Вы тут

У Гомельскім раёне правялі старадаўні мясцовы абрад — «Ваджэнне Сулы»


У Гомельскім раёне больш за сто чалавек сабраліся, каб згадаць народную традыцыю — «Ваджэнне Сулы». Старажытны народны абрад, які бытаваў сярод жыхароў вёсках Гадзічава і Маркавічы, быў забаронены савецкай уладай у 1967 годзе. Аднавілі абрад толькі праз сорак гадоў. У 2019 годзе народная традыцыя атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і была прызнана 11-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Гомельшчыны.


«Сула» ў разуменні мясцовых жыхароў — гэта і само абрадавае дзейства, і сукупнасць яго ўдзельнікаў. Слова «Сула» мае розныя трактоўкі значэння. Гэта і рух, плынь чалавечай ракі, якая цячэ па рэчышчы вуліц. «Сулой» у абрадзе называюць і стралу, што адпавядае блізкім па сэнсе народным традыцыям «Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)».

З даўніх часоў яскравае святочнае дзейства ў Гомельскім раёне аб'ядноўвала вяскоўцаў Гадзічава і Маркавіч, а таксама ўсіх жыхароў найбліжэйшых вёсак. Па традыцыі «Ваджэнне Сулы» праходзіла на другі дзень Вялікадня. Пачыналася абрадавая цырымонія ў вёсцы Гадзічава адразу пасля літургіі, якая праходзіць у мясцовай Свята-Кацярынінскай царкве. Жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог каля царквы і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды — «танкі».

Асноўныя ўдзельнікі свята сёння, як і калісьці, — вясковая моладзь. Жанчын і дзяўчат, апранутых у адметныя народныя строі, суправаджаюць музыканты. Спачатку дзейства разгортваецца ў поле — у сярэдзіне кола, якое пазней акальцуе карагод, ставяць маленькіх дзяўчынак. Яны сімвалізуюць зярняткі. Пасля ў працэсе спеваў і ваджэння карагода дзетак, як зярняткі, падкідаюць угару. А жанчыны праз абрадавыя спевы просяць зямлю абудзіцца ад сну, сонца — абагрэць будучы ўраджай сваёй цеплынёй.

— «Туп-туп» — вядзём «танок» і будзім зямельку, каб яна прачыналася, насычала жыццём расліны. Малюнак танца, які задае рытм, таксама мае сімвалічны змест, — тлумачыць загадчыца філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава Наталля Кадзетава. — «Сула» — гэта наканечнік стралы або само дзейства як пачатак вялікага абрадавага стрэльнага цыкла, які бытаваў на Гомельшчыне, частцы Браншчыны і Чарнігаўшчыны. Ён пачынаўся з Вялікадня і працягваўся на працягу 40 дзён. У песнях згадваецца страла. Калі мы ўзнімем міфалогію, якая ляжыць у аснове, то дойдзем да Перуна, перуновых стрэл.

Між тым з поля шэсце рухаецца па вясковай вуліцы. Яго ўдзельнікі становяцца ў рады, узяўшыся пад рукі, ідуць з песняй «Як ішла Сула». Такой жывой плынню «Сула» рухаецца ў бок вёскі Маркавічы ўздоўж Кацярынінскага шляху. Адметная асаблівасць абрадавага шэсця — на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам «Сулы», «танкі» ці карагоды паўтараюцца. У дарозе да працэсіі могуць далучацца ўсе ахвотныя. Як і дзесяцігоддзі таму, вяскоўцы выходзяць насустрач, вітаюць гасцей і запрашаюць да сталоў, якія выносяць проста на вуліцу.

— «Сула-Сула — рэчка, а за рэчкай мак-мак. Салавейка кажа: так-так. Паляцеў бы за мора, сеў бы на явар, стаў шчабятаць, усю праўдачку казаць». Гэтыя радкі паўтаралі-пелі, пакуль шлі ланцужком па вуліцы да месца збору, — згадвае абрад, у якім маладымі бралі ўдзел бацька і маці, жыхарка вёскі Глыбоцкае Маркавіцкага сельсавета, загадчыца філіяла Чарацянскага Дома культуры Ірына Смолікава.

— Гэтае свята праводзілася ў нас з даўніх часоў. Прыходзілі людзі не толькі з Глыбоцкага, але і з усіх найбліжэйшых вёсак і беларускіх, і ўкраінскіх. Маладзіца загадзя абыходзіла музыкаў, запрашала на свята. Збіраліся каля крыжа перад вёскай, станавіліся ў ланцужкі і ішлі ўздоўж вуліцы. Насустрач з хат выходзілі ўсе жыхары. Святочна апранутыя, частаваліся яйкамі, кулічамі. Я налічыла на здымку, які быў зроблены падчас абраду ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў, больш за пяцьсот чалавек, — распавяла жыхарка Глыбоцкага, якая амаль 20 гадоў таму пачала збіраць і запісваць успаміны аб абрадзе мясцовых старажылаў.

Завяршаецца шэсце ў цэнтры Маркавіч, каля сельскага Дома культуры, дзе маркаўчанка з кулічом на ручніку сустракае прадстаўніцу Гадзічава і яны хрыстосуюцца. Свята заканчваецца сумесным пачастункам і гуляннем.

Ужо на працягу шэрага гадоў адным з галоўных арганізатараў святочнага шэсця выступае жыхар Маркавіч — шматдзетны бацька і сельскі ўчастковы інспектар міліцыі Віктар Шыпкоў. Калісьці цікавасцю да самабытнай народнай традыцыі яго, як усю вясковую моладзь, захапіў былы настаўнік у Маркавічах, а цяпер свяшчэннік Рыгор Басаў — галоўны ініцыятар адраджэння старажытнага народнага абраду. Цяпер ужо яго вучань Віктар Шыпкоў увесь вольны час аддае вывучэнню гісторыі і культуры роднага краю. За сваю этнаграфічную і даследчую дзейнасць сёлета вясковец атрымаў званне народнага майстра Беларусі. Дарэчы, менавіта дзякуючы Віктару Шыпкову каштоўнасць «Ваджэння Сулы» прызналі на нацыянальным узроўні.

— Мы аднавілі траекторыю, па якой абрад дакладна рухаўся з вёскі Гадзічава ў Маркавічы. У самым пачатку проста заводзілі каля школы гэты танец, абыходзілі вёску і завяршалі яго ў школе. Сёння ўжо наблізіліся да аўтэнтычнага маршруту, які нагадвае след маланкі, — расказаў народны майстар Беларусі Віктар Шыпкоў.

Ураджэнка Маркавіч Карына Волкава — фельчар Гомельскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі № 1 — хоць і жыве цяпер у абласным цэнтры, абавязкова прыязджае на малую радзіму на «Ваджэнне Сулы».

— Нават калі ў Мінску вучылася і працавала, кожны год усё роўна прыязджала і ўдзельнічала. А ўвогуле, яшчэ ў дзіцячы садок хадзіла, калі мяне малую ставілі ў цэнтр кола, а пасля, як зярнятка, падкідвалі ў паветра. Цяпер я ўпершыню сама вяла карагод. А нашы вясковыя маленькія дзяўчынкі пасля падбягалі і казалі, што вырастуць і таксама, як я, будуць заводзіць «танкі». Яшчэ на сваёй рабоце ў Гомелі я расказала нашым медыкам пра абрад. Многія шчыра зацікавіліся, абяцалі налета таксама прыехаць і спраўляць «Сулу» з намі, — падзялілася Карына Волкава.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.