Вы тут

БЕЛАЗ стварыў два новыя імпартанезалежныя самазвалы


БЕЛАЗ стварыў два новыя імпартанезалежныя самазвалы грузападымальнасцю 90 т і 220 т. Аб гэтым паведаміў намеснік генеральнага дырэктара БЕЛАЗа па стратэгічным развіцці і карпаратыўным кіраванні Аляксей Грачоў, перадае БелТА.


Фота: БелТА

«Пасля ўвядзення санкцый нам перасталі быць даступны больш як 1,5 тыс. камплектуючых. Тады перад намі ўстала амбіцыйная задача — забяспечыць тэхналагічную незалежнасць нашай прадукцыі, пры гэтым захаваўшы ўвесь мадэльны рад кар’ернай і спецыяльнай тэхнікі. Цяпер можна з упэўненасцю гаварыць, што мы з гэтай задачай справіліся, у тым ліку пры падтрымцы партнёраў з Расіі», — заявіў Аляксей Грачоў.

Ён расказаў аб некалькіх значных праектах, якія знаходзяцца на розных стадыях выпрабавання. Плануецца, што ў бліжэйшы час яны будуць прадстаўлены ў эксплуатацыі. «Адзін з гэтых праектаў — у самым папулярным сегменце грузападымальнасці 90 т — машына з газатурбінным рухавіком БЕЛАЗ-75588, вытворцам якога стаў расійскі завод у Калузе. Выпрабаванні гэтай машыны мы плануем завяршыць у другім квартале 2023 года, пасля чаго пачнуцца эксплуатацыйныя выпрабаванні. Па іх выніках будзе прынята рашэнне аб тыражаванні гэтай тэхналогіі і набыцці спажыўцамі, — падкрэсліў Аляксей Грачоў. — Таксама мы стварылі самазвал з гібрыднай тэхналогіяй работы БЕЛАЗ-7513М у сегменце грузападымальнасці 130 т, дзе выкарыстаны серыйны рухавік расійскага вытворцы — Яраслаўскага маторнага завода. Там мы прымянілі рухавік малой магутнасці, які працуе разам з акумулятарнымі батарэямі, забяспечваючы поўную імпартанезалежнасць».

Паводле слоў намесніка гендырэктара, самая чаканая навінка гэтага года ў сегменце 220 т — кар’ерны самазвал БЕЛАЗ-75304 з рухавіком расійскай вытворчасці з Каломны. «Самазвал праходзіць завяршальныя выпрабаванні на заводзе ў эксперыментальным цэху, і мы вельмі разлічваем, што ў красавіку ён ужо адправіцца спажыўцу ў Расію, дзе прадоўжыць эксплуатацыйныя выпрабаванні. Спадзяёмся, пасля гэтага спажывец будзе гатовы прыняць рашэнне аб заказе 20 і больш такіх самазвалаў з пачаткам пастаўкі ўжо ў наступным годзе», — рэзюмаваў Аляксей Грачоў.

Па выніках 2022 года на расійскім рынку кар’ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці доля БЕЛАЗа склала 82,3 працэнта. У мінулым годзе БЕЛАЗ паставіў у РФ прадукцыю на агульную суму больш як $800 млн, у тым ліку 843 кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 т да 360 т. За студзень — люты 2023 года ў Расію адгружана прадукцыі на суму каля $153 млн, у тым ліку 144 адзінкі тэхнікі.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.