Вы тут

Пра сур’ёзнае — з усмешкай


Вершы, загадкі, успаміны, цікавыя гісторыі пра хатніх гадаванцаў, расповеды пра сяброўства прагучалі падчас прэзентацыі выданняў для дзяцей Іны Фраловай. Літаратурная імпрэза была арганізавана «Белкнігай» і Выдавецкім домам «Звязда» на пляцоўцы кнігарні «Светач» і сабрала дзяцей і дарослых — выпадковых наведвальнікаў і вучняў 44-й сталічнай школы. 


Кнігі для дзяцей, як прызналася падчас сустрэчы аўтарка, пісаць у разы складаней, чым для дарослага чытача: не кожны літаратар здольны пераўвасобіцца ў дзіця, прасякнуцца бесклапотнай радасцю існавання ў моманце тут і цяпер, быць шчаслівым адным фактам магчымасці знаёмства з навакольным светам і спазнання яго. 

Пісьменніца згадала свой творчы шлях і распавяла пра тое, што дапамагае ёй лепш адчуваць псіхалогію дзяцей: працоўны шлях пачынаўся са школы, дзе яна была настаўніцай і штодзённа мела стасункі з дзіцячай аўдыторыяй. Пасля, калі ўжо стала аўтарам не адной сур’ёзнай кнігі, да яе пачалі звяртацца былыя калегі: маўляў, калі ты пісьменніца, то напішы для дзяцей, бо ў нас няма матэрыялу для работы з імі. Не адразу, але аўтарка здолела на час «перасяліцца» ў краіну маленства і адчуць, чым зацікавіць маленькага чытача.

Падчас сустрэчы Іна Фралова распавядала пра цікавыя выпадкі і назіранні, якія леглі ў аснову прэзентаваных выданняў, — «Андрэйкава лета» і «Дзе была, Сарока?» (пабачылі свет летась і сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда») і кнігі ранейшых гадоў — «Вясковыя вакацыі» (выйшла з друку ў выдавецтве «Беларусь»).

А найцікавейшай часткай сустрэчы стаў інтэрактыў, калі вучні адказвалі на прапанаваныя пытанні пра сябе: кім яны мараць стаць, калі вырастуць, як завуць іх хатніх гадаванцаў і чым яны адметныя? Былі падчас імпрэзы і гульні: дзеці прыдумлялі рыфмы да беларускіх слоў, адгадвалі загадкі, згадвалі лічылкі. Сімвалічныя падарункі, якія малыя атрымлівалі як узнагароду за слушныя і цікавыя адказы, стымулявалі актыўнасць, жаданне выступіць. 

Прагучалі і павучальныя гісторыі, адлюстраваныя пад вокладкамі кніг. Так, Андрэйка, калі адпачываў у вёсцы, знайшоў шчанюка. Гуляў з ім, пакуль не з’ехаў у горад, а наступным летам той шчанюк, які ўжо стаў дарослым сабакам, не захацеў нават павітацца з хлопцам: сапраўдныя сябры патрэбны не толькі для таго, каб весела праводзіць час, — яны клапоцяцца адно пра аднаго без перапынкаў на больш важныя справы… 

Падрабязней пазнаёміцца з кнігамі аўтара і набыць іх можна на сайце belkniga.by.

Аліса БРАТКА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.