Вы тут

Сын свайго часу


Аналізуючы нядаўна ў «ЛіМе» творчасць Уладзіміра Дамашэвіча, я з прыемнасцю прыгадваў, што менавіта дзякуючы яму ўпершыню надрукаваўся ў часопісе «Полымя», а крыху пазней з’явілася і яшчэ адна мая рэцэнзія — на кнігу «Добры вечар, камбат» Уладзіміра Мехава. Тады і падумаць не мог, што праз нейкі год буду працаваць разам з Уладзімірам Львовічам.


Узрушыла, усхвалявала

Пісалася даўно, а сёння, калі перачытаў свае развагі, з радасцю ўпэўніўся, што тое даўняе, якое некалі ўзрушыла, усхвалявала, па-ранейшаму ўспрымаецца гэтаксама, як і тады, калі знаёміўся з кніжкай. Не для таго прыгадваю гэта, каб нагадаць, наколькі дакладна спасціг сказанае. Уразіла пазіцыя аўтара, тая маральна-этычная аснова, што вынікае з твораў. Як бы заклікам гучала: спяшайцеся рабіць дабро. Змест апавяданняў склалі пошукі сапраўднага ва ўзаемаадносінах. У час як мірны, так і ваенны.

Апошняе відаць па творы, які даў назву кнізе. Сталася так, што лейтэнант Корсак трапіў у штрафны батальён. Праз шмат гадоў ён размаўляе па тэлефоне з падпалкоўнікам Лідавым, ад волі якога залежаў на фронце. Уладзімір Мехаў праўдзіва перадаў душэўны стан таго, хто некалі аступіўся. Уся ўвага — на характарыстыцы тых маральных змен, якія адбыліся ў жыцці: «З новым годам вас, камбат. Жадаю ўсяго найлепшага. Паверце, ад шчырага сэрца…» Гэты званок — пераадольванне бар’ера, які з’явіўся некалі паміж маладым лейтэнантам і камбатам.

Згаданыя творы, а таксама «Апошні сеанс» (імкненне дакапацца да вытокаў сапраўднага), «Гладыёлусы», «Старадаўні раманс» (роздум аб перажытым) — найлепшыя творы не толькі ў кнізе, але і ва ўсім тым, што было напісана Уладзімірам Мехавым на той час. А ў яго ўжо выйшлі зборнікі аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Сцяг над рэўкомам» (1958), «Апошняя яўка» (1959), «Станцыя паблізу Тамбова» (1964). Галоўная вартасць іх — сувязь дня сённяшняга і ўчарашняга, вечная гармонія чалавечай дабрыні, сінтэз асабістага, прыватнага і агульначалавечага… Розныя і непадобныя паміж сабой людзі жывуць у апавяданнях пісьменніка. Часам яны і памыляюцца, але ж праз памылкі і выпрабаванні адбываецца душэўнае станаўленне, узмужненне ўласнага «я».

Шлях пачаў з «ЛіМа»

Гаворкі аб тым, ці чытаў ён маю рэцэнзію, тады не было. Хоць як не прачытаць, калі рэдакцыі «ЛіМа», «Полымя» ды яшчэ часопіса «Беларусь» знаходзіліся ў адным будынку. Аднак, у адрозненне ад некаторых супрацоўнікаў, якія тых, каго ўзяў на працу новы галоўны рэдактар Хведар Жычка, сустрэлі ў штыкі, заняў нейтральную пазіцыю. Хоць сярод тых, хто асабліва выступаў супраць «раёншчыкаў», быў і яго сябра. Бадай, спрацоўвала тое, што ў аўтабіяграфіі «Пераваліўшы за сорак…», напісанай 26 студзеня 1972 года, выказаў так: «<…> наўрад ці стаў бы літаратарам, членам Саюза пісьменнікаў, калі б <…> не стаў газетным работнікам. І наогул я глыбока перакананы, што хоць аператыўная журналістыка і вымотвае, хоць Кіраў і назваў рэдакцыйную працу катаржнай, газетная школа дае літаратару вельмі шмат». Як бы прыглядаўся, што з кожнага з нас атрымаецца. Ды і сам быў патомны газетчык.

У аўтабіяграфіі ёсць і такія звесткі: «У 1928 годзе, калі я нарадзіўся (25 сакавіка), ні бацька, ні маці мае не былі яшчэ, праўда, журналістамі. Бацька працаваў у той час у Рагачове на цагельным заводзе, маці — у друкарні. Але сам я толькі па дакументах ведаю, што нарадзіўся ў Рагачове, а першыя дзіцячыя ўспаміны мае — мінскія». Бацька спачатку працаваў у «Звяздзе», потым — у палітаддзеле МТС у Лепелі, у Барысаўскай акруговай газеце «Вясковая праўда», у рэдакцыі «Советской Белоруссии». Не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны. Маці звязала лёс з «Работніцай і сялянкай» (цяперашняя «Алеся»).

Свой жа творчы шлях Уладзімір Мехаў (сапраўднае прозвішча — Няхамкін) пачаў з «ЛіМа». Прытым у сямнаццацігадовым узросце, правучыўшыся толькі некалькі месяцаў на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пастараліся колішнія бацькавы сябры. Дамовіліся, каб галоўны рэдактар газеты Аркадзь Куляшоў падшукаў яму якую-небудзь тэхнічную работу. Аднак работнікаў у рэдакцыі не хапала, таму яго адразу ўзялі літаратурным супрацоўнікам. Каля трох гадоў працаваў у «ЛіМе», потым у шматтыражцы БДУ, а, скончыўшы ўніверсітэт, дзесяць гадоў у «Чырвонай змене». Пасля некаторы час — у літаратурна-драматычнай рэдакцыі радыё. У 1951 годзе зноў вярнуўся ў «ЛіМ». Спачатку быў загадчыкам аддзела, пасля — адказным сакратаром. Належаў да тых, хто стараўся падтрымліваць маладыя таленты. Не забыўся аб такой увазе да сябе і Рыгор Барадулін: «Год 54-ы ехаў // на пенсію, на здачу спраў, // калі Уладзімір Львовіч Мехаў // мой першы верш надрукаваў…»

З гісторыі не выкрасліш

З 1948 года выступаў з артыкуламі і рэцэнзіямі, а ў 1951-м перайшоў да нарысаў і апавяданняў, дабіўшыся асаблівага поспеху ў творах на гісторыка-рэвалюцыйную тэматыку. Да яе звярнуўся ў нечым і выпадкова: «Недзе ў кастрычніку 1955 года сядзелі мы, група чырваназменаўцаў, над планам святочнага нумара газеты. І камусьці прыйшло ў галаву расказаць маладым чытачам пра людзей, якія з часоў рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны ўвайшлі на Беларусі ў легенды і чые імёны сталі назвамі вуліц Мінска». Удакладняе: «“Круглыя” юбілейныя даты — саракагоддзе, пяцідзесяцігоддзе Савецкай улады, — якія нарадзілі хвалю новай цікавасці да таго, што адбывалася ў дні Кастрычніка, былі яшчэ наперадзе». Шмат у чым стаў першапраходцам. Спачатку расказаў пра легендарнага начдыва Даўмана, потым пра  Берсана.

Крыху пазней яму прысвяціў п’есу «Чырвоны губернатар». Разам яшчэ з адной — «Палёт» (пра лётчыцу Галіну Дакутовіч) яны ішлі на сцэне Тэатра юнага гледача. Паступова стаў працаваць у розных жанрах. 14 напісаных ім кніг не перашкаджалі абжываць і іншыя творчыя кірункі. Сярод яго набыткаў — і фільмы пра Андрэя Грамыку, Сямёна Косберга, Адама Міцкевіча, Напалеона Орду, Івана Пуліхава, Мікалая Судзілоўскага, Ота Шміта… Многія з фільмаў створаны ў суаўтарстве з рэжысёрам Юрыем Цвятковым. Як адзін са стваральнікаў  цыкла гісторыка-рэвалюцыйных дакументальных фільмаў — «Рэвалюцыя дае нам права», «Мост», «Чарвякову… спешна… Ленін», «Гісторыя адной тэлеграмы» — у 1986 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР.

Аднак не прайшло шмат часу, як мусіў ледзь не апраўдвацца. Часы пачаліся такія, што сталі многае руйнаваць. Кніга «Далучэнне», у якой ёсць аднайменны раздзел з падзагалоўкам «Як нараджаўся адзін кінацыкл», выходзіла ў 1992 годзе. Тады Леніна бічавалі, як нікога іншага. Таму давялося пісаць як бы пасляслоўе.

Не буду ўнікаць у сэнс сказанага. Дастаткова таго, чым яно завяршаецца: «Я захоўваю ў кніжцы прачытаныя вамі запіскі не таму, што сумую па мінулым,
а таму, што яны адлюстроўваюць час. Як і фільмы, пра якія ў іх гаворка. Час, што з нашай гісторыі не выкрасліш. Сын якога, хачу таго ці не хачу, і я сам». Ды крыху пра тое, што як бы ўбаку ад творчай біяграфіі Уладзіміра Львовіча, але, разам з тым, дапамагае яго лепш зразумець як чалавека.

Ас усюды ас

У 1975 годзе развітаўся з «ЛіМам». Магчыма, аб звальненні і заяву пісаў. Магло абысціся і без яе. Чаго не ведаю, таго не ведаю. Абстаноўка ж у тыднёвіку па-ранейшаму была не заўсёды творчая. Начальства лавіравала, каго пакідаць, з кім развітацца. Пры жаданні прычыну знайсці лёгка. Знайшлася яна і для Уладзіміра Мехава.

У тыя часы чарговы нумар рыхтавалі дзяжурны, так званае «свежае вока», і абавязкова хто-небудзь з начальства: галоўны рэдактар ці намеснік. А ўсё рабілася пад наглядам адказнага сакратара, які быў пры дзяжурнай групе. І вось выходзіць чарговы нумар… На ім першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў з нейкай нагоды ўскладае вянок да манумента Перамогі ў Мінску. Усё як і мае быць. Толькі… Чамусьці Пётр Міронавіч на здымку стаіць не з таго боку, з якога павінен.

Аказалася, што, калі рабілі адбіткі са здымка, негатыў у паласу паставілі не тым бокам. Так Уладзімір Мехаў стаў без віны вінаватым. Не ведаю, ці казаў ён каму пра гэта, але калі працаваў адказным сакратаром газеты  «За сталинские кадры», у яго сітуацыя склалася больш сур’ёзная. На першай паласе быў размешчаны партрэт Леніна, на другой расказвалася пра нейкае мерапрыемства, звязанае з баскетболам. Пры ім здымак студэнта, які кідае мяч у кальцо. Інтуіцыя ва Уладзіміра Львовіча спрацавала ці што… Зірнуў гэтым адбіткам на святло. Атрымлівалася, што юнак б’е Ільіча па галаве. Давялося перавёрстваць палосы, каб здымкі не перасякаліся.

Пасля «ЛіМа» вярнуўся на радыё. Туды пайшоў, дзе дагэтуль працаваў не так і шмат, але меў ужо немалы вопыт. Ён якраз і спатрэбіўся, калі пачаў весці цыкл радыёперадач «Сустрэчы ў студыі». Хоць дакладней сказаць, што прадоўжыў яго, бо працаваў над ім і будучы адказным сакратаром штотыднёвіка. Але цяпер з’явілася магчымасць цалкам прысвяціць гэтаму і сваё набытае майстэрства, і высокую эрудыцыю. За ўсім жа была вялікая ўлюбёнасць у літаратуру, мастацтва, культуру ў цэлым. З кім толькі ні гутарыў! Дакладней — з кім ні адчуваў сябе на роўных. Толькі некаторыя прозвішчы: Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Іван Новікаў, Міхаіл Савіцкі, Юрый Семяняка, Іван Шамякін, Расціслаў Янкоўскі… На шчасце, многія з гэтых матэрыялаў знаходзяцца ў фондах радыё. Шмат што прадстаўлена ў яго кнізе «Сустрэчы ў радыёстудыі. Дыялогі» (1985).

Мінулае такое, якім было

Не ведаю, як у іншых, а ў мяне, калі добра ведаю каго, часам з’яўляецца такое адчуванне, што, калі захочацца з кім-небудзь пагаварыць, гэта ніколі не будзе позна. Часам забываеш, што ўзрост у чалавека ўжо, што трэба карыстацца кожнай хвілінай. Забыўся я аб гэтым і тады, калі ў Мядзеле святкавалася 100-годдзе з дня нараджэння Максіма Танка. Мерапрыемстваў было шмат. Я глядзеў нейкі канцэрт на стадыёне, забыўшыся, што ў гэты час адбываецца прэзентацыя фільма Уладзіміра Львовіча пра Максіма Танка. На прэм’еру прыйшоў позна. На яго шкадаванне «А я вас чакаў» не ведаў, што і адказаць.

Куды больш прыкра, што аднойчы не пагаварыў з ім, ідучы дахаты з Саюза пісьменнікаў. Крочачы да метро, убачыў яго здалёк. Але настрой у мяне быў не лепшы. Чаму — ужо і не памятаю. Ён жа, апусціўшы галаву, мяне не заўважыў… А жыць яму заставалася зусім мала. Пайшоў у вечнасць 7 ліпеня  на 89 годзе жыцця.

Зробленае засталося. Найперш для тых чытачоў і даследчыкаў, каго цікавяць постаці тых, хто пакінуў свой след на зямлі. Да некаторых з іх сёння ставімся інакш, чым раней. У гэтым нічога дзіўнага. Кожны ж жыве ў сваім часе, але і кожны новы час па-свойму пераасэнсоўвае тое, што было раней. У тым ліку  і гістарычныя постаці. Таму і стаўленне да некаторых з іх не такое, да якога мы прывыклі. У такім пераасэнсаванні таксама вялікая карысць. Гэтаму дапамагаюць і кнігі Уладзіміра Мехава.


З падораных ім кніг асабліва дарагая «Далучэнне»:

«Алесю Марціновічу — з падзякай за ўвагу да рознага мною напісанага і з самымі добрымі пажаданнямі

Ул. Мехаў.

Красавік, 1994».

Атрыманне яе ад Уладзіміра Львовіча па-свойму сімвалічнае. Тым днём з жонкай і сынамі наведвалі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Як жа здзівіліся, калі напаткалі Уладзіміра Мехава. Яшчэ больш, што ў яго быў асобнік кнігі, якую ён тут жа паспяшаўся падарыць. Як бы нагадваў: трэба ведаць сваё мінулае. Нібы хацеў сказаць, што яно не бывае кепскім ці добрым — яно заўсёды такое, якім было. А нам разбірацца ў тым, чаго не маглі зрабіць сучаснікі. Штуршок для гэтага і тое, што за доўгія гады сваёй творчай працы зрабіў Уладзімір Мехаў.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.