Вы тут

Навошта турысты едуць на завод?


Паўдзельнічаць у зборцы трактара на галоўным канвееры, паглядзець, як робіцца шакалад, прадэгуставаць цукеркі, квас і іншыя напоі, прайсці пасвячэнне ў нафтавікі, абавязковым атрыбутам чаго з’яўляецца рытуал «памазання нафтай» — усё гэта сёння рэальна. Прамысловы турызм імкліва развіваецца ў нашай краіне, і адпаведныя захады робяцца як з боку дзяржавы, так і саміх прадпрыемстваў, якія ўвасабляюць шэраг амбіцыйных задум. Каля 130 беларускіх вытворцаў ужо адкрылі свае дзверы для ўсіх ахвотных. Летась іх наведала звыш 200 тысяч турыстаў.


Сакавік — месяц прамысловага турызму

Летась у краіне была зацверджана адзіная класіфікацыя відаў турызму, усяго іх 13, і сёлета кожны месяц прысвечаны пэўнаму віду. Сакавік у Беларусі аб’яўлены месяцам прамысловага турызму.

— У нас дзейнічае стратэгія развіцця турызму да 2035 года, дзе асобны значны кірунак звязаны з развіццём прамысловага турызму. Мы ганарымся, што наша краіна яшчэ з савецкіх часоў захавала вытворчы патэнцыял, усе вядучыя брэнды, вытворчасці, прадпрыемствы. Але свет не стаіць на месцы. І цяпер менавіта прамысловы турызм можа надаць дадатковы імпульс развіццю вытворчай базы нашай краіны, — адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык.

Адным з флагманаў не толькі прамысловасці, але і развіцця прамысловага турызму ён назваў ААТ «Мінскі трактарны завод». Летась прадпрыемства па выніках Нацыянальнага рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Найлепшы аб’ект прамысловага турызму» стала пераможцам.

Усяго ж сёння ў краіне яго развіццём займаецца больш за 130 прадпрыемстваў і арганізацый, якія ўжо маюць свае напрацоўкі, базу і, самае галоўнае, жаданне прымаць гасцей. Летась іх наведалі звыш 200 тысяч турыстаў. Калі параўноўваць з 2022 годам, то колькасць тых, хто зацікавіўся вытворчасцю, вырасла на трэць.

— Мы бачым, што мяняецца сама структура прамысловага турызму. Калі раней ён насіў характар прафесійна арыентавальнага і прадпрыемствы наведвалі школьнікі, то цяпер гэта пазнавальны прамысловы турызм. Сёння амаль усе аб’екты даюць магчымасць паглядзець і паўдзельнічаць у вытворчасці, прапануюць майстар-класы, — адзначыў Алег Андрэйчык.

Ён падкрэсліў, што ў краіне развіццю гэтага віду турызму на дзяржаўным узроўні надаецца вялікае значэнне. Пры Савеце Міністраў дзейнічае створаная тры гады таму нацыянальная рабочая група па развіцці прамысловага турызму. Гэта дазваляе вырашаць пытанні на нацыянальным узроўні і здымаць многія бар’еры.

У прыватнасці, з 1 студзеня пачаў дзейнічаць новы Закон «Аб турызме», які дазваляе работнікам прамысловых прадпрыемстваў займацца экскурсійнай дзейнасцю без атэстацыі.

Канвеер крэатыву

Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў, той факт, што Беларусь захавала свой прамысловы сектар — ад сельскай гаспадаркі да машынабудавання і цяжкай прамысловасці, — стаў адкрыццём для многіх гасцей Мінска і Беларусі.

— Заўсёды вельмі станоўчыя водгукі ад наведвання дзейных беларускіх фабрык, якія вырабляюць тавары, што сталі сімваламі нашай краіны. Гэта і льняныя вырабы, і кандытарскія, і, вядома, нашы знакамітыя трактары. Яны сапраўды разам з зубром і буслом адзін з найбольш пазнавальных брэндаў краіны. Яшчэ адна пазнавальная беларуская машына за межамі Беларусі — БелАЗ, — распавёў Дзмітрый Марозаў.

Трэба адзначыць, што і МТЗ, і БелАЗ, і іншыя заводы не адразу адчынілі свае дзверы. Былі апасенні і наконт прамысловага шпіянажу, і наконт парушэння тэхналагічнага працэсу, але паступова іх замяніла разуменне, што прамысловы турызм — адзін з галоўных інструментаў маркетынгу.

— Група турыстаў заўсёды падзеліцца ў сацсетках сваімі фотаздымкамі — пазітыўнымі, зараджанымі яркімі эмоцыямі, і тыя з’яўляюцца сур’ёзнай падмогай для маркетолагаў. Гэты вопыт сталі паступова пераймаць розныя прадпрыемствы ў краіне, і цяпер дзясяткі маршрутаў уключаюць у сябе наведванне вытворчасцяў. Імі цікавяцца турыстычныя фірмы, групы, індывідуальныя турысты. На многіх прадпрыемствах ствараюцца турыстычныя аддзелы, працуюць музеі, якія з’яўляюцца адпраўным пунктам экскурсіі па прадпрыемстве, — расказвае кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Пры гэтым беларускі вопыт цікавы і каштоўны і для прадпрыемстваў у Расіі. У прыватнасці, такіх вытворцаў, як Мінскі трактарны завод, кандытарская фабрыка «Камунарка», піўзавод «Аліварыя», гадзіннікавы завод «Луч».

Імкнуцца не адставаць ад сталіцы і рэгіёны. Прымаюць турыстаў, напрыклад, ільнозаводы ў розных рэгіёнах, і найбуйнейшы з іх — у Оршы.

— Ліда — адносна невялікі горад, але мае цэлы кластар яркіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, у прыватнасці, гэта завод харчовых канцэнтратаў, які вырабляе кукурузныя палачкі, «Лідская мука» і лідскі піўзавод, які выпускае не толькі піва, але і квас, і ярка іх прэзентуе. Непадалёку Бярозаўка — горад зусім невялікі, але з яркай цікавай вытворчасцю (ААТ Шклозавод «Нёман». — «Зв.»), які карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў. Незвычайны брэсцкі кластар — фабрыка «Палессе», якая вырабляе дзіцячыя цацкі, Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод — цікавая экалагічная тэма. Не менш захапляльны незвычайны маршрут і аб’екты для паказу распрацаваны ў Рэчыцы (нафтаздабываючая вытворчасць. — Рэд.), — расказаў Дзмітрый Марозаў.

Каб уключыць у турыстычныя маршруты новыя прадпрыемствы, Нацыянальнае агенцтва па турызме збіраецца правесці маркетынгавае даследаванне, якое выявіць, што цікава было б паглядзець наведвальнікам. Так што турыстычныя маршруты, а іх, дарэчы, у краіне распрацавана каля 140, будуць уключаць усё новыя вытворчасці.

Акрамя таго, прамысловы турызм — выдатны інструмент для прафесійнай арыентацыі школьнікаў, каб у гульнявой, забаўляльнай форме паказаць тую ці іншую вытворчасць. Самі прадпрыемствы арыентуюцца на гэту групу наведвальнікаў як магчымую будучую працоўную змену. У тым ліку Мінскі трактарны завод.

Паўдзельнічаць у зборцы трактара

Прамысловы турызм пачаўся тут у 2017 годзе: 16 студзеня адбылася першая экскурсія па прадпрыемстве. Ёй папярэднічала паўгадавая падрыхтоўчая работа.

— Нам прыходзілася «вынаходзіць новае кола» для завода, бо прадпрыемства прамысловае, выпускае тэхніку, дэталі, а турызм — нехарактэрная сфера дзейнасці, — узгадвае вядучы спецыяліст па турызме ААТ «Мінскі трактарны завод» Сяргей Сідаровіч.

Усё пачыналася з адной экскурсіі ў дзень, якую праводзілі работнікі. Цяпер на Мінскім трактарным заводзе функцыянуе асобны музейна-прамысловы цэнтр, дзе працуюць пяць спецыялістаў і экскурсіі праводзяцца з панядзелка да суботы чатыры разы на дзень.

— Для нашых турыстаў мы прапаноўваем такія паслугі, як экскурсія, зборка трактара на галоўным канвееры і катанне на трактары. Таксама яны наведваюць пяты механічны цэх, дзе вырабляюцца дэталі для будучай тэхнікі, і выставу гатовай прадукцыі, — расказвае Сяргей Сідаровіч.

З кожным годам колькасць турыстаў на прадпрыемстве расце, у тым ліку расіян (за 2023 год іх колькасць вырасла на 199%). Летась трактарны завод наведала больш за 15 800 чалавек, асноўнай часткай былі дзеці ў рамках прафарыентацыі.

— Для нас прамысловы турызм — гэта найперш імідж, прафарыентацыя школьнікаў. Многія дзеці сёння мараць стаць блогерамі, айцішнікамі, мадэлямі. Аднак важна пазнаёміць школьнікаў з іншымі прафесіямі, паказаць, што ёсць сучасныя вытворчасці. Многія ўяўляюць старое, бруднае прадпрыемства, цяпер гэта не так. Завод укладвае сродкі як у аднаўленне парку станкоў, так і ў аднаўленне экалагічнага кірунку, — дзеліцца Сяргей Сідаровіч.

Што ж больш за ўсё цікавіць школьнікаў (а іх прымаюць на экскурсію з дзевяці гадоў)? Вядома, пратэсціраваць моц самой тэхнікі.

— У нас пры ўваходзе дзейнічае выстаўка гатовай прадукцыі, там дзецям даецца магчымасць палазіць, сфатаграфавацца з нашымі трактарамі. Некаторыя да гэтага часу паспяваюць стаміцца, бо экскурсія паўтарагадзінная. Аднак калі падыходзяць да тэхнікі і чуюць, што можна палазіць, стомленасць прападае і іх не выцягнуць адтуль, — расказвае прадстаўнік трактарнага завода.

Запісацца на экскурсію на флагман беларускай вытворчасці можна па мабільным тэлефоне, у сацсетках і месенджарах — «Вайберы», «Ватсапе», «Тэлеграме» — і па электроннай пошце. Для школьнікаў яна каштуе 10 рублёў, для дарослых — 20 рублёў. Кожны наведвальнік атрымлівае падарунак з промапрадукцыяй завода.

Прайсці пасвячэнне ў нафтавікі

Што паглядзець у рэгіёнах больш падрабязна на прыкладзе Гомельскай вобласці, расказаў загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Ігар Назарчук:

— У нашым рэгіёне прамысловы турызм прадстаўляе каля 20 прадпрыемстваў. У пачатку сакавіка мы правялі рэкламна-інфармацыйны тур для турыстычных агенцтваў і аператараў, падчас якога наведалі кандытарскую фабрыку «Спартак», аб’яднанае акцыянернае таварыства «Гомсельмаш», вытворчае аб’яднанне «Крышталь», дзе вырабляюць ювелірныя вырабы, і зусім маладое прадпрыемства — фабрыку мастацкіх вырабаў «Любна». Цікавыя экскурсіі, якія вельмі спадабаліся. «Фішка» Гомельскай вобласці — шакалад, у гэтым сэнсе мы маленькая Швейцарыя. Гэта наш брэнд, і, наведаўшы фабрыку, можна пабачыць, як вырабляецца наша прадукцыя. Дарэчы, экскурсіі тут распісаны на два месяцы наперад. На Гомсельмашы можна паглядзець, як паводзяць сябе нашы камбайны на абкатцы, як нараджаецца гэта машына. На «Крышталі» патрымаць у руках брыльянт ці злітак золата, які важыць 4,5 кг.

У рэгіёнах можна паглядзець, як вырабляюцца палескія сыры на Тураўскім малочным камбінаце, на прадпрыемстве «Мазырпіва» — пасмакаваць збіцень і медавуху, на «Мазырсолі» — пабачыць, як робіцца соль. «Беларуснафта» ў Рэчыцкім раёне прапануе паназіраць, як здабываецца нафта, і прайсці пасвячэнне ў нафтавікі з адпаведным абрадам «памазання». А ў кавярні прадпрыемства вам прапануюць адпаведныя стравы, напрыклад «Чорнае золата», чорную макарону і іншае.

Разам з суседзямі

У беларускім вопыце развіцця прамысловага турызму зацікаўлены і расійскі бок, дзе індустрыяльны турызм развіваюць у 71 з 89 рэгіёнаў. Гэта пацвердзіў міжнародны семінар «Прамысловы турызм як брэнд і стратэгія», які прайшоў у беларускай сталіцы 12 сакавіка.

— Літаральна год таму ў нас пачалося ўзаемадзеянне з Беларуссю ў дадзенай галіне. Гэта быў першы Міжнародны форум прамысловага турызму, які праходзіў у Кемераўскай вобласці, на Кузбасе. Калегі з Беларусі прадставілі свае практыкі развіцця прамысловага турызму. Мы былі проста захоплены тым сістэмным падыходам, які ёсць у такіх прадпрыемстваў, як БелАЗ, Мінскі трактарны завод. У іх маюцца распрацаваныя метадалагічныя матэрыялы, створаны турыстычны прадукт. У Расіі сёння ў развіццё прамысловага турызму ўцягнуты тысячы прадпрыемстваў і прыйшоў час пашырацца і абменьвацца вопытам, — расказала Вольга Шандурэнка, дырэктар праекта дывізіёна «Гарадская эканоміка» Агенцтва стратэгічных ініцыятыў па прасоўванні новых праектаў (Расія).

Мяркуецца, што вынікам работы расійскай дэлегацыі ў Беларусі стане стварэнне як агульнай метадалагічнай пляцоўкі, на якой спецыялісты змогуць дзяліцца найлепшымі практыкамі развіцця прамысловага турызму, кантактаваць, так і агульнага інфармацыйнага поля, якое стане асновай для арганізацыі індустрыяльных маршрутаў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: На той бок прахадной

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.