыць чалавека, каб адчуць, хто ён на самай справе. Творчая інтуіцыя спрацоўвала беспамылкова. Адразу мог вызначыць, хто перад ім: душэўны дабрак, гатовы з першым сустрэчным падзяліцца сваімі запаветнымі таямніцамі, ці нахрапісты мешчанін, для якога галоўнае — увайсці ў давер. Апошніх ён ненавідзеў, першых любіў. Дарэчы, ёсць у яго апавяданне «Вясельны трактар і некамплектная кабыла». Што тычыцца назвы, яна таксама ў духу Рылько. Чалавек дасціпны, які цаніў усмешку, ён разумеў і тонкі гумар. Таму і ў творах, напісаных, здавалася б, «сур’ёзна», не мог абысціся без таго, каб не падкінуць чытачу бярэмя-другое смяшынак. 

Чытаеш — не адарвацца 

Ды звернемся да апавядання «Вясельны трактар і некамплектная кабыла». Прысутнасць аўтара ў творы відавочная. Адразу адчуваецца: «На першай станцыі ад Віцебска ў наш вагон зайшлі два дзядзькі. Адзін невысокага росту, вёрткі, гадоў пад сорак яму, другі — з сівой барадой, маўклівы, каржакаваты дзед». Але гэта не тая прысутнасць, калі пісьменнік проста выбірае форму апавядання ад першай асобы і тым абмяжоўваецца. Ён расказвае ад свайго імя, імкнецца любымі спосабамі пераканаць, што так было ўсё на самай справе, а чытач застаецца безуважным да таго, што яму ледзь не сілком навязваец¬ца, падсалоджанае аўтарскай фантазіяй. 

У Алеся Рылько іншая манера падачы фактычнага матэрыялу. Ён у творы не проста прысутнічае, а жыве. І як дасціпны суразмоўца, і як таварыскі. І проста як чалавек, што ўмее слухаць іншых. Для пісьменніка ж гэта таксама адна з важных рыс — умець слухаць людзей. Любіць іх і слухаць, слухаць і любіць... І тады яны абавязкова даверацца табе, убачаць у табе не старонняга назіральніка, а чалавека, душэўна блізкага ім. 

Адчулі гэта і героі апавядання. Тодар, праўда, крыху сарамяжлівы, а дзядзька ж Антон — «мітуслівы пасажыр», таму за словам у кішэнь не палез. Адразу пачаў расказваць пра тое, што дзеецца-робіцца ў роднай вёсцы. І расповед вясковага жартаўніка — а дзядзька Антон менавіта з такіх гаваруноў, — гісторыя «пра вясельны трактар і неўкамплектаваную кабылу», дзякуючы ўменню аўтара апавядання па-сапраўднаму слухаць суразмоўніка, ператварылася ў мастацкі твор, у якім паўсталі многія надзённыя пытанні жыцця вёскі пяцідзясятых гадоў міну¬лага стагоддзя. Гумар — таксама справа сур’ёзная, калі за напісанне яго бярэцца чалавек, што не проста гатовы пакпіць з тых ці іншых недахопаў альбо ўсміхнуцца там, дзе смяяцца проста немагчыма, а аўтар, які разумее значэнне гумару і сатыры як аднаго з дзейсных сродкаў, што дапамагаюць людзям у перавыхаванні. 

Стуканок — імя агульнае 

Творчасць Алеся Рылько — таму пацвярджэнне. Апавяданні «Вясельны трактар і некамплектная кабыла», «Аўсяны звон», «Заморак» і іншыя цікавыя тым, што высмейванне тых ці іншых недахопаў не ставілася самамэтай. Правільней будзе сказаць, беручыся за напісанне чарговага твора, пісьменнік менш за ўсё думаў аб тым, як правесці пэўную думку. Проста само жыццё імклівай плынню ўлівалася ў яго апавяданні, а разам з ім прыходзілі надзённыя праблемы, што патрабавалі свайго мастакоўскага асэнсавання і вытлумачэння. 

Не кожнаму аўтару дадзена магчымасць перажыць тыя радасныя хвіліны, калі персанажы яго твораў пачнуць жыць самастойным жыццём. У Алеся Рылько гэта было. Піліп Стуканок, герой апавядання «Стуканок у аблавушцы», аднаго з найлепшых яго твораў, адразу стаў увасабленнем чалавечай хцівасці, адасобленасці, скупасці. І сёння даволі часта можна пачуць, калі пра каго-небудзь з падобных прайдох з пагардай кажуць: «Ах, што з яго возьмеш, Стуканок у аблавушцы!» Ці не найлепшая гэта ўзнагарода для пісьменніка — жыццёвасць, сапраўдная народнасць яго твораў! 

Сам Алесь Рылько, як сведчаць тыя, хто добра ведаў яго і сябраваў з ім, асабліва любіў сваё апавяданне «Анюта», якое ў аўтарскім выкананні часта гучала падчас сустрэч з чытачамі. Яно напісана ў характэрнай для яго гумарыстычнай манеры. Але назваць толькі гэтыя якасці твора — значыць у многім спрасціць уяўленне пра яго. Расказаўшы пра каханне трыццацігадовага сарамяжнага Сцяпана да дзяўчыны з будоўлі Анюты, Алесь Рылько, па сутнасці, апаэтызаваў любоў з першага позірку, пра якую хоць і напісана нямала, аднак часцей за ўсё гумарыстычная аснова ў падобных апавяданнях пераважае, і яны пачынаюць успрымацца толькі як нешта вартае ўсмешкі і не больш. У Алеся Рылько дасціпны гумар добра дапаўняе старонкі, на якіх бачыцца само жыццё з яго хуткаплыннасцю, з чалавечымі характарамі. 

Апавяданне «Анюта» — таксама ў пэўнай ступені аўтабіяграфічнае. Чалавекам сціплым, нават крыху сарамяжлівым быў і сам пісьменнік. Ён нямала зведаў і перажыў, але ніколі не спрабаваў свае былыя заслугі выставіць. Сціпласць і патрабавальнасць былі своеасаблівай нормай яго паводзін, узаемаадносін з сябрамі, з тымі, з кім даводзілася працаваць. Не па кнігах ведаў ён і жыццё. 

Жыццё не па чутках 

Нарадзіўся Алесь Рылько (па пашпарце Аляксей) 27 сакавіка 1923 года ў вёсцы Рыдамля цяперашняга Талачынскага раёна. Яго бацькі да Кастрычніцкай рэвалюцыі былі батракамі, пасля рэвалюцыі — сяляне-сераднякі, пазней уступілі ў калгас. Як і яго аднагодкі, Алесь Рылько з цікавасцю ўспрыняў змены ў роднай вёсцы, рана далучыўся да кнігі. У 1939 годзе скончыў дзевяць класаў мясцовай сярэдняй школы, а восенню — паўтарамесячныя педагагічныя курсы ў Оршы. Працаваў загадчыкам Лявонаўскай пачатковай школы Аршанскага раёна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў партызанскім атрадзе «Перамога» брыгады Канстанціна Заслонава, потым стаў мінёрам спецгрупы «Непераможныя», быў паранены. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працаваў адказным сакратаром Баранавіцкага аблспорттаварыства «Дынама», настаўнічаў на Пастаўшчыне. 

У 1946 годзе паступіў на адзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1951 годзе. Яшчэ студэнтам пачаў працаваць у рэдакцыі тагачаснай рэспубліканскай газеты «Савецкі селянін» (цяперашняя «Сельская газета»), пазней — загадчыкам аддзела сатыры і гумару часопіса «Вожык». Быў і супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», часопіса «Полымя». 

Фельетоны і гумарэскі пачаў пісаць студэнтам і неўзабаве стаў адным з самых актыўных аўтараў часопіса «Вожык». Першыя яго творы засведчылі, што ў літаратуру ідзе пісьменнік, які добра валодае гумарам, умее каларытна раскрываць людскія характары. Гумарэскі «Вераб’іны пастух», «Ахрэм на ферме», «Ціт і Смарчок» і іншыя, нягледзячы на тое, што з моманту іх напісання прайшло столькі часу, і сёння ўспрымаюцца актуальна, бо аўтар высмейваў такія чалавечыя заганы, як лянота, абыякавасць да грамадскай працы, празмерная хітрасць. 

Паспяхова спрабаваў свае сілы і ў жанры драматычных сцэнак, аднаактовак. Такія яго творы, як «Гром з яснага неба», «Як пасцелеш — так і выспішся», «У ціхім кутку», «Родныя бацькі», «Гора чубатае», неаднойчы ставіліся самадзейнымі тэатральнымі калектывамі, гучалі па радыё. У іх пісьменнік таксама ішоў ад самога жыцця, беручы з яго сюжэты і факты, вартыя ўвагі сучасніка. У гэтым яму нямала дапамагала праца журналістам. Цягам часу ўсё ахвотней пачаў брацца за напісанне «сур’ёзных» апавяданняў, разам з тым не забываючы пра гумар і сатыру. 

Твораў вартыя 

Кнігі «Мае сустрэчы» (1952), «Цвіце чаромха» (1957), «Стуканок у аблавушцы» (1959), «Ты прыгожая, Арынка» (1960), аповесць для дзяцей «Мядовыя краскі» (1959) — прыступкі, якія вялі да творчай дасканаласці, садзейнічалі павышэнню творчага майстэрства аўтара, выхаду на ўсё больш значныя і актуальныя праблемы жыцця. 

Алесь Рылько любіў бываць сярод людзей, выязджаць у творчыя каман¬дзіроўкі. Але неаднойчы даводзілася чакаць, пакуль матэрыял не будзе, так сказаць, унутрана перажыты. Яго сакрэты творчай лабараторыі ў пэўнай ступені можна зразумець, прачытаўшы апавяданне «Ты прыгожая, Арынка». Пісьменнік Якім Альшэня павінен «напісаць навагодняе апавяданне, а ён ніяк не мог сабрацца з часам. Да свята заставаліся лічаныя дні, а ў яго ні радка, нават горш за тое — у галаве не было ніякай акрэсленай думкі, вартай для навагодняй рэчы». 

Альшэня выходзіць на вуліцы святочнага горада, узіраецца ў твары незнаёмых людзей, большасць з якіх радасныя, узбуджаныя і разам з тым па-святочнаму заклапочаныя, і сам пачынае жыць іх святочным настроем. І раптам у трамваі бачыць дзяўчыну, зусім яшчэ дзяўчо, якая, па ўсім відаць, спяшаецца на сваё першае спатканне. Яна, як неўзабаве высвятляецца, колішняя выхаванка дзіцячага дома, у якім гадоў з шэсць назад Альшэня выступаў. Задуманае апавяданне з’явіліся нечакана. Пра дзяўчыну Арыну, пра Дзімку, «які ніяк не асмеліцца праводзіць яе дадому». 

Застаючыся ў душы лірыкам, пісаў і творы, у якіх значная сацыяльная напоўненасць, раскрываюцца яркія, пасапраўднаму народныя характары. Сярод іх — і апавяданне «Пастухі». Ва ўсёй прывабнасці і складанасці свайго характару паўстае перад чытачом дзед Анціп. Ён нямала пражыў, шмат пабачыў, але захаваў у душы ранейшую прагу жыцця. Анціп — з тых простых людзей, якія пры савецкай уладзе змаглі адчуць сябе паўнапраўнымі гаспадарамі на зямлі. Пастух ён, звычайны працаўнік, але гэта, калі прытрымлівацца ранейшага стаўлення да такіх людзей (апавяданне пісалася ў 1957 годзе), — дзяржаўны чалавек. 

Да ўсяго яму ёсць справа. Мудрасць дзеда Анціпа — у пэўнай ступені мудрасць самога народа. І сам ён, як той каржакаваты дуб, што каранямі ўрос у зямлю, трымаецца моцна, ведаючы цану і сабе, і той справе, якую робіць. Пісьменнік паказаў свайго героя вясёлым, дасціпным, якіх і сёння нямала ў нашых вёсках. Сустрэнешся з та кім — і быццам нанава на свет народзішся, акунуўшыся ў народную моўную стыхію. Тут табе і прымаўкі, якія сыплюцца безупынку, як тыя гарошыны з пераспелага струка, і слоўцы непаўторныя, ды такія сакаўныя, што — шукай ні шукай, — а ў кнігах не знойдзеш. Хоць у рот бяры ды на язык спрабуй. А ён засяроджаны, вочы па-сялянску прыжмураны, усё сыпле і сыпле што-небудзь дасціпнае. 


З дня смерці Алеся Рылько мінула шмат гадоў (16 красавіка 1967 года трапіў пад трамвай), аднак найлепшыя яго творы не страцілі сваёй значнасці. У гісторыі беларускай літаратуры ён застаўся адным з цікавых навелістаў, аднак, як успамінаў пісьменнік Міхась Пянкрат, прызнаваўся сябрам: «Столькі матэрыялу сядзіць у галаве! І пра партызанскае жыццё, і пра Айчынную вайну, і пра тое, як жылі людзі ў першыя пасляваенныя гады. Гэта раман на добрыя два пуды!» Шкада, што напісаў толькі першыя раздзелы. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.