Вы тут

Невядомае пра Казіміра Малевіча


Калі згадаць Казіміра Малевіча, усе адразу ўспамінаюць яго «Чорны квадрат». З дня нараджэння мастака прайшло ўжо 145 гадоў. У далёкім лістападзе 1919-га ён прыехаў у Віцебск, каб аб’явіць «смерць шпалерам» і развіваць новы жывапіс. Цікавы час, без якога не атрымалася б сучаснага мастацтва. 


Малевіч — хто і пра што?

Увогуле, навошта Казіміру Малевічу трэба было ехаць у Віцебск? Тут ужо быў Марк Шагал, які прайшоў парыжскі «Вулей» і працаваў над тым, каб ператварыць родны горад у цэнтр мастацтва. Так, 28 снежня 1919 года адкрылася Віцебскае народнае вучылішча, якое было вельмі дэмакратычнае і прымала ўсіх здольных. Шагал марыў прынесці дух свабоды, таму Народнае вучылішча стала лабараторыяй сучаснага мастацтва ў Віцебску, а работы мастакоў выстаўляліся ў музеі. 

Але каб стварыць новае, патрэбна як мага больш свежых ідэй. Таму спачатку ў Народнае вучылішча запрасілі архітэктара Лазара (ён жа Эль) Лісіцкага, які літаральна зацягнуў у Віцебск Малевіча. 

На той момант фінансавае становішча Казіміра Малевіча было не самым лепшым. Ім з цяжарнай жонкай Соф’яй не было дзе жыць. Магчымасць вырвацца ў Віцебск — сапраўдны паратунак для мастака. Да таго ж Лісіцкі паабяцаў Малевічу выданне яго трактата «Пра новыя сістэмы ў мастацтве». Усё атрымалася, і з таго моманту Казімір Севярынавіч стаў выкладчыкам у Народным вучылішчы.

Малевіч паспеў стварыць свае знакамітые праграмныя творы, сярод якіх — «Чорны квадрат». Таксама распрацаваў тэорыю супрэматызму, але, нягледзячы на гучны дэбют, яму патрэбны былі прыхільнікі. Іх выхаваннем ён і заняўся на пасадзе выкладчыка. Зрабіць гэта было лёгка, бо маладыя людзі з ахвотай прынялі наватарскія ідэі Малевіча. 

Сам мастак дзейнічаў даволі радыкальна. Яго філасофія заключалася ў тым, што старое мастацтва ўжо не патрэбнае. Рух да авангарда ён тлумачыў тэхнічным развіццём. Мастак, згодна з разуменнем Малевіча, цяпер быў рэфарматарам, вынаходнікам, а сама творчасць павінна стаць «тэхнічнай», што больш бы суадносілася з новым часам. Супрэматызм не павінен займацца капіраваннем рэчаіснасці. У «эканамічнай», сцінутай форме ён змяшчае выбух энергіі. Гэта бясконцы рух у прагрэсіўную будучыню. Сапраўдны мадэрнізм з яго жаданнем дасягнуць ідэала. 

Погляды Малевіча аказаліся актуальнымі, бо з Кастрычніцкай рэвалюцыяй змянілася і грамадства. Сапраўды, тады вельмі хацелі пазбавіцца старога, буржуазнага. Супрэматызм у Віцебску добра прыжыўся, а вучылішча пачало далей развіваць беларускі авангард. 

УНОВІС 

Ва ўсякага ўзорнага мастацкага кірунку павінна быць свае аб’яднанне, асабліва у 20-я гады мінулага стагоддзя. Нарэшце мы падышлі да значнага этапу ў развіцці авангарда на Віцебшчыне — стварэння УНОВІСа. Былі там Малевіч, Вера Ермалаева, Ніна Коган, Эль Лісіцкі, Ілья Чашнік, Мікалай Суэцін і іншыя мастакі, якія прынялі ідэі супрэматызму і вырашылі стаць «тэхнічнымі». Задача УНОВІСа — рабіць мастацтва максімальна карысным грамадству. Напрыклад, займацца афармленнем горада да рэвалюцыйных святаў. Творцы маглі рабіць што заўгодна, іх палатном быў увесь Віцебск. 

Супрэматызм УНОВІСа аказаўся больш зразумелым для людзей. Ну, і эфектным, з гэтым паспрачацца цяжка. Звычайны правінцыяльны горад змяніўся, стаў дзіўным у добрым сэнсе гэтага слова. Напрыклад, рэжысёр Сяргей Эйзенштэйш запомніў галоўныя гарадскія вуліцы белымі з раскіданымі тут і там каляровымі геаметрычнымі фігурамі. «Супрэматычнае канфеці» разляцелася паўсюль, не толькі ў межах Віцебска. Вучні Шагала, на жаль, пакідалі яго, а аб’яднанне вакол Малевіча станавілася большае. На месцы мастацкага сусвету, які будаваў Марк Шагал, вырасла супрэматычная ўтопія Казіміра Малевіча. Сам Шагал потым пакінуў Віцебск. 

Справы УНОВІСа ішлі выдатна. У чэрвені 1920-га супрэматычны вагон, створаны Мікалаем Суэціным, павёз прыхільнікаў Малевіча ў Маскву, дзе праходзіла I Усерасійская канферэнцыя для выкладчыкаў і вучняў. УНОВІС цвёрда стаяў на нагах, гучна аб’явіў пра сябе. Але нішто не вечнае.

У 1921 годзе здарыўся НЭП. Малевіч зноў трапіў у сітуацію, калі матэрыяльнае становішча было дрэнным, але цяпер пагроза вісела над усім Народным вучылішчам. Змяніўся і палітычны курс краіны, што закранула і мастацтва. Цяпер на авангард глядзелі з падазрэннем і не прымалі так ветліва, як раней. УНОВІС яшчэ спрабаваў гаварыць. У 1922 годзе прайшла Трэцяя выстаўка ў Віцебску, але такіх поспехаў, як раней, чакаць не даводзілася. Супрэматысты, якія ўжо выпусціліся з вучылішча, не знайшлі дастатковай падтрымкі. Малевіч адправіўся ў Петраград, за ім пайшлі некаторыя вучні. Эпоха УНОВІСа ў Віцебску скончылася. Але супрэматызм Малевіча выбухнуў моцна і рассыпаў сваё геаметрычнае канфеці па свеце, назаўсёды змяніўшы шлях мастацтва.

Арына ПРАНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.