Вы тут

Рэспубліканскі конкурс працоўных дынастый прайшоў у Мінску


У Мінску прайшоў рэспубліканскі конкурс працоўных дынастый. За званне «Найлепшая працоўная дынастыя — 2022» на сцэне Палаца культуры Мінскага трактарнага завода змагаліся 11 сем'яў з розных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі.


Фота: БелТА

Фотакалажы, творчыя нумары, віктарыны... Кожная дынастыя дэманстравала на сцэне відэапрэзентацыю, а таксама прадстаўляла сябе ў вольнай форме. Сярод выпрабаванняў, за якія сем'і атрымлівалі балы — квіз, які складаўся з пытанняў, прысвечаных Году гістарычнай памяці і гісторыі роднага завода.

Ініцыятарам конкурсу ўжо другі год запар выступае аб'яднаная арганізацыя прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці ГА «Беларускі саюз жанчын».

— Сёлета мы атрымалі шмат заявак з усіх рэгіёнаў Беларусі, — адзначыла Наталля Медзвядзіцкава, намеснік старшыні ГА «БСЖ» Міністэрства прамысловасці. — Для ўдзелу ў фінале адабралі па адной дынастыі з кожнага холдынга. Сярэдні працоўны стаж такіх дынастый на адным прадпрыемстве — каля 170 гадоў!

Паводле слоў старшыні галіновага прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ» Валерыя Курсевіча, утварэнне працоўных дынастый — добры паказчык стабільнасці прадпрыемства, дзе вопыт і навыкі перадаюцца з пакалення ў пакаленне, ад бацькоў да дзяцей. Бо працоўная пераемнасць з'яўляецца ў тых сем'ях, у якіх старэйшыя пакаленні любяць сваю прафесію, прадпрыемства, дзе займаюцца сваёй справай з задавальненнем і адданасцю. Сям'я — самае блізкае і дарагое асяроддзе чалавека. Калі гэта не проста сям'я, а працоўная дынастыя, дзе прадстаўнікі некалькіх пакаленняў выбралі адно і тое ж месца працы — гэта ўжо сапраўдная сямейная традыцыя.

Першае месца па выніках конкурсу заняла працоўная дынастыя Мінскага трактарнага завода Рабашэнка-Чумак, сукупны агульны стаж работы на прадпрыемстве якой 251 год. На другім — сям'я Філановіч-Літаш, якая прадстаўляла Беларускі металургічны завод. Трэцяе месца атрымала дынастыя Міхейчык з Беларускага аўтамабільнага завода. Пры вызначэнні пераможцаў ацэньваліся прэзентацыі сваёй сям'і і прадпрыемства, і, вядома ж, значнасць іх працоўнага ўкладу ў поспехі роднага завода.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі вымпелы, грашовыя сертыфікаты і торты. Пераможцы ж запрошаны на святочны канцэрт, прысвечаны прафесійнаму святу — Дню машынабудаўніка, які адбудзецца 23 верасня ў Палацы культуры «Гомсельмаш». Менавіта там ім ва ўрачыстай атмасферы ўручаць каштоўныя падарункі — тэлевізары.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.